літоўскі мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Ула́дас Дрэ́ма (літ.: Vladas Drėma; 10 снежня 1910, Рыга — 4 студзеня 1995, Вільнюс) — літоўскі мастак і музейны супрацоўнік, мастацтвазнаўца, гісторык культуры, педагог. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы (1992), ганаровы доктар Вільнюскай мастацкай акадэміі, першы ганаровы грамадзянін Вільнюса.
Уладас Дрэма | |
---|---|
літ.: Vladas Drėma | |
Дата нараджэння | 10 снежня 1910 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 студзеня 1995[1] (84 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык, мастак, мастацтвазнавец, музейны супрацоўнік |
Месца працы | |
Жанр | партрэт, пейзаж і нацюрморт |
Вучоба | |
Член у | |
Узнагароды |
Нарадзіўся ў Рызе ў сям’і сялянаў з беларускіх Гервятаў. Рана асірацеў, жыў пад апекай бацькоўскіх сваякоў у Гервятах. Гервяцкі ксёндз, пабачыўшы ягоныя малюнкі, у 1920 годзе адправіў хлопца ў Вільню і ўладкаваў яго ў прытулак на Буфалавай гары[2]. З 1921 года Дрэма жыў у Вільні і вучыўся ў гімназіі імя Вітаўта Вялікага. У 1926—1931 гадах наведваў мастацкую студыю Вітаўтаса Кайрукшціса. Па заканчэнні гімназіі ў 1931 годзе, працягнуў вучобу ва ўніверсітэце. У 1936 годзе скончыў факультэт прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя (вучыўся ў мастака Людаміра Слядзінскага).
Быў адным з заснавальнікаў «Віленскай групы» мастакоў, у якую ўвайшлі жывапісцы розных нацыянальнасцяў Вільні. Выкладалі малюнак і рысаванне ў віленскіх школах і гімназіях. У 1937—1938 гадах удасканальваў веды і ўменні ў Варшаве. У часе Другой сусветнай вайны працаваў у Беларускім музеі ў Вільні (1941—1944). У гэты час пачаў збіраць матэрыял для гісторыі рукапіснай і друкаванай кнігі Вялікага Княства Літоўскага, планаваў выдаць працу к 1947 году, калі спаўнялася 400-годдзе першай літоўскай кнігі, таму Дрэма лічыцца адным з першых даследнікаў кніжнай спадчыны Літвы[3].
Пасля вайны быў дырэктарам Этнаграфічнага музея (1945—1946), пасля загадчыкам аддзелам выяўленчага мастацтва ў Мастацкім музеі (1946—1961). Выкладаў у Мастацкім інстытуце (1946—1950, 1957—1970) і Вільнюскім універсітэце (1956—1958). З 1970 года працаваў у Інстытуце кансервавання помнікаў. У апошнія гады жыцця моцна хварэў, але не перапыняў навуковую дзейнасць.
У 1992 годзе ўзнагароджаны Нацыянальнай прэміяй Літвы ў галіне культуры і мастацтва, а таксама атрымаў званне ганаровага доктара Вільнюскай мастацкай акадэміі і ганаровага грамадзяніна Вільнюса[4]. У 1999 годзе імем Уладаса Дрэмы была названая адна з вуліц Вільнюса ў раёне Веркі[2].
Удзельнічаў у выстаўках з 1931 года. Творчасць Дрэмы спачатку была блізкая да кубізму і канструктывізму, пазней стала больш рэалістычным, аднак з тэндэнцыяй да абагуленасці і арнаментальнасці. Значнае месца ў ягонай творчасці займалі матывы Вільні. Сярод іншага стварыў футурыстычнае палатно «Вільня ў 2000-м годзе» (1928). У часе вучобы ва ўніверсітэце меў уплыў неакласіцызму.
Пісаў акварэлі. З 1930-х гадоў працаваў пераважна ў графіцы. Стварыў некалькі стылізаваных нацюрмортаў у тэхніцы каляровай лінагравюры. У тэхніцы гравюры на медзі ствараў найчасцей віды Старога горада. Пейзажы Дрэмы рэалістычныя, з прамалёўкай дэталяў і рамантычным настроем.
У 1936—1938 гадах афармляў кнігі літоўскіх паэтаў (Ёзаса Кектаса, Оны Міцюце, Альбінаса Жукаўскаса) і іншыя выданні. Аўтар плакатаў, экслібрысаў, тэатральных дэкарацый. Аўтар мастацкага аздаблення паэмы «Рагнеда» (1944) Лявона Случаніна[5]. У Літоўскім мастацкім музеі захоўваюцца эскізы беларускіх кніг аўтарства Дрэмы: «Мае песьні» і «На хуткіх крыльлях вольнага пэгаса» Алеся Салаўя, «Рагнеда» Лявона Случаніна, «Анталёгія беларускай паваеннай паэзіі», «Жоўтая восень» Наталлі Арсенневай[6].
Творы захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музеі, Нацыянальным музеі Чурлёніса, у прыватных зборах Літвы і Польшчы.
Пачынаючы з 1935 года, актыўна супрацоўнічаў ў перыядычным друкам. У літоўскім, польскім, беларускім друку апублікаваў звыш за 150 артыкулаў на тэму гісторыі мастацтва і архітэктуры канца XVIII—XIX стагоддзяў, методыцы ацэнкі культурнай спадчыны. Аўтар манаграфій пра архітэктуру Вільні і пра асобныя помнікі архітэктуры, пра мастакоў, якія працавалі ў Літве (Францішак Смуглевіч, Канут Русецкі, Вінцэнт Смакоўскі і інш.) Аўтар шэрагу біяграмаў для «Слоўніка польскіх мастакоў» Выдадзена трынаццаць кніг з матэрыяламі аб віленскіх будынкаў у розных архівах, сабраных Уладасам Дрэмай (Vilniaus namai archyvų fonduose)[7]. Апублікаваў шэраг прац пра беларускае народнае мастацтва[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.