Глеб Лабадзенка
беларускі журналіст From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Глеб Паўлавіч Лабадзенка (нарадзіўся 9 ліпеня 1986 году; Менск, цяпер Беларусь) — беларускі журналіст і паэт. Ляўрэат адной журналісцкай прэміі І ступені («Вольнае слова-2008» 2009 г.) і дзьвюх пісьменьніцкіх («Залаты апостраф» 2004 г. і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча 2013 г.). Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (2018). Напісаў вершы і беларускія пераклады для песьняў шматлікіх выканаўцаў і музычных гуртоў: HandmadE, Rahis, «The Stokes», Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак[1].
Remove ads
Жыцьцяпіс
Зь верасьня 1993 г. навучаўся ў сярэдняй школе № 126 Менску (вул. Янкі Маўра, д. 35)[2], дзе атрымаў базавую адукацыю (8 клясаў, чэрвень 2002 г.). У 2000 г., у 13-гадовым узросьце, пачаў працаваць журналістам. У 2002 г., у 16-гадовым узросьце, стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Зь верасьня 2001 г. навучаўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які скончыў у чэрвені 2004 году. 4 траўня 2003 г. атрымаў ганаровую грамату ў якасьці фіналіста літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, які ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар[3]. У якасьці ўзнагароды яго творы ўвайшлі ў зборнік «12+1».
25 сакавіка 2004 г. атрымаў літаратурную прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» ад часопіса «Дзеяслоў»[4] за цыкль празаічных мініятураў «Запісы ў нататніку Манэ»[5]. 23 красавіка атрымаў галоўную ўзнагароду літаратурнага конкурса «Я маю твор» на фэстывалі «Дзень Зямлі», які ладзілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь і грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі зялёны крыж». 2 траўня перамог у конкурсе маладых літаратараў «Твор пра каханьне» імя Франчэска Пэтраркі, які ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар[6]. У якасьці ўзнагароды яго творы ўвайшлі ў зборнік «Формула каханьня».
Зь верасьня 2004 г. навучаўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ), які скончыў у чэрвені 2009 году. Адначасна ў 2004—2008 гг. працаваў журналістам у расейскамоўнай газэце «Камсамольская праўда ў Беларусі». На пачатку лістапада 2005 г., у 19-гадовым узросьце выдаў уласную кнігу «Пагер-вершы», якую 7 сьнежня прадставіў у Менску ў Доме літаратара[7]. У 2006 г. стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў. У 2007 г. скончыў аддзяленьне філязофіі і літаратуры Беларускага калегіюма. 4 сьнежня пачаў весьці ўласны блог. У 2008 г. стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, адкуль быў выключаны ў 2019 годзе.
У 2009—2011 гг. працаваў журналістам беларускамоўнай газэты «Зьвязда». 4 траўня 2009 г. атрымаў журналісцкую прэмію за 2008 год I ступені за найлепшы інфармацыйны матэрыял[8] пра сучасных прадстаўнікоў роду Радзівілаў, 10 прадстаўнікоў якога прывёз у Беларусь. У чэрвені 2010 г. паступіў у магістратуру Інстытута журналістыкі БДУ[9], якую скончыў у чэрвені 2011 году. 13 жніўня 2010 г. у Фарным касьцёле Божага Цела ў Нясьвіжы (Менская вобласьць) абвянчаўся з 20-гадовай Тацянай Шапуцькай. Адмысловымі гасьцямі былі княгіня Эльжбета Радзівіл, сьпевакі Лявон Вольскі і Кася Камоцкая[10]. У шлюбе мае двух сыноў і дачку.
23 студзеня 2013 г. прадставіў сваю кнігу «Дзіцячая заМова»[11], якую ў сувязі з посьпехам перавыдаў у 2015 годзе. 21 сакавіка 2013 г. атрымаў за кнігу спэцыяльную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ад Саюза беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру і фонда «Вяртаньне»[12]. 13 студзеня 2014 г. у менскай галерэі «Ў» разам з Алеся Літвіноўскай заснаваў бясплатныя штотыднёвыя вечаровыя курсы беларускай мовы «Мова нанова» (пр. Незалежнасьці, д. 37а)[13]. 26 чэрвеня атрымаў на Фэстывалі беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі «Аднак» галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Грамадзказначныя праекты» за стварэньне курсаў «Мова нанова»[14], якія 27 лістапада атрымалі дзяржаўны ўлік у якасьці юрыдычнай асобы. Зь 1 студзеня 2015 г. пасьля 4-месячнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на курсах «Мова нанова» да абслугоўваньня на беларускай мове перайшла найбольшая ўласнабеларуская прыватная сетка АЗС «А-100» (35 аўтазаправак)[15]. У сакавіку выдаў кнігу «Дзіцячая заМова-2», якую прадставіў 14 красавіка[16]. У кастрычніку 2017 году стаў ініцыятарам усталяваньня першага ў Беларусі помніка Тадэвушу Касьцюшку каля ягонай роднай сядзібы ў Марачоўшчыне (Івацэвіцкі раён). У зборы грошай паўдзельнічала больш за 700 чалавек. Помнік урачыста адкрыты 12 траўня 2018 году на дзяржаўным узроўні, з удзелам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Міністэрства замежных справаў.
Remove ads
Бібліяграфія
- Пагер-вершы = Pager-вершы / рэд. Андрэй Хадановіч. — Вільня: Гудас, 2005. — 88 с. — 300 ас. — ISBN 998-6951-95-Х
- Дзіцячая заМова / рэд. Рыгор Барадулін. — Менск: Паперус, 2013. — 148 с. — 2000 ас.
- Дзіцячая заМова-2. — Менск: 2015. — 132 с.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads