Гарошкаў (Хвойніцкі раён)
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Гаро́шкаў[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Паселіцкага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага


Ці не найранейшая пакуль што зьвестка пра вёску маецца ў судовым дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 году. Тады пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Астраглядаўскіх добраў, паклікаў у суд панства маці і сына Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле адабралі валоў у людзей з Гарошкава, Карчовага, Малішава, Паселічаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Паселічы, Малішаў[a][2]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Гарошкавам) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасьня 1631 — 26 студзеня 1632 году пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтку Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[c] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку частка вёскі названа новым Гарошкавам[3].
Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны. У інвэнтары 1698 г. маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Гарошкаў, а таксама Малішаў, Карчовае ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste)[4]. Няма ніякіх зьвестак пра гарошкаў ў рэвізыі 1716 году і ў інвэнтары 1721 году, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча. Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.
Расейская імпэрыя

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гарошкаў — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. Паводле рэвізіі 1795 года, тут было 10 двароў з 41 душой мужчынскага і 39 жаночага полу прыгонных сялянаў. Прозьвішчы жыхароў: Данец, Бурак, Лабада, Прыходзька, Бардак, Ганчарэнка[6]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, вёска Гарошкаў названая сярод паселішчаў у складзе Хвойніцкіх добраў Людвіка Прозара[d], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Люізе Прозаравай[7].
Паводле інвэнтару Хвойніцкага маёнтку Ўладыслава Прозара 1844 года, вёска Гарошкаў належала да фальварку Валоцкі, мела 18 двароў, 126 жыхароў[8]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» Гарошкаў са сваімі 105 вернымі абодвух полаў пазначаны ў прыходзе Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы[9].
У парэформавы час Гарошкаў – у Хвойніцкай воласьці. У пачатку 1870 года тут налічвалася 57 мужчынскіх душ сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Гарошкаўскага сельскага таварыства[10]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 72 асобы мужчынскага і 76 жаночага полу з 18 двароў вёскі Гарошкаў[11][e]. Згодна зь перапісам 1897 году, паселішча налічвала 35 двароў, 245 жыхароў, існавалі капліца і хлебазапасны магазын[8]. На 1909 год у вёсцы Гарошкаў Хвойніцай воласьці было 40 двароў, 253 жыхары[12]. У 1917 годзе — 52 двары з 307 жыхарамі.
Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Беоасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарошкаў, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[13].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Гарошкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 22 і 44 вучні[14]. У 1926 годзе вёска налічвала 76 двароў з 364 жыхарамі.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Гарошкаў — цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі БССР. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Карчоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Гарошкаве быў 81 двор з 390 жыхарамі. У траўні-чэрвені 1943 году карнікі з баявой групы В. Шымана спалілі вёску і зьнішчылі 13 чалавек[15]. 19 вяскоўцаў загінулі на франтах[16].
8 студзеня 1954 году Гарошкаў — у складзе Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, вёска з насельніцтвам 191 жыхар належала да Забалацкага сельсавету. На 1970 год — у складзе Паселіцкага сельсавету, 154 жыхары[8].
Ліквідавана 21 верасьня 2010 году[17].
Remove ads
Заўвагі
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads