Нарвегія

краіна ў Паўночнай Еўропе From Wikipedia, the free encyclopedia

Нарвегіяmap
Remove ads

Каралеўства Нарве́гія (нарв.: Kongeriket Norge, нюнорск Kongeriket Noreg), Нарвегія — краіна ў Паўночнай Еўропе. Знаходзіцца на Скандынаўскім паўвостраве і прылеглых астравах. Мяжуе з трыма дзяржавамі: са Швецыяй — на ўсходзе, з Фінляндыяй і з Расіяй — на паўночным усходзе. Краіну абмываюць Баранцава мора — на паўночным усходзе, Нарвежскае мора — на захадзе і Паўночнае мора — на паўднёвым захадзе.

Хуткія факты Каралеўства Нарвегія, Дата незалежнасці ...

Нарвегія падзяляецца на 19 фюльке, якія аб’ядноўваюцца ў 5 асноўных неафіцыйных рэгіёнаў. У склад Нарвегіі таксама ўваходзяць: адміністрацыйная акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і востраў Мядзведжы), астравы Ян-Маен па поўначы і Бувэ на поўдні Атлантычнага акіяна.

Сталіца Нарвегіі і рэзідэнцыя ўрада — Осла.

Remove ads

Дзяржаўны лад

Thumb
Стортынг

Нарвегія — канстытуцыйная манархія, форма дзяржаўнага ладу — унітарная. Дзейнічае канстытуцыя 1814 года з пазнейшымі праўкамі. Кароль — Харальд V, прэм’ер-міністр — Ёнас Гар Сцёрэ. Вышэйшы заканадаўчы орган — стортынг, які складаецца з лагтынга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльстынга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на першай сесіі стортынга з яго складу выбіраецца 1/4 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагтынг, астатнія 3/4 — одэльстынг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзяржаўны савет) на чале з прэм’ер-міністрам.

Remove ads

Геаграфія

Thumb
Гейрангер-фіёрд

Нарвегія займае заходнюю, горную частку Скандынаўскага паўвострава. Гэты буйны масіў складзены пераважна гранітамі і гнейсамі характарызуецца перасечаным рэльефам. Паўвостраў асіметрычна падняты да захаду, у выніку заходнія, нарвежскія, схілы вельмі стромкія і кароткія. На поўначы знаходзіцца самая паўночная кантынентальная кропка Еўропы — мыс Нордкін.

На поўдні ў межах Нарвегіі размешчана шырокае нагор’е. На поўначы ад мяжы Нарвегіі і Фінляндыі вышэй 1200 м уздымаюцца ўсяго некалькі вяршыняў, але па кірунку да поўдня вышыні гор паступова павялічваюцца, дасягаючы максімальных адзнак 2469 м (гара Гальхёпіген) у масіве Ютунхеймен. Іншыя ўзнятыя ўчасткі нагор’я толькі няшмат саступаюць па вышыні. Там нярэдка сустракаюцца голыя скалы, пазбаўленыя глебава-расліннага покрыва. Вонкава паверхня шматлікіх гор больш нагадвае слабхвалістае плато, і такія ўчасткі носяць назву «віда».

Падчас вялікага ледавіковага перыяду ў гарах Нарвегіі было развіта злядненне, але сучасныя ледавікі невялікія. Самыя значныя з іх — у гарах Ютунхеймен і ў паўночнай частцы Нарвегіі. Звычайна снегавая лінія ў Нарвегіі знаходзіцца на вышынях 900—1500 м. Шматлікія асаблівасці рэльефу краіны сфармаваліся падчас ледніковага перыяду. Верагодна, тады было некалькі мацерыковых злядненняў, і кожнае з іх спрыяла развіццю эрозіі, паглыбленню і выпростванню старажытных рачных далін і іх ператварэнню ў маляўнічыя, са стромкімі схіламі трогі U-падобнай формы, што глыбока праразаюць паверхню нагор’яў.

Пасля раставання мацерыковага ледавіка былі затопленыя нізоўі старажытных далін, дзе ўтварыліся фіёрды. Фіёрдавыя берагі дзівяць незвычайнай маляўнічасцю і маюць вельмі важнае гаспадарчае значэнне. Шматлікія фіёрды вельмі глыбокія. Напрыклад, Согне-фіёрд, размешчаны ў 72 км на поўнач ад Бергена, у ніжняй частцы дасягае глыбіні 1308 м. Ланцуг прыбярэжных астравоў — т.зв. скергор абараняе фіёрды ад моцных заходніх вятроў, якія дзьмуць з Атлантычнага акіяна. Некаторыя астравы ўяўляюць сабой аголеныя скалы, аб якія разбіваецца прыбой, іншыя дасягаюць значных памераў.

Большасць нарвежцаў жывуць на берагах фіёрдаў. Найважнейшыя — Осла-фіёрд, Хардангер-фіёрд, Согне-фіёрд, Нур-фіёрд, Стур-фіёрд і Тронхеймс-фіёрд.

На ўсходзе Нарвегіі знаходзяцца самыя вялікія рэкі, уключаючы Глому даўжынёй 591 км, Гёўла, Отра, Танаэльв. На захадзе краіны рэкі кароткія і хуткія (рака Ранэльва). У паўднёвай Нарвегіі шмат маляўнічых азёр. Найбуйнейшае ў краіне возера М'ёса. У канцы 19 ст. было збудавана некалькі невялікіх каналаў, якія злучаюць возера з марскімі партамі на паўднёвым узбярэжжы, але ў цяперашні час яны выкарыстоўваюцца мала. Гідраэнергарэсурсы рэк і азёр Нарвегіі ўносяць істотны ўклад у яе эканамічны патэнцыял.

Нягледзячы на паўночнае становішча, Нарвегіі ўласцівы спрыяльны клімат з прахалодным летам і адносна мяккай (для адпаведных шырот) зімой — вынікам уздзеяння Гальфстрыму. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 3330 мм на захадзе, куды ў першую чаргу паступаюць вільготныя вятры, да 250 мм у некаторых адасобленых рачных далінах на ўсходзе краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0 °C характэрная для паўднёвага і заходняга ўзбярэжжаў, тады як ва ўнутраных раёнах яна паніжаецца да −4 °C і меней. У ліпені сярэднія тэмпературы на ўзбярэжжа каля 14 °C, а ва ўнутраных раёнах — каля 16 °C.

Урадлівыя глебы пакрываюць усяго каля 4 % усёй тэрыторыі Нарвегіі і сканцэнтраваны пераважна ў наваколлях Осла і Тронхейма.

Thumb
Хваёвы лес

Паколькі большую частку краіны займаюць горы, плато і ледавікі, магчымасці для росту і развіцця раслін абмежаваныя. Вылучаюць пяць геабатанічных раёнаў: бязлесны прыбярэжны з лугамі і хмызнякамі, на ўсход ад яго лісцёвыя лясы, далей у глыб краіны і да поўначы — хваёвыя лясы, вышэй і яшчэ далей на поўнач пояс карлікавых бяроз, вербаў і шматгадовай травы; нарэшце, на самых вялікіх вышынях — пояс травы, імхоў і лішайнікаў. Хваёвыя лясы — адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў Нарвегіі, яны даюць разнастайную экспартную прадукцыю.

У арктычным раёне звычайна сустракаюцца паўночны алень, лемінг, пясец і гага. У лясах да самога поўдні краіны водзяцца гарнастай, заяц, лось, лісіца, вавёрка і, у невялікай колькасці, воўк і буры мядзведзь. Высакародны алень распаўсюджаны ўздоўж паўднёвага ўзбярэжжа. Нацыянальны парк: Бёргеф’ель, Юнкердаль.

Азёры Нарвегіі

Thumb
Возера Кродэрэн.
Remove ads

Гісторыя

Thumb
Хокан IV і яго сын Магнус

Тэрыторыя Нарвегіі заселена чалавекам прыблізна ў 6 тысячагоддзі да н.э. У 2 тысячагоддзі да н.э. старажытна-германскія плямёны адцяснілі на поўнач мясцовае карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1 тысячагоддзя н.э. ўзнікла нарвежская народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8-сярэдзіна 11 стагоддзяў) пачалося фарміраванне навежскай дзяржаўнасці. У 872 годзе на прастол уступіў першы конунг Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў рабілі марскія паходы пераважна ў Заходнюю Еўропу, каланізавалі Цэнтральную і Паўночную Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтландскія, Гебрыдскія, Фарэрскія астравы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (Лейф Эрыксан, Эрык Руды, Гунб’ёрн Ульфсан). Каля 1000 года ў краіне прынята хрысціянства. Перыяд паміж 1130 і 1240 гг. суправаджаўся грамадзянскімі войнамі за ўладу (Біркенбейнеры). Пры Хокане IV Хокансане (1217-63) грамадзянскія войны спыніліся, Нарвегія мела найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у тым ліку займала сучасныя шведскія правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан (1299—1319) зрабіў сталіцай краіны горад Осла (раней каралеўскі двор знаходзіўся ў г.Берген). У 1300—1500 гадах Нарвегія знаходзілася ў эканамічнай залежнасці ад нямецкай Ганзы (яе галоўным апорным пунктам прыблізна з 1350 года быў Берген), якая кантралявала экспарт нарвежскай рыбы. Эпідэмія чумы 1347-50 прывяла да працяглага эканамічнага заняпаду. У 1319 годзе заключана асабістая унія Нарвегіі са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 года пачаўся павольны эканамічны ўздым. У 1536 годзе ў Нарвегіі абвешчана Рэфармацыя, у 1537 годзе краіна страціла статус самастойнага каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 годзе ўведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку дацка-шведскіх войнаў 17 стагоддзя Нарвегія страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 17-пачатку 19 стагоддзя актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух супраць дацкага панавання.

Remove ads

Насельніцтва

Нарвегія — даволі аднародная паводле складу насельніцтва краіна. Пераважную большасць складаюць нарвежцы, на поўначы жывуць лапландцы, паступова павялічваецца доля мігрантаў з іншых краін.

Традыцыйныя заняткі насельніцтва — рыбалоўства ў фіёрдах, земляробства, жывёлагадоўля і лясная гаспадарка ў асобных месцах па берагах фіёрдаў і ў горах.

У в. Флекэ (камуна Ф’ялэр, фюльке Согн-ог-Ф’юранэ) дзейнічае Паўночны каледж міжнароднай супольнасці.

Сярод буйнейшых гарадоў Нарвегіі Берген, Вадсё, Осла, Ставангер, Тромсё, Тронхейм.

Remove ads

Нарвежская літаратура

Thumb
Генрык Вергелан

Пасля заключэння уніі з Даніяй пісьмовая нарвежская мова паступова замяшчалася дацкай, і да пачатку XX стагоддзя нарвежскія пісьменнікі стваралі свае творы на мове, практычна неадрознай ад дацкай. Адраджэнню нарвежскай літаратурнай мовы ў паспрыяў Генрык Вергелан, які змагаўся за культурную незалежнасць Нарвегіі. Яго працы аказалі ўплыў на вялікіх пісьменнікаў другой паловы XIX стагоддзя — Генрыка Ібсена і Б’ёрнсцернэ Б’ёрнсана. У канцы XIX стагоддзя пачынаюць заяўляць пра сябе нарвежскія мадэрністы. Выбітным прадстаўнікамі мадэрнізму сталі Кнут Гамсун і Сігб’ёрн Обстфелер. Найбольшага росквіту мадэрнізм дасягнуў у 1960-я гады. Часопіс пры Універсітэце Осла «Профіль» згуртаваў вакол сябе групу маладых аўтараў, якія эксперыментавалі з рознымі літаратурнымі формамі. Многія з іх пасля ўнеслі выдатны ўклад у нарвежскую літаратуру: Даг Сульстад, Тур Обрэстад, Эльдрыд Лундэн і іншыя. Яркім прадстаўніком мадэрнізму з’яўляецца і драматург Юн Фосэ.

Remove ads

Музыка

Thumb
Эдвард Грыг

Пра старажытнае паходжанне нарвежскай музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя музычныя інструменты 2 ст. да н.э.), «Старэйшая Эда» (канец 11 стагоддзя). Захаваліся старажытныя вакальна-інструментальные і танцавальныя жанры — пастухоўскія песні-поклічы лок, хювінг, лалінг, балады, культавыя, гістарычныя песні. танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыцыйных інструментаў: струнна-смычковая фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта, селье, лур; варган мюнхарпэ.

З пашырэнне хрысціянства (10 стагоддзе) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 стагоддзя — арганная музыка. У 14-19 стагоддзях музыка Нарвегіі была пад уплывам дацкай. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў эпохі Рэфармацыі — «Dansk sammelbog» (1569) Х.Томісёна, «Graduela» Н.Есперсена (1573). З канца 16 стагоддзя музычнымі цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й палове 18 стагоддзя ўзніклі аматарскія і прафесійныя аркестры, музычныя таварыствы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарвежскіх кампазітараў эпохі барока Георг фон Бертух, Ю. Д. Берлін (аўтар і першага нарвежскага падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 стагоддзя з’явіліся першыя зборнікі запісаў народных песень і танцаў (1841). У 1825 годзе напісаны першы зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нацыянальнай кампазітарскай школы — Хальфдан Х’ерульф і Рыкард Нурдрак (аўтар нарвежскага нацыянальнага гімна, 1864). Найбольш адметная з’ява музыкі Нарвегіі — творчасць і дзейнасць Эдварда Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 стагоддзі — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вялікі ўклад у нарвежскую музыку зрабіў Юхан Северын Свенсен.

Remove ads

Беларуска-нарвежскія адносіны

24 лістапада 1995 года ўступіла ў сілу Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь i Урадам Каралеўства Нарвегіі аб паветраных зносінах. У 2009 годзе ў Нарвегіі выйшла кніжка «Fanden på flat mark» («Праклён над раўнінным краем») — зборнік эсэ пра Беларусь Пера Андэша Тудаля (Per Anders Todal).

Спорт

Thumb
Оле Ліла-Ольсен, пяціразовы алімпійскі чэмпіён па стральбе

Нарвегія ўдзельнічала амаль ва ўсіх летніх Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з гульняў у Парыжы 1900 года, і ўсіх зімовых Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з гульняў у Шамані 1924.

Нарвегія двойчы сама была гаспадыняй зімовых Алімпійскіх гульняў. У 1952 Алімпіяда прайшла ў Осла, а ў 1994 годзе — у Лілехамеры.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Нарвегіі быў утвораны ў 1900 годзе.

Пераважна развіваюцца зімовыя віды. Больш за ўсё медалёў нарвежцы заваявалі ў спаборніцтвах па лыжных гонках і канькабежным спорце. Зборная па біятлоне — адна з наймацнейшых у свеце. Самы выбітны сучасны біятланіст — Уле-Эйнар Б’ёрндален, адзіны ў свеце шасціразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне і шматразовы прызёр іншых спаборніцтваў. Хакей, аднак, развіты слаба і саступае больш папулярнаму футболу. Вышэйшым дасягненнем зборнай па футболу з’яўляецца выхад у 1/8 фіналу чэмпіянату свету 1998 года ў Францыі. Большая частка гульцоў зборнай выступаюць у чэмпіянаце Англіі. У чэмпіянаце Нарвегіі традыцыйна лідзіруюць «Русенборг» (20-разовы чэмпіён), «Бран», «Волерэнга», «Вікінг» і інш. У 1990-х гадах «Русенборг» паспяхова выступаў у Лізе чэмпіёнаў, дайшоўшы ў сезоне 1996/97 да 1/4 фіналу, а ў 2008 годзе выйграў Кубак Інтэртота. Знакамітыя футбалісты — Уле Гунар Сульшэр, Турэ Андрэ Фло, Джон Кар’ю, Ён Арнэ Рыысэ і інш.

Remove ads

Зноскі

  1. Arealstatistics for Norway 2019(недаступная спасылка). Kartverket, mapping directory for Norway (2019). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2019. Праверана 23 сакавіка 2019.
  2. Population, 2025-01-01 (англ.). Statistics Norway (25 лютага 2025). Праверана 26 лютага 2025.
  3. 2022 Human Development Index Ranking (англ.). United Nations Development Programme (13 сакавіка 2023). Праверана 16 сакавіка 2024.

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads