From Wikipedia, the free encyclopedia
Карл IX (па-швэдзку: Karl IX; 4 кастрычніка 1550, Стакгольм — 30 кастрычніка 1611, Нючэпінг) — герцаг Сёдэрманляндзкі, рэгент Швэцыі з 1599, кароль Швэцыі з 1604 году, прадстаўнік дынастыі Ваза.
Карл IX | |
кароль Швэцыі | |
---|---|
Папярэднік | Ён сам (у якасьці рэгенту; да ягонага рэгенцтва каралём быў Жыгімонт III) |
Наступнік | Густаў II Адольф |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 4 кастрычніка 1550, Замак Трэ Крунур, Стакгольм, Швэцыя |
Памёр | 30 кастрычніка 1611, Замак Нючэпінгсгус, Нючэпінг, Швэцыя |
Пахаваны | 21 кастрычніка 1612, Стрэнгнэскі сабор, Стрэнгнэс, Швэцыя |
Дынастыя | Вазы |
Сужэнец | Ганна Марыя Пфальцская[d][1][2] і Крысціна Шлезвіг-Гольштэйн-Готарпская[d][1][2] |
Бацька | Густаў Ваза |
Маці | Маргарэта Эрыксдотэр (Леёнгувуд) |
Карл быў трэцім сынам Густава I Вазы ад другой жонкі Маргарэты Эрыксдотэр. Па завяшчаньні бацькі (1560) атрымаў у валоданьне герцагства, у якое ўваходзіў амаль увесь Сёдэрманлянд, большая частка Нэрке, некалькі прыходаў Вэстманлянду, частка прыходу Вадсбу ў Вэстэр’ётляндзе і ўвесь Вэрмлянд.
Ва ўзросьце ўсяго толькі 15 гадоў камандаваў артылерыяй пры захопе Варбэргу ў 1565 годзе.
Пасьля ўдзелу ў паўстаньні супраць Эрыка XIV, у якім ён адыграў не апошнюю ролю, набыў значны ўплыў у каралеўстве.
Неўзабаве пасьля зьвяржэньня Эрыка, Карл уступіў у канфлікт зь Юганам III, які жадаў абмежаваць яго значную ўладу ў герцагстве. Паколькі рыксрод падтрымаў караля, то Карлу прыйшлося саступіць.
Пасьля сьмерці Югана ў 1592 годзе і да прыбыцьця ў Швэцыю яго сына Жыгімонта, раней абранага польскім каралём, кіраваньне дзяржавай знаходзілася ў руках рыксроду, у якім Карл меў ролю «найпершага». З узыходжаньнем на сталец новага караля над Швэцыяй навісла пагроза правядзеньня контррэфармацыі, паколькі Жыгімонт вызнаваў каталіцтва. Карл усяляк перашкаджаў гэтаму, стаўшы адным з галоўных абаронцаў пратэстанцкай веры.
Пасьля ад'езду Жыгімонта ў Рэч Паспалітую рыксрод на час яго адсутнасьці ганараваў Карла тытулам «найпершай асобы Рады і рэгента дзяржавы». Калі ж кароль выказаў сваё незадавальненьне гэтым, Карл у 1595 годзе сабраў у Сёдэрчэпінгу рыксдаг, на якім саслоўі пацьвердзілі яго паўнамоцтвы, даручыўшы назіраць за выкананьнем Жыгімонтам каралеўскай клятвы, дадзенай ім пры ўзыходжаньні на прастол. Аднак супярэчнасьці зь сябрамі рыксроду прывялі да іх парыву з герцагам Карлам.
На рыксдагу, які сабраўся ў 1597 годзе ў Арбузе і байкатаваўся вышэйшым дваранствам (на ім прысутнічаў толькі адзін сябра рыксроду), Карлу як рэгенту былі прадстаўлены неабмежаваныя паўнамоцтвы. Яго канфлікт з каралём перайшоў у адкрытую фазу пасьля таго, як ён распачаў ваенныя дзеяньні супраць замкаў, якія знаходзіліся ў руках лэньнікаў караля. Вынікам гэтага стаў масавы ад'езд знаці да караля ў Рэч Паспалітую.
У 1598 годзе Жыгімонт высадзіўся ў Швэцыі на чале войска, якое, аднак, у бітве ля Стонгебру, якая адбылася 25 верасьня, пацярпела паразу ад арміі герцага. Кароль быў вымушаны выдаць Карлу пяцёрых сябраў рыксроду й вярнуўся ў Польшчу. У 1599 годзе рыксдаг зрынуў Жыгімонта.
Карл скарыстаўся гэтай перамогай, каб расправіцца са сваімі праціўнікамі. На рыксдагу ў Лінчэпінгу, які адбыўся ў 1600 годзе, быў арганізаваны суд над узятымі ў палон сябрамі рыксроду. На чале суда стаялі два верныя герцагу сябры Рады, што было парушэньнем дамоўленасьці з каралём. У якасьці абвінаваўцы выступаў сам герцаг. Чацьвёра абвінавачваных прызналіся ў здрадзе і былі памілаваны. Аднак яшчэ чацьвёра 29 сакавіка 1600 году былі пакараны сьмерцю (гэтая падзея ў швэдзкай гістарыяграфіі вядома як «Лінчэпінская крывавая лазьня»).
Тым ня менш, герцаг, верны завяшчаньню бацькі, не сьпяшаўся з прыняцьцем каралеўскага тытула, пагатоў што малодшы сын Югана III герцаг Эстэр’ётляндзкі па праве стаяў бліжэй да трону, чым Карл. Толькі з 1603 году ён пачынае выкарыстоўваць тытул караля. Аднак шырока выкарыстоўвацца ён стаў толькі пасьля таго, як сын Югана ў 1604 годзе адмовіўся ад прэтэнзыяў на карону.
У 1607 годзе Карл быў каранаваны ва Упсале пад імем Карла IX.
У далейшым на зьнешнюю палітыку Карла IX дынастычнае пытаньне працягвала аказваць значны ўплыў, што прывяло да актывізацыі Швэцыі на ўсходнім кірунку. Яго спроба захапіць Лівонію прывяла да пагаршэньня адносінаў з Даніяй, Галяндыяй і Ангельшчынай, гандаль якіх нес з-за ваенных дзеяньняў страты. Распачаты ў 1611 годзе ваенны канфлікт паміж Даніяй і Швэцыяй (гэтак званая Кальмарская вайна, яна доўжылася да 1613 году), стаў для Карла нечаканасьцю; за прыступам гневу, выкліканым гэтай навінай, рушыў услед удар, а ў канцы кастрычніка 1611 году — сьмерць.
Карл IX быў пахаваны ў катэдральным саборы Стрэнгнэса.
Карл быў двойчы жанаты. Яго першая жонка — Марыя Пфальцаўская (1562—1589).
Пасьля яе сьмерці ён ажаніўся з Крыстынай Гальштайн-Готарпскай (1573—1625), ад якой у яго нарадзіліся будучы кароль Густаў II Адольф (1594—1632) і прынц Карл Філіп (1601—1622), вядомы ў расейскай гісторыі як прэтэндэнт на царскую карону.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.