116-я штурмавая авіябаза
Лідзская база Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, якая да жніўня 2010 году называлася 206-й авіябазай. From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
116-я гвардзейская «Радамская» Чырванасьцяжная штурмавая авіяцыйная база (116 гшаб) — база Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, якая да жніўня 2010 году называлася 206-й авіябазай.
Месьціцца на аэрадроме Ліда (Гарадзенская вобласьць), які заснаваны ў 1913 годзе і зьяўляецца найстарэйшым у Беларусі. На авіябазе рыхтуюць лётчыкаў зь ліку курсантаў авіяцыйнага факультэту Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі[2].
Remove ads
Склад
На 2016 год 116-я штурмавая авіябаза месьцілася на аэрадроме Ліда, дзе знаходзілася 38 самалётаў: 17 штурмавікоў Су-25, 7 навучальна-баявых штурмавікоў Су-25УБ, 4 навучальна-баявыя Як-130 і 10 навучальна-баявых Л-39. Яшчэ каля 20 штурмавікоў Су-25 знаходзіліся на захоўваньні[3].
Мінуўшчына
У красавіку 1912 году ў Ліду (Віленская губэрня, Расейская імпэрыя) прыехаў вайсковы інжынэр штабс-капітан Барэйка, якога даслалі для выбару месца пад аэрадром. 2 траўня 1912 г. Барэйка склаў справаздачу пра вынік паездкі. 3 траўня камісія Віленскай вайсковай акругі праверыла пляцоўку і 5 траўня накіравала ў Галоўную інжынэрную ўправу акт з вызначэньнем канчатковага месца пад аэрадром. 29 траўня 1912 г. Галоўная інжынэрная ўправа даслала тэлеграму начальніку інжынэраў Віленскай вайсковай акругі са згодай на ўсталяваньне аэрадрома. 9 ліпеня [ст. ст. 27 чэрвеня] 1912 г. расейскі імпэратар Мікалай II зацьвердзіў штат першага авіяцыйнага атрада ў Лідзе пры 9-й паветраплавальнай роце. У 1913 годзе пачаліся першыя палёты. У 1914 годзе авіяканструктар Ігар Сікорскі ладзіў з аэрадрому палёты самалёта «Ільля Мурамец»[4].
За часам міжваеннай Польскай Рэспублікі на Лідзкім аэрадроме месьціліся часткі Польскага войска. Сюды прыбыў камандзір Ежы Касоўскі, які ажыцьцявіў палёт з Варшавы ў Токіё (Японія). Спачатку на Лідзкім аэрадроме разьмясьцілі 11-ы полк зьнішчальнікаў Польскага войска, а пасьля 5-ы бамбавальны полк. У верасьні 1939 году польскія пілёты зь Лідзкага аэрадрому бралі ўдзел у паветраных баях супраць Паветраных сілаў Нямеччыны ў ходзе Польскай кампаніі 1939 году. Пасьля пачатку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну 1939 году польскія пілёты вылецелі ў Латвію, пакінуўшы 23 самалёты[4]. Са жніўня 1940 г. да пачатку Нямецка-савецкай вайны 22 чэрвеня 1941 году на аэрадроме знаходзілася 11-я зьмяшаная авіяцыйная дывізія(ru) СССР[5] і 122-і зьнішчальны полк. Пасьля ўдзелу ў Савецка-фінскай вайне ў Лідзкім гарнізоне таксама разьмясьцілі 56-ю стралковую дывізію (Апочка, Пскоўская вобласьць). За 3 дні баёў Нямецка-савецкай вайны нямецкія войскі разьбілі 56-ю стралковую дывізію, пасьля чаго яе расфармавалі. У 1944 годзе на Лідзкім аэрадроме разьмясьцілі францускі зьнішчальны авіяполк «Нармандыя-Нёман», а пазьней — штурмавы полк[4].
Зь верасьня 1952 году ў Ліду (Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР) з Дубна (Мастоўскі раён, Гарадзенская вобласьць) перамясьцілі 1-ю гвардзейскую штурмавую авіядывізію(ru), якая з 1 красавіка 1956 году стала бамбавальнай. Тая авіядывізія налічвала 89 франтавыя бамбавальнікі «Су-24», кожны зь якіх мог несьці да 8 тонаў ядзерных боепрыпасаў. 1-я авіядывізія мела 3 палкі, якія месьціліся ў Лідзе, Паставах (Віцебская вобласьць) і Росі (Ваўкавыскі раён). Для яе прыкрыцьця зэнітнымі комплексамі ў Лідзе разьмясьцілі брыгаду супрацьпаветранай абароны[4].
20 верасьня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 1097-ХІІ «Аб парадку разьмяшчэньня воінскіх фармаваньняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», паводле якога ўсталяваў, што «перадысьлякацыя ў межах Рэспублікі Беларусь, увод і вывад з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь частак і злучэньняў Узброеных сілаў Саюза ССР, пагранічных, чыгуначных і будаўнічых войскаў, іншых воінскіх фармаванняў, разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама парадак ўводу і вываду ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, вываз матэрыяльна-тэхнічных сродкаў і іншай вайсковай маёмасьці, якая ім належыць, ажыцьцяўляюцца ў парадку, які вызначаецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь»[6]. У выніку аэрадром Ліда перайшоў ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь. 11 студзеня 1992 г. Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1403-XII «Аб Узброеных сілах, якія дысьлякуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», паводле якой загадаў «Падначаліць усе фармаваньні Ўзброеных сілаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Савету міністраў Рэспублікі Беларусь»[7]. У выніку 497-ы бамбавальны авіяполк з 29-цю бамбавальнікамі Су-24, разьмешчаны на аэрадроме Ліда, перайшоў у падпарадкаваньне ўраду Беларусі.
18 сакавіка 1992 г. Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастанову № 1530-ХІІ «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», паводле якой вырашыў: «Даручыць Савету міністраў Рэспублікі Беларусь з 20 сакавіка 1992 году прыступіць да ўтварэньня Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь»[8], у склад якіх такім чынам увайшоў аэрадром Ліда. 6 траўня 1992 г. Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 262 «Аб перападпарадкаваньні фармаваньняў Узброеных сілаў, якія дысьлякуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны»[9], якому стаў належаць і аэрадром Ліда. 15 чэрвеня 1992 году ў складзе Ўзброеных сілаў Беларусі стварылі Камандаваньне Вайскова-паветранымі сіламі Беларусі, пад кіраўніцтва якога патрапіў у тым ліку аэрадром Ліда.
У 1993 г. 497-ы бамбавальны авіяполк расфармавалі. 1-ю гвардзейскую бамбавальную авіядывізію вывелі ў Расею (Краснадар) і перадалі ў склад Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. Адначасна аэрадром Ліда пераўтварылі ў 206-ю авіябазу ў сувязі зь перафармаваньнем 206-га асобнага штурмавога авіяпалка, які перабазавалі з аэрадрома Пружаны (Берасьцейская вобласьць) з 29-цю штурмавікамі Су-25 і 7-ю навучальна-баявымі самалётамі Л-39. На пачатак 1996 г. на ёй знаходзілася 99 штурмавікоў Су-25 і навучальна-баявых самалётаў Л-39. Цягам 1996 году ў Пэру прадалі 10 штурмавікоў Су-25 і 8 навучальна-баявых самалётаў Су-25УБ. 8 лістапада 2001 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ аб стварэньні Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі (ВПС і ВСПА Беларусі), якім стала падпарадкоўвацца 206-я авіябаза ў Лідзе. У сьнежні 2001 году ў складзе ВПС і ВСПА Беларусі стварылі Заходняе апэратыўна-тактычнае камандаваньне са штабам у Баранавічах (Берасьцейская вобласьць), у склад якога ўвайшла 206-я авіябаза. У 2005 годзе ва Ўкраіне закупілі 10 навучальных самалётаў Л-39.
25 жніўня 2010 году назву зьмянілі на 116-я штурмавая авіябаза ў сувязі зь пераводам на яе асабовага складу расфармаванай 116-й бамбавальна-выведвальнай авіябазы (аэрадром Рось, Ваўкавыскі раён) з больш як 20 мадэрнізаванымі бамбавальнікамі Су-24М і 12 самалётамі-выведнікамі Су-24МР. Адначасна навучальна-трэніровачную эскадрыльлю пераўтварылі ў 206-ы цэнтар падрыхтоўкі лётнага складу[10], які 1 лістапада 2014 году ўлучылі назад у склад авіябазы. У лютым 2012 году ўсе 34 самалёты Су-24М/МР зьнялі з узбраеньня, частку якіх прадалі ў Судан. 27 красавіка 2015 г. на ўзбраеньне паступілі 4 навучальна-баявыя самалёты Як-130 вытворчасьці расейскага ААТ «НВК "Іркут"» для будучай замены з 2020 году чэскіх самалётаў Л-39[11].
Здарэньні
- 12 чэрвеня 2012 году ў раёне авіяпалігона за 2 км ад вёскі Навіны (Наваградзкі раён) адбылося крушэньне самалёта Су-25 116-й авіябазы, у выніку якога загінуў вайсковы лётчык 1-й клясы падпалкоўнік Мікалай Грыднёў[12].
- 30 верасьня 2014 г. пад вёскай Красноўцы (Лідзкі раён) разьбіўся самалёт Су-25. Лётчык застаўся жывы, бо пасьпеў катапультавацца[13].
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads