Сеўрскі мірны дагавор
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сеўрскі мірны дагавор, Сеўрскі мір (турэцк.: Sevr Antlaşması) — адзін з дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы, стварэнне якой азнаменавала завяршэнне Першай сусветнай вайны. Падпісаны 10 жніўня 1920 года ў горадзе Сеўр (Францыя) краінамі Антанты і дзяржавамі, якія далучыліся да іх (Італіяй, Японіяй, Бельгіяй, Грэцыяй, Польшчай, Партугаліяй, Румыніяй, Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў, Хіджазам, Чэхаславакіяй і Арменіяй), з аднаго боку, і ўрадам Асманскай імперыі — з другога. Да часу падпісання дагавора значная частка Турцыі ўжо была акупаваная войскамі дзяржаў Антанты.

Remove ads
Умовы дагавора
У аснову Сеўрскага мірнага дагавора былі пакладзены ўмовы англа-французскага пагаднення Сайкса-Піко (1916) і рашэнні канферэнцыі дзяржаў у Сан-Рэма (1920).
Па Сеўрскаму міру колькасць турэцкай арміі не магла перавышаць 50000 байцоў. Над фінансамі Турцыі ўсталёўваўся міжнародны кантроль. Далей, Турцыя страчвала шэраг перш захопленых сельджукамі і асманамі тэрыторый:
- Турэцкія кантынентальныя ўладанні ў Еўропе (Усходняя Фракія, Адрыянопаль і Галіпалійскі паўвостраў) і астравы Эгейскага мора (за выключэннем астравоў Дадэканес) перадаваліся Грэцыі;
- Грэцыя таксама атрымлівала шэраг анклаваў у Малой Азіі;
- У малаазійскай Смірне (з наваколлем) уводзілася грэчаская адміністрацыя. Праз 5 гадоў плебісцыт у гэтым анклаве павінен быў канчаткова вырашыць яго прыналежнасць;
- Паўночны Эпір далучаўся да Албаніі, над якой усталёўваўся пратэктарат Італіі;
- Канстанцінопаль і Зона чарнаморскіх праліваў абвяшчаліся дэмілітарызаванай зонай і перадаваліся пад міжнароднае кіраванне;
- Тэрыторыя сучасных Сірыі і Лівана перадавалася пад мандат Францыі;
- Тэрыторыі Палесціны і Заіардання, Месапатаміі перадаваліся як падмандатныя тэрыторыі Вялікабрытаніі;
- Астравы Дадэканес перадаваліся Італіі;
- Турцыя адмаўлялася ад прэтэнзій на Аравійскі паўвостраў (Хіджаз) і краіны Паўночнай Афрыкі, прызнавала брытанскі пратэктарат над Егіптам і брытанскую анексію Кіпра (1878), французскі пратэктарат над Тунісам і Марока;
- Меркавалася таксама стварэнне незалежнага Хіджаза;

- Турцыя прызнавала Арменію як «свабодную і незалежную дзяржаву». Турцыя і Арменія згаджаліся падпарадкавацца прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану па арбітражу граніц у межах вілаетаў Ван, Бітліс, Эрзурум і Трапезунд і прыняць яго ўмовы адносна доступу Арменіі да Чорнага мора (праз Батумі). Праз тэрыторыю Грузіі планавалася пабудаваць чыгунку да Батумі, акрамя таго, Арменіі прадастаўлялася гарантыя транзітных прывілеяў і арэнда часткі батумскага порта.
- Арменія, Грузія і Азербайджан павінны былі ўсталяваць свае ўзаемныя мяжы шляхам прамых перамоў паміж гэтымі дзяржавамі, а пры немагчымасці дасягнуць згоды шляхам пасярэдніцтва саюзных дзяржаў.
- Меркавалася таксама стварэнне незалежнага Курдыстана, межы якога павінны былі вызначыць сумесна Англія, Францыя і Турцыя.
Тым самым Сеўрскі дагавор афіцыйна афармляў падзел арабскіх і еўрапейскіх уладанняў Асманскай імперыі. Сеўрскі дагавор быў успрыняты ў Турцыі як несправядлівы і «каланіяльны», як відавочная праява няздольнасці султана Мехмета VI абараняць нацыянальныя інтарэсы. Вялікі нацыянальны сход Турцыі (створаны ў красавіку 1920 года ў Ангоры, цяпер Анкара) адмовіўся ратыфікаваць дагавор.

22 лістапада 1920 года прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан уносіць на разгляд саюзнікаў арбітражную прапанову, па якой Турцыя павінна перадаць Арменіі тэрыторыю плошчай 103 599 км²: дзве траціны вілаетаў Ван і Бітліс, амаль увесь вілает Эрзурум, большую частку вілаета Трапезунд, у тым ліку і порт. Аб’яднаўшыся з існуючай у Закаўказзі Рэспублікай Арменіяй, незалежная аб’яднаная Армянская дзяржава валодала б тэрыторыяй з плошчай у сукупнасці звыш 150 тыс. км², з выхадам да Чорнага мора. Аднак гэта рашэнне ўжо не мела значэння, паколькі ў верасні 1920 года Турцыя пачынае буйнамаштабнае ўварванне ў Арменію, войскі Мустафы Кемаля (будучага Атацюрка), захапіўшы Карс, Александропаль, у канцы лістапада 1920 года пагражалі самому існаванню Арменіі. На працягу двух наступных гадоў кемалісты (актыўна падтрыманыя бальшавікамі) умацоўвалі свае ваенныя сілы. У якасці першага кроку было зроблена новае наступленне на Арменію. Адначасова турэцкая армія здолела выбіць з Малай Азіі[1] грэчаскія войскі і падавіць супраціўленне курдаў; таксама французы былі выбітыя з Кілікіі; італьянцы, якія сталі да таго часу саюзнікамі кемалістаў, сышлі з паўднёва-заходняга ўзбярэжжа краіны, прычым урад у Канстанцінопалі заставаўся ў становішчы бяздзейнага назіральніка. 11 кастрычніка 1922 года ў партовым горадзе Муданья на Мармуровым моры было заключана новае перамір’е паміж Турцыяй і Антантай; да падпісання гэтага пагаднення султанскі ўрад не быў нават запрошаны.
1 лістапада султанат наогул быў скасаваны, султан Мехмет VI застаўся толькі ў званні халіфа (духоўнага кіраўніка мусульман), а неўзабаве (17 лістапада) пакінуў краіну на борце англійскага карабля «Малая». На наступны дзень яго пазбавілі і звання халіфа.
Сеўрскі дагавор, які фактычна так і не ўступіў у сілу, дэ-юрэ цалкам перастаў дзейнічаць пасля перагляду яго ўмоў на Лазанскай канферэнцыі 1923 года (Лазанскі мірны дагавор).
Remove ads
Тэрыторыі, адабраныя ад Асманскай імперыі па Сеўрскаму дагавору
Гл. таксама
Зноскі
- Дроговоз И. Г. Турецкий марш: Турция в огне сражений / Под ред. А. Е. Тараса. — Мн.: Харвест, 2007.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads