Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі

(1827—1908) маршалак шляхты Гродзенскага павета From Wikipedia, the free encyclopedia

Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі
Remove ads

Браніслаў Медард Друцкі-Любецкі, пазней Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі (польск.: Aleksander Medard Drucki-Lubecki, руск.: Александр Ксаверьевич Друцкий-Любецкий; 18271898) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, гродзенскі павятовы маршалак (1862—1863).

Хуткія факты князь Аляксандр Ксавер'евіч Друцкі-Любецкі, Гродзенскі павятовы маршалак ...
Remove ads

Паходжанне і сям’я

Належаў да княжацкага роду Друцкіх-Любецкіх.

Нарадзіўся 8 (20) ліпеня 1827 г. у сям’і князя Францішка Ксаверыя Францішкавіча Друцкага-Любецкага (1778—1846) і яго жонкі Марыі Сцыпіён (1793—1874). Марыя Сцыпіён даводзілася свайму мужу Францішку Ксаверыю Друцкаму-Любецкаму роднай пляменніцай, дазвол на блізкароднасны шлюб атрыманы ад Папы Рымскага.

Па нараджэнні быў хрышчаны ў каталіцызм і атрымаў імя «Браніслаў-Медард-Францішак-Ксаверый», з якіх звычайна карыстаўся імем «Браніслаў». У 1866 г. Браніслаў змяніў канфесію — ахрысціўся ў праваслаўе і прыняў імя «Аляксандр» («Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі»).

У 1850 годзе ажаніўся з заможнай дваранкай-каталічкай Марыяй Феліцыяй з Шэметаў (2 ліпеня 1833 — 9 снежня 1897, Ментона), дачкой Ежы Шэмета і Людвікі Мікульскай. У шлюбе меў трох дзяцей:

  • 1) князь Францішак Ксаверый Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1860—1918) — жонкай стане Марыя Ацілія Волер
  • 2) князь Аляксандр Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1861—1926) — жонкай стане Марыя Журоўская (1873—1927)
  • 3) князь Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913) — жонкай стане графіня Марыя Здзіславаўна Замойская (1868—1939)
Remove ads

Маёнткі

Адносіўся да латыфундыстаў. Атрымаў у спадчыну ад бацькі землі ў Гродзенскай губерні (маёнтак Чарлёна (Чарлёна, Лунна, Станіславова і інш.) у Гродзенскім павеце; маёнтак Шчучын (Шчучын, Каралеўшчына і інш.) у Лідскім павеце), у Мінскай губерні (вёска Загароддзе ў Пінскім павеце) і Царстве Польскім (маёнтак Балтаў у Келецкай губерні), дзе меліся прыгожыя палацы і невялікія прадпрыемствы[1]. Маёнтак Загароддзе (Пагост-Загародскі) у 1878 г. налічваў 10 832 дзесяціны зямлі і кіраваўся аканомам князя[2].

Пасля смерці маёнткі Чарлёна і Шчучын (Чарлёна, Лунна, Станіславова, Шчучын і інш.) атрымаў у спадчыну яго сын — князь Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913)[1], а маёнтак Балтаў другі сын — князь Аляксандр Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1861—1926).

Remove ads

Службовая дзейнасць

У 1862 г. князь Браніслаў Друцкі-Любецкі быў абраны дваранамі Гродзенскага павета на пасаду гродзенскага павятовага маршалка на трохгоддзе. Аднак усяго тэрміну не праслужыў. Напярэдадні Студзеньскага паўстання (1863—1864) карэнныя каталіцкія дваране-землеўласнікі літоўска-беларускіх губерняў у 1861—1862 гг. спрабавалі мірным шляхам дабіцца ад расійскага ўрада пэўных саступак у палітыцы мясцовага кіравання (у тым ліку ўвядзення аўтаноміі і адкрыцця ў краі ўніверсітэта), адпраўляючы афіцыйныя звароты і дваранскія дэлегацыі ў Санкт-Пецярбург[3]. Іх лідарамі былі мінскі губернскі маршалак Аляксандр Лапа і граф Віктар Старжынскі, які тады выконваў абавязкі гродзенскага губернскага маршалка[4]. Гэтыя захады былі безвыніковымі. Наадварот, у студзені 1863 г. гродзенскі губернатар (1862—1863) Іван Галер забараніў дваранам Гродзенскай губерні збірацца на свае прыватныя і афіцыйныя сходы і загадаў усім заставацца ў сваіх правінцыйных сядзібах[5]. Месцам такіх прыватных сходаў дваран Гродзенскай губерні да таго часу былі дамы ў Гродне, якія належалі графу Віктару Старжынскаму і князю Браніславу Друцкаму-Любецкаму[5].

1 сакавіка 1863 г. у знак пратэсту граф Віктар Старжынскі, які тады выконваў абавязкі гродзенскага губернскага маршалка, падаў у адстаўку з пасады маршалка і разаслаў цыркулярны ліст да ўсіх павятовых маршалкаў і міравых пасрэднікаў Гродзенскай губерні, у якім заклікаў іх падаць у адстаўку і абвінавачваў расійскі ўрад у мэтанакіраваным і сістэматычным замаруджанні ўнутранага развіцця «Літвы» (г.зн. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага — літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі)[6].

Паводле звестак, пададзеных у кнізе падарожніка Seven Months' Residence in Russian Poland in 1863, 5 сакавіка 1863 года Аляксандр Друцкі-Любецкі сустракаўся з Віктарам Стажэнскім у сваім доме падчас неафіцыйнай вячэры.

Маршалкі і міравыя пасрэднікі ў сакавіку 1863 г. падалі калектыўна ў адстаўку. Нежадаючы пакуль прымаць маштабныя рэпрэсіўныя захады, расійскі ўрад замяніў Галера ў красавіку 1863 г. на пасадзе гродзенскага губернатара графам Уладзімірам Бобрынскім[7], аднак з 1863—1864 гг. пасады павятовых і губернскіх маршалкаў у Заходнім краі перасталі быць выбарнымі ад дваранства — на іх пачалі прызначаць асоб па распараджэнні расійскага ўрада.

Князь Браніслаў Друцкі-Любецкі пазбег пакарання за падачу ў адстаўку ў сакавіку 1863 г. з пасады гродзенскага павятовага маршалка, а таксама не ўдзельнічаў у Студзеньскім паўстанні (1863—1864), таму яго маёнтак пазбег канфіскацыі расійскім урадам.

Remove ads

Пераход у праваслаўе

Пасля падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864) у Заходнім краі расійская ўлада ўстанавіла рэжым выключных законаў, галоўным чынам, рэпрэсіўнага характару ў адносінах да мясцовага каталіцкага дваранства, і праводзіла русіфікатарскую палітыку: прымусовыя пераводы сялян з каталіцтва ў праваслаўе; увядзенне з 1870-х гг. рускай мовы замест польскай у дадатковае каталіцкае набажэнства ў касцёлах; мэтанакіраванае насаджэнне рускага («вялікарускага») землеўладання; службовыя перавагі і ільготы для набыцця маёнткаў з казённых і канфіскаваных зямель для асоб «рускага паходжання» і г.д.

Адгукаючыся на палітыку расійскага ўрада і заклікі заходнерусістаў, 28 жніўня (ст.ст.) 1866 г. у Вільні ў праваслаўным манастыры Святога Духа князь Браніслаў Друцкі-Любецкі ахрысціўся ў праваслаўе і прыняў новае імя «Аляксандр» («Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі»), а пры абрадзе хросту прысутнічаў віленскі генерал-губернатар (1865—1866) Канстанцін Каўфман, аднак не прысутнічалі знаёмыя-каталікі, бо лічылі пераход князя ў праваслаўе як русіфікацыю[8][заўв 1].

Напярэдадні хросту ў адкрытым лісце «Мой пераход у праваслаўе» (1866), спачатку разасланым для сваякоў і знаёмых, а пасля надрукаваным у розных газетах, князь патлумачыў свой крок як разрыў з паланізмам, вяртанне да сваіх каранёў і адмову ад паўстанчай практыкі: «Я думаю, што нам, рускім па паходжанні, продкі якіх былі праваслаўнымі[заўв 2], пераход у праваслаўе — адзіны шлях, які можа прынесці карысць краю і паставіць нас саміх на натуральную глебу. <…> Даволі нашай крыві і грошай пайшло на зусім чужыя нам планы. Пара перастаць. <…> Углядаючыся ў палітычнае становішча, я бачу, з аднаго боку, магутную Расію, з мільёнамі брацкага народу, з другога боку — Польшчу, чужую нам, „заходне-русам“. Што дала нам Польшча? Доўгія гады непарадкаў, збядненне, анархію, заняпад навук і забыццё нашай народнасці. Мова, вера, звычаі нашых продкаў — усё заменена паланізмам і каталіцтвам, якія не далі нам ні шчасця ў мінулым, ні надзеі на лепшую будучыню. Ці можна хістацца, у які бок прыстаць? У нас нічога няма і не павінна быць з Польшчай, і Варшава для нас і нашых дзяцей — горад чужы»[9][10] («Виленский Вестник», 1866 г., № 186). Даследчыкі знаходзяць у гэтых заявах Любецкага шмат падабенства да тых ідэалагічных штампаў, фраз і лямантацый, якія распаўсюджваліся ў 1860-х гг. у публікацыях заходнерусістаў, у першую чаргу — Міхаіла Каяловіча[11].

Гэты крок князя быў шырока распрапагандаваны расійскім урадам і адміністрацыяй віленскага генерал-губернатара, але не атрымаў ухвалы ў мясцовага каталіцкага дваранства[12]. Мясцовая шляхта, нават тая, якая памятала, што яе продкі былі праваслаўнымі і называлі сябе два стагоддзі назад «рускімі» (па-польску — «русінамі»), упарта супраціўлялася спробам русіфікацыі і асіміляцыі і была гатова цярпець усялякія нягоды, але захоўваць каталіцызм. Сыны і жонка князя таксама засталіся каталікамі.

Remove ads

Заўвагі

  1. Паводле тагачасных уяўленняў расійскага ўрада і грамадства, пераход у праваслаўе азначаў уключэнне ў склад «рускага народа», адзінага ў трох галінах (вялікарусах, маларусах і беларусах), — г.зн. этнічную асіміляцыю («абрусенне»), бо ў тыя часы ў Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне: каб лічыцца «рускім», трэба было спавядаць праваслаўе.
  2. У генеолагаў няма трывалай думкі, ці з’яўляюцца князі Друцкія-Любецкія нашчадкамі Рурыка (г.зн. належаць да Рурыкавічаў) альбо Гедзіміна (г.зн. належаць да Гедзімінавічаў), але вядома, што ў ранніх сваіх пакаленнях князі былі праваслаўнымі, а толькі пазней — каталікамі.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads