Вялікія Вераб’евічы
вёска ў Наваградзкім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Вялі́кія Вераб’е́вічы[1] — вёска ў Наваградзкім раёне Гарадзенскай вобласьці. Цэнтар Вераб’евіцкага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Упершыню Вялікія Вераб’евічы ўпамінаюцца ў дакумэнтах ў 1567 як маёнтак нейкага Ж. Быкоўскага.
Пазьней, у 17 ст., уваходзяць у склад вялікага па тэрыторыі ўладаньня — Дзяляцічы, якое належала Багуславу Радзівілу. У 1652 тут налічвалася 47 гаспадарак. Найбольш распаўсюджанымі прозьвішчамі былі Супрановіч і Сілка (гэтыя прозьвішчы ёсьць і сёньня ў жыхароў вёскі). Сярэдняя плошча зямельных надзелаў у сялянаў была 1/6 — 1/2 валкі (каля 3,5—10,5 га).
Пасьля Радзівілаў Вялікія Вераб’евічы з другой паловы 18 ст. належалі розным уладальнікам, якія там ня жылі, але аддавалі вёску ў пасэсію (арэнду, карыстаньне) іншым.
Згодна з «Slownik geograficzny…» ад 1893 у Вялікіх Вераб’евічах было 37 двароў. Да 1909 году адбыўся прыкметны рост вёскі: тут налічвалася адпаведна ўжо 86 двароў і жылі 524 чалавекі.
Прыкладна ў 1911 начала працаваць Вераб’евіцка-Клюкавіцкая народная вучэльня. Адной зь першых настаўніц была ў ёй Руфіна Радзялоўская. Да гэтага году некаторыя вераб’евіцкія дзеці хадзілі ў Клюкавіцкую перасоўную школу, якая адкрылася ў 1889 годзе.
У пачатку чэрвеня 1906 сяляне Вялікіх Вераб’евіч разам зь сялянамі навакольных вёсак кінулі падзённыя работы ў суседніх маёнтках і спынілі работы на лугах абшарнікаў, патрабуючы зьніжэньня арэндных цэн і павышэньня заработнай платы сельскагаспадарчым рабочым. Забастоўка працягвалася амаль да канца лета. Для «ўціхамірваньня» бастуючых быў кінуты атрад паліцыі, праводзіліся арышты агітатараў. Усё ж абшарнікі былі вымушаны часткова задаволіць патрабаваньні сялянаў.
Пад час Першай сусьветнай вайны, пасьля заняцьця немцамі ў 1915 вёскі ўздоўж Вялікіх Вераб’евічаў да лініі фронта была пракладзена вузкакалейка, на будаўніцтва якой зганялі ўсё працаздольнае насельніцтва. Лінія чыгункі праходзіла ад р. Нёман у Любчы да злучэньня з шырокакалейнай чыгункай на ст. Наваельня.
Сяляне вёскі ў 1919—1939 гадох падтрымлівалі беларускі нацыянальны рух — БСРГ і КПЗБ. Некаторыя зь іх прынялі ўдзел у Асташынскім узброеным паўстаньні 1932 году.
Пасьля нападу Нямеччыны на СССР У 1941 былі расстраляны чатыры дэпутаты сельсавету, а на тэрыторыі сельсавету нацысты стварылі ў 1941 годзе гета, куды зганялі насельніцтва з навакольля. Са жніўня па сьнежань 1942 году нацысты расстралялі каля 950 вязьняў гета. У 1961 годзе на месцы расстрэлу ў в. Малыя Вераб’евічы пастаўлены абэліск.
А ў Вялікіх Вераб’евічах з 1967 году стаіць абэліск у памяць 101 жыхара шасьці навакольных вёсак, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай.
Remove ads
Насельніцтва
- 2010 год — 338 чалавек
- 2008 год — 314 чалавек
- 1999 год — 315 чалавек
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads