Васіль Шашалевіч
беларускі драматург і паэт From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Васі́ль Анто́навіч Шашале́віч (9 студзеня 1897, Мхінічы, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губэрня — 23 кастрычніка 1941, ГУЛАГ) — беларускі драматург і паэт; малодшы брат празаіка Андрэя Мрыя.
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і валаснога пісара Антона Дзяменьцевіча і Ефрасіньні Фамінічны. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Анастасія[a], Васіль і Ксеня. У 1902 страціў бацьку. У 1908 закончыў сельскую школу ў вёсцы Палуж, затым — Аршанскую духоўную вучэльню. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі (1910—1914) і Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915—1916), які праз матэрыяльныя праблемы ня здолеў закончыць. У 1917—1919 гадох настаўнічаў у вёсцы Ясенцы.

У 1919—1924 — выкладаў расейскую мову і літаратуру ў школе другой ступені ў вёсцы Краснапольле на Магілёўшчыне. Разам з братам і сёстрамі Аксіньняй і Настасьсяй стварыў тут народны тэатар, для якога пісаў аднаактавыя абразкі. Дзякуючы намаганьням Шашалевічаў у школе былі створаныя хор і аркестар народных інструмэнтаў і наладжаныя лекцыі на палітычныя і навукова-папулярныя тэмы[2]. Таксама Шашалевічамі былі створаныя драматычны і літаратурны гурткі. Ставілі спэктаклі па п’есах Астроўскага, Горкага і Чэхава. Разам зь сёстрамі і мастаком А. Грубэ рабілі дэкарацыі, касьцюмы, бутафорыю, зьбіралі фальклёр і ўключалі лепшыя ўзоры ў канцэрты. Чыталі лекцыі «Навука і рэлігія», «Атэізм у расійскім жывапісе XIX стагодзьдзя», «Паходжаньне жыцьця на Зямлі», «Становішча на франтах грамадзянскай вайны». Прамаўлялі са сцэны вершы А. Блока, Дз. Беднага, У. Маякоўскага[3]. Выходзіў рукапісны часопіс «Пралеска». Напісаў тут драму «Апраметная»[4].

З 1924 жыве ў Менску, дзе да 1928 працуе настаўнікам. У другой палове 1920-х працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.
Арыштаваны ГПУ БССР у ліпені 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; знаходзіўся пад сьледзтвам да лютага 1931. 30 сьнежня 1930 быў выключаны зь Беларускага драматычнага таварыства і адноўлены 20 сакавіка 1932[5]. Паўторна арыштаваны 28 кастрычніка 1936 і прыгавораны да 10 гадоў лягераў. Адбываў пакараньне спачатку ў Магілёве, затым накіраваны ў Прымор’е, дзе прабыў у перасылцы восем месяцаў. Працаваў рахункаводам, рэгістратарам у санітарнай часьці, выступаў у канцэртах, пісаў частушкі і скетчы[6]. Прызнаны непрацаздольным камісіяй 27 лягернага пункта.
У Томасінглагу для аматарскага тэатра напісаў п’есу на тэму лягернага жыцьця, пастаўленую зьняволенымі ў сталовай. Зьмест п’есы не спадабаўся лягернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён празь непрацаздольнасьць быў улікоўцам. Там на В. Шашалевіча наўмысна спусьцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча[2]. Пасьля расьпілаваньня дрэва, моцна абгарэлага і абязьвечанага Васіля Шашалевіча перавезьлі ў зону. Засталіся зьвесткі, што ў пісьменьніка выцяклі вочы[6]. Памёр у санітарнай частцы. Месца пахаваньня невядомае.
Рэабілітаваны Прэзыдыюмам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955 году.
Быў жанаты на Веры Сямёнаўне Шашалевіч, гадаваў сына Генрыха, якога назваў у гонар нямецкага паэта Гайнрыха Гайнэ[7] (пазьней той зьмяніў імя на Генадзь). Жонку паэта Веру забіў гаспадар хаты Міхась Крыловіч, у якога яна кватаравала ў Волме, дзеля выкраданьня атрыманай грашовай кампэнсацыі за рэпрэсіі[2] ў суме шасьці тысячаў рублёў. Забойца неўзабаве павесіўся[8].
Remove ads
Творчасьць
Друкавацца пачаў з 1927 у часопісе «Узвышша». Зь сярэдзіны 1920-х выступаў з апавяданьнямі і драматычнымі творамі.
Аўтар п’есаў «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра», 1925), «Змрок» (1927), «Трэцяя сіла» (1926—1928, не захавалася), «Воўчыя ночы» (1927—1929), «Рой» (1931), «Сымфонія гневу» (1935)[9] і «Лёс Прамэтэя» (не захавалася)[10].
Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы Антона Чэхава, раманы Івана Тургенева «Рудзін», «Дваранскае гняздо». Досыць прафэсійна іграў на віялянчэлі і скрыпцы, маляваў, пісаў сцэнары для кіно, зьбіраў і апрацоўваў народныя песьні[9].
Remove ads
Успаміны
У артыкуле «Гаварыў ён шчыра…» Заір Азгур адзначаў, што Васілю Шашалевічу «па-інтэлігентнаму чужая была поза: ён пазьбягаў „манернасьці“ і гэткіх шляхетных цырымоніяў»[11]. Сваю першую сустрэчу з Васілём Шашалевічам скульптар апісаў наступным чынам:
![]() |
Сустрэліся мы з Васілём Антонавічам Шашалевічам ужо ў Менску, годзе ў дваццаць шостым. Пазнаёмілі нас у доме фінскага мастака Вало Ахола, які жыў на Татарскай вуліцы, насупраць мячэту... Васіль Шашалевіч зьнешне быў звычайным чалавекам, у абліччы якога пераважалі рысы славяніна... быў ураўнаважаны, спакойны, нават ціхі[12] | ![]() |
.
Сяргей Грахоўскі ўспамінаў:
![]() |
З Васілём Антонавічам часта апыналіся за адным сталом, разам выходзілі, гаварылі, непрыкметна спускаліся па Камсамольскай вуліцы на Нямігу і даходзілі аж да яго дома на вуліцы Вызваленьня. Гэтыя праходкі для мяне былі найлепшаю школаю: Васіль Антонавіч мне расказваў пра Шэксьпіра і Ібсэна, Астроўскага, Сухава-Кабыліна, натхнёна чытаў вершы Гайнрыха Гайнэ і Баратынскага[13]. | ![]() |
Мікола Хведаровіч распавядаў, як пасьля аднаго з спэктакляў Васіль Шашалевіч запрасіў яго і мастака Барыса Малкіна да сябе на «таварыскую гутарку»:
![]() |
Жыў на ўскраіне, дзесьці ў раёне Юбілейнай плошчы. Маленькі халасьцяцкі пакойчык выглядаў вельмі ўтульна. Паліцы з кнігамі займалі амаль дзьве сьцены. Каля ложка, засланага часьценкім прасьцірадлам, стаяла віялянчэль. Мы папрасілі пайграць што-небудзь з таго, што яму вельмі падабаецца.. Ён узяў віялянчэль, і паліліся мэлёдыі ўсімі любімай музыкі з твора Маснэ «Элегія». Для нас гэта было вялікай нечаканасьцю[14]. | ![]() |
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads