Уладзімер Набокаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Уладзі́мер Уладзі́меравіч Набо́каў (па-расейску: Владимир Владимирович Набоков, па-ангельску: Vladimir Nabokov, таксама выступаў пад псэўданімам «Сирин»; 22 красавіка [ст. ст. 10 красавіка] 1899, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя — 2 ліпеня 1977, Мантро, Швайцарыя) — расейскі і амэрыканскі пісьменьнік. Першыя творы Набокава былі напісаныя на расейскай мове. Аднак сусьветная вядомасьць яго напаткала пераважна за ангельскамоўныя раманы. Вядомы таксама значным унёскам у лепідатэралёгію (разьдзел энтамалёгіі, прысьвечаны лускакрылым). Апроч таго стварыў і апублікаваў шэраг цікавых шахматных задачаў і крыжасловаў. Раман «Лаліта», напісаны на ангельскай мове, выдадзены спачатку па-ангельску ў 1958 годзе[10], часьцяком узгадваецца як адзін з самых значных і ўплывовых узораў прозы дваццатага стагодзьдзя.
Remove ads
Жыцьцяпіс
Уладзімер Набокаў нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і расейскага палітыка Ўладзімера Дзьмітрыевіча Набокава. Сям’я Набокава ў паўсядзённасьці карысталася трыма мовамі — расейскай, ангельскай, францускай. Такім парадкам, будучы пісьменьнік ад самага маленства быў трылінгвам.
У 1919 эміграваў з Расеі, жыў і навучаўся ў Кембрыджы, Бэрліне (1922—1937), Парыжы (да 1940). Пасьля жыў у ЗША (атрымаў грамадзянства ў 1945), а з 1960 у Швайцарыі.
Remove ads
Творчасьць
У раманах «Абарона Лужына» (1929—1930), «Дарунак» (1937), «Запрашэньне на страту» (антыўтопія; 1935—1936), «Пнін» (1957) — сутыкненьне духоўна адоранага самотніка з тужліва-прымітыўным «сярэднечалавечым» сьветам — «мяшчанскай цывілізацыяй», або сьветам «плюгкасьці», дзе ўладараць ілюзіі, фікцыі, раеньні, мікраці. Адылі Набокаў не застаецца на вузка сацыяльным узроўні, а сягае да распрацоўкі хутчэй мэтафізычнай тэмы стасунку розных «сьветаў»: сьвету рэчаіснага і сьвету пісьменьніцкага ўяўленьня, сьвету Бэрліну і сьвету згадак аб Расеі, сьвету звычайных людзей і сьвету шахматнага і г. д. Свабода спалучанасьці, узаемзьвязанасьці гэтых «сьветаў» надае творам пісьменьніка адценьне авангарднасьці. Так сама пачуцьцё навіны і свабоды гэтым творам дае тое, што ў іх Набокаў распрацоўвае яскравыя моўныя прыёмы, удасканальвае ўласны стыль, дасягаючы адметнай выразнасьці, рэльефнасьці апісаньняў, якія здаюцца мімаплыннымі.
Сэнсацыйны бэстсэлер «Лаліта» (1955) — твор, у якім спалучыліся эротыка і любоўная проза, сацыяльна-крытычнае апісаньне нораваў і папулярныя на той час тэмы. У рамане прыкметныя эстэтычная завостранасьць і пэўная філязофская глыбіня. Цэнтральнай праблемай твора ёсьць праблема эгаізму, які разбурае каханьне. Раман напісаны ад імя рафінаванага эўрапейца, навукоўца, які эміграваў у ЗША і мае хваравітую цягу да дзяўчынак-німфэтак.
Лірыка Набокава прасякнута матывамі настальгіі. Апавяданьні заключаюць ў сабе дзіўную лірычную моц і адлюстроўваюць у мініяцюры многія з тых праблемаў, якія раскрываюцца ў буйных творах пісьменьніка: тэма «іншага» сьвету, тэма мімалётнага перажываньня і г. д. Адны з самых выбітных апавяданьняў — «Вяртаньне Чорба», «Вясна ў Фіяльце», «Каляды», «Воблака, возера, вежа», «Terra Incognita», аповесьць «Шпег».
Набокаў пераклаў на ангельскую мову «Яўгена Анегіна» Аляксандра Пушкіна і «Слова пра паход Ігараў».
Паэтыка стылёва вытанчанай прозы Набокава складаюць як рэалістычныя, гэтак і мадэрнісцкія, а часам нават постмадэрісцкія элемэнты: лінгвастылістычная гульня, усеагульнае парадыяваньне, фальшывыя галюцынацыі і інш. Пісьменьнікам іранічна ўспрымаліся кожныя праявы масавае псыхалёгіі і глябальных ідэяў (асабліва марксізма і фрайдызма). Апрычонаму літаратурнаму стылю Набокава была ўласьціва гульня ў шараду з рэмінісцэнцый і галаваломкі з зашыфраваных цытатаў.
На беларускую мову асобныя яго творы пераклалі Рыгор Сітніца[11], Юрый Рыдкін[12], Галіна Багданава.
Апошні раман
Апошні твор Набокава завецца «The Original of Laura» («Арыгінал Лауры»). За восем месяцаў да скону Ўладзімер Набокаў пісаў адному з сваіх карэспандэнтаў, што кніга The Original of Laura была «распачата ім да хваробы і закончана „ў галаве“, а не на паперы». Пісьменьнік пакінуў тэстамэнт, у якім наказаў зьнішчыць рукапіс пасьля сваёй сьмерці. Яго ўдава Вера Яўсееўна ня выканала апошні наказ мужа і завяшчала перад уласнай сьмерцю ў 1991 годзе зрабіць гэта свайму сыну. Сын пісьменьніка Дзьмітры Набокаў пасьля пэўных хістаньняў схіляўся да выкананьня волі сваіх бацькоў, таму зьмест няскончанага раману Ўладзімера Набокава практычна нікому ня быў невядомы. У 2009 годзе ён быў выдадзены[13].
Remove ads
Проза
Раманы і аповесьці
Расейскамоўныя
- «Машачка» («Машенька») (1926)
- «Кароль, дама, ніжнік» («Король, дама, валет») (1927—1928)
- «Абарона Лужына» («Защита Лужина») (1929—30)
- «Шпег» («Соглядатай») (1930) — аповесьць
- «Вычын» («Подвиг») (1932)
- «Камэра абскура» («Камера обскура») (1932)
- «Роспач» («Отчаяние») (1936)
- «Запрашэньне на страту» («Приглашение на казнь») (1938)
- «Дарунак» («Дар») (1937—1938)
- «Іншыя берагі» («Другие берега») (1954) — самарыс (аўтабіяграфія)
- «Лаліта» («Лолита») (1967, аўтарскі расейскі пераклад)
Ангельскамоўныя
- «Праўдзівае жыцьцё Сэбастыяна Найта» (анг. The Real Life of Sebastian Knight) (1941)
- «Бэнкарты» (анг. Bend Sinister) (1947)
- «Лаліта» (анг. Lolita) (1955)
- «Пнін» (анг. Pnin) (1957)
- «Цьмяны агонь» (анг. Pale Fire) (1962)
- «Памяць, прамаўляй» (анг. Speak, Memory. An Autobiography Revisited) (1967) — самарыс
- «Ада, або Уцехі жарсьці: сямейная кроніка» (анг. Ada or Ardor: A Family Chronicle) (1969)
- «Празрыстыя рэчы» (анг. Transparent Things) (1972)
- «Зірні на арлекінаў!» (анг. Look at the Harlequins!) (1974)
Экранізацыя твораў
- Лаліта (фільм, 1962) — ангельска-амэрыканскі фільм рэжысэра Стэнлі Кубрыка.
- Лаліта (фільм, 1997) — амэрыкана-францускі фільм рэжысэра Эдрыяна Лайна.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads