Ян Крашэўскі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Ян Крашэўскі
Remove ads

Ян Крашэ́ўскі гербу «Канёва (Ястрабец)» (па-польску: Jan Kraszewski; 1786 або 1789, Бузаўка[2], Украіна — 27 лютага [ст. ст. 15 лютага] 1864, маёнтак Яалін Пружанскага павету[2] Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя) — беларускі[3] шляхціч, харунжы Пружанскага павету, старшыня земскага суду, судзьдзя гранічны і земскі[2].

Хуткія факты харунжы Пружанскага павету, 1820 — 1821 ...
Remove ads

Жыцьцяпіс

Дзед Яна Фабіян служыў у панцырнай харугве пад даводзтвам гетмана Юзэфа Патоцкага, а пасьля службы, згодна з прынятымі тады звычаямі, застаўся на двары гетмана. З ласкі гетманскага сына Вінцэнта пакінуў сыну Каетану, апошняму трамбовельскаму лоўчаму, прыгожую вёску Бузаўку, ацэненую ў мільён злотых. Далейшыя пэрспэктывы Крашэўскіх былі зьвязаныя зь лёсам «няміраўскай» лініі Патоцкіх, аднак іхні росквіт перарваўся ў 1793 року з другім падзелам Рэчы Паспалітай. Вінцэнт Патоцкі, даведаўшыся, што шлях Суворава падчас ягонага паходу па Ўкраіне пралягае празь Няміраў, загадаў зруйнаваць няміраўскі палац, прадаў маёнткі і назаўжды зьехаў з Украіны.

У гэтым самым року памёр Каетан Крашэўскі. Ягоная жонка Эльжбета зь Міхалоўскіх, дачка санацкага стольніка, памерла яшчэ раней, і Ян застаўся на выхаваньні Каетанавых братоў. Яны набылі хлопцу вялікую вёску Баровае або Баравое (польск. Borowo) пасярод палескіх балотаў. Маладому шляхцічу не падабалася ягонае новае месца жыхарства, і пасталеўшы, ён пачаў шукаць спосабу пасяліцца ў іншым месцы, бліжэй да людзей. Адзін са стрыяў, Юзэф, прапанаваў Яну памяняцца на ўласны маёнтак Доўгае і Перасудавічы. Прапазыцыя здалася Яну прывабнай, і ў 1807 року абмен адбыўся. Аднак пазьней высьветлілася, што ў Перасудавічах цягнулася даўняя спрэчка суседзяў наконт мяжы маёнткаў, і неўзабаве ў чарговай інстанцыі земскіх судоў Ян Крашэўскі прайграў перасудавіцкі фальварак[4].

Каля 1810 року ўзяў шлюб з Зоф’яй Мальскай[2] з Раманава (цяпер у Любельскім ваяводзтве Польшчы), атрымаў ладны пасаг і сувязі з пружанскім зямляцтвам. Ужо ў 1813—1815 ён згаданы ў «Месяцаслове з росьпісам чыноўных асоб, ці Агульным штаце Расейскай імпэрыі» як судзьдзя Пружанскага павятовага суду, у 1816—1819 — старшыня гэтага суду. У 1820—1821 — харунжы павятовы ў земскім судзе, у 1822—1824 — судзьдзя ў межавым апэляцыйным судзе. Знаходжаньне на пасадах у судох першай інстанцыі ў той час не патрабавала пэўных юрыдычных ведаў, а павятовы харунжы паводле Статусу ВКЛ меў абавязак захоўваць харугвы і мабілізаваць апалчэньне. Аднак у Расейскай імпэрыі гэтая пасада стала чыста намінальнай, і тым ня меней, Ян Крашэўскі вельмі ганарыўся гэтым і шмат гадоў пасьля называў сябе «апошнім харунжым Пружанскага павету» (хоць насамрэч пасьля яго пасаду займалі прынамсі некалькі чалавек)[5].

У расейска-францускую вайну непадалёк ад маёнтку Крашэўскага разьмяшчалася дывізія генэрала Касінскага, адбыліся дзьве бітвы, а сама сядзіба была рабаваная то адным, то другім бокам. У рэшце рэшт Ян Крашэўскі вырашыў разбурыць жылы дом, а сам перасяліўся ў флігель[6]. Па вайне маёнтак давялося будаваць наноў; быў пастаўлены сьціплы драўляны палацык зь невялічкім садам. Адразу за домам пачыналася багна і дрыгва, дзе тапілася быдла, а незаўважная з-за балота мяжа з суседзямі была пастаянным прадметам разладаў у часе сенакосаў[4].

Дзядзькі болей не цікавіліся лёсам крэўнага, і яму даводзілася спадзявацца толькі на самога сябе. Паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, Ян быў энэргічным і моцным гаспадаром. У першай трэці XIX стагодзьдзя набыў суседні з Доўгім маёнтак[7] і збудаваў сядзібны дом, а ў 1834 року — уніяцкую царкву[8]; рыў каналы для асушэньня балотаў; узьвёў гаспадарчыя пабудовы і адзін зь першых у Літве цукровы завод; нарыхтоўваў торф для ацяпленьня. У Доўгім аднавіў і цалкам адрэстаўраваў каталіцкую каплічку з цудатворным абразам Божай Маці, павесіў новы звон, названы «Люцыянам»[7]. Добра ведаў лаціну, нямецкую і францускую мовы, зьбіраў бібліятэку і старажытныя рукапісы. Сябраваў з паэтам Францішкам Карпінскім[9]. У Доўгім, які тады ўваходзіў у склад маёнтку Крашэўскіх Стары Куплін, 11 сакавіка 1827 нарадзіўся яшчэ адзін сын Каетан.

Ян з Соф’яй мелі трох сыноў і дзьвюх дачок: Язэпа (1812—1887); Ядвігу[10] (†1864), якая выйшла замуж за Яна Марачэўскага; Люцыяна (1820—1892); Ганну (†1853), замужам за Габрыелем Лунеўскім; Каетана (1827—1896)[11]. У сям’і шмат чыталі, улюбёным творам быў «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Менавіта ў Купліне Язэп чытаў свае першыя літаратурныя творы падчас прыезду на вакацыі зь Віленскага ўнівэрсытэту[9].

Ян памёр у 1864 року, знаходзячыся ў гасьцёх у маёнтку Марачэўскіх Яалін, куды выйшла замуж іхняя дачка Ядвіга (польск. Joanna)[12]. Пахаваны ў Шарашове (Пружанскі раён).

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads