Валенці Ваньковіч
беларускі мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Валенці Вільгельм Ваньковіч (12 траўня 1800[8], маёнтак Калюжыца Ігуменскага павету — 12 траўня 1842, Парыж) — мастак, прадстаўнік рамантызму, выдатны майстар партрэта першай паловы XIX ст.
Remove ads
Біяграфія

З старажытнага беларускага[9] шляхецкага роду Ваньковічаў гербу «Ліс», сын Мэльхіёра, павятовага судзьдзі, і Схалястыкі з Гарэцкіх. Карані роду Ваньковічаў сягаюць у XVI ст. (першым прадстаўніком стаіць Еры-Юры Ваньковіч), а легендарным родапачынальнікам называецца полацкі князь Ванька, якога Кейстут ажаніў з сваёй дачкой (імя невядомае)[10].
Нарадзіўся ў родавым маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павету, дзяцінства прайшло ў родавым маёнтку Сьляпянка пад Менскам.
Навучаўся ў Полацкай езуіцкай калегіі (1811—1818), дзе захапіўся жывапісам, шмат капіяваў з натуры. Потым атрымліваў адукацыю на аддзяленьні літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага унівэрсытэту ў прафэсара Яна Рустэма (1818—1824), дзе спрабаваў сябе ў партрэце (пераважна сяброў таварыства філяматаў і філярэтаў). Акрамя таго, наведваў заняткі на факультэце фізычных навук, вывучаў оптыку і законы распаўсюджаньня сьвятла. Паводле пастановы ўнівэрсытэцкай рады накіраны на завяршэньне мастацкай адукацыі ў Імпэратарскую акадэмію мастацтваў у Пецярбургу (1825—1828). За дыплёмную праграму «Подзьвіг кіяўляніна ў 988 годзе» В. Ваньковічу прысуджаюць Малы залаты мэдаль з правам стажыроўкі за мяжой.
У лютым 1829 году вярнуўся ў Менск, меў дзьве майстэрні — у Малой Сьляпянцы і ў Менску, дзе працаваў зь сябрам Чэславам Манюшкам, бацькам вядомага кампазытара Станіслава Манюшкі. У гэты час напісаў партрэты бацькі, сястры Станіславы Гарноўскай, Дамініка Манюшкі, дзьдзькі Антона Гарэцкага, жонкі Анэлі зь дзецьмі, мясцовых шляхцічаў. Майстэрню ў Сьляпянцы часта наведвалі Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі. З пачаткам вызвольнага паўстаньня (1830—1831) меў намер далучыцца да паўстанцаў (купіў зброю і каня), але працяглая хвароба не дала зьдзейсьніцца гэтаму[11]. 21 верасьня 1832 году за партрэты, «пісаныя з натуры», Пецярбурская Імпэратарская акадэмія мастацтваў уганаравала В. Ваньковіча званьня «прызначанага» ў акадэміі і прапанавала для атрыманьня званьня акадэміка напісаць сямейны партрэт зь фігурамі ў поўны рост.
У ліпені 1839 году выехаў у эміграцыю. Перад ад’ездам напісаў тэстамэнт на карысьць жонкі. Наведаў Мюнхэн (у 1840 годзе браў удзел там у выставе), Дрэздэн, Бэрлін, а 15 верасьня 1841 году прыехаў у Парыж і асталяваўся ў доме свайго сябра А. Міцкевіча на вуліцы Д’Амстэрдам. У Парыжы пачаў новы этап у сваёй творчасьці, у якім узрасьлі містычныя настроі, падтрыманыя даўнім сябрам філёзафам Андрэем Тавянскім (карціны «Апафэоз Напалеона», 1841; «Напалеон над разарванай картай Эўропы», 1841; «Імправізуючы Міцкевіч», 1841; «Ecce homo», 1842). У 1842 годзе стварыў свой апошні аўтапартрэт.
Яшчэ ў Пецярбургу ажаніўся з Анэляй Растоцкай (пам. у 1870), зь якой меў сыноў Адама Вінцэнта (нар. 24 сьнежня 1829 году), Казімера Адама і Яна Эдварда, а таксама дачку.
Памёр у Парыжы ад сухотаў на руках у Адама Міцкевіча, які запісаў яго тэстамэнт: частку з сваіх карцін мастак перадаў сваёй сям’і і сябрам юнацтва — А. Міцкевічу і А. Тавянскаму, астатнія былі прададзеныя з аўкцыёна за пазыкі, але сумы на ўсю выплату не хапіла[11]. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыскім касьцёле Сэн-Сэвярын.
Remove ads
Творчасьць
Працаваў у жанры гістарычнага жывапісу. Творчасьць мастака мае зьвязкі з абшарамі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.
Напісаў карціны «Подзьвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе» (1827), «Напалеон каля вогнішча» (1834), партрэты Аляксандра Пушкіна (1826—1827), паэта Антонія Гарэцкага, піяністкі Марыі Шыманоўскай з Валоўскіх, музыканта Караля Ліпінскага (1827), сваіх унівэрсытэцкіх сяброў Казімера Пясецкага (1834) і Андрэя Тавянскага (1837), Андрэя Манюшкі, а таксама паэта Тамаша Зана[12]. Таксама сярод работаў ёсьць літаграфіі («Галава старога», «Аўтапартрэт») і малюнкі («Від руінаў у Італіі», «Пэйзаж», «Сажалка») і іншыя.
Да ліку найлепшых твораў мастака належыць кампазыцыйны партрэт «Міцкевіч на скале Аю-Даг», напісаны ў 1828 годзе. Адам Міцкевіч паказаны на гэтым палатне ў каўкаскай бурцы на фоне горнага пэйзажу ў момант паэтычнага натхненьня. Выдатна выяўлены яго рамантычны настрой, узьнёслы, адухоўлены выраз твару, роздум паэта над веліччу прыроды.
Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу. Многія працы знаходзяцца і ў прыватных калекцыях нашчадкаў тых, каго мастак пісаў у першай палове XIX ст.
Remove ads
Галерэя
- Асобныя работы Валенція Ваньковіча
- Партрэт Войцеха Пуслоўскага
- Партрэт Казімера Пясецкага
- Партрэт Андрэя Тавянскага
- Мужчынскі партрэт. Галерэя польскага жывапісу ў Беластоку
Памяць
У Менску дзее дом-музэй Ваньковічаў — помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі клясыцызму — філія Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь. У залях музэю экспануюцца архіўныя дакумэнты, фатаздымкі работ Ваньковіча (арыгіналаў няма). Большасьць экспанатаў паходзіць з музэяў Варшавы[13].
Культурная прыналежнасьць
З культурнай спадчынай Валянціна Ваньковіча ідэнтыфікуюцца як палякі, так і беларусы. Шматлікая польская прафэсійная літаратура з галіны гісторыі культуры і мастацтва апісвае яго як польскага мастака. Гэта між іншым «Dzieje kultury polskiej» Аляксандра Брікнэра, «Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939» Тадэўша Дабравольскага, «Malarstwo polskie» Стэфана Казакевіча і «Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921)» Маріяна Кукеля[14][15][16][17][18]. Некаторыя беларускія працы апісваюць аднак Валянціна Ваньковіча як мастака зь беларускімі каранямі і з памежжа культураў, зьвязанага таксама з культурай Беларусі. Аўтары кнігі пад назвай «Гісторыя беларускага мастацтва» апісалі яго як творцу, які ўпісаў яркую старонку ў гісторыю беларускага жывапісу першай паловы ХІХ стагодзьдзя[19]. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» кажа, што мастак паходзіў са старажытнага беларускага роду Ваньковічаў, а яго творчасьць зьвязана з мастацкім жыцьцём Беларусі, Летувы і Польшчы[20]. Польскі журналіст-падарожнік Марэк А. Капроўскі лічыць, што выстава пра Ваньковіча ў музэі ў Менску была падрыхтаванай так, каб ствараць уражаньне, што быў ён мастаком беларускім. Капроўскі называе «беларусізацыю» мастака дзіўнай і штучнай. Ён лічыць, што Ваньковіч у сваёй творчасьці нават не зьвяртаўся да беларускіх матываў, а тое, што тварыў ён на зямлі, якая належыць цяпер Беларусі, не значыць, што можна прыпісваць яго да беларускай культуры.[13]
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads