Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці — архіў, размешчаны ў Мінску. Размешчаны па вуліцы Казлова, 26. Дырэктар — Юлія Сцяпанаўна Рамашка.
Remove ads
Гісторыя
4 жніўня 1922 года Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову «Аб архіве»[1], якая паклала пачатак фарміраванню комплексу дакументаў Дзяржархіва Мінскай вобласці. Архіву быў перададзены будынак былога касцёла Святога Іосіфа па Мала-Манастырскім завулку, 4 (з 1922 года вул. Бакуніна, цяпер вул. Кірыла і Мяфодзія)[1][2]. Тут знаходзілася канцылярыя архіва, а архівасховішча размяшчалася ў суседнім будынку былога Свята-Духавага сабора па вул. Бакуніна, 3[3].
Пастановай Прэзідыума ЦВК БССР ад 12 верасня 1922 года зацверджана Палажэнне пра Цэнтральны архіў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, паводле якога ліквідаваліся ўсе архівы рэспублікі, а якія захоўваюцца ў іх дакументальныя матэрыялы аб’ядноўваліся ў Адзіны дзяржаўны архіўны фонд Беларусі[4][2].

Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці існаваў з 1923 года як архівасховішча Цэнтрархіва БССР, у 1926—1935 гадах як яго Менскае акруговае аддзяленне (па іншых дакументах як Менскі акруговы архіў), Менскі гістарычны архіў[5][6][2].
Загадам дырэктара Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР ад 1 студзеня 1936 года Менскі гістарычны архіў вылучаны ў самастойную адміністрацыйна-юрыдычную адзінку[7]. На паставе пастановы Прэзідыума ЦВК БССР ад 5 сакавіка 1936 года і загаду дырэктара Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР ад 29 сакавіка 1936 года № 35 Менскі гістарычны архіў перайменаваны ў Менскае аддзяленне Цэнтральных дзяржаўных архіваў БССР[8][9][2].
Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці арганізаваны ў 1938 годзе на падставе пастановы Прэзідыума ЦВК БССР ад 5 ліпеня 1938 года «Аб рэарганізацыі архіўных органаў у сувязі з утварэннм абласцей у БССР»[10][11][2].

Паводле афіцыйнай інфармацыі ў час нямецкай акупацыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны з сярэдзіны 1941 года да сярэдзіны 1944 года архіў не функцыянаваў[12][2], аднак вядома, што ў час акупацыі дзейнічаў Менскі акруговы архіў Менскага акруговага камісарыята[13]. Нягледзячы на добрасумленнае выкананне супрацоўнікамі архіва сваіх прафесійных абавязкаў, што садзейнічала забеспячэнню захаванасці кінутых на волю лёсу архіваў у гады акупацыі Мінска, яны былі абвінавачаны ў дапамаганні акупантам і падвергліся рэпрэсіям у паваенныя гады[13].
Дзяржархіў аднавіў сваю дзейнасць у ліпені 1944 года паводле пастановы СНК БССР «Аб аднаўленні дзейнасці дзяржаўных раённых архіваў на тэрыторыі, вызваленай ад нямецка-фашысцкай акупацыі» ад 27 студзеня 1944 года[14][2].
У 1963 годзе было скончана будаўніцтва будынка для архіва па вул. Даўгабродскай, 32 (цяпер вул. Казлова, 26), куды дзяржархіў пераехаў з будынка па вуліцы Бакуніна, 4. Паводле пастановы Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года, якая зацвердзіла новую сетку дзяржаўных архіваў, Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў пераведзены з Магілёва ў Мінск, а з Дзяржархіва Мінскай вобласці яму перададзены ўсе дакументы дарэвалюцыйнага перыяду[2][12].
Пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года «Аб мерах па паляпшэнні архіўнай справы ў БССР» раённыя дзяржаўныя архівы былі скасаваны і на іх базе створаны філіялы дзяржаўных архіваў абласцей, у Мінскай вобласці філіялы былі створаны ў гарадах Барысаве, Слуцку і Маладзечна. У выніку склад і колькасць фондаў у Мінскам абласным архіве значна змяніліся ў сувязі з паступленнем дакументаў з Бярэзінскага, Дзяржынскага, Клецкага, Мінскага, Нясвіжскага, Стаўбцоўскага, Смалявіцкага, Пухавіцкага, Уздзенскага і Чэрвеньскага раённых архіваў[2]. Яшчэ раней, у сувязі з ліквідацыяй у 1960 годзе Заслаўскага і Рудзенскага раёнаў, абласны архіў папоўніўся фондамі з гэтых раённых архіваў[2].
У 1996 годзе абласному архіву з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь было перададзена больш за 600 тысяч спраў былога архіва Мінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі[12].
З 28 чэрвеня 2001 года зменена афіцыйная назва архіва[15][12]. Статут архіва ў новай рэдакцыі зацверджаны 24 ліпеня 2012 года[16].
Remove ads
Структура
Дзяржархіў мае наступныя аддзелы[2]:
- забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў;
- справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду;
- выкарыстання і публікацыі дакументаў;
- інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій;
- навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў;
- па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.
Фонды
У архіве станам на 2025 год захоўваецца 5 944 фонды, 14 калекцый, 1 480 541 адзінак захоўвання (па дзяржаўнаму комплексу ўсяго на захоўванні: 3 118 фондаў, 828 960 адзінак захоўвання, у тым ліку асабовага паходжання — 595 адзінак захоўвання (5 920 дак.); па партыйнаму комплексу ўсяго на захоўванні: 2 826 фондаў, 651 581 адзінак захоўвання)[17].
Фонды храналагічна ахопліваюць перыяд з 1917 года, а тэрытарыяльна — былую Мінскую губерню, скасаваныя Заслаўскі і Рудзенскі раёны, горад Мінск, Бярэзінскі, Дзяржынскі, Клецкі, Мінскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці[17].
У архіве сканцэнтраваны комплекс дакументальных матэрыялаў органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, фінансавання, статыстыкі, планавання, кантролю, суда, пракуратуры, адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, спорту. Захоўваюцца фонды арганізацый і прадпрыемстваў прамысловасці, сельскай і лясной гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, друку, выдавецкай справы, радыёвяшчання і тэлебачання і інш[17].
З 1996 года ў архіве знаходзяцца больш за 600 тысяч спраў былога архіва Мінскага абкама партыі, перададзеныя з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь[17].
Фонды ўстаноў перыядаў нямецкай (люты — снежань 1918 года) і польскай (ліпень 1919 года — ліпень 1920 года) акупацыі характарызуюць эканамічную і карную палітыку інтэрвентаў[17].
У архіве захоўваюцца фонды грамадскіх арганізацый (прафсаюзаў, Мінскага абласнога камітэта таварыства Чырвонага Крыжа, Мінскага абласнога савета і інш.), фонды ўстаноў па справах рэлігійных канфесій (Упаўнаважаны Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР па Мінскай вобласці, Упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР па Мінскай вобласці і інш.)[17].
Найкаштоўнейшай крыніцай для вывучэння перыяду нямецкай акупацыі вобласці з’яўляюцца рассакрэчаныя дакументы, у якіх маецца інфармацыя аб знішчэнні яўрэяў г. Мінска 7—8 снежня 1941 года і пацыентаў псіхіятрычных бальніц у снежні 1941 года; прыводзяцца спісы спаленых вёсак, распараджэнні нямецкага камандавання і заклікі аб увядзенні строгіх мер для барацьбы з партызанамі і падпольшчыкамі[17].
Дакументы аб расследаванні злачынстваў нямецкіх захопнікаў на акупаванай тэрыторыі Мінскай вобласці знаходзяцца ў калекцыі пазітываў фонду Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні і ўсталяванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды[17].
У архіве захоўваецца шэраг калекцый, сфарміраваных з дакументаў малааб’емных фондаў мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прадпрыемстваў і ўстаноў недзяржаўнай формы ўласнасці[17].
Remove ads
Сімволіка

30 жніўня 2013 года зацверджана эмблема Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці. На эмблеме адлюстравана разгорнутая кніга, вокладка якой справа — чырвонага колеру з залатой зоркай, злева — блакітная з дзвюма хвалістымі палосамі, унізе — надпіс «ДЗЯРЖАЎНЫ АРХІЎ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ». Эмблема зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 верасня 2013 года (нумар рэгістрацыі В-1008)[18].

30 жніўня 2024 года зацверджаны сцяг Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, які ёсць вексілалагічнай трансфармацыяй эмблемы. Ён мае выгляд прамавугольнага палотнішча з суадносінамі бакоў 1;2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх — чырвонага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы белага колеру, на якой размешчана выява эмблемы ўстановы «Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці». Сцяг зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 6 снежня 2024 года (нумар рэгістрацыі В-1965)[18].
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads