Барбара Запальяі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Барбара Запальяі
Remove ads

Барбара Запальяі (венг.: Szapolyai Borbála, польск.: Barbara Zápolya; 1490, 1494—1495 альбо першая палова 1496, Трэнчын — 2 кастрычніка 1515, Кракаў) — дачка венгерскага магната Іштвана Запальяі і цешынскай Пястоўны Ядвігі, каралева польская і вялікая княгіня літоўская (1512—1515), першая жонка Жыгімонта Старога.

Хуткія факты Барбара Запальяі, Каралева Польшчы ...

Была першай манахіняй, каранаванай пасля 58-гадовага перапынку з часу папярэдняй каранацыі Альжбеты Аўстрыйскай, другая пасля Альжбеты з Пільчы польская каралева, якая не паходзіла з пануючага роду, і трэцяя пасля святых Кінгі і Ядвігі венгерка на кракаўскім стальцы, якая памерла ў абліччы святасці. Стала таксама апошняй так блізка пародненай з Пястамі польскай каралевай[4].

Шлюб Барбары і Жыгімонта Старога меў узмоцніць саюз Ягелонаў з Запальяі, прыхільнікамі нацыянальнага руху ў Венгрыі і супернікамі Габсбургаў. Памершы ўсяго праз 3 гады пасля каранавання сціплая, пабожная і чуллівая Барбара была хутка забытая і «адцененая прыгожай, абміцыйнай і дэспатычнай Бонай, якая заняла яе месца побач з Жыгімонтам I»[5].

Паводле сведчання Дэцыюша, ушанаваннем памяці каралевы Барбары стала капліца Жыгімонта на Вавелі[6]. З Барбарай Запальяі звязаная не толькі ідэя пабудовы маўзалея Ягелонаў, але таксама і значная частка сімвалічных і алегарычных іконаграфічных твораў аздаблення капліцы[7][8].

Remove ads

Біяграфія

Паходжанне

Будучая каралева і вялікая княгіня была дачкой валадара Трэнчына, графа спішскага, ваявода сяміградскага Іштвана Запальяі і Ядвігі Цешынскай. Па мячы выводзілася з рыцарскага роду найхутчэй харвацкага паходжання, які на пераломе XV—XVI стагоддзяў здабыў вялікі ўплыў і агромністыя маёнткі ў Венгерскім каралеўстве. Па кудзелі паходзіла з цешынскай і мазавецкай лініі Пястаў — яе дзедам па маці быў Пшамыслаў II Цешынскі, а бабкай — Ганна, дачка варшаўскага князя Баляслава IV.

У крыніцах дата нараджэння Барбары Запальяі не сустракаецца. Яе можна аднавіць толькі на падставе ўскосных звестак, якія падаюць узрост каралевы ў часе скону, аднак такія крыніцы з’явіліся толькі праз некалькі гадоў пасля яе смерці. Паводле аднаго з венгерскіх перакладаў, каралева Барбара памерла ў 20-гадовым узросце[9], а паводле польскага Рочніка Нарапінскага памерлай споўнілася 25 гадоў[10].

Зыгмунт Удавішэўскі з дзвюх дат — 1490 і 1495 — за больш праўдападобную лічыць пазнейшую, запісаную ў венгерскім дакуменце, адкуль і паходзіла Барбара[11]. 1495 год у цяперашні час прызнае большасць гісторыкаў[заўв 1]. Найпазнейшай мажлівай датай нараджэння Барбары Запальяі ёсць прапанаваны Станіславам Срокам перыяд першай паловы 1496 года[12].

У Божае нараджэнне 1499 года Барбара страціла бацьку, магутнага правадыра антыгабсбургскай кааліцыі венгерскай магнатэрыі, і яе выхаваннем займалася маці. Ядвіга рабіла асаблівы націск на далёкаідучую пабожнасць, што мела ўплыў на этычнае выхаванне і на фарміраванне глыбокай рэлігійнасці яе дачкі[13].

Шлюбныя планы

З 1509 года сенатары націскалі на нежанатага Жыгімонта, якому было ўжо за 40 гадоў, каб заключыў шлюб. Сярод кандыдатак на каралеву называлі між іншых княгінь мекленбургскую і мантуанскую[14]. Жыгімонт вырашыўся на выбар такой жонкі, саюз з якой дазволіць паслабіць сетку саюзаў імператара Максіміліяна I, што загражала інтарэсам Ягелонаў. У 1511 годзе Барбара Запальяі, дачка і сястра ўплывовых прыхільнікаў антыгабсбургскага руху ў Венгрыі, была афіцыйна прапанаваная кандыдаткай у жоны Жыгімонта I яго братам Уладзіславам. Аднак магчыма, адной з мэтаў Жыгімонта было не толькі замінанне планам Габсбургаў, але і магчымасць пасля смерці брата пасадзіць на венгерскі трон сябе альбо свайго пераемніка[15][16].

Заручыны адбыліся 2 снежня 1511 года.

Панаванне

Шлюб і каранацыя адбыліся ў Кракаве ў нядзелю 8 лютага[17].

Thumb
Ліст каралевы Барбары да мужа, высланы ў маі 1515 г. (копія арыгінала, захаваны ў Acta Tomiciana)

У сакавіку 1511 года Барбара з мужам выехалі ў Познань (15 сакавіка 1513 года тут нарадзілася дачка Ядвіга), а ў маі 1513 года — на Літву. Барбара засталася ў Вільні, пакуль Жыгімонт браў удзел у вайне з Масковіяй. 4 лютага 1515 года яны разам вярнуліся на Вавель. 1 ліпеня 1515 года Барбара нарадзіла другую дачку Ганну.

Хвароба і смерць

Па другіх родах каралева цяжка занемагла. Яе лекаваннем займаўся дапаможны лекар Жыгімонта I, навучаны ў Балонні Леанард Печыхоўскі. Аднак каралева бесперастанна хварэла ад пачатку ліпеня да канца верасня 1515 года. У канцы верасня надышло паляпшэнне стану, не лічачы працягу звыклых ужо параксізмаў, але 30 верасня каралева атрымала падабенства апаплепсычнага ўдару[18][19].

2 кастрычніка 1515 каралева сканала[20]. Сімптомы хваробы паказваюць на вялікую імавернасць перынатальнага заражэння.

Пахаванне

Thumb
Саркафаг каралевы Барбары ў кафедры на Вавелі

Каралева была пахавана 18 кастрычніка 1515 года ў Вавельскай кафедры ў капліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На пахаванні прыбыла яе маці Ядвіга з сынамі[21]. У 1520 годзе разам з ёй была пахавана памерлая ў дзяцінстве дачка Ганна. Саркафаг з целамі быў змешчаны ў падзямеллі капліцы Жыгімонта[22][23].

У 1632 годзе сродкамі караля Жыгімонта III, унука Жыгімонта Старога, была праведзена першая рэстаўрацыя саркафага[24]. Другая кансервацыя знішчанага саркафага мела месца ў 1840 коштам імператара Фердынанда I[25]. Чарговая рэстаўрацыя саркафага была спалучана з вывучэннем і апісаннем яго вартасці і адбылася ў 1874 годзе[26][27].

Remove ads

Заўвагі

  1. Zamążpójście Barbary Zapolyi w wieku 17 lat, tj. narodziny w roku 1495, zakładali m.in. Władysław Pociecha i Bolesław Przybyszewski, a obecnie zakładają m.in. Edward Rudzki, Małgorzata Duczmal, Jerzy Besala i Raimonda Ragauskienė. Rok 1495 jest również najczęściej spotykaną datą w leksykonach, słownikach i encyklopediach.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads