From Wikipedia, the free encyclopedia
Я́лцінская (Кры́мская) канфэрэ́нцыя — нарада кіраўнікоў урадаў Брытаніі, ЗША і СССР ў Лівадыйскім палацы за 3 км на захад ад Ялты (Крымская АССР(uk), Расейская СФСР, СССР; цяпер Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна) 4—11 лютага 1945 году аб узгадненьні дзеяньняў для дасягненьня капітуляцыі Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне і пасьляваенным уладкаваньні сьвету. Удзельнічалі прэм’ер-міністар Брытаніі Ўінстан Чэрчыль (1940—1945), прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт (1933—1945) і старшыня Савету народных камісараў СССР Ёсіф Сталін (1941—1953). Таксама штодзень у сустрэчах бралі ўдзел: міністры замежных справаў Энтані Ідэн (1940—1945), Эдвард Стэтыніюс(en) (1944—1945) і Вячаслаў Молатаў (1939—1949) адпаведна; начальнікі штабоў Алан Брук(en) (1941—1946), Ўільям Лігі(en) (1942—1949) і Аляксей Антонаў (1945—1946) адпаведна; дарадцы, у тым ліку амбасадар Брытаніі ў СССР Арчыбальд Кэр(en) (1942—1946), амбасадар ЗША ў СССР Авэрэл Гарыман (1943—1946) і амбасадар СССР у ЗША Андрэй Грамыка (1943—1946)[1]. Агулам у «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі», падпісаным 11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікамі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР, згадваліся імёны 36 удзельнікаў нарады: 13 прадстаўнікоў ураду Брытаніі, 14 прадстаўнікоў ураду ЗША і 9 прадстаўнікоў ураду СССР. Нарада адбывалася ва ўмовах пераносу ваенных дзеяньняў на тэрыторыю Нямеччыны[2]. Стала апошняю канфэрэнцыяй лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі «вялікай тройкі» ў даядзерную эпоху. На сустрэчы абмяркоўвалася перафармаваньне пасьляваеннай Эўропы. Наступнай стала Патсдамская канфэрэнцыя ў ліпені—жніўні 1945 году ў акупаванай Нямеччыне[1].
11 лютага 1945 г. прадстаўнікі ўрадаў зацьвердзілі пастановы канфэрэнцыі. Кіраўнікі ўрадаў Чэрчыль (Брытанія), Рузвэльт (ЗША) і Сталін (СССР) падпісалі: «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» зь 9 разьдзелаў, «Пратакол аб перамовах у пытаньні аб рэпарацыях натурай зь Нямеччыны» з 4 пунктаў і «Пагадненьне аб Японіі і Кітаі». Міністры замежных справаў Ідэн (Брытанія), Стэтыніюс (ЗША) і Молатаў (СССР) падпісалі «Пратакол працы Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў. Ідэн і Молатаў таксама падпісалі: «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў і «Пагадненьне адносна вызваленых савецкіх грамадзянаў у Злучаным каралеўстве» зь 7 артыкулаў і 2 Дадаткаў. Вайсковы аташэ амбасады ЗША ў СССР Джон Дын(en) (1939—1945) і 1-ы намесьнік начальніка Апэратыўнага кіраваньня Генштаба СССР Анатоль Грызлоў(ru) (1944—1945) таксама падпісалі «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў, аднолькавае з брытанска-савецкім.
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР — Ўінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэлт і Ёсіф Сталін адпаведна — падпісалі «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў: 1) Разгом Нямеччыны; 2) Акупацыя Нямеччыны і кантроль над ёй; 3) Рэпарацыі зь Нямеччыны; 4) Канфэрэнцыя аб’яднаных народаў; 5) Дэклярацыя аб вызваленай Эўропе; 6) Аб Польшчы; 7) Аб Югаславіі; 8) Нарады міністраў замежных справаў; 9) Адзінства ў арганізацыі сьвету, як і ў вядзеньні вайны.
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР падпісалі «Пратакол аб перамовах у пытаньні аб рэпарацыях натурай зь Нямеччыны» з 4 пунктаў. Паводле 1-га пункта, спагнаньні мелі «атрымлівацца ў першую чаргу тымі краінамі, якія вынесьлі галоўны цяжар вайны, панесьлі найбольшыя страты і арганізавалі перамогу над ворагам». Другі пункт прадугледжваў 3 віды спагнаньняў: 1) «цягам 2 гадоў пасьля капітуляцыі Нямеччыны … з нацыянальнага багацьця Нямеччыны, што знаходзіцца як на тэрыторыі самой Нямеччыны, так і па-за ёй (абсталяваньне, станкі, судны, рухомы састаў, нямецкія ўкладаньні за мяжой, акцыі прамысловых, транспартных, суднаходных і іншых прадпрыемстваў Нямеччыны і г. д.), … галоўным чынам дзеля зьнішчэньня ваеннага патэнцыялу Нямеччыны»; 2) «штогадовыя таварныя пастаўкі зь бягучай вытворчасьці пасьля заканчэньня вайны»; 3) «выкарыстаньне нямецкай працы». Паводле 3-га пункта, «у Маскве засноўваецца Міжсаюзная камісія па рэпарацыях у складзе прадстаўнікоў ад СССР, ЗША і Вялікабрытаніі». Паводле 4-га пункта, «агульная сума рэпарацыяў» мела скласьці «20 мільярдаў даляраў і што 50% гэтай сумы ідзе Савецкаму Саюзу». Частку нямецкіх рэпарацыяў пасьля вайны атрымала і Беларуская ССР[1].
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР падпісалі «Пагадненьне аб Японіі і Кітаі». Бакі дамовіліся, што «праз два-тры месяцы пасьля капітуляцыі Нямеччыны і заканчэньня вайны ў Эўропе Савецкі Саюз ўступіць у вайну супраць Японіі» пры задавальненьні 5 умоваў:
Пры «згодзе генэралісімуса Чан Кайшы» пайсьці на 3 саступкі паводле 1-й, 3-й і 4-й умоваў, СССР пагадзіўся «заключыць з Народным кітайскім урадам Дамову аб сяброўстве і саюзе … для аказаньня яму дапамогі сваімі ўзброенымі сіламі дзеля вызваленьня Кітая ад японскага ярма».
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы міністры замежных справаў Брытаніі, ЗША і СССР — Энтані Ідэн, Эдвард Стэтыніюс і Вячаслаў Молатаў адпаведна — падпісалі «Пратакол працы Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў: 1) Сусьветная арганізацыя; 2) Дэклярацыя аб вызваленай Эўропе; 3) Расчляненьне Нямеччыны; 4) Зона акупацыі для французаў і Кантрольная рада для Нямеччыны; 5) Рэпарацыі; 6) Галоўныя ваенныя злачынцы; 7) Польшча; 8) Югаславія; 9) Італа-югаслаўская мяжа, аўстра-югаслаўская мяжа; 10) Югаслаўска-баўгарскія ўзаеміны; 11) Паўднёва-ўсходняя Эўропа; 12) Пэрсія; 13) Нарады 3 міністраў замежных справаў; 14) Пагадненьне(fr) ў Мантро(fr) і пралівы.
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы міністры замежных справаў Брытаніі і СССР падпісалі на расейскай і ангельскай мовах «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў. Паводле артыкула 1 Пагадненьня, вызваленыя савецкімі і брытанскімі войскамі грамадзяне Брытаніі і СССР адпаведна мелі «аддзяляцца ад варожых ваеннапалонных і ўтрымлівацца асобна ад іх у лягерах або зборных пунктах да моманту перадачы іх адпаведна савецкім або брытанскім уладам». Паводле артыкула 2, Бакі дамовіліся, што «савецкія і брытанскія упаўнаважаныя па рэпатрыяцыі будуць неадкладна дапускацца ў зборныя лягеры і пункты разьмяшчэньня грамадзянаў або падданых сваёй краіны». Таксама ім надавалася «права прызначаць там ўнутраную адміністрацыю і ўсталёўваць ўнутраны распарадак і кіраваньне ў адпаведнасьці з вайсковымі парадкамі і заканадаўствам іх краіны». Асобна падкрэсьлівалася, што «варожая прапаганда, накіраваная супраць Дамоўных бакоў або супраць усялякага з Аб’яднаных народаў, ня будзе дазваляцца». Паводле арт. 3, Бакі абавязваліся «забясьпечваць вызваленых грамадзянаў або падданых адпаведным харчаваньнем, адзеньнем, жытлом і мэдычным абслугоўваньнем».
Артыкул 4 Пагадненьня прадугледжваў, што «кожны з Дамоўных бакоў будзе мець права выкарыстоўваць, па ўзгадненьні з другім Бокам, такія зь яго ўласных сродкаў транспарту, якія апынуцца даступнымі для рэпатрыяцыі сваіх грамадзянаў». Артыкул 5 прадугледжваў: «У выпадку выдачы пазыкаў у валюце вызваленай неварожай тэрыторыі, Савецкі і Брытанскі ўрады зробяць, кожны па пазыках, выдадзеных яго грамадзянам або падданым, неабходнае ўрэгуляваньне з урадамі адпаведных тэрыторыяў, якія будуць інфармаваныя аб колькасьці іх валюты, выдадзенай для гэтай мэты». Артыкул 6 дапускаў, што «Былыя ваеннапалонныя і цывільныя асобы кожнага з Дамоўных бакоў могуць, да іх рэпатрыяцыі, выкарыстоўвацца для кіраваньня і падтрыманьня ў парадку лягераў або зборных пунктаў, у якіх яны знаходзяцца». Паводле артыкула 7, Бакі абавязваліся «выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для перавозкі вызваленых грамадзянаў і падданых ва ўстаноўленыя па ўзгадненьні пункты, дзе яны могуць быць перададзеныя адпаведна савецкім або брытанскім уладам»[1].
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы вайсковы аташэ амбасады ЗША з СССР Джон Дын і 1-ы намесьнік начальніка Апэратыўнага кіраваньня Генштаба СССР Анатоль Грызлоў таксама падпісалі «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў, што было аднолькавым з аднайменным брытанска-савецкім Пагадненьнем. У выніку ўрады Брытаніі і ЗША абавязаліся выдаць СССР нават тых савецкіх грамадзянаў, якія адмовіліся вяртацца зь Нямеччыны ў СССР[1].
11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы міністры замежных справаў Брытаніі і СССР — Ідэн і Молатаў адпаведна — падпісалі на расейскай і ангельскай мовах «Пагадненьне адносна вызваленых савецкіх грамадзянаў у Злучаным каралеўстве» зь 7 артыкулаў і 2 Дадаткаў. Артыкул 1 Пагадненьня прадпісваў: «У выпадку іх прыбыцьця ў Злучанае Каралеўства, пра што кампэтэнтныя савецкія ўлады ў Злучаным каралеўстве будуць, наколькі гэта магчыма, загадзя апавяшчацца адпаведнымі брытанскімі ўладамі, гэтых савецкіх грамадзянаў будуць зьбіраць у пэўных месцах і лагерах, куды савецкія прадстаўнікі па рэпатрыяцыі будуць неадкладна дапускацца». Артыкул 2 прадугледжваў, што «савецкіх грамадзянаў будуць арганізоўваць у злучэнні і групы, якія будуць падпарадкоўвацца савецкім законам». Дадаткова падкрэсьлівалася, што «ня будзе дапускацца правядзеньне сярод вызваленых савецкіх грамадзянаў варожай прапаганды, накіраванай супраць Дамоўных бакоў». Паводле арт. 3, прадугледжвалася, што «выкарыстаньне вызваленых савецкіх грамадзянаў будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасьці з савецкімі вайскоўцамі парадкамі і пад наглядам савецкіх афіцэраў».
Паводле артыкула 4 Пагадненьня, урад Брытаніі абавязваўся «забясьпечваць ўсіх гэтых савецкіх грамадзян, безь якіх бы там ні было выключэньняў, ежай, адзеньнем, жытлом і мэдычным абслугоўваньнем паводле нормаў, устаноўленых адпаведна для салдатаў, малодшага каманднага складу і афіцэраў». Паводле арт. 5 урад Брытаніі таксама абавязваўся «выдаваць такія пазыкі гэтым савецкім грамадзянам ад імя Савецкага ўраду, пра якія дамовяцца між сабой кампэтэнтныя брытанскія і савецкія ўлады». Паводле арт. 7, ўрад Брытаніі ўзяў абавязкі: 1) «супрацоўнічаць з адпаведнымі савецкімі ўладамі ў Злучаным каралеўстве ў справе высьвятленьня асобы вызваленых савецкіх грамадзянаў, якія могуць прыбыць у Злучанае каралеўства»; 2) «аказваць практычна магчымую дапамогу, беручы пад увагу наяўныя рэсурсы, у наданьні сродкаў транспарту для хутчэйшай перавозкі гэтых савецкіх грамадзянаў у Савецкі Саюз».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.