Аляксандар Мароз
савецкі ды ўкраінскі палітык From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Алякса́ндар Алякса́ндравіч Маро́з (па-ўкраінску: Олександр Олександрович Мороз ; нарадзіўся 29 лютага 1944 году ў вёсцы Буда Тарашчанскага раёну Кіеўскай вобласьці УССР) — савецкі ды ўкраінскі палітычны дзяяч, кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад 18 траўня 1994 году да 12 траўня 1998 году, і ад 6 ліпеня 2006 году да 23 лістапада 2007 году. Адзін з заснавальнікаў Сацыялістычнай партыі Ўкраіны, да 2010 году зьяўляўся старшынём партыі. Пяць разоў удзельнічаў у выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, найлепшы вынік атрымаў на выбарах 1994 году — 13,33% і трэцяе месца[2]. Адзін з галоўных фігурантаў ў «справе Гангадзэ», менавіта ён праінфармаваў парлямэнт і журналістаў аб гэтак званых «запісах маёра Мельнічэнкі», якія справакавалі далейшую палітычную крызу, ў прыватнасьці акцыі апазыцыі Украіна бяз Кучмы.
Remove ads
Біяграфія
Ад нараджэньня да 1991 году
Нарадзіўся 18 лютага 1944 году ў вёсцы Буда Тарашчанскага раёну Кіеўскай вобласьці, але ў гэты час была вайна, і яго нараджэньне зафіксавалі толькі 29 лютага. Гэты дзень і лічыцца афіцыйнай датай нараджэньня[3]. У 1960 годзе скончыў сярэднюю школу, пасьля чаго паступіў ва Ўкраінскую сельскагаспадарчую акадэмію (цяпер Нацыянальны ўнівэрсытэт біярэсурсаў і прыродакарыстаньня Ўкраіны), якую скончыў у 1965 годзе.
У 1965—1966 гадах служыў у Савецкай Арміі ў войсках супрацьпаветранай абароны. У 1966—1974 гадах Аляксандар Мароз быў настаўнікам, а таксама загадчыкам аддзела мэханізаваньня сельскай гаспадаркі Тарашчанскага тэхнікума мэханізацыі.
Ад 1972 году зьяўляўся чальцом КПСС. У 1974 г. ён стаў старшым інжынэрам-тэхнолягам Тарашчанскага раённага аб’яднаньня «Сельгастэхніка», а ў 1975 годзе — Кіеўскага абласнога аб’яднаньня «Сельгастэхнікі». У 1983 годзе атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Вышэйшай партыйнай школе і дыплём з адзнакай па спэцыяльнасьці «Паліталёгія». Быў сакратаром абласной рады прафсаюзаў (1983—1989), пазьней кіраваў аграрным аддзяленьнем Кіеўскага абкаму КПСС (ад 1989 году), першага сакратара партыйнага камітэту абласных арганізацыяў ды ўстановаў.
На парлямэнцкіх выбарах 1990 году ён атрымаў мандат па тарашчанскай выбарчай акрузе № 224: за яго прагаласавалі 65,25% выбаршчыкаў у другім туры галасаваньня[4]. Узначальваў «групу 239» — камуністычную большасьць у Вярхоўнай Радзе.
У незалежнай Украіне



26 кастрычніка 1991 году за актыўны ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту кампартыя ва Ўкраіне была забароненая. Пасьля гэтага Аляксандар Мароз склікаў устаноўчы зьезд Сацыялістычнай Партыі Ўкраіны, якую ён і ўзначаліў. У 1994 годзе на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах ён ізноў стаў народным дэпутатам па тарашчанскай выбарчай акрузе №223. 18 траўня 1994 году ён абраны галавой Вярхоўнай Рады Ўкраіны. У чэрвені 1994 году на прэзыдэнцкіх выбарах ён быў кандыдатам ад СПУ, атрымаў 3 466 541 голас, альбо 13,33% (трэцяе месца)[2]. Быў актыўным удзельнікам ухваленьня Канстытуцыі Ўкраіны 26 чэрвеня 1996 году.
У 1998 годзе адбыліся чарговыя парлямэнцкія выбары. Яны ўпершыню праводзіліся паводле зьмяшанай выбарчай сыстэмы (50% абіраліся ў аднамандатных акругах, іншыя 50% па партыйных сьпісах). Сацыялісты ўвайшлі ў блёк зь Сялянскай партыяй Украіны пад назвай «За праўду, за народ, за Ўкраіну!». За сьпіс блёку прагаласавала 2 273 788 выбаршчыкаў, альбо 8,55%[5]. Блёк атрымаў 29 са 225 месцаў у Вярхоўнай Радзе. Пяць прадстаўнікоў ад сацыялістаў таксама перамаглі ў аднамандатных акругах, у тым ліку і Аляксандар Мароз. Ён перамог па 92 акрузе (Кіеўская вобласьць), атрымаў 49 477 галасоў выбаршчыкаў, альбо 40,47%.
На прэзыдэнцкіх выбарах 1999 году атрымаў 2 969 896 галасоў, альбо 11,29% (трэцяе месца)[6]. У другім туры падтрымаў камуніста Пятра Сіманенку, які, аднак, прайграў Леаніду Кучму. На парлямэнцкіх выбарах 2002 году, якія таксама прайшлі па зьмяшанай сыстэме, сацыялісты атрымалі 6,87%[7] галасоў выбаршчыкаў (чацьвертае месца). Гэта дазволіла ім атрымаць 20 мандатаў, у тым ліку і Аляксандру Марозу, які ўзначальваў сьпіс партыі. Яшчэ трое сацыялістаў сталі пераможцамі ў аднамандатных акругах, то бок агулам партыя атрымала 23 прадстаўнікі ў Вярхоўнай Радзе.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году атрымаў 1 632 098 галасоў, альбо 5,82% (трэцяе месца)[8]. Пасьля падтрымаў Віктара Юшчанку ў абмен на падтрымку Юшчанкам палітычнай рэформы, якая пазбаўляла прэзыдэнта значнай часткі паўнамоцтваў.[9] Ва ўрадзе Юліі Цімашэнкі сацыялісты атрымалі тры[10] пасады: адукацыі ды навукі (Станіслаў Нікалаенка), аграрнай палітыкі (Аляксандар Бараноўскі), ды ўнутраных справаў (Юры Луцэнка). Пасьля адстаўкі Юліі Цімашэнкі 8 верасьня 2005 году сацыялісты зьбераглі пасады ў новым урадзе Юрыя Еханурава. На парлямэнцкіх выбарах 2006 году, якія ўпершыню прайшлі выключна па прапарцыйнай сыстэме[11], сацыялісты атрымалі 5,69%[12] галасоў выбаршчыкаў (чацьвертае месца). Гэта дазволіла ім атрымаць 33 мандаты, у тым ліку і Аляксандру Марозу, які ізноў узначальваў сьпіс партыі. Сацыялісты вялі перамовы аб стварэньні гэтак званай «аранжавай» кааліцыі з Блёкам Юліі Цімашэнкі ды Нашай Украінай, якія скончыліся падпісаньнем кааліцыйнай дамовы 22 чэрвеня 2009 году[13]. У выніку 6 ліпеня Аляксандра Мароза ізноў абралі старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны[14]. Ягоную кандыдатуру падтрымалі 238 дэпутатаў, у прыватнасьці: Партыя Рэгіёнаў у поўным складзе (186), сацыялісты (33) і камуністы (19)[15]. Пасьля гэтага была створана гэтак званая «антыкрызісная» кааліцыя з Партыі Рэгіёнаў, Нашай Украіны (часткова; пазьней выйшла са складу кааліцыі), СПУ ды КПУ.[16] Паступова ў «антыкрызісную» кааліцыю ўваходзіла ўсё больш дэпутатаў з апазыцыйных фракцыяў. Пры наяўнасьці ў складзе кааліцыі звыш 300 дэпутатаў, яны атрымалі б магчымасьць зьмяняць Канстытуцыю, і паменшыць паўнамоцтвы прэзыдэнта. У выніку Віктар Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду 2 красавіка 2007 году і прызначыў новыя выбары на 27 траўня[17]. Парлямэнцкая большасьць і сацыялісты ў прыватнасьці не прызналі гэты ўказ.[18] Але 30 верасьня датэрміновыя выбары ўсё ж адбыліся. На іх сацыялісты ня здолелі прайсьці 3-адсоткавы бар’ер: яны атрымалі 668 234 галасы, альбо 2,86%, і ня трапілі ў наступны склад Вярхоўнай Рады[19]. На прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся 17 студзеня 2010 году, Аляксандар Мароз атрымаў падтрымку 95 169 выбаршчыкаў, альбо 0,38%[20] (дзясятае месца сярод васямнаццаці кандыдатаў).
24 ліпеня 2010 году новым старшынём СПУ стаў Васіль Цушко. Аляксандар Мароз застаўся ганаровым старшынём партыі.[21]
Балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах 2019 году, за некалькі дзён да дня галасаваньня абвясьціў аб няўдзеле ў выбарах праз «падрыхтоўку небывалай фальсыфікацыі выбараў»[22]. У выніку таго, што крайні тэрмін для здыманьня кандыдатаў ужо скончыўся, кандыдат застаўся ў выбарчым бюлетэні. За ягоную кандыдатуру прагаласавала 13 139 выбаршчыкаў альбо 0,06%[23].
Удзел у «справе Гангадзэ»
28 лістапада 2000 году Аляксандар Мароз у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны апублікаваў гэтак званыя «запісы маёра Мельнічэнкі», на якіх былі запісаныя размовы тагачаснага прэзыдэнта Леаніда Кучмы з кіраўніком МУС Юрыем Краўчанкам, генэральным пракурорам Міхалам Патэбэнькам, кіраўніком Службы бясьпекі Леанідам Дэркачам і галавой Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Літвіным[24]. Паводле гэтых запісаў, Леанід Кучма зьяўляецца замоўцам забойства вядомага журналіста Георгія Гангадзэ. Гэтая справа выклікала моцны рэзананс ва Ўкраіне і за мяжой і выклікала хвалю пратэстаў апазыцыі, вядомых як «Украіна бяз Кучмы»[25] (па-ўкраінску: Україна без Кучми). У жніўні 2006 году ў фондзе грамадзкіх свабод Барыса Беразоўскага абвінавацілі ў замове забойства Гангадзэ ўжо самога Мароза. Аб гэтым абвясьціў выканаўчы дырэктар фонду Аляксандар Гольдфарб[26]. Аднак у Генэральнай пракуратуры Ўкраіны ня ўбачылі зьвестак аб дачыненьні Аляксандра Мароза да забойства Гангадзэ[27]. Ў выніку сьледзтва пажыцьцёвае зьняволеньне атрымаў выканаўца забойства Гангадзэ Аляксей Пукач. Замоўнікаў забойства ўстаноўлена не было[28].
Remove ads
Погледы
Пасьля стварэньня Сацыялістычнай партыі Ўкраіны, ідэалёгія партыі значна эвалюцыянавала ад артадаксальнага камунізму (марксізму-ленінізму) да сацыял-дэмакратыі. Сам Мароз зьяўляецца левым сацыял-дэмакратам, хаця выкарыстоўваў як марксісцкую, так і сацыял-дэмакратычную рыторыку. За свае ўмераныя ідэалы ён сутыкнуўся з моцнай апазыцыяй з боку больш кансэрватыўнага крыла сваёй партыі, якое прадстаўлялі прыхільнікі Натальлі Вітрэнкі. У выніку Вітрэнка сышла з Сацыялістычнай партыі, заснавала Прагрэсіўную сацыялістычную партыю Украіны і абвінаваціла Мароза ў "апартунізьме" і "здрадзе". Пасьля таго, як апошнія радыкалы на чале з Іванам Чыжом пакінулі партыю і стварылі арганізацыю "Справядлівасьць", Мароз змог наблізіць сваю партыю да эўрапейскай мадэлі сацыял-дэмакратыі.
Мароз і яго партыя падтрымлівалі палітычную рэформу і пераход Украіны да больш эўрапейскай парлямэнцкай дэмакратыі, што зьмяніла балянс улады, абмежаваўшы паўнамоцтвы Прэзыдэнта на карысьць Вярхоўнай Рады. Падчас Аранжавай рэвалюцыі яго партыя прагаласавала за зьмены ў Канстытуцыі Ўкраіны, якія зьнізілі паўнамоцтвы прэзыдэнта. Мароз таксама выступаў за захаваньне зямлі для ўкраінскіх фэрмэраў і шмат абяцаў наконт вырашэньня сацыяльных праблемаў, выкарыстоўваючы сацыялістычную рыторыку. Праграма яго партыі пачынаецца з патрабаваньня рэальнай дэмакратыі для працоўных людзей.
У інтэрвію 2018 году на тэлеканале "112 Украіна" Мароз заявіў, што сьвет кантралюецца змовай, у якую ўваходзяць Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША і сем’і Ракфэлераў, Ротшыльдаў і Морганаў, якія стабілізуюць сусьветную эканоміку і прызначаюць сусьветных лідэраў[29]. Ён таксама сьцьвярджаў, што галоўнымі праціўнікамі гэтай змовы зьяўляюцца Расея і Кітай, а былы прэзыдэнт Юшчанка зьяўляецца марыянэткай Дзярждэпартамэнту ЗША, які, паводле Мароза, таксама кантралюецца гэтай змовай.
З моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе Мароз выказаўся за далучэньне Ўкраіны да NATO, назваўшы гэта "аб’ектыўнай неабходнасьцю"[30].
Remove ads
Крытычныя водгукі
Аляксандар Мароз атрымаў вялікую колькасьць крытыкі праз рашэньне вывесьці ў 2006 ягоную сацыялістычную партыю з «аранжавай кааліцыі» з Блёкам Юліі Цімашэнкі ды Нашай Украінай і ўвайсьці ў гэтак званую «антыкрызісную» з партыяй рэгіёнаў ды камуністамі. Аляксандар Мароз выставіў сваю кандыдатуру на пасаду Галавы Вярхоўнай Рады пры тым, што перад гэтым «аранжовая кааліцыя» ўзгадніла на гэтую пазіцыю кандыдатуру Пятра Парашэнкі. Аляксандра Мароза падтрымалі, акрамя чальцоў ягонай сацыялістычнай фракцыі, дэпутаты Партыі рэгіёнаў і камуністы. Фракцыі «Нашай Украіны» і БЮТ адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах сьпікера, абвінаваціўшы Мароза ў здрадзе[31] і развале кааліцыі.
6 кастрычніка 2021 году Аляксандар Мароз сустрэўся ў Менску са старшынёй Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі Натальляй Качанавай, «рэалізуючы ідэю народнай дыпляматыі». Разам зь ім на сустрэчы прысутнічалі былы чыноўнік Нацбанку Ўкраіны Аляксей Беражны(uk) і былы дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Васіль Цушко(uk). Аляксандар Мароз адзначыў, што «аб'ектыўнай інфармацыі малавата ў нас» пра тое, «якое грамадзкае жыцьцё ў Беларусі». Пры гэтым ён падкрэсьліў: «Мая размова з вамі ня будзе вітацца многімі ва Ўкраіне»[32]. 14 лютага 2022 году Аляксандар Мароз 2-і раз за 4 месяцы прыехаў у Беларусь, дзе сустрэўся зь кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам[33]. Мароз атрымаў крытычныя водгукі праз тое, што езьдзіў сустракацца з самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі[34]. Пасьля сустрэчы Аляксандар Мароз адзначыў: «Людзей трывожыць сытуацыя, гэта безумоўна. Абывацеля заўсёды непакоіць небясьпека вайны». Пры гэтым ён заявіў быццам для вайны «няма перадумоваў»[35], тады як расейскае ўварваньне ва Ўкраіну пачалося празь 10 дзён, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Творчасьць
Аўтар кнігаў:
- «Куди йдемо?…» (па-беларуску: Куды ідзем?…, 1993)
- «Вибір» (па-беларуску: Выбар), «Тема для роздумів» (па-беларуску: Тэма для роздумаў, 1996)
- «Дорога, зь якої не зійти» (па-беларуску: Дарога, зь якой не сыйсьці), «Між вічними полюсами» (па-беларуску: Між вечнымі палюсамі, 1999)
- «Хроніка одного злочину» (па-беларуску: Кроніка аднаго злачынства, 2000)
- «Про землю, Конституцію і не тільки» (па-беларуску: Пра зямлю, Канстытуцыю і ня толькі, 2001)
- «Політична анатомія України» (па-беларуску: Палітычная анатомія Ўкраіны, 2004)
- Складанка паэзій «…З відстані» (па-беларуску: З воддалі, 2004)
- Складанка паэзій «Обличчям до вогню» (па-беларуску: Абліччам да агню, 2006)
- Складанка паэзій «Белый снег на каменной террасе» (па-беларуску: Белы сьнег на каменнай тэрасе, па-расейску, 2006)
- аўтар больш чым 2000 публікацыяў у пэрыядычных выданьнях.
Remove ads
Дадатковыя зьвесткі
Аляксандар Мароз браў удзел як кандыдат у пяці прэзыдэнцкіх выбарах: 1994[36], 1999[37], 2004[38], 2010[39], 2019[40]. У 2019 годзе, напярэдадні выбараў абвесьціў аб тым, што здымае сваю кандыдатуру з выбараў, аднак ягонае прозьвішча ў бюлетэні засталося.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads