Віць (вёска)
вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Віць[1] (трансліт.: Vić, руск.: Вить; да 30 ліпеня 1964 года Гно́еў[2]) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Барысаўшчынскага сельсавета.
Remove ads
Геаграфія
Вёска месціцца за 16 км на захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Хойнікі, 119 км ад Гомеля, на правым беразе ракі Віць (прыток Прыпяці).
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Найранейшая на сённяшні дзень згадка пра паселішча ўтрымліваецца ў прывілеі караля Стэфана Баторыя Давыду Есману, датаваным 25 днём лютага 1585 года. Манарх, зважаючы на тое, што пан Давыд «на служъбахъ господаръскихъ… под Полоцкомъ, под Луками и под Псковом з нелитованьемъ здоровъя своего, не жалуючы утраты маетъности своее противъ непрыятелю нашому великому князю московскому статечъне и мужъне застановялъсе», падараваў шляхцічу «до жывота его», акрамя іншых добраў, «село Гновъ, в нем дымов двадцать пять[A]» «у волости старостъва Мозырского, пры селе Загальи»[4] Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У XVII—XVIII стагоддзях вёска належала да Загальскага староства. Паводле рэвізіі 1716 года wieś Gnoiow складалі тры[B] дымы: гаспадары Піліп Гутнік, Амяльян Васіль з братам (Omelia Wasil z bratem)[C], Сцяпан Бабарчык плацілі старосце князю Дамініку Яну Шуйскаму 12 злотых, 15 грошаў чыншу[5].
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гноеў апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[6]. На 1795 год вёска, як і 12 іншых паселішчаў Загальскага староства, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[7]. Тады ў ёй налічвалася 52 двары, 176 жыхароў мужчынскага і 112 жаночага полу[8].

Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 года, дыспанентам Загальскага казённага маёнтка на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[9]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтка, да якога належаў і Гноеў, была ўтворана воласць[D] з управай, згаданая ў 1848 годзе.[10]. На 1850 год у вёсцы 39 двароў, 239 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 265 жыхароў вёскі Гноеў абодвух полаў былі прыхаджанамі Загальскай Свята-Троіцкай царквы[11].
У парэформенны перыяд Гноеў належаў да Хойніцкай воласці. Паводле ведамасці 1866 года 4 жыхары двара і 21 жыхар вёскі Гноеў былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[12]. На пачатак 1870 года тут — 104 мужчынскія душы з былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да Гноеўскага сельскага таварыства, 5 аднадворцаў, прыпісаных да воласці[13]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Гноеў большай часткай жыхароў заставаўся ў прыходзе Загальскай царквы[14].
Паводле перапісу 1897 года ў Гноеве было 110 двароў, 546 жыхароў, хлебазапасны магазін. На 1909 год у вёсцы налічваўся 121 двор з 704 жыхарамі[15].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гноеў у складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[16].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Гноеўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 45 і 88 вучняў[17].
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Гноеўскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Барысаўшчынскага сельсавета. У 1930 годзе тут было 194 двары з 938 жыхарамі, арганізаваны калгас «Чырвоная Зорка», працавалі вятрак і кузня. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Гноеве было 270 двароў з 924 жыхарамі. У вайну акупанты разбурылі 23 дамы, загубілі 109 вяскоўцаў[18]. 102 жыхары загінулі на франтах.
З 8 студзеня 1954 года Гноеў адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года тут налічвалася 1194 жыхары. У складзе саўгаса «Барысаўшчына» з цэнтральнай сядзібай у аднайменнай вёсцы.
Remove ads
Насельніцтва
- 2021 год — 173 гаспадаркі, 444 жыхары[19].
Заўвагі
- Значная колькасць дымоў — заслуга самога Д. Есмана, бо ён тое месца «людми осадилъ». У жніўні 1563 г. кароль Жыгімонт Аўгуст, сярод іншай шляхты, якая пазбавілася сваіх уладанняў у Полацкім ваяводстве, акупаваным войскамі цара Івана Грознага, даў у трыманне «Павлу а Давыду Есманомъ у волости Мозырскои — село Загале, Клевцы»[3]. Сяло Гноеў на той час, падобна, яшчэ не існавала.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads