Язэп Урбановіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Язэ́п Па́ўлавіч Урбано́віч (3 красавіка 1907, в. Шэйпічы, цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці — 10 ліпеня 1944, в. Варанілавічы, Пружанскі раён) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падпольля і партызанскага руху на Берасьцейшчыне. Стрыечны брат Міхася Забэйды-Суміцкага[1].
Remove ads
Жыцьцяпіс
Нарадзіўся 3 красавіка 1907 ў в. Шэйпічы (цяпер у Пружанскім раёне). Пачатковую адукацыю Юзік (як яго ўсё жыцьцё называлі родныя і сябры) атрымаў у Зельзінскай аднакляснай школе. Бацькі настойвалі, каб ён працаваў на гаспадарцы, але Юзік хацеў вучыцца. Паводле сьведчаньня стрыечнага брата Міхася Забэйды-Суміцкага, які трымаў зь ім перапіску, жывучы яшчэ ў Харбіне, ён заўважыў, што ў падлетка ёсьць усе дадзеныя на тое, каб працягваць адукацыю, і ён падтрымаў жаданьне Юзіка Ўрбановіча вучыцца.[2]
Паступіў вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію[3], быў там адным зь лідэраў камсамольскай групы. Выключаны зь Віленскай беларускай гімназіі на пятым годзе навучаньня.
Сябра КПЗБ з 1928 р. З 1930 сакратар Баранавіцкага, Берасьцейскага акруговых камітэтаў КПЗБ. У 1931 зьняволены за рэвалюцыйную дзейнасьць. Вызвалены ў 1934.
У канцы 1930-х гг. жыў у Варшаве, браў актыўны ўдзел у арганізацыі.
У пачатку нямецкай акупацыі Польшчы разам са сваім таварышам прабраўся праз акружэньне ў Варшаву, якую абстрэльвалі і бамбілі нацысты, каб выратаваць з гэтага пекла свайго стрыечнага брата — вядомага беларускага опэрнага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага. Але той быў настолькі хворы, што ня здолеў ісьці зь імі[4]. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 — старшыня Ружанскага пасялковага савету.
Са жніўня 1941 — на акупаванай Нямеччынай тэрыторыі Беларусі, адзін з арганізатараў раённых антыфашысцкіх арганізацыяў (падпольны псэўданім Максім), сакратар Ружанскага раённага антыфашысцкага камітэту. У 1942 року прапанаваў сваім знаёмым з часу Віленскай беларускай гімназіі атаманам Беларускай народнай грамады ўтварэньне Антыфашыстоўскага камітэту і каардынацыю дзейнасьці. «Камітэт барацьбы зь нямецкімі акупантамі» быў створаны ў жніўні таго ж року ў Берасьці (у 1943 перайменаваны на Берасьцейскі абласны антыфашыстоўскі камітэт), узначаліў яго Язэп Урбановіч. Арганізаваў разгром нямецкага гарнізону ў Косаве 2 жніўня 1942. У чэрвені-ліпені 1943 — камандзір партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі.
Remove ads
Сьмерць
Язэп Урбановіч загінуў 10 ліпеня 1944, перад самым прыходам савецкіх войскаў. Акалічнасьці гібелі ўвесь гэты час былі невядомыя, афіцыйна было пазначана толькі, што загінуў «пры выкананьні службовых абавязкаў». Аднак нядаўна брат Васіля Сёмухі Яўген, які быў сьведкам гібелі Ўрбановіча, распавёў пра абставіны, пры якіх гэта адбылося.
Пасьля адыходу немцаў у вёску Варанілавічы 10 ліпеня прыйшлі бандыты (паводле некаторых зьвестак, гэта былі партызаны[1][5]), якія заняліся рабаўніцтвам: забіралі хатнюю скаціну, дамашні скарб, рабавалі царкву. Празь некалькі гадзінаў у вёсцы зьявіўся Ўрбановіч зь невялікай групай суправаджэньня, які запатрабаваў спыніць гвалт. За гэта ён і быў застрэлены памочнікам камандзіра аддзелу рабаўнікоў. Пазьней абодва былі пакараныя: Л. (мясцовыя жыхары дагэтуль называюць кіраўніка бандытаў толькі так) павешаны, а ягоны памочнік расстраляны[6].
Язэп Урбановіч пахаваны ва ўрочышчы Гута-Міхалін Івацэвіцкага раёну.
Remove ads
Памяць
Імем Язэпа Ўрбановіча названыя вуліцы ў Косаве, Пружанах, Ружанах, Варанілавічах. У Ружанах таксама ягонае імя носіць сквэр, стаіць помнік, адкрытая мэмарыяльная дошка.
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads