Антон Неманцэвіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Антон Неманцэвіч (8 лютага 1893, Санкт-Пецярбург — 1 красавіка 1943; Псеўданімы: Злучэнец) — беларускі каталіцкі святар візантыйскага і лацінскага абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі.
Remove ads
Біяграфія


Антон Неманцэвіч нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям’і выхадцаў з в. Парчэўцы Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Першапачаткова вучыўся ў каталіцкім павятовым вучылішчы імя мітрапаліта С. Богуш-Сестранцэвіча пры касцёле св. Станіслава ў Пецярбургу, якое скончыў у 1909. З 1910 — студэнт каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. Падчас вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары 27.9.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда.
З прыходам да ўлады бальшавікоў пераследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны ў Петраградзе 25.5.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 служыў вікарыем у Маскве. Арыштаваны 31.05.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі. У 1925-27 г. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928-29 г. вёў заняткі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. У 1929 уступіў у Ордэн езуітаў; прыняў усходні абрад. Месцам яго служэння стала Усходняя місія езуітаў у Альбярціне, дзе ён спаўняў святарскія абавязкі і быў адміністратарам ва ўніяцкай парафіі ў Сынковічах. Арганізаваў рэстаўрацыю і аднаўленне помніка абарончай архітэктуры з элементамі готыкі — царквы ў Сынковічах. У 1932-37 г. рэдагаваў і выдаваў беларускі ўніяцкі часопіс «Да злучэння». З 1934 царкоўнымі ўладамі прызначаны прафесарам фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў Дубне (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 рэдагаваў часопіс «Злучэнне». 17.10.1940 мітрапалітам А. Шаптыцкім прызначаны Беларускім экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.
У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур Беларускага экзархата ГКЦ. Заснаваў Апостальства малітвы за Беларусь, да якога спачатку належалі толькі святары, а потым далучыліся і свецкія.
Пасля паездкі ў Львоў па царкоўных справах да мітрапаліта Шаптыцкага 4 ліпеня 1942 Беларускі экзарх ГКЦ а. Антон Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў Мінск.
Да пачатку 1990-х г. дата, месца і акалічнасці смерці беларускага грэка-каталіцкага экзарха заставаліся невядомымі. Лічылася, што ён памёр у Берліне ў вязніцы (згодна з польскімі крыніцамі). Аднак у 2004 годзе, сярод архіўных дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у справе «Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаванне мясцовага насельніцтва і па пытаннях Царквы» быў выяўлены дакумент, у якім сцвярджаецца, што экзарх Неманцэвіч памёр «ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці, якая наступіла пасля сыпнога тыфу»[2]. Прычына смерці экзарха ад тыфу, якую назвалі ў СД, выклікае сумнеў. Святар меў на яго імунітэт, бо перахварэў ім раней, яшчэ ў дзяцінстве. Таму праўдзівай інфармацыяй у дакуменце СД гісторыкі ўважаюць толькі дату, месца смерці і пахавання экзарха. Падобна, ён памёр 6 студзеня 1943 як пакутнік, знясілены турэмнымі ўмовамі ў Мінскай вязніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці.[3] Быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай Царквы[4].
Цяпер у БГКЦ прыкладаюцца намаганні для таго, каб распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як вызнаўца веры і мучаніка нацызму.
Remove ads
Зноскі
- Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15.
- Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads