Сафійскі сабор (Полацк)

Полацк From Wikipedia, the free encyclopedia

Сафійскі сабор (Полацк)
Remove ads

По́лацкі Сафі́йскі сабо́р — помнік сакральнага дойлідства XI—XVIII ст. у г. Полацк. Лічыцца, што полацкая Сафія была пабудавана трэцяй, пасля вядомых на Русі сабораў у Кіеве (закладзены ў 1037 годзе) і Ноўгарадзе (каля 1045 года)[1]. Разбураны ў 1710 годзе, у сярэдзіне XVIII стагоддзя адноўлены як базіліка ў стылі віленскага барока і захоўвае такі выгляд дагэтуль[1].

Хуткія факты Сабор Сафіі Прамудрасці Божай, Краіна ...
Remove ads

Гісторыя

Thumb
Паштовы блок Рэспублікі Беларусь, прысвечаны Сафійскаму сабору ў Полацку.

Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны ў XI ст. на тэрыторыі дзяцінца. Узвядзенне манументальнага сабора традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага перыяду княжання Усяслава Брачыславіча — 10441066 гадамі[1]. Яго ўзводзілі з арыентацыяй на візантыйскія ўзоры і на такія ж храмы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што сабор быў пабудаваны на месце ранейшага капішча, прысвечанага Пяруну або Вялесу[2][3]. Асноўны даследчык храма, ленінградскі археолаг Валянцін Булкін у 1970-х гадах выявіў культурны слой са слядамі пажару, які папярэднічаў часу ўзвядзення храма і мог належаць першапачатковаму драўлянаму сабору[1].

Узвядзенне Полацкай Сафіі трэба тлумачыць, як амбіцыі Усяслава Брачыславіча на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце[4]. Будаўніцтвам сабора падкрэсліваўся не толькі незалежны статус Полацка адносна Кіева. Полацк таксама мог успрымацца як «Новы» Іерусалім, або «Другі Царград». Такім чынам, Полацк разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляванне цэнтра хрысціянскага свету. Размяшчэнне Сафійскага сабора на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзяцінцы было адной з асноўных рыс, акрамя трохвугольнай формы гарадоў у плане і размяшчэння іх на сямі ўзгорках, якая звязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусветным цэнтрам усходнехрысціянскай рэлігіі — горадам Канстанцінопалем, галоўны храм якога быў узведзены на акропалі грэчаскага горада Візантыя[3].

Полацкі Сафі́йскі сабор упершыню згадваецца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV стагоддзя: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ»[1].

Уніяцкі перыяд

Thumb
Іканаграфія сабора, 1579 год.

Пасля вяртання Полацка пад юрысдыкцыю Вялікага Княства Літоўскага ў 1579 годзе войскамі караля Стэфана Баторыя Сафійскі сабор стаў адзіным храмам у горадзе, якія належаў праваслаўным. Пасля падпісання Берасцейскай уніі ў 1596 годзе сабор перайшоў да ўніятаў. Пасля пажару і частковага разбурэння 1607 года сабор быў у запусценні, у 1618 годзе ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў сабор.

У 1642 годзе сабор ізноў пацярпеў ад пажару, але быў неўзабаве адноўлены. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Полацк быў узяты расійскімі войскамі цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1654 годзе наведаў сабор. Да 1667 года Сафійскі сабор быў праваслаўным, а затым ізноў перайшоў да ўніятаў.

Узрыў сабора

11 ліпеня 1705 года, падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, сабор быў зачынены расійскай арміяй (цар Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі[5]).

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Францішка Духінскага, п'яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор Св. Сафіі ў Полацку, які належаў уніятам, дзе захоўваліся мошчы Іасафата Кунцэвіча. Цар запатрабаваў ключы ад царскіх варот, а калі базыльяне адмовіліся іх даць, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне[6]. Пра гэту падзею коратка паведамляе Віцебскі летапіс: Eodem anno [1705], mense Iulli 11 die in ecclesia S. Sofiae ipse occidit 4 basilianos in Polocia («У тым жа [1705] годзе месяца ліпеня 11 дня ў храме Св. Сафіі сам [цар Пётр I] забіў 4 базыльян у Полацку»[7]).

Па іншай версіі, канфлікт адбыўся пасля таго, як на пытанне цара пра тое, хто намаляваны на іконе, манахі адказалі, што гэта святы Іасафат, забіты ератыкамі.[8]. Цар загадаў арыштаваць манахаў, але яны аказалі супраціўленне, у выніку чаго адбылося сутыкненне, у якім яны і былі забіты. Дакументы Кабінета Пятра I, якія захоўваюцца ў РДАСА паведамляюць, што «здарэнне ў Полацку было спантанай праявай гневу цара, справакаванай дзёрзкімі паводзінамі ўніяцкіх манахаў»[5].

Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў у прытворы храма размяшчаўся парахавы склад, які 1 мая 1710 года узарваўся[8], пасля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.

Аднаўленне і наступная гісторыя

Thumb
Барочны інтэр'ер

Аднаўленне сабора здзейсніў уніяцкі архіепіскап Фларыян Грабніцкі. Да 1750 г. на захаваных падмурках сцен была збудавана двухвежавая базіліка ў стылі віленскага барока, якую асвяцілі ў гонар Сашэсця Святога Духа. Падчас Айчыннай вайны 1812 г. храм выкарыстоўваўся французскімі войскамі як стайня.

Thumb
Полацк, малюнак Напалеона Орды

Пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 г. храм царквы быў вернуты праваслаўным. У 1911—1914 гадах быў праведзены капітальны рамонт сабора. У 1924 г. ў рамках савецкай атэістычнай палітыкі царкву зачынілі і размясцілі ў ёй краязнаўчы музей. У перыяд нямецкай акупацыі з 1942 г. па ліпень 1944 г. Сафійскі сабор дзейнічаў, а потым быў ізноў зачынены.

Сучаснасць

Thumb
Арган на хорах сабора

Пэўны час сабор служыў як збожжасховішча, а потым як архіў. Адраджэнне Сафіі да новага жыцця адбылося ў 1983 годзе, тады храм стаў канцэртнай залай, аўтарам праекта рэстаўрацыі быў Валерый Слюнчанка[9]. У працах па вяртанню да жыцця Сафійскага сабора прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П. А. Рапапорт, Вал. А. Булкін), чэшскія майстры-арганісты)[10]. З 1983 года ў Сафійскім саборы дзейнічае канцэртная зала. У 1985 года ў саборы чэхаславацкай арганабудаўнічай фірмай «Rieger Kloss» быў збудаваны арган. Першы канцэрт быў дадзены 2 мая 1985 года арганістам Алегам Янчанкам. Штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі»[11].

У храме размяшчаецца Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, які ўваходзіць у склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Побач з саборам усталяваны адзін з Барысавых камянёў.

У адным з прыдзелаў сабора на царкоўныя святы здзяйсняюцца праваслаўныя набажэнствы.[12]

Remove ads

Архітэктура

Арыгінальная пабудова

Thumb
Макет сабора XI ст.

Узвядзенне храма звязана з пераносам цэнтра горада са старога гарадзішча. Архітэктурнае рашэнне полацкага Сафійскага сабора пераклікаецца з аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада. У плане сабор уяўляў сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці і набліжала крыжова-купальны храм да базілікальнага тыпу. Над уваходам размяшчаліся княжацкія хоры, уздоўж сцен цэнтральнай апсіды ішоў сінтрон, галоўны купал меў у дыяметры 5,85 метра. Памеры Полацкай Сафіі з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м. Сцены храма былі выкладзены з цэглы ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам». Аснову яе складала чаргаванне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Ніша, якая ўтваралася, запаўнялася вапняковым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сістэмная кладка «са схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.

Да храма прылягалі прыбудовы: хрысцільня і лесвічная вежа на княжацкія хоры. Па летапісах, можна меркавана сказаць, што храм меў 7 глаў. 4 купалы размяшчаліся сіметрычна ад галоўнага, а хрысцільня і лесвічная вежа мелі свае главы, што стварала своеасаблівы вобраз храма. Галоўныя адрозненні ад Кіева і Ноўгарада — гэта адсутнасць галерэй. Храм меў тры апсіды, а не пяць. Княжацкія хоры адкрываліся ў цэнтральнае памяшканне падвойнымі аркамі, якія абапіраліся на 1 прамежкавы слуп. Ёсць віма (дадатковае дзяленне ў апсіднай частцы падкупальнай прасторы), характэрная для Візантыі.

Храм, як і наўгародскі, быў распісаны толькі фрэскамі, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленне храма. Будаўніцтвам усіх трох храмаў, верагодна, займалася запрошаная з Канстанцінопаля арцель. Галоўная ідэя храма — гэта ўваходжанне жыхароў Полацкай зямлі ў Сусветную царкву, напамінак пра Сафійскі Сабор Канстанцінопаля, сімвал магутнасці княжацкай улады.

Thumb
Рэшткі падмуркаў першапачатковага храма

Арыгінальны будынак сабора XI ст. не захаваўся, засталіся яго фрагменты: рэшткі ніжніх сцен і слупоў, і апсід вышынёй каля 11 метраў.

Барочны храм

Thumb
Уваход
Thumb
Вежы сабора

У выніку работ, праведзеных у саборы ў сярэдзіне XVIII ст., з паўднёвага боку была прыбудавана новая апсіда, на поўдні размешчаны ўваход і дзве вежы. Гэта прывяло да пераарыентацыі падоўжнай восі храма перпендыкулярна першапачатковаму выгляду. Сабор стаў уяўляць сабой трохнефную аднаапсідную базіліку, арыентаваную на поўнач. З паўднёвага боку знаходзяцца дзве сіметрычныя вежы вышынёй 50 м. Перабудаваны ў стылі віленскага барока сабор атрымаў і новае рашэнне інтэр'ера. Акрамя барочных калон з'явілася шмат ляпных упрыгажэнняў, фігурныя карнізы і некалькі нязвыклая каляровая гама. Алтарная частка храма была аддзелена ад цэнтральнага нефа высокай трох'яруснай перагародкай, да якой на скляпенні прылягала барэльефная выява Троіцы Новазапаветнай. Другі і першы ярусы былі распісаны і ўпрыгожаны драўлянай скульптурай. Ад роспісаў на алтарнай перашкодзе захаваліся: копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» і Спас Нерукатворны.

Remove ads

Зноскі

  1. Марзалюк, І. А. Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў XI—XVII стст.

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads