Буйніцкае поле
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Буйніцкае поле — месца гістарычных падзей каля Буйніч Магілёўскага раёна Беларусі.
Remove ads
Гісторыя
Паўстанне Налівайкі
У час антыфеадальнага казацка-сялянскага паўстання ў 1595 года на полі адбыўся бой паміж казацка-сялянскім атрадам Налівайкі і войскамі ВКЛ. У снежні 1595 года атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабралі 18-тысячнае войска пад камандаваннем рэчыцкага старосты М. Буйвіда. Паўстанцы (больш за 2 тыс. чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся шэрагамі вазоў, стварылі так званы «табар», і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі, нанеслі вялікалітоўскім войскам значныя страты. Вечарам з прычыны малых сіл паўстанцы адышлі да Быхава.
Абарона Магілёва ў час Вялікай Айчыннай вайны

У Вялікую Айчынную вайну Буйніцкае поле было месцам жорсткіх баёў савецкай 172-й стралковай дывізіі і магілёўскіх апалчэнцаў з нямецка-фашысцкімі войскамі падчас абароны Магілёва.
Нямецкае камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з паўднёвага захаду (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танкавую дывізію і пяхотныя часці. Ім процістаяла 172-я стралковая дывізія (генерал-маёр М. Ц. Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралковы полк (палкоўнік С. Ф. Куцедаў), 340-ы лёгкі артылерыйскі полк (палкоўнік І. С. Мазалаў) і батальён народнага апалчэння (камісар П. Е. Цярэнцьеў). 3 10 ліпеня праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артылерыйскі абстрэл, 12 ліпеня савецкая артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на савецкія пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі савецкія войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня.
Падчас бітвы, 13-14 ліпеня на полі знаходзіўся карэспандэнт газеты «Известия» Канстанцін Сіманаў. Падзеі тых часоў ён вывеў у рамане «Жывыя і мёртвыя» і ў дзённіку «Розныя дні вайны». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полем.
Супрацоўнік Сіманава фатограф Павел Трошкін сфатаграфаваў сем падбітых нямецкіх танкаў. Танкі былі раскіданы па полі бою, што не вельмі ўражвала, таму ў рэдакцыі «Известий» зрабілі фотаклаж, дзе танкі размешчаны разам. Такім чынам стваралася ўражанне, што ўсё поле застаўлена падбітымі нямецкімі танкамі[1].
Пасля вайны
На паўночна-заходняй ускраіне вёскі, на Буйніцкім полі ў 1962 годзе пастаўлены абеліск у памяць воінаў 172-й стралковай дывізіі. На паўночна-заходняй ускраіне ў 1980 годзе пастаўлены знак памяці савецкаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу, Герою Сацыялістычнай Працы Канстанціну Сіманаву (1915—1979), які быў на Буйніцкім полі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны і прысвяціў падзеям тут раман «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання пісьменніка, яго прах развеялі над Буйніцкім полем[2].
9 мая 1995 года для ўшанавання подзвігу ўсіх абаронцаў Магілёва, асабліва, воінаў 388-га стралковага палка 172-й стралковай дывізіі і магілёўскіх апалчэнцаў, адкрыты мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», архітэктары якога Уладзімір Чаленка і Алег Бараноўскі. Пабудавана капліца вышынёй 27 метраў, а паблізу яе «возера Слёз». Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Міністэрства культуры ў 2002 годзе надаў мемарыяльнаму комплексу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі.
У 2017—2019 гадах пабудаваны храм у гонар Раства Іаана Прадцечы, 22 снежня 2019 года асвечаны мітрапалітам мінскім і заслаўскім, патрыяршым экзарх усяе Беларусі Паўлам[3].
Remove ads
Мемарыяльны комплекс


Аўтары мемарыяла «Буйніцкае поле» архітэктар Уладзімір Васілевіч Чаленка і Алег Пятровіч Бараноўскі. Агульная плошча мемарыяла 22 га[4].

Цэнтральны аб’ект мемарыяла — капліца, пабудаваная з чырвонай цэглы, купал абліцаваны меддзю, вянчае капліцу крыж старагрэчаскага ўзору. Вышыня капліцы складае 27 метраў[4]. Унутры купал і верхняя частка сцен пакрытыя фрэскамі з хрысціянскімі сімваламі, выявамі святога Георгія Пераможца, героямі беларускай гісторыі, пачынаючы з вялікага князя літоўскага Альгерда і да эпізодаў абароны Магілёва і Вялікай Айчыннай вайны[5]. Астатняя частка сцен абліцавана светлым мармурам[5]. У нішах змешчаны 4 памятныя дошкі з імёнамі ўдзельнікаў абароны Магілёва. На ўзвышэнні ў цэнтры — «Кніга памяці» Буйніцкага мемарыяла[5]. Пад капліцай размешчаны падземны склеп, прызначаны для перапахавання рэштак загінулых воінаў Чырвонай Арміі, выяўленых на палях баёў у ваколіцах Магілёва. Станам на сакавік 2007 года, тут пахаваны рэшткі шасці воінаў, вызначаны прозвішча аднаго з іх[4]. Праз кожныя паўгадзіны ў капліцы гучыць музычная кампазіцыя, прысвечаная ўдзельнікам абароны Магілёва.
Паводле задумы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Віктара Шорыкава 2 лістапада 2004 года[6] ў капліцы ўстаноўлены маятнік Фуко (найвышэйшы ў Беларусі[6]), які сімвалізуе вечную памяць пра воінаў, што загінулі ў баях за горад[4]. Маятнік спраектаваў дацэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта А. Ляпін, а вырабіў інжынер завода «Тэхнапрыбор» А. Нікалаеў. Маятнік уяўляе сабой шаснаццацікілаграмовы шар з нержавеючай сталі і алюмініевы цыферблат на вышыні 14 метраў. Амплітуда ваганняў 1 м, перыяд ваганняў 7 секунд. Маятнік вядзе адлік часу.
Мемарыял мае чатыры алеі, які сходзяцца да капліцы. Галоўная алея пачынаецца ад старога абеліска. Лявей ад месца скрыжавання Бабруйскай шашы з дарогай, якая вядзе на чыгуначную станцыю Буйнічы, пачынаецца другая алея. Ад каменя Сіманава да капліцы ідзе алея Сіманава. Чацвёртая алея, алея абаронцаў горада Магілёва, праходзіць уздоўж Возера Слёз[4].
Уваход на галоўную алею мемарыяльнага комплексу адкрывае сімвалічная арачная брама, на сценах якой размешчаны памятныя дошкі з барэльефамі і надпісамі, прысвечанымі абароне Магілёва і Буйніцкага поля[4].
Алея Сіманава перасякаецца добра прыкметнай лініяй процітанкавага рова і канчаецца каменем-знакам з факсіміле «Канстанцін Сіманаў». З тыльнага боку каменя мемарыяльная дошка з надпісам «Усё жыццё ён памятаў гэта поле бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах». Мемарыяльны знак выдатнаму пісьменніку пастаўлены ў 1980 годзе, камень вагай 15 тон прывезены з рэспубліканскага Музея камянёў[4]. Завяшчанне пісьменніка выканалі ў верасні 1979 года. У памяць пра гэтую падзею паэт Яўген Еўтушэнка напісаў верш «Завяшчанне Сіманава»[5]:
![]() |
Как завещано было последним |
![]() |
Алея абаронцаў горада Магілёва закладзена 17 красавіка 2004 года на рэспубліканскім маладзёжным суботніку, прысвечаным 60-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў[4]. У пачатку алеі знаходзіцца камень, памятная табліца з надпісам «Алея абаронцаў горада Магілёва»[4], уздоўж алеі пасаджаны 70 маладых ліп, якія сімвалізуюць 70 мірных гадоў, а таксама 3 дубы ў гонар трох армій 2-га Беларускага фронту, якія вызвалялі Магілёў[5].
На паўднёвы захад ад капліцы знаходзіцца невялікі штучны вадаём «Возера Слёз», сімвал слёз маці, якія страцілі сваіх сыноў у гады вайны. Ёсць два масткі на востраў пасярод возера, пляцоўка для адпачынку. Возера сілкуецца прыроднымі крыніцамі[4].
На тэрыторыі мемарыяла ёсць экспазіцыя ваеннай тэхнікі, сярод якой ёсць рэдкія асобнікі, у тым ліку і нямецкі танк, падняты з Друці[5].
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» — цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Тут праводзяць «вахты памяці», «урокі мужнасці», сустрэчы з ветэранамі, урачыстыя прыёмы навучэнцаў у піянеры і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, святочныя мерапрыемствы да Дня Перамогі і гадавін вызвалення Магілёва[5].
5 ліпеня 2025 года побач Буйніцкага поля адкрыты Музей Славы Магілёўшчыны[7][8].
Remove ads
Зноскі
- Буйнічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 592 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0440-2.
- Мемарыяльныя комплексы, манументы, помнікі архітэктуры (Магілёўскага раёна)(недаступная спасылка) // Сайт Магілеўскай абласной бібліятэкі. Дата доступу: 22 мая 2009
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads