Анатоль Багатыроў
беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Анато́ль Багатыро́ў (31 ліпеня (13 жніўня паводле новага стылю) 1913, Віцебск — 13 верасьня 2003, Менск) — беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч. Прафэсар (1960). Народны артыст БССР (1968).[2] Ганаровы грамадзянін Віцебску (2002).[3]
Remove ads
Жыцьцяпіс
У 1937 годзе скончыў Беларускую кансэрваторыю па класу В.Залатарова. У 1938—1949 гадох — старшыня праўленьня Саюза кампазытараў БССР. У 1938—1959 гадох — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. З 1948 году выкладаў у кансэрваторыі кампазыцыю. Выхаваў больш за 30 кампазытараў, сярод якіх Я.Глебаў, І. Лучанок, Дз. Смольскі). У 1948—1962 гадох — рэктар Беларускай кансэрваторыі.[2]
Творчасьць
Належаў да першага пакаленьня беларускіх кампазытараў, творчасьці якіх фармавалася ў рэчышчы савецкага музычнага мастацтва. Кампазытарскаму мысьленьню Багатырова ўласьцівыя шырокі вобразны дыяпазон, схільнасьць да ўвасабленьня глыбока жыцьцёвых канцэпцый, дэмакратычная накіраванасьць. Тэмы сучаснасьці, гуманістычнай ідэі ўвасоблены ў музыцы Багатырова яснай, пераканаўчай музычнай мовай, заснаванай на беларускай народнай песеннасьці. Нацыянальныя рысы выяўляюцца ў мэласе, рытміцы, ладавых формах. Музыкальная тканіна твораў звычайна прасякнута разьвітымі мэладычнымі ўтварэньнямі, якія фарміруюць поліфанізаваную фактуру. Для твораў характэрнае працяглае дынамічнае разьвіцьцё тэматычнага матэрыялу, вытокі якога знаходзяцца ў фальклёрных жанрах (баляда, жніўныя песьні і інш.). Творчай манеры ўласьцівая эпічнасьць выказваньня. Узьнёслая філязофская лірыка, псыхалягічная паглыбленасьць характэрныя для камэрна-інструмэнтальнай і камэрна-вакальнай творчасьці Багатырова. Хорам і апрацоўкам народных песень уласьцівая выразная кантылена, заснаваная на народна-песенных прынцыпах разьвіцьця.[2]
Remove ads
Анатоль Багатыроў і Янка Купала
Пазнаёміўся з Я.Купалам ў сьнежні 1934 году на вечарыне-канцэрце беларускай музыкі ў Доме пісьменьнікаў. Купала зацікавіўся аўтарскім выкананьнем на фартэпіяна «Варыяцый» на тэму беларускай народнай песьні і запрасіў кампазытара дамоў. На тэксты вершаў «Восень» і «Сонцу», якія Купала падараваў пад час сустрэчы, напісаў рамансы. Наведваў дом Купалы, сустракаўся зь ім ў Доме пісьменьнікаў і на творчых вечарынах. У дакладзе «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя» на сэсіі АН БССР за некалькі месяцаў да сваёй гібелі (Казань, 12 сакавіка 1942 году) Купала гаварыў пра майстэрства Багатырова ў апрацоўцы народнай музыкі і посьпех яго опэры «У пушчах Палесься». Напісаў шматлікія хоры на вершы Я.Купалы. Аўтар успамінаў пра Купалу (часопіс «Полымя», 1982, №6).[4]
Музычныя творы
- опэры «У пушчах Палесься» (1939), «Надзея Дурава» (1946),
- кантаты «Казка пра Мядзьведзіху» (1937), «Ленінградцы» (1942), «Беларускім партызанам» (1942), «Беларусь» (1949), «Беларускія песьні» (1967), «Малюнкі роднага краю»,
- араторыя «Бітва за Беларусь»,
- дзьве сымфоніі (1946 і 1947),
- канцэрт для віяланчэлі з аркэстрам (1962),
- канцэрт для кантрабаса з аркэстрам (1964),
- пьесы для віяланчэлі, фартэпіяна,
- харавыя творы,
- вакальныя цыклы на вершы Я.Купалы, Г.Ахматавай, М.Лермантава, У.Шэксьпіра,
- музыка да драматычных спэктакляў,
- каля 100 харавых і вакальных апрацоўкаў беларускіх народных песень.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads