Васіль Русак
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Васі́ль Максі́мавіч Руса́к (4 красавіка 1896, Ячава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 23 жніўня 1954, ГУЛАГ[2]) — беларускі нацыянальны дзяяч, выдавец, прадпрымальнік. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Remove ads
Біяграфія



Нарадзіўся 4 красавіка 1896 году ў вёсцы Ячава Слуцкае воласьці.
Прымаў удзел у Першай сусьветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўночным фронце. З 1917 сябра Беларускае сацыялістычнае грамады, адзін зь лідэраў Беларускае рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага зьезду ў Віцебску. Удзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў Менску (сьнежань 1917)[3].
У пачатку 1918 году працуе ў Беларускім камітэце Воршы, пазьней вяртаецца на Случчыну, уключаецца ў дзейнасьць культурніцкае арганізацыі «Папараць-Кветка». З траўня 1918 году ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, уваходзіць у ейны ЦК. Увосень таго ж году арыштаваны немцамі, пасьля вызваленьня ў сьнежні — адзін з арганізатараў «Саюзу абароны краю». З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павету як выбраны ад сялянства, адначасова займаецца нацыянальна-культурнай працай[3].
У сакавіку 1919 году арыштаваны бальшавікамі, але празь месяц без выстаўленьня абвінавачаньня выпучаны пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Усё лета хаваўся ад ЧК у сялянскіх хатах. У час польска-савецкае вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту, кіраваў беларускім хорам «Папараць-Кветкі», разам зь ейнай драматычнай дружынай езьдзіў па павеце з спэктаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псэўданімам Базыль Карусь.
У ліпені 1920 году, зь вяртаньнем савецкае ўлады, мабілізаваны ў чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920, у час зьезду Случчыны, абраны ягоным старшынём, увайшоў у склад прэзыдыюму Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстаньні 1920 году — камандзір Другога Грозаўскага палку[3].
У 1921 інструктар Беларускай вайсковай камісіі, нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёну БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павету[3].
Ратуючыся ад польскае дэфэнзывы, у траўні 1922 году ў Коўне (Летува), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, зьвязаны зь летувіскімі стралецкімі арганізацыямі[3].
У канцы 1922 году з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне выяжджае на вучобу ў Чэхаславаччыну, дзе ўвосень 1923 году паступае ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У час вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асьветным таварыстве імя Ф. Скарыны, супрацоўнічае з часапісам «Перавясла» ды інш. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі застаецца жыць у Празе[3].
Узяўшы шлюб з чэскай дзяўчынай, пасьпяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 годзе ўзначаліў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы на францускай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народу. У 1934 годзе выдаў на лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданьне часапісу «Iskry Skaryny». У 1936 годзе разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнае песьні. Улетку 1939 году выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру «Bielarus — Weissruthenien» з этнаграфічнай мапай Беларусі[3].
У 1941 годзе паводле асабістага праекту з дапамогай А. Жука выдаў паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка й імянны знак Францішка Скарыны (сонца з маладзіком)[3].
У час нацысцкае акупацыі Прагі хаваў у сябе дзьве жыдоўскія сям’і, дапамог ім атрымаць пасьведчаньні, што яны беларусы[2][3]. Быў запрошаны на Другі Ўсебеларускі кангрэс у Менску, аднак удзелу ў ім не прыняў. У час візыту ў Менск сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Кастусём Езавітавым, Міхасём Гузоўскім[4].
2 чэрвеня 1945 арыштаваны ў Празе савецкіай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасьць у эміграцыі», 2 чэрвеня 1946 Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 10 гадоў лягераў[3]. Памёр у лягеры 23 жніўня 1954 году[2].
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads