Гомельскі вагонабудаўнічы завод
машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Го́мельскі ваго̀набудаўні́чы заво́д — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лютым 1874 году ў якасьці «Гомельскіх чыгуначных майстэрняў».
На 2025 год «Гомельскі ВБЗ» вырабляў каля 5000 найменьняў аснасткі і абсталяваньня для вагонаў, а таксама ажыцьцяўляў дэпоўскім і капітальны рамонт звыш 150 відаў вагонаў, у тым ліку з заменай кузава. Быў найбольшым вагонарамонтным прадпрыемствам Беларусі і адным з найстарэйшых прадпрыемстваў галіны і Гомля. Пераабсталяваньне вагонаў для Беларускай чыгункі каштавала на 50 % таньней за новыя вагоны. Сярод іншага, выпускаў сумешчаныя вагоны-дэфэктаскапіі і пасажырскія вагоны, у тым ліку ад 2008 году зьбіраў купэйныя вагоны на 40 паяжджанаў[5]. На пачатак 2025 году налічваў 1167 супрацоўнікаў[6]. Меў цэнтральную заводзкую лябараторыю і 9 цэхоў: транспартны і энэргасілавы, а таксама 7 вытворчых — разборна-камплектавальны, вагоназборчы, колава-цялежачны, кавальска-мэханічны, дрэваапрацоўчы, электрарамонтны і чыгуналіцейны[7].
Remove ads
Вырабы
На 2025 год «Гомельскі вагонабудаўнічы завод» вырабляў 12 відаў вагонаў, зь іх 9 адмысловага прызначэньня[8]:
- пляцкартныя вагоны мадэлі 61-779П-Б з дыскавым тормазам і базай кузава ў 19 м, якія маглі зьмясьціць па 58 паяжджанаў у 10 боксах з паліцамі і падваконнымі столікамі[9];
- купэйныя вагоны мадэлі 61-779 зь 10 чатырохмясцовымі купэ зь мяккімі канапамі і верхнімі паліцамі[10];
- спальныя вагоны мадэлі 61-779А зь 10 двухмясцовымі купэ зь мяккімі канапамі і падваконнымі столікамі[11];
- назіральныя вагоны для агляду чыгуначнага шляху і прыладаў сыгналізацыі, блякаваньня і сувязі на ім[12];
- вагоны-кухні з працоўным тамбурам і прыбіральняй, службовым, кацельным, мыйным і машынным аддзяленьнямі, касым і вялікім калідорамі, каморай хуткапсавальных прадуктаў, халодным і гарачым цэхамі[13];
- вагоны-дэфэктаскопы з дызэльным, электрашчытавым і апэратарскім памяшканьнямі, майстэрняй і 2-мясцовым жылым купэ, кухняй і мэбляваным салёнам, прыбіральняй і кацельным аддзяленьнем, тамбурам і вазком[14];
- экіпіровачнікі лякаматыва ў складзе пескасушыльнага, пескараздатачнага і раздатачнага вагонаў[15];
- дэфэктаскопы-шляхавымяральнікі (СвДП) для ўльтрагукавога выяўленьня хібаў рэек Р50, Р65 і Р75, а таксама рэйкавай каляіны ў пляне і профілі пад дынамічнай нагрузкай[16];
- вагоны-электрастанцыі з 2-ма дызэль-генэратарнымі ўстаноўкамі магутнасьцю па 200 кілявольт-ампэр (кВА), паліўнымі бакамі на 2000 літраў і скрынямі для вугалю, а таксама вонкавым уводам у электрасетку напругай 380 вольтаў і магутнасьцю 100 кіляватаў з 50-мэтровым кабэлем[17];
- вагоны-лябараторыі аўтаматыкі і радыёсувязі з 2-ма радыёстанцыямі і бакавымі пражэктарамі[18][19] вымяральных салёнаў, двума 4-мясцовымі купэ і купэ праваднікоў, кухняй і мэбляванай сталовай[20];
- шляхадасьледчыя станцыі ЦНДІ-4 для замеру звыш 20 паказьнікаў на дарожным і сеткавым узроўні, у тым ліку бакавога зносу рэек, стыкавых зазораў, цеплыні рэек, няроўнасьці на паверхні катаньня рэек і адхіленьняў у прасторавай мапе ўнутранай паверхні тунэля[21];
- вагоны суправаджэньня цягніка для брыгады шляхавай машыннай станцыі (ШМС) з 2-мясцовымі жылымі купэ, душавым пакоем і кухняй[22].
Таксама на заводзе выпускалі:
- грузавыя і пасажырскія колавыя пары РУ1Ш-957-Г і РУ1Ш-957-П, у тым ліку з рэдуктарам ад сярэдняй часткі восі[23];
- звыш 100 найменьняў запасных частак, у тым ліку тармазныя калодкі для вагона, дрызіны і маторвагона, ланцугі расчапнога прываду, затрымальныя шайбы, валікі рычажной перадачы, валы рэдуктара і расчапныя рычагі[24];
- звыш 100 найменьняў дэталяў сталёвага ліцьця, у тым ліку кранштэйны і рычагі, карпусы падшыпніка і шарніра[25];
- энэргакантэйнэры мадэлі 1СС-ЭГК-2.80 для самастойнага сілкаваньня буйнатанажных рэфрыжэратарных кантэйнэраў на чыгуначных вагонах-плятформах у складзе грузавога цягніка[26].
Remove ads
Паслугі
На 2025 год «Гомельскі вагонабудаўнічы завод» ажыцьцяўляў:
- дэпоўскі, капітальны і капітальна-аднаўленчы рамонт пасажырскіх вагонаў з вадзяным і камбінаваным ацяпленьнем ды кандыцыяваньнем паветра, у тым ліку прыгарадных і спальных вагонаў, а таксама вагонаў-рэстаранаў і жорстка-адкрытых вагонаў[27];
- дэпоўскі і капітальны рамонт багажных, паштовых і паштова-багажных вагонаў з вадзяным і камбінаваным ацяпленьнем[28];
- капітальны рамонт зь пераабсталяваньнем 12 відаў адмысловых вагонаў — вагонаў-шляхавымяральнікаў ЦНДІ-2 і ЦНДІ-4МД, ультрагукавых, магнітных і сумешчаных вагонаў-дэфэктаскопаў, помпавых вагонаў ПАСП, мостадасьледчых станцыяў, лябараторыяў дэфэктаскапіі і мэтралёгіі, вагонаў-інтэрнатаў шляхавай машыннай станцыі (ШМС), вагонаў суправаджэньня шляхавых машынаў і вагонаў-сталовых ШМС[29];
- капітальны рамонт 8 відаў спэцыяльнага самаходнага рухомага складу (ССРС) — грузавых кранавых дрызінаў ДГКу і ДГКу-5, пагрузачна-транспартных матавозаў МПТ-4 і МПТ-6, дызэльных мантажных і грузавых дызэльгенэратарных аўтаматрысаў АДМ-1.3 і АГД-1А з грузавым прычэпам УП-4, шляхавых маторных мутэркавёртаў ПМГ, аўтадрызінаў АС-1А, сьнегаачышчальных цягнікоў СМ-2 і шляхарамонтных лятучак ПРЛ 3/2 і 4[30];
- рамонт колавых параў РУ1Ш і РУ1 з заменай восі і колаў, з абточкай колаў, з усталёўкай падшыпніка і буксы, з аднаўленьнем накіравальных карпусоў буксы, наплаўкай апорных паверхняў і аднаўленьнем сьлізгальных паверняў корпуса буксы, а таксама з аднаўленьнем разьбы восі[31].
Сярод іншага, «Гомельскі ВБЗ» аказваў паслугі:
- лябараторнага вымярэньня шкоднасьці вытворчага асяродзьдзя на працоўным месцы ў выглядзе хімічных рэчываў, шуму, вібрацыі, інфрагуку, мікраклімату, асьветленасьці, электрамагнітанага і электрастатычнага палёў, а таксама ўльтрафіялетавага выпраменьваньня[32];
- замоўнай вытворчасьці 10 вырабаў з мэталу — уваходных дзьвярэй і кратаў для вокнаў, гаражных і дваровых брамаў, зьліваў з дахаў і каркасаў для цяпліцаў, навесаў і паліцаў, стэлажоў і плоту;
- вытворчасьці 10 драўляных вырабаў — уваходных і міжпакаёвых дзьвярэй, абшыўкі (вагонкі) і брусу, падлогавага і столевага плінтусу, падлогавай дошкі (бруска), ваконнай і дзьвярной ліштвы, ваконных і гаўбцовай рамаў;
- вытворчасьці 5 відаў мэблі з лямінаванай пліты — кампутарных і пісьмовых сталоў, корпуснай офіснай мэблі, шафаў для адзеньня і дакумэнтацыі;
- вырабу 4-х відаў абрадавай мэблі — столікаў, лаваў, адна- і 2-мясцовай агароджы[33];
- 6 відаў паслугаў лекаваньня — электралекаваньня, сьвятлолекаваньня, ультрагукавога дасьледаваньня, аталярынгалёгіі, гінэкалягічныя і стаматалягічныя[34];
- грамадзкага харчаваньня на 80 месцаў у сталовай[35].
Remove ads
Мінуўшчына
У 1872 годзе ў Гомлі запрацавалі чыгуначная майстэрня[36]. У лютым 1874 году Лібава-Роменская чыгунка заснавала ў Магілёўскай губэрні «Гомельскія чыгуначныя майстэрні» для рамонту паравозаў і вагонаў чыгункі Паўночна-Заходняга краю. Майстэрні наймалі звыш 600 працаўнікоў, што рабіла іх найбольшым прадпрыемствам у горадзе[37]. Прадпрыемства ўлучала 7 цэхоў: паравозазборачны, вагонны, кавальскі, чыгуналіцейны, колавы, такарна-інструмэнтальны і дрэваапрацоўчы[38]. У 1902 годзе пабудавалі паракацельню з электрастанцыяй, якая да 1934 году забясьпечвала электраэнэргіяй Гомельскі чыгуначны вузел. У 1914 годзе на плошчах «Гомельскіх чыгуначных майстэрняў» таксама разьмясьцілі вывезеныя Лібаўскія майстэрні (Курляндзкая губэрня)[37].
У 1924 годзе «Гомельскія чыгуначныя майстэрні» аднавілі даваенную вытворчасьць. Ад 1925 году павялічылі магутнасьць электрастанцыі і кампрэсарнай станцыі. Пачалі ўзьвядзеньне новага будынку завода і асвоілі вытвочасьць запчастак для сельскагаспадарчай тэхнікі. Таксама ўзьвялі жытло для працаўнікоў. У 1929 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Гомельскі паравозарамонтны завод»[37]. У 1930-я гады больш як 3000 работнікаў штогод рамантавалі каля 200 паравозаў і 600 пасажырскіх вагонаў, а таксама выраблялі 9000 запасных частак[38]. Да 1940 году лік занятых перавысіў 4000 чалавек, што зрабіла прадпрыемства адным з найбольшых у галіне. У 1941 годзе завод вывезьлі на «Ўфімскі паравозарамонтны завод» (Башкірская АССР, Расейская СФСР). У 1943 годзе пачалі аднаўленьне вытворчасьці ў Гомлі. У ліпені 1944 году прадпрыемства перайменавалі ў «Гомельскі вагонарамонтны завод», першую чаргу якога аднавілі ў 1946 годзе[37].
У 1954 годзе вытворчасьць перасягнула даваенны ўзровень. На заводзе ўкаранілі машынную зборку і безупыненнае заліваньне. У 1957 годзе вытворчасьць перавысіла праектную магутнасьць. Кацельню і награвальныя печы цэхоў перавялі на зь цьвёрдага на вадкае паліва. Пабудавалі жытло для работнікаў. Дзейнасьць засяродзілі на рамонце цэльнамэталічных вагонаў (ЦМВ), у тым ліку багажных, паштовых і купэйных. У 1960 годзе на заводзе працавала 1680 чалавек. У 1961 годзе стварылі аддзяленьне пакрыцьця паверхняў дэталяў вагонаў, дзе асвоілі падводнае паліраваньне. Запусьцілі вывадное і эмалявальнае аддзяленьні. Таксама завод газіфікавалі і стварылі ўчастак адліўкі дэталяў з алюміну. У 1964 годзе ўвялі ў дзеяньне цэх разборкі вагонаў і камплектаваньня дэталяў і вузлоў, а таксама перавялі ацяпленьне з паравога на вадзяное. Сярод іншага, пабудавалі дом для працаўнікоў[37].
У 1968 годзе стварылі ўчастак дакладнага стольнага ліцьця. Таксама запусьцілі электрарамонтны цэх і ўзьвялі будынак ролікавага аддзяленьня. Пазьней ўвялі ў дзеяньне вылічальную тэхніку і пабудавалі дзіцячы сад-ясьлі, сталовую, спартзалю, клюб і базу адпачынку. Сярод іншага, усталявалі станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) і стварылі аддзел аўтаматызаванай сыстэмы кіраваньня прадпрыемствам (АСКП). Асвоілі пераабсталяваньне вагонаў з драўляным корпусам і адмысловага прызначэньня. У 1977 годзе ўтварылі інструмэнтальны цэх мэталічных вырабаў. Неўзабавалі адчынілі новы будынак транспартнага цэху. У 1980 годзе ўкаранілі сеткавы графік рамонту ваггонаў. Таксама асвоілі выраб спажывецкіх тавараў. У 1983 годзе стварылі гасразьліковы ўчастак нестандартнага абсталяваньня. У 1987 годзе завод выпусьціў 1143 цэльнамэталічных вагонаў[37].
У 1991 годзе асвоілі пераабсталяваньне міжабласных вагонаў і вагонаў СВ. Утварылі ўчастак палімэрнага пакрыцьця дэталяў і раскройна-прэсавы ўчастак. Пры заводзе адчынілі крамы. Заснавалі ўчастак разборкі вагонаў і камплектаваньня (УРВК). Пачалі самастойны выраб абсталяваньня і аснасткі[37]. На 1997 год завод пераважна пераабсталёўваў пасажырскія вагоны ў тэхнічна-службовыя, мостадасьледчыя, флюараграфічныя, лятучай сувязі, бізнэс-клясныя і радыёстанцыйныя. Вырабляў звыш 1000 найменьняў вагонных запчастак[39]. У 2000 годзе пачалі вытворчасьць пасажырскіх вагонаў сумесна з «Крукаўскім вагонабудаўнічым заводам» (Крамянчук, Украіна). 1 студзеня 2002 году пачалі рамонт кузава пасажырскіх вагонаў вытворчасьці «Цьвярскога ВБЗ» (Расея). У 2008 годзе асвоілі зборку купэйнага вагона. У 2009 годзе выпусьцілі першы спальны вагон. У сьнежні 2010 годзе выйшаў першы цьвёрда-адкрыты пляцкартны вагон. Сярод іншага, пачалі вытворчасьць самаходнай шляхавай тэхнікі[37].
5 ліпеня 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 308 «Аб пераўтварэнні рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства», паводле якога «Крукаўскі вагонабудаўнічы завод» украінскага банкіра Сяргея Цігіпкі набыў 15 % паёў «Гомельскага вагонарамонтнага заводу» за 7,267 млрд рублёў (1,46 млн даляраў). Беларуская чыгунка атрымала ў кіраваньне 85 % паёў[40]. 11 лістапада 2011 году ўстаноўчы сход пераўтварыў прадпрыемства ў закрытае акцыйнае таварыства «Гомельскі вагонабудаўнічы завод». 28 лістапада 2011 году свабодная эканамічная зона «Гомель-Ратон» унесла прадпрыемства ў Адзіны дзяржаўны рэгістар юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў пад уліковым нумарам плацежніка 400069471[37]. Да чэрвеня 2013 году пачалі вырабляць колавыя пары і сталёвае ліцьцё, якія складалі 40 % вагона[41].
У 2021 годзе штомесяц рамантавалі звыш 50 вагонаў, зь якіх звыш 40 % належалі «Казахстанскай чыгунцы»[42]. У 2023 году вэб-бачына прадпрыемства займела беларускамоўную вэрсію пасьля звароту грамадзянаў[43].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads