Шарашоў
мястэчка ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Шарашо́ў, Шарашэ́ва[3] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Левай Лясной. Цэнтар сельсавету Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1720 чалавек[1]. Знаходзіцца за 20 км на захад ад Пружанаў, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы (лінія Берасьце — Баранавічы), за 97 км ад Берасьця.
Шарашоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася драўляная званіца ў стылі барока, драўляная Петрапаўлаўская царква і мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная Прачысьценская царква ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Remove ads
Назва
Тапонім Шарашоў, найбольш імаверна, утварыўся ад мясцовага дыялектнага слова шэраш — 'дробны лёд на рацэ ў адлігу'. Паводле некаторых зьвестак, у старажытнасьці паселішча мела назву Шаршнёў — ад слова шэршань. Потым, нібы, назва зьмянілася на Шарашоў, а далей — Шарашова. Аднак, гэтая вэрсія ня мае грунту[4]. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва мястэчка ўтварылася ад імя Шэраш (значэньне асновы — шэры)[5], што адпавядае мясцоваму паданьню пра паходжаньне назвы і пра заснаваньне самога паселішча.
Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Шарашоў[6]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Шарашэ́ва[3], таксама сустракаюцца варыянты Шарашо́ва[3] і Шо́рашава[3].
Remove ads
Гісторыя
Паданьне

Паводле паданьня, на месцы Шарашова не было ніякага жытла, апроч невялікай карчмы пасярод пушчы пры гасьцінцу. Пра карчму хадзіла благая слава, быццам там знаходзяць прытулак лясныя злодзеі — за сьпіртное і дробныя грошы гатовыя нават на забойства. І быццам аднойчы тут спыніўся баярын, уночы на яго напалі злодзеі на чале з гаспадаром карчмы. На дапамогу баярыну прыйшоў пастаялец з шнарам праз твар, і разам ім удалося ўцячы. Невядомага звалі Шэрашам (імя цюрскае паводле паходжаньня), і ён быў галоўным разбойнікам у пушчы. Згодна з паданьнем, пра Шэраша хадзілі чуткі, што менавіта ён скраў каралеўскую карону вялікага князя Вітаўта, якую везьлі ад кракаўскіх ювэліраў, быццам у Шэраша бачылі вялікі дыямэнт з гэтай кароны. Баярын і Шэраш склалі дамову, паводле якой першы абяцаў выпрасіць ад вялікага князя дазвол на будову паселішча ў пушчы, тым часам другі будзе забясьпечваць бясьпеку паселішча. Такім чынам, паводле паданьня, і ўзьнік Шарашоў, першымі яго жыхарамі сталі разбойнікі Шэраша, а потым — рамесьнікі і гандляры. Шэраш абараняў паселішча і нават вяршыў справядлівы суд, ды наогул быў шчодрым чалавекам, за што шарашоўцы паважалі і любілі яго. Празь некаторы час баярына забіў абражаны муж ягонай палюбоўніцы, за што Шэраш забіў і яго. Па гэтым зьнік і сам Шэраш. Паданьне сьцьвярджае, што на гербе Шарашова (нададзены ў 1792 годзе) выяўлены не арханёл Гаўрыіл, а Шэраш.
Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Шарашоў зьмяшчаецца ў грамаце пра яго наданьне камянецкаму намесьніку Мікалаю Насуце Шампарту і датуецца 26 студзеня 1380 году. З XV ст. Шарашоў уваходзіў у склад Камянецкага павету і знаходзіўся ў валоданьні ваяводы троцкага Яна Забярэзінскага як пасаг праз шлюб з Ганнай Ядвігай Насутаўнай. Па гібелі Забярэзінскага ў пачатку XVI ст. Шарашоў у якасьці пасагу ягонай дачкі перайшоў да старосты берасьцейскага Юрыя Ільлініча (памёр у 1526 годзе). У 1536 годзе ягоны зяць, берасьцейскі войт Ян Абрамовіч[7] прадаў маёмасьць вялікай княгіне Боне Сфорцы, якая надала паселішчу права на самакіраваньне[8].

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шарашоў увайшоў у склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Шарашову статус мястэчка, спасылаючыся на папярэднюю грамату Боны Сфорцы. У Інфлянцкую вайну тут знаходзіўся адзін з пунктаў збору войскаў Рэчы Паспалітай у часе паходу супраць Маскоўскай дзяржавы. У канцы XVI ст. мястэчка стала цэнтрам войтаўства Кобрынскага староства. У 1595 годзе Жыгімонт Ваза надаў Шарашову прывілей на таргі і кірмашы. Празь мястэчка праходзіў шлях паміж дзьвюма сталіцамі — Кракавам і Вільняй, а таксама Вялікі галоўны гасьцінец або «вялікая дарога», што ішоў да Любліна.

У XVII стагодзьдзі ў Шарашове працавалі шынкі, саладоўня, піваварня; разьвівалася смалакурэньне. Значную частку насельніцтва складалі жыды, што жылі тут сваім асабістым аб’яднаньнем — кагалам, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся больш высокай установе — Берасьцейскаму вааду. У сярэдзіне XVII ст. паселішча прыйшло ў заняпад у зьвязку зь пераносам сталіцы Рэчы Паспалітай з Кракава ў Варшаву. З гэтай прычыны кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза скасаваў местачковыя прывілеі на кірмашы і таргі. Па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1661) з прычыны разбурэньня Шарашова маскоўскімі захопнікамі Вальны сойм Рэчы Паспалітай у 1664 годзе вызваліў яго ад падаткаў на чатырохрочны тэрмін[8]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) мястэчка зноў значна пацярпела.
У 1739 годзе Шарашоў стаў цэнтрам нягродавага староства, якое ўваходзіла ў адміністрацыйнае і гаспадарчае кіраваньне каралеўскага скарбу. У XVIII ст. з дазволу караля мястэчка знаходзілася ў трыманьні графаў Флемінгаў. У 1776 годзе Шарашоў страціў Магдэбурскае права і перайшоў у дзяржаўныя маёнткі. 27 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аднавіў мястэчку правы на самакіраваньне і надаў яму герб: «у срэбным полі арханёл Гаўрыіл зь лілеямі ў руцэ»[9]. У гэты час тут было 616 будынкаў і 61 рамесьнік. Да канца XVIII ст. у Шарашове не было мураваных будынкаў. У інвэнтары за 1793 год паведамлялася, што ў мястэчку былі незабрукаваныя вуліцы — Камянецкая, Віленская, Астравецкая, Новая і два Рынкі. Вуліца Ліпавая, на якой разьмяшчаўся дом гаспадара мястэчка, мела драўляны брук, а грэблі — каменны. На мяжы XVIII—XIХ стагодзьдзяў пасярод Рынку збудавалі мураваную ратушу і драўляныя гандлёвыя рады на 16 крамаў.
У Шарашове таксама існаваў невялікі палац мясцовага старосты Адама Казімера Чартарыйскага, які атрымаў мястэчка ў пасаг за Ізабэлай Даротай Балдыні — дачкой Яна Юрыя Флемінга, якую ведалі ў Рэчы Паспалітай як пісьменьніцу і лічылі адной з найпрыгажэйшых жанчын. Іхны сын Адам Ежы Чартарыскі займаў высокія пасады ў Расейскай імпэрыі, быў сябрам Аляксандра I, браў удзел у стварэньні аўтаномнага Царства Польскага. У час паўстаньня 1830—1831 рокаў узначаліў Польскі нацыянальны ўрад, за што пасьля здушэньня паўстаньня вымушаны быў эміграваць, а маёмасьць Чартарыскіх (у тым ліку і Шарашоў) была канфіскаваная.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, на мяжы з Прусіяй. Паселішча атрымала статус валаснога мястэчка Пружанскага павету Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году — Гарадзенскай губэрняў. Праз Шарашоў праходзілі гандлёвыя шляхі Берасьце — Горадня і Пружана — Беласток. Тут квітнелі рамяство і гандаль, у тым ліку і дзякуючы кантрабандзе на расейска-прускай граніцы. У пачатку XIХ ст. у мястэчку заснавалі 3 гарбарныя заводы і 2 суконныя мануфактуры, якія працавалі на мясцовай сыравіне; колькасьць працоўных складала 57 чалавек. У 1845 годзе адкрылася сельская вучэльня, дзеялі юдэйская школа і сынагога.
У другой палове XIХ ст. Шарашоў пачаў паступова прыходзіць у заняпад празь зьмяншэньне гандлю і рамёстваў. У 1852—1890 гадох тут існаваў дробны бровар, на якім працавала да 6 чалавек. У 1863 годзе ваколіцы мястэчка сталі месцам фармаваньня першых паўстанцкіх аддзелаў, аднак да канца року расейскія карныя войскі амаль поўнасьцю іх ліквідавалі. На канец XIХ ст. у Шарашове працавалі 9 дробных прадпрыемстваў; валасная ўправа, пошта, расейская пачатковая народная вучэльня. Дзеялі Прачысьценская, Петрапаўлаўская, Мікалаеўская цэрквы, званіца, Траецкі касьцёл і сынагога.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Шарашоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шарашоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Шарашоў увайшоў у склад Беларускай ССР[11]. У 1919 годзе мястэчка занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Шарашоў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пружанскага павету Палескага ваяводзтва[12].
У 1939 годзе Шарашоў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і стаў цэнтрам раёну Берасьцейскай вобласьці. У 1940 годзе ў мястэчку працавалі электрастанцыя, млын, лазьня, пошта, тэлеграф, клюб, амбуляторыя, аптэка, 2 школы. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году[13] Шарашоў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. З 17 сьнежня 1956 году — у Пружанскім раёне. 29 траўня 2015 году Шарашоўскі пасялковы савет пераўтварылі ў сельсавет[14].
- Мястэчка на старых здымках
- Рынак, 1918 г.
- Рынак
- Прачысьценская царква, 1915 г.
- Петрапаўлаўская царква, 1940-я гг.
- Маставая вуліца. Капліца
- Капліца каля касьцёла
- Сынагога, 1910 г.
- Камяніца на Рынку
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVIII стагодзьдзе: 1790-я гады — 3360 чал.[15]
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 2912 муж., зь іх шляхты 8, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 1532, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 1355, жабракоў 24[16]; 1860 год — 9196 чал.[17]; 1886 год — 2132 чал.[18]; 1890 год — 5485 чал.[19]; 1897 год — 5274 чал.[18]
- XX стагодзьдзе: 1900-я — 2325 чал.[18]; 1935 год — 3570 чал.[18]; 1940 год — 3486 чал.[18]; 1959 год — 3431 чал.[18]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 2281 чал.; 2003 год — 2200 чал.[18]; 2005 год — 2143 чал.[20]; 2006 год — 2,1 тыс. чал.[21]; 2008 год — 2,1 тыс. чал.; 2009 год — 1889 чал.[22] (перапіс); 2016 год — 1782 чал.[23]; 2017 год — 1759 чал.[24]; 2018 год — 1720 чал.[1]
Інфраструктура
У Шарашове працуюць сярэдняя школа, філія Пружанскай музычнай школы, ясьлі-садок, навучальны вытворны камбінат, лякарня, бібліятэка, дом культуры, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва.
Забудова
Плян
Рака падзяляе тэрыторыю Шарашова на паўднёвы і паўночны раёны, злучаныя паміж сабой асноўнай кампазыцыйнай восьсю — галоўнай вуліцай. У паўднёвым раёне месьціцца асноўны масіў жылой забудовы з адміністрацыйна-грамадзкім і культурным цэнтрам, які склаўся на пляцы на рагу цэнтральных вуліцаў. Тут знаходзяцца адміністрацыя мястэчка, дом культуры, унівэрмаг, паліклініка, аддзяленьне сувязі, дом побыту. У цэнтральнай частцы Шарашова разьмяшчаецца мэблевы цэх Ружанскай мэблевай фабрыкі і ўправа мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Асноўныя вуліцы паўночнага раёну — 1 траўня і Пружанская. Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
8 сакавіка завулак | Школьны завулак[25] | |
Кастрычніцкая вуліца | Старавольская вуліца[26] | |
Леніна вуліца | Маставая вуліца | Перацкага вуліца[26] |
Пружанская вуліца | Віленская вуліца[27] | |
Савецкая вуліца | Камянецкая вуліца[28] | |
Урыцкага завулак | Капліцкая вуліца[25][29] | |
Фіміна плошча | Рынак пляц |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Закасьцельная вуліца[30].
Сьпіс вуліцаў Шарашова: 1 Траўня, 8 Сакавіка, 17 Верасьня, М. Баброўскага, Бараньнікава, Гастэлы, Зарэцкая, Камсамольская, Кастрычніцкая, Кірава, Леніна, Лугавая, Новая, Палявая, Перамогі, Піянэрская, Пружанская, Пушкіна, Савецкая, Урыцкага, В. Харужай, Чкалава, Чырвонаармейская, Юбілейная.
Сьпіс завулкаў Шарашова: 8 Сакавіка, Бараньнікава, Леніна, Палявы, Пружанскі, Урыцкага.
Remove ads
Эканоміка
Прадпрыемствы: мэблевы цэх, смолзавод, пякарня, лясьніцтва.
Транспарт
Аўтамабільныя дарогі Н525 Шчарчова — Шарашоў[31] і Н540 Купічы — Шарашоў — Вялікае Сяло[32].
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Забудова гістарычная (ХІX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Званіца былой Прачысьценскай царквы (1799)
- Капліца прыдарожная (XVIII ст.)
- Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1824)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1848)
- Царква Сьвятога Мікалая (1872; мураўёўка)
У XVII і XIX стагодзьдзях у Прачысьценскай царкве (не захавалася) знаходзілася ў якасьці напрастольнага Шарашоўскае Эвангельле, помнік беларускай рукапіснай пісьмовасьці. Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі.
У мястэчку таксама знаходзіцца братэрская магіла (1941—1944).
Страчаная спадчына
- Ратуша (XVIII ст.)
- Сынагога
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1760)
Remove ads
Асобы
- Міхаіл Баброўскі (1784/1785—1848) — мовазнавец, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту
- Барыс Бокша (нар. 1960) — графік
- Міхаіл Хацімскі (1903—1986) — палкоўнік, Герой Савецкага Саюзу
- Станіслаў Сэрафін Ягадынскі (1590 ці 1594/1595 — каля 1644) — знаўца геральдыкі, перакладнік, аўтар падручніку «Каліграфія»
Галерэя
- Краявіды Шарашова
- Званіца зьнішчанай Прачысьценскай царквы
- Касьцёл з боку апсыды
- Касьцёл, інтэр’ер
- Касьцёл, каплічка
- У цэнтры мястэчка
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads