Слуцкая гімназія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Слуцкая гімназія (цяпер ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка»[1]) — найстарэйшая адукацыйная ўстанова сучаснай Беларусі, другая пасля Віленскага ўніверсітэта, заснаваная ў 1617 годзе Янушам Радзівілам у Слуцку.
Remove ads
Гісторыя


20 мая 1617 года Януш VI Радзівіл падпісаў грамату аб заснаванні кальвінісцкай школы, якая ў 1630-х гадах была пераўтвораная ў кальвінісцкую гімназію[2]. Будынак гімназіі быў драўляным. Паводле даследванняў Рыгора Родчанкі, гімназія працавала на працягу трох стагоддзяў бесперапынна. Адукацыя ў гімназіі была платнай. У гімназіі адбывалася раздзяленне вучняў па класах, а не прадметах. Вывучаліся польская, лацінская, грэчаская і нямецкая мовы, а таксама этыка, рыторыка, гісторыя, матэматыка і заканадаўства[3].
Кальвінская навучальная ўстанова ўжо ў XVII стагоддзі заваявала вядомасць і славу далёка за межамі Беларусі як «Слуцкія Афіны» і як «Узорная Слуцкая гімназія». І яна змагла зрабіць гэта толькі таму, што каля яе калыскі стаялі выдатныя педагогі свайго часу.
У пачатку XVIII стагоддзя адмянілі цэнз па веравызнанні, пасля чаго акрамя кальвіністаў у школе пачалі навучацца каталікі, якія з часам склалі асноўную масу навучэнцаў[4]. Побач з гімназіяй працаваў інтэрнат для бедных вучняў. Пачатковая адукацыя была бясплатнай[3].
У 1809 годзе расійскія ўлады змянілі статус установы на павятовую школу Мінскай губерні. Пасля працэсу філаматаў у 1824 г. была зачынена кальвінісцкая гімназія ў Кейданах i супраць школы ў Слуцку былі высунуты цяжкія абвінавачанні. Таму Віленскі сінод даручыў свайму куратару Ваўжынцу Путкамеру вырашыць з рэктарам Віленскага ўніверсітэта Пеліканам пытанне са школай у Слуцку і магчымасць пераўтварэнне яе ў гімназію. Атрымаўшы дазвол ад рэктара і ад урада[5], у 1827 годзе была адноўлена слуцкая гімназія пад кіраўніцтвам Леапольда Ваноўскага.
У 1829 г. Путкамер пачаў будаваць новы корпус гімназіі. Пры закладцы ганаровага каменю, Путкамер сказаў запамінальную прамову[5][6].
У 1881 кальвінісцкая гімназія канчаткова перайшла пад апеку расійскіх уладаў, з гэтага часу яна звалася мужчынскай гімназіяй у Слуцку. У 1889 годзе ў ёй навучалася каля 300 чалавек.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу. У час Вялікай Айчыннай вайны ў будынку школы месціўся нямецкі шпіталь. У час вызвалення Беларусі з-пад акупацыі ў 1944 годзе будынак быў пашкоджаны бомбай — аднаўленне будынку цягнулася пяць гадоў і было скончана толькі ў 1949-м годзе. У гонар вучняў гімназіі, якія загінулі ў часе вайны, на тэрыторыі школы быў усталяваны помнік[7].
Статус гімназіі быў нададзены зноў толькі ў 1998 годзе, калі школа была ператворана ў гімназію № 1 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У 2003 і 2009 гадах гімназія паспяхова прайшла дзяржаўную атэстацыю.
Remove ads
Будынак гімназіі



Найстарэйшай школай слуцкая гімназія з'яўляецца ўскосна. Драўляны будынак, існаваўшы раней, быў заменены каменнай будовай у стылі класіцызму ў 1829—38[8] (паводле іншых звестак, у 1852-54[9]) гг. паводле праекту Караля Падчашынскага[10]. На першым паверсе будынка размяшчаліся класы, на другім — бібліятэка і школьная канцылярыя. Гэты будынак выкарыстоўваецца цяпер як адзін з карпусоў гімназіі.
На тэрыторыі гімназіі змяшчаліся таксама школьны сад і драўляныя хаты настаўнікаў. Да 1940-х гадоў побач са школай дзейнічаў мураваны кальвінскі збор з вежай, пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны і разабраны пасля бальшавікамі.
Новы, цагляны, корпус быў пабудаваны ў 1980 годзе, паміж будынкамі існуе пераход. У будынках дзейнічае гімназія № 1[11].
Стары будынак, праект якога захаваўся, з'яўляецца помнікам класіцызму[8].
Remove ads
Навучальны працэс
У гімназію прымалі шляхетскіх дзяцей, гарадскіх жыхароў, часам сялянскіх дзяцей. Срок навучання складаў 6-8 гадоў.
Настаўнікі Анджэй Дабжанскі, Анджэй Музоній, Рэйнальд Адам і іншыя заснавальнікі Слуцкай школы — аўтары статута і дапаможнікаў — былі педагогамі еўрапейскага ўзроўню. Дарэчы, па дапаможніку па рыторыцы, створаным Рэйнгальдам Адам, пазней вучыўся Міхаіл Ламаносаў. Гімназістамі, у адпаведнасці са статутам, маглі стаць практычна ўсе здольныя падлеткі, незалежна ад веравызнання і сацыяльнага паходжання. У навучанні выкарыстоўваліся лепшыя вядомыя методыкі таго часу, былі і такія, якія б сёння ні ў якім разе не ўжываліся ў педагогіцы. Напрыклад, каб зацікавіць вучняў лепш і глыбей ведаць лацінскую мову, якая тады з’яўляўся мовай навукі, на працягу двухсот пяцідзесяці гадоў у Слуцкай школе за дадатковае вывучэнне лацінскіх тэкстаў вучні атрымлівалі піва. Гімназіст за дзень мог зарабіць дзве шклянкі.
Даследчык Якаў Парэцкі ў Ленінградзе адшукаў «Статут Слуцкай школы», які быў выдадзены ў Любчы ў 1628 годзе. На аснове гэтай крыніцы навуковец даказвае, што ў пачатку XVII стагоддзя цэнтр гуманістычнай педагагічнай думкі, па сутнасці, перамясціўся з Заходняй Еўропы ў Слуцк. Вызначана, такое сцвярджэнне — не перабольшанне. Нездарма ж з’явілася назва «Слуцкія Афіны». У сценах школы кожнаму не толькі давалі вялікі аб’ём ведаў, але і вучылі па-сапраўднаму думаць. Пры гэтым умела выкарыстоўваўся дыялог настаўніка з вучнем. А менавіта яго як плённую форму навучання ўвёў Платон у сваёй знакамітай Афінскай акадэміі[12].
У 1809—1836 гадах Слуцкая гімназія двойчы рэфармавалася: уводзіліся новыя прадметы, упершыню быў прызначаны свецкі дырэктар. Паступова школа пачала пераходзіць з польскай на рускую мову навучання. У сценах гімназіі разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі польскай і рускай культур. Яна дасягнула свайго кульмінацыйнага пункта ў 1862—1863 гадах. У 1863 годзе, пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага выкладанне польскай мовы ў Слуцкай гімназіі было адменена назаўсёды.
У адной з залаў гімназіі выступаў Якуб Колас. У 1923 годзе ў Слуцку праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў, і Колас чытаў лекцыі па методыцы выкладання беларускай мовы. Для слухачоў курсаў паэт упершыню прачытаў сваю паэму «Новая зямля».
Remove ads
Вядомыя выкладчыкі
Вядомыя вучні
- Альгерд Абуховіч (1840—1898) — беларускі пісьменнік, перакладчык.
- Белабоцкі Андрэй Хрыстафоравіч (сярэдзіна XVII ст. — пасля 1712) — польска-беларуска-рускі паэт і філосаф эпохі барока.
- Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731—1826) — каталіцкі дзеяч, першы архібіскуп Магілёўскі. Член Расійскай акадэміі (1807).
- Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (1831—1886) — рэвалюцыянер-дэмакрат, мемуарыст. Кіраўнік паўстання 1863-64 у Навагрудскім павеце.
- Адам Антонавіч Вайніловіч (1806—1874) — сярэднезаможны землеўласнік Слуцкага павета Мінскай губерні, папячыцель сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845). Бацька Эдварда Адамавіча Вайніловіча.
- Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928) — беларускі і польскі грамадскі дзеяч.
- Аляксандр Валіцкі (1826—1893) — літаратар, музычны крытык, выдавец.
- Даукша Эдвард Якуб (1836 — каля 1890) — літоўскі паэт і перакладчык.
- Язэп (Восіп) Лявонавіч Дыла (1880—1973) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.
- Павел Якаўлевіч Жаўрыд (1899—1939) — дзеяч беларускага нацыянальнага руху і антысавецкага ваеннага супраціву.
- Ілья Капіевіч (каля 1651—1714) — асветнік, выдавец, перакладчык, паэт, пісьменнік.
- Сямён Арыевіч Косберг (1903—1965) — доктар тэхнічных навук, эксперт у галіне авіяцыйных рухавікоў і ракетных рухавікоў, Лаўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай працы.
- Эдуард-Антон Якаўлевіч Красоўскі (1821—1899) — урач, заснавальнік акушэрства ў Расіі.
- Баніфацый Урбанавіч Крупскі (1822—1903) — беларускі палітычны, культурны і гаспадарчы дзеяч Расійскай імперыі.
- Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915) — беларускі палітычны, культурны і гаспадарчы дзеяч Расійскай імперыі.
- Генрых Казіміравіч Кулакоўскі (1808 — ?) — расійскі ўрач.
- Самуіл Гарацыевіч Лазінскі (1874—1945) — расійскі гісторык, сурэдактар Яўрэйскай энцыклапедыі (1907-13).
- Іпаліт Восіпавіч Младзецкі (1855—1880) — слуцкі мешчанін, тэрарыст-адзіночка.
- Іван Алаізіевіч Навацкі — архітэктар, петракоўскі губернскі інжынер
- Непакойчыцкі Артур Адамавіч (1813—1881) — рускі генерал, удзельнік Каўказскіх паходаў, Крымскай вайны і руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў.
- Адам Плуг (1823—1903) — польскі і беларускі пісьменнік, публіцыст.
- Януш Радзівіл (1612—1655) — польны гетман літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі.
- Дзмітрый Сабалеўскі — дзеяч беларускага руху 1917—1918 гадоў[13]
- Эдмунд Леапольдавіч Фрык — архітэктар, віцебскі губернскі інжынер
- Вітольд Карлавіч Цэраскі (1849—1925) — расійскі астраном, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН).
- Напалеон Казіміравіч Чарноцкі (1866—1937) — беларускі публіцыст, перакладчык.
- Іван Савіч Чымбург (1904—1978) — беларускі філосаф, спецыяліст па марксісцкай філасофіі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1949—1952.
Remove ads
Зноскі
- Подведены итоги соревнования среди учреждений образования Слуцкого района Архівавана 5 сакавіка 2016. Слуцкий районный исполнительный комитет (руск.)
- Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617 до 1901 гг. — Вильно, 1903
- А. П. Грицевич, «Древний город на Случи», Мінск 1985
- Marceli Kosman, «Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od połowy XVII wieku do 1939 roku», Wyższa Szkoła Pedagogiczna im. Powstańców Śląskich w Opolu, 1986, ISBN 9788385012191
- Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5.2013. С. 302—313.
- Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794—1850). Lwow. 1880. S. 13.
- Мікалай Літвінаў. Таямніцы слуцкіх Атэнаў // Звязда : Газета. — 13 жніўня 2009. — № 150 (26508). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- Слуцкая гімназія на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Слуцкая гімназія на сайце Radzima.org
- Міцянін А. А., Кукуня В. Р. Слуцкай мужчынскай гімназіі будынак. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1993. — С. 448
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Слуцк. Культура и образование. Информация о городе Слуцк Архівавана 14 ліпеня 2014. (руск.)
- Аляксандр Горны. Фота яшчэ аднаго вельмі цікавага і крышачку забытага цяпер дзеяча беларускага руху перыяду 1917-1918 гадоў Зміцера Сабалеўскага . Запісы беларусаведа -- facebook.com (28 студзеня 2024). Праверана 9 лютага 2024.
Remove ads
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads