Андрэ Ігудала

баскетбаліст ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia

Андрэ Ігудала
Remove ads

А́ндрэ Та́йлер Ігуда́ла (па-ангельску: Andre Tyler Iguodala; 28 студзеня 1984 году, Спрынгфілд, Іліной, ЗША) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст, які выступаў за «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз», «Дэнвэр Нагетс», «Голдэн Стэйт Ўорыярз» і «Маямі Гіт» у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Тройчы станавіўся чэмпіёнам НБА ў складзе «Ўорыярз», стаўшы самым каштоўным гульцом фінальнай сэрыі ў 2015 годзе. У 2012 годзе адзіны раз трапіў на гульню ўсіх зорак НБА і двойчы станавіўся чальцом абарончых зборных НБА.

Хуткія факты Клюбы ...

Чэмпіён сьвету 2010 году і пераможца летніх Алімпійскіх гульняў 2012 году ў складзе зборнай ЗША.

Remove ads

Кар’ера

Пачатак

На драфце НБА Ігудала быў абраны ў першым раўндзе пад дзявятым нумарам клюбам «Філадэлфія Сэвэнці Сыксэрз». Каманда загадзя разьлічвала выбраць Ігудалу і ладзіла зь ім да драфту закрытыя трэнаваньні, каб не прыцягваць увагу канкурэнтаў да пэрспэктыўнага гульца[4]. Ня ўсе, аднак, пагаджаліся, што Ігудала гатовы да НБА. Былы трэнэр і аглядальнік ESPN Дык Вітале пісаў, што Андрэ робіць велізарную памылку, пакідаючы Арызонскі ўнівэрсытэт, дзе ён яшчэ шмат чаму можа навучыцца ў трэнэра Олсана[5].

Thumb
Баскетбаліст выконвае данк на адмысловым спаборніцтве.

Свой дэбютны сэзон у НБА Ігудала скончыў з паказьнікам у 9 пунктаў, 5,7 падборы і 3 перадачы ў сярэднім за гульню. Ён быў адзіным з гульцоў «Філадэлфіі», хто ўсе 82 матчы рэгулярнага сэзону 2004—2005 гадоў і пяць матчаў плэй-оф пачынаў у стартавай пяцёрцы. Таксама ён быў адзіным з пачаткоўцаў сэзону, хто паклаў на свой рахунак трыпл-дабл. Да таго ж, баскетбаліст трапіў на восьмы радок сярод гульцоў лігі паводле колькасьці перахопаў у сярэднім за гульню (1,68). Усё гэта дазволіла яму ўвайсьці ў першую сымбалічную Зборную найлепшых навічкоў сэзону[6].

У другі сэзон спартовец таксама згуляў усе 82 гульні рэгулярнага сэзону ў пачатковай пяцёрцы, а ягоная выніковасьць павялічылася да 12,3 пунктаў, 5,9 падбораў і 3,1 перадачаў за гульню. У тым сэзоне «Сэвэнці Сыксэрз» трапілі ў крызу, у выніку чаго каманда не патрапіла ў плэй-оф. У дадатак каманда страціла важнага гульца Алена Айвэрсана, які быў абменены ў «Дэнвэр Нагетс»[7]. У адсутнасьць Айвэрсана Ігудала ўзяў на сябе лідэрскія функцыі ў камандзе. Праз два дні па абмене ён набраў у гульні супраць «Бостан Сэлтыкс» 31 пункт і дапамог «Філадэлфіі» перапыніць сэрыю з 12 паразаў.

У сэзоне 2006—2007 гадоў выніковасьць гульца ўзрасла з 12,3 да 18,2 пунктаў у сярэднім за гульню. У наступных чатырох сэзонах ён у сярэднім набіраў 17 пунктаў за гульню. Улетку 2008 году баскетбаліст склаў зь «Філадэлфіяй» новы шасьцігадовы кантракт на суму 80 мільёнаў даляраў[8]. Падобны кантракт, які рабіў Ігудалу самым высокааплатным гульцом у камандзе, аўтаматычна азначаў павышэньне попыту на яго. Камэнтуючы ўгоду, мэнэджар Эд Стэфанскі казаў пра тое, што Ігудала выконвае вялікі аб’ём працы і імкнецца дапамагаць партнэрам па-за пляцоўкай. Андрэ наведваў трэнавальныя лягеры для маладых гульцоў, браў удзел у вітаньні пачаткоўцаў пасьля драфту і меў значную актыўнасьць у сацыяльных сетках, падбадзёрваючы партнэраў[9]. За восем сэзонаў, якія Ігудала правёў у «Філадэлфіі», каманда пяць разоў гуляла ў плэй-оф, але толькі адзін раз змагла прайсьці далей за першы раўнд, і была вельмі далёкая ад узроўню «Сэвэнці Сыксэрз» пачатку 2000-х гадоў. Заўзятары і адмыслоўцы сыходзіліся ў меркаваньні, што Ігудала ня ёсьць той супэрзоркай, вакол якой можна будаваць каманду.

У 2012 годзе Ігудала, які пачаў набіраць менш пунктаў, але кампэнсаваў гэты недахоп вялікай колькасьцю перадач, падбораў і больш карыснай гульнёй у абароне, упершыню ў сваёй кар’еры атрымаў запрашэньне на Матч усіх зорак НБА. У вырашальнай гульні сэрыі плэй-оф супраць «Чыкага Булз» два пасьпяховыя штрафныя кідкі Ігудалы за дзьве сэкунды да канца гульні вывелі «Філадэлфію» ў другі раўнд[10]. Тым ня менш, улетку 2012 году кіраўніцтва клюбу пастанавіла абмяняць баскетбаліста ў «Дэнвэр Нагетс».

Кароткі час у Дэнвэры

Thumb
У часе кароткага часу ў складзе «Дэнвэр Нагетс».

10 жніўня 2012 году Ігудала далучыўся да «Дэнвэр Нагетс» у выніку чатырохбаковага абмену. Для самога Ігудалы навіна аб абмене стала нечаканасьцю, бо ён даведаўся аб гэтым ад партнэра па камандзе, калі выступаў на Алімпійскіх гульнях 2012 году. Дэбютны матч у складзе «Дэнвэра» Ігудала правёў супраць сваёй былой каманды ў Філадэлфіі. «Дэнвэр» зазнаў паразу зь лікам 75:84, а атлет вызначыўся 11 пунктамі. У новым клюбе пад кіраўніцтвам Джорджа Карла Ігудала ўжо ня быў галоўным атакуючым гульцом. Пры гэтым ён даваў адчувальную карысьць сваімі перадачамі і гульнёй у абароне. Каманда ўдала выступіла ў рэгулярным сэзоне 2012—2013 гадоў, здабыўшы 57 перамог пры 25 паразах, але ў першым раўндзе плэй-оф, маючы некалькі траўмаваных гульцоў, каманда саступіла «Голдэн Стэйт Ўорыярз» паводле вынікаў шасьці гульняў. Пасьля гэтай паразы Карл быў звольнены з пасады галоўнага трэнэра, а гулец пачаў шукаць сабе новую каманду.

«Голдэн Стэйт Ўорыярз»

На Ігудалу прэтэндавала адразу некалькі клюбаў, у тым ліку «Далас Мавэрыкс», «Сакрамэнта Кінгс» і «Голдэн Стэйт Ўорыярз». Шанец «Ўорыярз» займець гульца былі найменш высокімі празь вялікую колькасьць высокааплатных гульцоў. Перамовы зацягнуліся праз сытуацыі з Дўайтам Гаўардам, які вёў перамовы з тымі ж клюбамі, што і Ігудала, і ўважаўся больш пажаданым узмацненьнем. Нарэшце, сытуацыя разьвязалася, то бок «Ўорыярз» знайшлі спосаб расчысьціць свае плацежныя каштарысы, пазбавіўшыся ад некалькіх гульцоў, і 5 ліпеня 2013 году прадстаўнікі клюбу ўзгоднілі з Ігудалам чатырохгадовы кантракт на суму 48 мільёнаў даляраў[11]. Ігудала стаў каштоўным дадаткам да маладой каманды і ейных лідэраў, сярод якіх былі Стэфэн Кары і Клэй Томпсан.

Thumb
Ігудала ў барацьбе з Крысам Гамфрысам.

У дэбютным сэзоне пад кіраўніцтвам Марка Джэксана атакуючая роля Ігудалы зьменшылася яшчэ больш. Ён браў удзел у розыгрышы мяча на пэрымэтры, але зрэдку сам завяршаў нападніцкія акцыі. Затое ў абароне на Ігудалу клаліся найважнейшыя функцыі. Паводле вынікаў сэзону 2013—2014 гадоў Ігудала заняў першае месца ў НБА паводле паказьніку плюс-мінус, маючы ў сярэднім +9 за гульню. У апытаньні на званьне найлепшага абарончага гульца сэзону ён заняў пяты радок і быў улучаны ў першую Зборную ўсіх зорак абароны[12]. Улетку ў камандзе зьмяніўся галоўны трэнэр, які зрабіў гульца запасным. Ігудала спакойна паставіўся да таго, што выходзіць на пляцоўку яму цяпер давялося з лаўкі запасных. Добрае паразуменьне паміж гульцом і трэнэрам было дасягнутае шмат у чым дзякуючы таму, што абодва ў свой час прайшлі школу Лута Олсана ў Арызонскім унівэрсытэце[13].

Thumb
Баскетбаліст у складзе «Голдэн Стэйт Ўорыярз».

Цягам сэзону «Голдэн Стэйт» прасоўваўся праз плэй-оф і трапіў у фінал НБА, дзе перамог «Кліўлэнд Кавальерз» зь лікам 4:2. За часам сэрыі, пасьля таго, як лік стаў 2:1 на карысьць «Кавальерз», галоўны трэнэр «Ўорыярз» Стыў Кер перавёў Ігудалу ў стартавую пяцёрку. Ён пэрсанальна абараняўся супраць галоўнай зоркі «Кавальерз» Леброна Джэймза. Калі Андрэ знаходзіўся на пляцоўцы, Джэймз закідваў толькі 38,1% кідкоў з гульні[14]. Акрамя таго, Ігудала дзейнічаў вельмі карысна і ў атацы, у фінальнай сэрыі набіраючы ў сярэднім 16,3 пунктаў, робячы 5,8 падбораў і 4 перадачы, а ў шостай гульні сэрыі ён закінуў некалькі асабліва важных трохпунктавых[15]. Ігудала быў прызнаны самым каштоўным гульцом фіналу, прычым упершыню гэты тытул дастаўся гульцу, які ня ўсе матчы фінальнай сэрыі пачынаў у стартавай пяцёрцы[14]. З пачаткам сэзону 2015—2016 гадоў Ігудала вярнуўся на лаву запасных[13].

Сэзон 2016—2017 гадоў Ігудала ў чарговы раз праводзіў як шосты гулец. Ратацыя ў клюбе стала яшчэ больш шчыльнай з прыходам Кевіна Д’юранта. Раздражненьне Ігудалы ў сувязі зь недастатковым гульнёвым часам і няўдачамі клюбу сталі прычынамі рэзкай прамовы гульца на адной з пасьляматчавых канфэрэнцыяў. У міжсэзоньні 2017 году «Ўорыярз» павялічылі суму прапанаванага трохгадовага кантракту да 42 мільёнаў, але Ігудалу гэтая сума не задавола. Фінальная сума ўсё ж такі была павялічаная, таму баскетбаліст застаўся ў камандзе. Першы рэгулярны сэзон пасьля падаўжэньня кантракту стаў для Ігудалы няўдалым, бо ў ім гулец паказаў найгоршыя вынікі за ўсю кар’еру ў НБА[16].

У свой шосты сэзон з «Ўорыярз» Ігудала ў пяты раз запар выйшаў з камандай у фінал чэмпіянату НБА. У паўфінале Заходняй канфэрэнцыі супраць «Г’юстан Рокетс» яму было даручана апекаваць Джэймза Гардэна. Калі Ігудала быў на пляцоўцы Гардэн набіраў значна менш пунктаў. У фінале канфэрэнцыі Ігудала пасьпяхова апекаваў лідэра «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» Дэм’ена Ліларда, а таксама прынёс камандзе перамогу ў першай гульні сэрыі, перахапіўшы мяч падчас апошняй атакі супернікаў. У фінальнай сэрыі супраць «Таронта Рэптарз» гулец набраў вырашальныя пункты ў другой гульні на пляцоўцы супернікаў[17].

Апошнія гады

7 ліпеня 2019 году Ігудала разам з правам выбару ў першым раўндзе драфту быў выпраўлены ў «Мэмфіс Грызьліз» у абмен на Джуліяна Ўошбэрна. За новы клюб, аднак, баскетбаліст не згуляў увогуле, а ў лютым 2020 году далучыўся да «Маямі Гіт» на ўмовах падаўжэньня кантракту[18]. З новым клюбам Ігудала ў шосты раз за кар’еру дакрочыў да фіналу НБА, але там «Маямі» ў шасьці гульнях саступіў «Лос-Анджэлес Лэйкерз»[19].

Пасьля таго як «Маямі» ўлетку 2021 году пастанавілі не працягваць кантракт з Ігудалам, у жніўні было аб’яўлена аб вяртаньні гульца ў склад «Ўорыярз». Клюб падпісаў з вэтэранам гадавы кантракт[19]. За сэзон Ігудала выходзіў на пляцоўку больш чым у 30 матчах, у якіх у сярэднім гуляў блізу 20 хвілінаў. У плэй-оф яго выкарыстоўвалі менш, але ўсё ж гулец выходзіў на пляцоўку ў сямі гульнях і ў выніку здабыў з камандай свой чацьверты тытул чэмпіёна НБА[20]. Улетку 2022 году форвард падоўжыў кантракт яшчэ на год, у сваім падкасьце падкрэсьліўшы, што гэта, мажліва, будзе ягоным апошнім сэзонам у НБА[21]. Перад пачаткам сэзону 2023—2024 гадоў, пасьля 19 сэзонаў у НБА, гулец абвесьціў аб завяршэньні гульнёвай кар’еры[22][23].

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads