Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (сучасны)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Вíленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (сучасны) (лет.: I. Luckevičiaus baltarusių muziejus ці яшчэ I. Luckevičiaus gudų muziejus) — музэй у Вільні. Разьмяшчаецца ў будынку Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні па Віленскай вуліцы, 20 (Vilniaus g. 20). Дырэктарка музэю — Людвіка Кардзіс[1].

Гісторыя

Беларускі музэй у Вільні быў заснаваны ў 1921 годзе на аснове калекцыі беларускага дзеяча Івана Луцкевіча. Музей быў цэнтрам культурнага жыцьця беларусаў у Вільні. Установа зьбірала, захоўвала, дасьледавала, папулярызавала сьведчаньні беларускай гісторыі, этнаграфіі, мастацтва.

У канцы 1944 году музэй, які дзесяцігодзьдзямі назапашваў, зьберагаў і экспанаваў скарбы беларускай культуры, быў ліквідаваны, а ягоныя калекцыі былі падзеленыя супольнай камісіяй паміж ЛетССР і БССР. З боку БССР у камісіі былі асобы не зьвязаныя зь Беларусьсю, якія адбіралі толькі экспанаты на беларускай мове, а ўсё зьвязанае з ВКЛ, найбольш важныя экспанаты, засталіся ЛетССР або вывезеныя ў Маскву.

Remove ads

Аднова ў XXI стагодзьдзі

У 2001 годзе ў Вільні намаганьнямі Сяржука Вітушкі зробленая спроба аднавіць інстытуцыю, у Летувіскай Рэспубліцы зарэгістраванае грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» з дэкляраванымі мэтамі дасьледаваньня старажытнай гісторыі, фіксацыі гістарычнага працэсу і прэзэнтацыі гістарычных ведаў у грамадзтве. Паводле заявы стваральнікаў, сярод якіх былі Галіна Войцік, Сяржук Вітушка, Сяргей Дубавец, Тацьцяна Поклад, Людвіка Кардзіс)[2]:

" Сваю дзейнасьць мы разумеем як працяг віленскай музэйнай традыцыі і таму падкрэсьліваем — мы ня проста ствараем — мы адраджаем Віленскі Беларускі Музэй "

Віленскі беларускі музэй больш за два дзесяцігодзьдзі займаўся зборам і захоўваньнем прадметаў даўніны, рукапісаў, дакумэнтаў, фатаграфіяў і іншых сьведчаньняў жыцьця і дзейнасьці беларусаў розных пакаленьняў[3].

Пасьля падзеяў 2020 году і масавай эміграцыі зь Беларусі, беларускае жыцьцё ў Вільні адрадзілася з новай сілай. У 2021 годзе гэтае грамадзкае аб’яднаньне атрымала памяшканьне па вуліцы Віленскай, 20. Па думку заснавальнікаў, яны аднавілі сымбаль багатага гістарычнага мінулага і асяродак культурнага жыцьця беларусаў у Вільні, працягнуць збор нацыянальнай спадчыны і працу над ейнай папулярызацыяй. Дырэктарка музэю — Людвіка Кардзіс[4].

4 жніўня — 16 верасьня 2021 года ў музэі адбылася ягоная першая выстава «Чаму воля гэта жанчына», на якой выстаўляліся працы беларускіх мастачак Зоі Коўш, Жанны Гладко, Сьвятланы Петушковай, Алесі Жыткевіч ды Анон, а таксама творы саміх наведвальнікаў.

Другая выстава (5 сьнежня 2021 году) была прысьвечаная 115-годзьдзю «Нашай Нівы», заснаванай Іванам Луцкевічам, і 100-годзьдзю самога музэю. Выстава «Музэй Івана Луцкевіча праз аналіз дадзеных і згадкі ў прэсе» прадставіла статыстычныя дадзеныя аб дзейнасьці беларускага музэю ў міжваенны час, сабраныя на аснове кнігі ўліку наведнікаў і тагачаснай віленскай прэсы (куратарка Паўліна Вітушчанка, візуалізацыя дадзеных Ігар Яноўскі). Разам з тым 10 сьнежня адбылася і навуковая міні-канфэрэнцыя «Віленскі музэй сто гадоў таму»[5].

Цяпер у адноўленым музэі арганізуюцца выставы жывапісу, фатаграфіі і кніжнай графікі, ладзіліся прэзэнтацыі кнігаў Уладзімера Някляева, Вольгі Гапеевай, Юрыя Дзікавіцкага, выдавецтва "Скарына" (Лёндан), канцэрты Зьмітра Бартосіка, Зьмітра Вайцюшкевіча, Андрэя Хадановіча, паэтычныя фэстывалі, майстэрні, спэктаклі, адкрыліся шматлікія гурткі, бібліятэка. Быў выдадзены гід «Вільня фальклёрная»[6].

Remove ads

Зборы

Зборы сучаснага ВБМ імя І. Луцкевіча захоўваюць[7]:

• Асабістыя дакумэнты і рэчы віленскіх беларускіх дзеячаў, асабістыя рэчы віленскіх беларусаў ад пачатку ХХ ст., асабістыя дакумэнты ад 1904 г., мэблю віленскіх беларускіх дзеячаў (буфэты, камода, канапа, шафа, стол, крэслы) ад канца XIX ст.

• Эпісталярны фонд, ліставаньне з фронту Першай сусьветнай вайны, з сталінскіх лягераў, асабістая перапіска беларускіх дзеячаў з міжваеннага часу да позьніх савецкіх гадоў.

• Этнаграфічныя запіскі ХХ ст. Вышыванкі 1920-30-х, а таксама зробленыя ў сталінскіх лягерах, тканыя рушнікі пачатку ХХ ст., адзін саматканы рушнік з калекцыі старога Беларускага музэю, саматканую вопратку пач. ХХ ст. Касэты з аўдыё і відэа запісамі інтэрв’ю зь віленскімі беларус-к-амі.

• Літаратурныя пераклады Язэпа Шнаркевіча, зробленыя ў лукіскай турме ў 1927, рукапісы мэмуараў беларускіх дзеячаў другой паловы ХХ ст.

• Фотаздымкі, у тым ліку здымкі віленскіх беларускіх арганізацыяў першай паловы ХХ ст., здымкі беларускіх дзеячаў з асабістых архіваў, фотаальбомы беларускіх дзеячаў.

• Беларускія кнігі, выдадзеныя ў Вільні, а таксама ў Коўне, Менску і Санкт-Пецярбургу ў пачатку ХХ ст., мастацкую і навуковую літаратуру, падручнікі, беларускія газэты, выдадзеныя ў Вільні і Менску ў 1910—1944 гг., кнігі на розных мовах канца ХІХ ст., малітоўнікі 1930-х, 1944 г.

• Паштоўкі, календары ад 1920-х гг., карты Віленскага краю і ваколіцаў 1915, 1930, 1942 гг. Вучнёўскія сшыткі Віленскай беларускай гімназіі 1927 г.

• Жывапіс і малюнкі Пётры Сергіевіча, карціны іншых беларускіх мастакоў 1970—2000 гг., абразы пачатку ХХ ст.

• Архіў недзяржаўных менскіх беларускіх арганізацыяў канца 1980-х гг., самвыдатныя менскія газэты канца 1980-х гг., архіў жнівеньскіх падзеяў у Беларусі, які музэю перадала рэдакцыя «Нашай нівы», каля 1500 здымкаў і відэаматэрыялаў за 2020—2022 гг.

Пры музэі ёсьць бібліятэка мастацкай, краязнаўчай, гістарычнай літаратуры ад савецкага пэрыяду да сучаснага, якая зьмяшчае больш за 3000 асобнікаў па-беларуску і пра Беларусь. Выданьні ўнесеныя ў электронны каталёг[8].

Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads