Электрарухавік (завод)

машынабудаўнічы завод Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Электрарухавік (завод)
Remove ads

«Электрарухаві́к» — машынабудаўнічы завод Беларусі, заснаваны ў сьнежні 1945 году ў якасьці «Магілёўскага мэталаапрацоўчага камбінату».

Хуткія факты Заснаваная, Заснавальнікі ...

На 2022 год на заводзе выраблялі асынхронныя электрарухавікі зьменнага току ад 0,12 да 30 кіляват з вышынёй восі кручэньня ад 56 да 180 мілімэтраў. Сярод іншага выпускалі аднафазныя, убудаваныя і выбухаабароненыя электрарухавікі, а таксама рухавікі з убудаваным і прыбудаваным электрамагнітным тормазам і для дахавых і цэнтрабежных вэнтылятараў. Большасьць электрарухавікоў прызначалася для жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і сельскагаспадарчага машынабудаваньня, станкабудаваньня і нафтагазавай галіны. Іх выкарыстоўвалі для вытворчасьці вэнтылятараў, кампрэсараў і насосаў, дрэваапрацоўчага і падымальна-транспартнага абсталяваньня, а таксама для хімічнай вытворчасьці ў асяродзьдзі агрэсіўных газаў і пару. У краіны Эўразьвязу пастаўлялі 1-і 3-фазныя электрарухавікі паводле стандартаў Эўрапейскага камітэту электратэхнічнай стандартызацыі (Бэльгія). Найноўшымі распрацоўкамі былі сэйсмастойкія выбухаабароненыя рухавікі 4ВРБ, а таксама ІР67 тыпу АІМ. Таксама асвоілі вытворчасьць цягавых асынхронных рухавікоў для грузавых, легкавых і пасажырскіх электрамабіляў. Сярод іншага, выраблялі электраакустычныя сыгнальныя прыборы для сьветлагукавой сыгналізацыі трывогі і сокавыціскалкі[3].

Remove ads

Вырабы

На 2022 год Магілёўскі завод «Электрарухавік» выпускаў:

  • 1-фазныя асынхронныя электрарухавікі напругай зьменнага току 115, 220 і 230 вольтаў з прыбудаваным кандэнсатарам ды 2- і 3-фазнай абмоткай, якія прызначаліся для насосаў і дрэваапрацоўчых станкоў — мелі сынхронную частасьць кручэньня 1500 і 3000 абаротаў за хвіліну ды магутнасьць ад 0,12 да 2,2 кіляватаў[4];
  • 3-фазныя асынхронныя электрарухавікі з напрацоўкай на адмову прынамсі 25 000 гадзінаў і магутнасьцю ад 0,12 да 30 кіляватаў[5];
  • выбухаабароненыя рухавікі габарытаў ад 63 да 132 мілімэтраў для нафтагазавай прамысловасьці[6];
  • выбухаабароненыя рухавікі для электрапрываду запорнай трубаправоднай арматуры, якія мелі напругу 380 вольтаў, магутнасьць ад 0,12 да 20 кіляватаў і сынхронную частасьць абарачэньня 750, 1000, 1500 і 3000 абаротаў за хвіліну[7];
  • 2- і 3-хуткасныя рухавікі з вышынёй восі кручэньня ад 63 да 160 мм і магутнасьцю ад 0,18 да 17 кіляватаў[8];
  • рухавікі з убудаваным і прыбудаваным электрамагнітным тормазам з вышынёй восі кручэньня ад 63 да 132 мм і магутнасьцю ад 0,25 да 4,75 кіляватаў[9];
  • рухавікі з павышаным сьлізгаценьнем, якія мелі вышыню восі кручэньня ад 71 да 160 мм і магутнасьць 0,6 да 20 кіляватаў[10];
  • цягавыя асынхронныя рухавікі зь незалежным ахалоджваньнем для электрапрываду колавых самаходаў, якія мелі магутнасьць 155 кіляватаў[11];
  • адмысловыя рухавікі для манаблёчных насосаў (ад 0,37 да 5,5 кват) і матораў-рэдуктараў (ад 0,55 да 7,5 кват), дахавых (ад 2,2 да 18,5 кват) і цэнтрабежных (0,25 кват) вэнтылятараў, а таксама малашумных ліфтоў (ад 3 да 18,5 кіляватаў)[12];
  • убудаваныя рухавікі для швачных машынаў у выглядзе сэрцавіка статара з абмоткай і залітага алюмінам сэрцавіка ротара бяз валу[13];
  • 1-фазныя асынхронныя кандэнсатарныя рухавікі напругай 220 вольтаў і магутнасьцю ад 25 да 180 ватаў, якія прызначаліся для пральных машынаў, сокавыціскалак і электраінструмэнта ды мелі сынхронную частасьць кручэньня 1500 і 3000 абаротаў за хвіліну[14];
  • сокавыціскалкі «Журавінка» магутнасьцю 160 ватаў для пераціраньня бульбы і садавіны, атрыманьня соку з агародніны, садавіны і ягадаў, а таксама для шынкаваньня і нарэзкі ломцікамі[15];
  • электраакустычныя сыгнальныя прыборы зь лямпай, якія мелі напругу 24 і 220 вольтаў ды магутнасьць ад 4,2 да 22 ватаў — званкі, званы і равуны[16].
Remove ads

Збытавая сетка

На 2022 год Магілёўскі завод «Электрарухавік» меў афіцыйных дылераў ва Ўзбэкістане і 4-х краінах Эўропы — Латвіі, Малдове, Расеі і Ўкраіне[17]. Рамонтныя майстэрні дзейнічалі ў Беларусі (Магілёў), Расеі (Масква) і Ўкраіне (Кіеў)[18].

Мінуўшчына

28 сьнежня 1945 году Савет народных камісараў Беларускай ССР ўхваліў Пастанову аб заснаваньні «Магілёўскага мэталаапрацоўчага камбінату». На камбінаце выраблялі будаўнічую і мэблевую фурнітуру. У 1950 годзе пачылі сэрыйны выпуск асынхронных электрарухавікоў «Урал». У 1952-м асвоілі вытворчасьць рухавікоў «АО-5» габарыту. 30 жніўня 1958 году Савет міністраў БССР зацьверлзіў Пастанову № 629 аб стварэньні Магілёўскага заводу «Электрарухавік», для якога стварылі новы вытворчы корпус. У 1959 годзе асвоілі выраб электраакустычных сыгнальных прыбораў. 16 сакавіка 1959 году зарэгістравалі таварны знак «МЭЗ» у ромбе. У 1965 годзе завод стаў найбольшым экспартэрам асынхронных электрарухавікоў «А02-3» з Савецкага Саюзу. У 1966 годзе ўзьвялі новы вытворчы корпус. У 1969-м пачалі вытворчасьць электрасокавыціскалак. У 1970 годзе асвоілі вытворчасьць рухавікоў сэрыі «А4» з вышынёй восі кручэньня 10 см. У 1973-м запусьцілі вытворчасьць электрасокавыціскалкі «СВСП-202» і ўзьвялі яшчэ адзін вытворчы корпус[19]. У 1986-м адчынілі вытворчасьць рухавікоў сэрыі «АІ»[20].

На 1999 год прадпрыемства ўлучала 3 вытворчасьці: электрарухавікоў, загатовак і дапаможных цэхаў. У асноўным выпускалі 1- і 3-фазныя асынхронныя электрарухавікі магутнасьцю ад 0,15 да 11 кіляватаў, побытавыя заточныя станкі і электрапомпы, электрасокавыціскалкі і дзьвярныя электразванкі, каляровае і плястмасавае ліцьцё[19]. Да 2009 году асвоілі выраб асынхронных рухавікоў з вышынёй восі кручэньня ад 56 да 180 мілімэтраў і магутнасьцю ад 0,12 да 30 кіляват. Сярод іншага, распачалі сэрыйную вытворчасьць 1-фазных рухавікоў і выбухаабароненых рухавікоў «4ВР», а таксама рухавікоў з убудаваным тормазам[20]. 28 сьнежня 2018 году Магілёўскі завод «Электрарухавік» увайшлоў у склад холдынгу «Магілёўліфтмаш» на правах філіі. Увесну 2019 году выпусьцілі электрарухавік для электрамабіля.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads