Міхаіл Іванавіч Мароз
дзяржаўны дзеяч БССР (1895—1947) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Міхаіл Іванавіч Мароз або Міхась Мароз (1 (13) кастрычніка 1893[1], Капыль, Мінская губерня — 16 жніўня 1946, Яраслаўская вобласць) — беларускі савецкі палітык, дзяржаўны дзеяч Беларускай ССР, педагог, выдавец.
Remove ads
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў 1893 годзе[2] (паводле іншых звестак у 1895[3]). Бацька — Іван Міхайлавіч Мароз, маці — Анастасія Раманаўна Мароз (Шкурынская). Быў найстарэйшым з 8 дзяцей.
Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 года ў расійскай арміі. Удзельнік Кастрычніцкага ўзброенага паўстання 1917 года ў Петраградзе. У 1918—1919 гадах супрацоўнік бежанскага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята, дэлегат Усерасійскага з’езда бежанцаў з Беларусі, які праходзіў у ліпені 1918 года ў Маскве. З красавіка 1919 года выкладчык Камуністычнага ўніверсітэта ў Гомелі, старшыня Менскага акруговага камітэта КП(б)Б[3].
Дзяржаўная дзейнасць
З 1922 года паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтральнага бюро беларускага пралетарскага студэнцкага зямляцтва, загадчык беларускага сектара Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю. Мархлеўскага ў Маскве[3].

У 1924 годзе загадчык Беларускага дзяржаўнага выдавецтва ў Менску. З 1926 года кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, член прэзідыума гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта. Пазней на іншых савецкіх і гаспадарчых пасадах[3]. Друкаваўся ў газеце «Савецкая Беларусь»[4].
Член ЦВК БССР у 1921—1927, у 1927—1929 гадах — кандыдат у члены[3].
Тройчы выключаўся з камуністычнай партыі. Першы раз выключаны ў 1929 годзе, калі ён быў па справах выдавецтва ў Германіі 10 месяцаў і не змог заплаціць членскія ўнёскі. Пасля яму была вынесена вымова, у 1932 годзе адноўлены. Другі раз выключаны ў 1933 годзе, калі былі знойдзены разыходжанні ў даце нараджэння: паводле адных дакументаў, ён нарадзіўся ў 1893 годзе, паводле іншых — у 1895. Гэта расцанілі як прыпіску ўзросту для павелічэння партыйнага стажу. Трэці раз аднавіцца не здолеў[5].
Рэпрэсіі
У час палітычных рэпрэсій у 1934 годзе, каб не падстаўляць пад іх сям’ю, з’ехаў у Магадан на прыіск «Разведчык» (пасёлак Разведчык Ягаднінскага раёна), працаваў загадчыкам планава-эканамічнай часткай. Як пазней ён напісаў у аўтабіяграфіі, прычынамі ад’езду сталі вострае ўспрыняцце выключэння з партыі, а таксама «шчырае захапленне пафасам асваення Крайняй Поўначы»[5]. Адпрацаваўшы тры гады на Калыме, у 1937 годзе едзе ў адпачынак у Менск. Пабыўшы з сям’ёй, праз месяц вяртаецца назад[5].
3 лістапада 1937 года арыштаваны органамі НКУС БССР[3] у Магадане[5]. Два з паловай гады, пакуль ішло следства, Мароз сядзеў у магаданскай турме. У першыя ж суткі пасля арышту з яго выбілі прызнанне, што ён удзельнічаў у контррэвалюцыйнай беларускай нацыянальнай арганізацыі, вёў актыўную барацьбу з Савецкім Саюзам. Праўнук Клім Батароеў, кажа, што Міхаіла Мароза білі, ставілі на «стойку» (некалькі дзён прымушалі стаяць, не даючы заснуць)[5].
Асуджаны 3 снежня 1940 года пастаяннай выязной сесіяй Хабараўскага краявога суда ў горадзе Магадане на 5 гадоў да зняволення ў папраўча-працоўны лагер[3] і 2 гады паражэння ў правах паводле артыкула 58-4-11-10 Крымінальнага кодэкса РСФСР.
Вызвалены 3 лістапада 1942 года, але, паводле прысуду, у яго заставалася яшчэ два гады паразы ў правах. Працаваў у лясным аддзеле Магаданскай чыгункі, унутранай дарозе лагера, якой цяпер не існуе. Праз лагерныя ўмовы яго разбіў паралюш, аднялася левая палова цела. Праз два гады пасля вызвалення Міхаіл Мароз трапіў у дом інвалідаў у Магадане[5].
У жніўні 1944 года Мароза адправілі ў горад Тутаеў Яраслаўскай вобласці, дзе ён павінен быў стаць на ўлік. Доўгі час лічылася, што туды ён не даехаў і далейшыя сляды Міхаіла Мароза былі згубленыя[5]. У 2025 годзе нашчадкамі Міхаіла Мароза была ўстаноўлена дакладная дата яго смерці — 16 жніўня 1946 года[6]. Месца пахавання застаецца невядомым, на Вайсковых могілках Мінска пастаўлены кенатаф.
Remove ads
Сям’я

У шлюбе з літаратуразнаўцай Алесяй (Аляксандрай Іванаўнай) Александровіч, сястрой беларускага паэта Андрэя Александровіча. Дзеці:
- Міхаіл (1924—1991), вайсковец;
- Андрэй (1930—1995), радыёфізік.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads