Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі) — былы бернардзінскі, цяпер прыхадскі каталіцкі храм у п. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Помнік архітэктуры позняга барока. У касцёле знаходзіцца Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў, Папа Рымскі Ян Павел II у 1996 годзе абвясціў гэту ікону патронкай Беларусі. 28 лістапада 2018 года урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА[1][2].
Каталіцкі храм | |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
54°47′13″ пн. ш. 27°27′05″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Пасёлак | Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобл. |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | бернардзінцы |
Тып будынка | прыхадскі храм |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Архітэктар | К. Пенс |
Дата заснавання | 1783 |
Будаўніцтва | 28 жніўня 1633 — 1783 |
Рэліквіі і святыні | Будслаўскі абраз Маці Божай |
Сайт | site.catholic.by/budslau/ |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў дакументах у 1504 годзе, калі вялікі князь ВКЛ Аляксандр падарыў віленскім бернардзінцам (галіна францысканцаў) 6 000 моргаў лесу ў Менскім павеце. Манахі, якія атрымалі зямлю, жылі па 2—4 чалавекі ў пабудовах-будах, маючы пры гэтым капліцу.
У 1591 годзе быў пабудаваны драўляны храм Наведвання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзілася цудадзейны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 годзе Янам Пацам з Рыма (дарунак Папы Рымскага Клімента VIII) і ў 1613 годзе перададзены ў касцёл. Пазней, у 1643 годзе, пабудаваны новы касцёл, а ў 1750 годзе — жылы корпус. 29 чэрвеня 1767 года было пачата будаўніцтва новага касцёла, пры гэтым былі выкарыстаны муры бакавой капліцы касцёла XVII ст.
У 1783 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Маці Божай. На працягу другой паловы XVIII стагоддзя да яго былі прыбудаваны розныя касцёльныя памяшканні. З 1756 года пры манастыры існавала музычная школа, у 1793—1842 — двухкласная школа і шпіталь. У 1731—1797 гадах у духоўнай школе манастыра вывучалі маральную тэалогію і рыторыку, пры гэтым манахаў налічвалася 4—17 чалавек.
Пасля зачынення храма ў 1852 годзе некаторыя яго манахі бралі ўдзел у паўстанні 1863—64 гадоў.
Цяпер у касцёле служаць епархіяльныя святары. Побач з храмам захаваўся будынак плябаніі XIX стагоддзя.
11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік пажар, які знішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У самім касцёле пацярпелі арганы, алтар, жывапіс[3]. Быў распачаты збор сродкаў на аднаўленне пашкоджанай пажарам святыні[4]. Да пачатку кастрычніка касцёл цалкам накрыты часовым дахам[5]. 31 снежня ўнутры касцёла прайшла імша на заканчэнне года[6]. У 2022 годзе ў касцёле завяршылі будаўнічыя работы, 29 верасня падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю.
Архітэктура
Трохнефная безапсідная двухвежавая базіліка з трансептам. Галоўны фасад з дзвюма шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкаратыўнай пластыкай: пілястрамі, паўкалонамі, складанымі раскрапоўкамі. Інтэр’ер перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Сферычны купал размешчаны на перакрыжаванні галоўнага нефа i трансепта, раскрываецца толькі ва ўнутраную прастору. У капліцы Св. Барбары размешчаны драўляны разны алтар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (каля 1643 г.) — адзін з выдатных помнікаў ранняга барока на Беларусі. Бакавыя часткі алтара вырашаны ў выглядзе карынфскіх каланад, якія служаць кулісамі для 20 скульптур. Захаваліся да нашага часу без пазнейшых перамалёвак выдатныя фрэскавыя роспісы касцёла.
Будслаўскі фэст
Будслаўскі фэст ладзіцца штогод у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле. У 2018 годзе фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Зноскі
- Celebration in honor of the Budslaŭ icon of Our Lady (Budslaŭ fest) (англ.). ЮНЕСКА (11 верасня 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
- ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны . Наша Ніва (28 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.