Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (замужам Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая) (польск.: Jadwiga Woyniłłowicz ці Jadwiga Kostrowicka; руск.: Ядвига Адамовна Войнилович ці Ядвига Адамовна Костровицкая), 1864, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1935, Быдгашч, Польшча, — прадрымальніца, грамадскі дзеяч Беларусі, сястра старшыні (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928).
Remove ads
Паходжанне роду
Належала да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.
Нарадзілася ў 1867 у сям'і Адама Антонавіча Вайніловіча (1806—1874) і яго жонкі Ганны Эдвардаўны Ваньковіч (1826—1893). Бацька Адам Вайніловіч быў сынам Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), скончыў слуцкую кальвінісцкую школу і Віленскі ўніверсітэт, служыў папячыцелем сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845), займаўся гаспадаркай і быў пасрэднікам у многіх зямельных спрэчках, таму атрымаў вялікі аўтарытэт і быў кампрамісарам у справе продажы вялізных Барысаўскіх маёнткаў (Стары Барысаў і інш.) князя Леана Людвікавіча Радзівіла (1808—1885) расійскаму вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу (1831—1891)[1].
Маці Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—1893) была дачкой Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), мінскага павятовага харунжага (1817—1820), і яго жонкі Міхаліны Станіславаўны Манюшкі, цёткі вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Яе род Ваньковічаў адносіўся да рэгіянальнай эліты Менскага ваяводства ВКЛ, а пазней Мінскай губерні Расійскай імперыі. У прыватнасці, дзед Ганны Ваньковіч Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (?—1812) быў барысаўскім павятовым маршалкам (1797—1802), а пасля мінскім губернскім маршалкам (1802—1806). У сям'і Вайніловічаў з пяццю дзецьмі, меўшай не вельмі вялікі маёнтак, матэрыяльныя магчымасці былі вельмі абмежаваныя, а маці Ганна з вялікай спадчыны сваіх бацькоў Ваньковічаў атрымала сабе толькі 10 000 рублёў срэбрам[2].
Братам Ядвігі быў вядомы буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі Эдвард Вайніловіч (1847—1928) — віцэ-старшыня (1888—1907) і старшыня (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), дэпутат (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, лідар ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» і старшыня Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908), актыўны прыхільнік дзяржаўнасці Беларусі.
Remove ads
Выхаванне і адукацыя
Атрымала хатняе выхаванне і адукацыю. Расла ў набожнай каталіцкай сям'і, што нават у маладосці па прычыне гарачай веры хацела стаць манашкай, але сваякам удалося адгаварыць яе ад такога кроку.
Сям'я
Пабралася шлюбам з дваранінам-каталіком Вацлавам Генрыкавічам Кастравіцкім, уласнікам маёнтка Грыцкоўшчына ў Мінскім павеце Мінскай губерні. Вацлаў Кастравіцкі з'яўляўся не вельмі далёкім сваяком Вайніловічаў. Сястрой дзеда Ядвігі (Антона Адамавіча Вайніловіча) была Фларэнціна Адамаўна Вайніловіч — жонка Міхала Касперавіча Кастравіцкага (1775—1863), што быў дзедам Вацлава. І Ядвіга, і Вацлаў Кастравіцкі былі таксама не вельмі далёкімі сваякамі сваім сучаснікам — беларускамоўнаму паэту Карусю Каганцу (Казіміру Кастравіцкаму) і яго брату Амброзію Кастравіцкаму, дзеячу беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Шлюб Ядвігі і Вацлава Кастравіцкіх не быў шчыры, а па маёмаснаму разліку, бо мясцовымі маянткоўцамі ў Літве і Беларусі (пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў і ўвядзення дыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да каталіцкага двараства) на першае месца ставілася захаванне маёнткаў «асобамі польскага паходжання». Паводле сведчанняў Вайніловічаў, Ядвіга не мела ніякіх інтымных кантактаў з мужам Вацлавам, таму ў Кастравіцкіх не было дзяцей.
Камерцыйная і грамадская дзейнасць
Кампенсацыяй няшчырага шлюбу для Ядвігі Кастравіцкай стала прадпрымальніцкая і грамадская дзейнасць, асабліва ў Мінску. Ядвіга валодала значнымі капіталамі і нерухомасцю, якія дзякуючы камерцыйнаму таленту павялічвала кожны год. У прыватнасці пабудавала вядомы даходны дом (дом Кастравіцкай) у Мінску, дзе размесціцца ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі. З'яўлялася членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[3].
Пачатак рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі прывёў да ўвядзення ў краіне многіх ліберальных свабод. Літоўска-беларускія губерні ахапіў мясцовы патрыятычны ўздым, які ў тым ліку праявіўся ў заснаванні мноства яўных і тайных польскамоўных школ як рэакцыі на паў-стагоддзя русіфікацыі ў краі. І Ядвіга Кастравіцкая, з'яўляючыся «польскай патрыёткай», прыняла чынны ўдзел у дзейнасці таварыства «Асвета» ў Мінску для развіцця польскамоўнай адукацыі, адкрыла ў маёнтку Савічы, які належаў Эдварду Вайніловічу, тайныя летнія школкі для дзяцей бедных сялян, дзе вычылі рэлігіі, польскай, рускай і беларускай мовам, хоць хутка школкі былі закрыты.
З'яўлялася актыўным дзеячом Мінскага таварыства дабрачыннасці. Была вядомай асобай у Мінску і ахвотна арганізоўвала ў Мінску балі, «кірмашы» з фантавымі латарэямі і вечарыны для збору грошай на дабрачынныя патрэбы[4]. Ядвіга Кастравіцкая была сяброўкай вядомай польскамоўнай пісьменніцы Марыі Родзевіч (1863—1944) з Ялаўца, а таксама памочніцай брата Эдварда Вайніловіча ў яго гаспадарчай і палітычнай дзейнасці.
Remove ads
«Палітычныя абеды» ў Ядвігі Кастравіцкай
Ядвіга Кастравіцкая значна дапамагала свайму брату Эдварду Вайніловічу (1847—1928), віцэ-старшыні (а пасля і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Салон Ядвігі Кастравіцкай у Мінску ў яе кватэры ў доме Оскара Яніцкага на вуліцы Захараўскай № 20 (цяпер вуліца Савецкая, дом 14) у Мінску быў важным цэнтрам грамадскага жыцця Літвы і Беларусі. У салоне Кастравіцкай часта арганізоўваліся г.зв. «палітычныя абеды» — неафіцыйныя сходы членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і іншых асоб, якія ў нефармальным парадку вузкім колам вырашалі гаспадарчыя і палітычныя пытанні, што пазней атрымоўвалі фармальнае зацвярджэнне на агульным сходзе МТСГ. Так, Эдвард Вайніловіч у сваіх мемуарах паважліва напісаў пра сястру: «Надзвычай інтэлігентная, пастаянна занятая грамадскім жыццём, гасцінная, яна давала ў Мінску падчас агульных сходаў Таварыства „палітычныя абеды“, на якія прыбыўшых на пасяджэнне тых альбо іншых дэлегатаў, а таксама выдатных членаў Таварыства я ад яе імя запрашаў. Цяжка пералічыць тых усіх, якія пабывалі ў яе салонах; няма справы, якая б падчас тых абедаў не была закранута, каб пазней на агульным сходзе атрымаць фармальнае зацвярджэнне. Ішлі ажыўленыя дэбаты, ніводным поглядам і выказванню перакананняў не ставіліся замінкі. Старка, віно i прыродны гумар гаспадыні ажыўлялі бяседы, быць запрошаным на якія лічылася за вялікую пашану, а мне, як старшыні, дапамагала выбiраць належную арыентацыю ў кірунку сумеснай працы, не раз выраўноўваць разыходжаннi ў поглядах і г.д.»[6].
Remove ads
Асяданне ў Быдгашчы

Пасля Рыжскага дагавора ў 1921 яна выехала разам з сямействам Вайніловічаў у Быдгашч. Там падтрымлівала грамадскую дзейнасць свайго брата Эдварда Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі па ўтрыманні г.зв. «Крэсавага інтэрната» (Internat Kresowy), дзе атрымалі прытулак і магчымасць выхавання дзеці былых землеўласнікаў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, чые маёнткі пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) апынуліся на тэрыторыі СССР і былі нацыяналізаваны.
Менавіта Ядвізе Кастравіцкай, а не сваёй жонцы Алімпіі, Эдвард Вайніловіч адводзіў галоўную ролю паклапаціцца над выкананнем яго тастамента, публікацыі яго мемуараў і распараджэння маёнткам Пераходы ў Нясвіжскім павеце Навагрудскага ваяводства (Польшча), капіталамі, акцыямі, долямі (паямі) у акцыянерных таварыствах, якія Эдвард трымаў у розных банках. Ядвіга павінна пасля смерці брата Эдварда была выплочваць штогадова сумы для Алімпіі Вайніловіч і Міхаліны Горват (да смерці апошніх).
Эдвард таксама прызначыў Ядвізе Кастравіцкай, акрамя асобных рэчаў, што заставаліся ў карыстанні Алімпіі, усе хатнія прадметы, дакументы і каштоўнасці: старажытную шкатулку італьянскай работы; падкаморскую пячатку свайго прадзеда Адама Вайніловіча (1739—1803); кнігу «Vade mecum», напісаную палкоўнікам ВКЛ часоў «Патопа» Габрыэлем Вайніловічам; келіх з гербам Вайніловічаў «Сыракомля», разнастайныя дакументы на права ўласнасці маёнткамі Савічы і Пузаў, дамоў у Мінску, і г.д. Мэблю з Пузава і Савічаў, якая захоўвалася ў маёнтку Ацечына, два камплекты срэбнага посуду Вайніловіч перадаваў свайму пляменніку Эдварду Бельскаму. Два іншыя срэбныя камплекты посуду наказаў сваім дзвюм хрэсніцам — Сафіі Магільніцкай і Марыі Бельскай.
Remove ads
Смерць
Памерла 22 ліпеня 1935 у Быдгашчы (Польшча) і была пахаваная побач з братам Эдвардам Вайніловічам на Старафарных могілках горада.
- Дом Кастравіцкай у Мінску, дзе размесцілася Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, фота пачатка XX ст.
- Дом Кастравіцкай у Мінску, фота 2012 г.
- Ядвіга Кастравіцкая (1864—1935) каля магілы свайго брата Эдварда Вайніловіча (1847—1928) у Быдгашчы, фота 1929 г.
Зноскі
- Яцкевіч, З. Радавод… С. 11; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 9.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 9.
- C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego Архівавана 22 ліпеня 2018.… С. 5.
- Chmielewska, G. Cierń… С. 126—127.
- Дом Оскара Яніцкага быў адным з самых прывілеяваных у горадзе і меў высокую ступень камфортнасці (вадаправод, каналізацыя, ванныя пакоі, туалеты). Зараз у гэтым доме знаходзіцца Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, вул. Савецкая, 14).
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 83.
Remove ads
Літаратура
Знешнія пасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads