Беларуская чыгунка
дзяржаўнае аб’яднаньне Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Беларуская чыгунка — дзяржаўны апэратар чыгуначных лініяў у Беларусі, заснаваны ў траўні 1936 году ў Гомлі.
Была дзяржаўным аб’яднаньнем у падпарадкаваньні Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі, у склад якога ўваходзілі 84 арганізацыі і 3 прадстаўніцтвы. Начальнік чыгункі прызначаецца прэзыдэнтам, ягоныя намесьнікі ды галоўны інжынэр — урадам. З 2024 г. пасаду начальніка займае Валер Вярэніч. У 2013 г. Беларуская чыгунка ажыцьцявіла 68% грузавых і 38% пасажырскіх перавозак у краіне. Агульная працягласьць галоўных шляхаў БЧ складала больш за 7 тыс. км, электрыфікаваных лініяў — больш за 899 км [1]. На 1 студзеня 2012 году мела ў валоданьні 1691 пасажырскі вагон і 28 643 грузавых вагоны. Сярод грузавых вагонаў было 7027 цыстэрнаў (25%), 6914 паўвагоны (23%), 4617 крытых (16%), 2914 плятформы (10%) і 7171 іншых відаў[2].
Remove ads
Управа

Менскае
Баранавіцкае
Берасьцейскае
Віцебскае
Гомельскае
Магілёўскае
На 2021 год Управа Беларускай чыгункі налічвала 29 службаў і аддзелаў:
- 26 службаў — 1) агульнатэхнічную, 2) арганізацыі і плянаваньня капітальнага будаўніцтва, 3) арганізацыі працы і заробкаў, 4) арганізацыйна-кадравай працы, 5) аховы працы і прамысловай бясьпекі, 6) бухгальтарскага ўліку і мэтадалёгіі, 7) бясьпекі руху цягнікоў, 8) вагоннай гаспадаркі, 9) вонкавых сувязяў, 10) грамадзянскіх збудаваньняў, 11) грузавой працы і вонкаваэканамічнай дзейнасьці, 12) інфармацыйных тэхналёгіяў, 13) кантрольна-рэвізійную, 14) кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю, лякаматыўнай гаспадаркі, 15) пасажырскую, 16) перавозак, 17) прамысловага забесьпячэньня, 18) справаводзтва і кантролю выкананьня, 19) стандартызацыі, мэтралёгіі, сэртыфікацыі і кіраваньня якасьцю, 20) статыстыкі, 21) сыгналізацыі і сувязі, 22) тэхнічнай палітыкі і інвэстыцыяў, 23) фінансава-эканамічную, 24) шляху, 25) электрыфікацыі і электразабесьпячэньня, 26) юрыдычную;
- 3 аддзелы — 1) арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасьці, гандлю і грамадзкага харчаваньня 2) ідэалёгіі і сацыяльна-культурнай працы, 3) рэжыму[3].
Remove ads
Падпарадкаваныя ўстановы
У склад дзяржаўнага аб’яднаньня ўваходзяць:
- 6 аддзяленьняў — Баранавіцкае (Берасьцейская вобласьць), Берасьцейскае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае ды Менскае;
- прадпрыемствы — «Белінтэртранс», «Белтрансаўтаматыка», «Белчыгунзаб», «Белчыгунпраект», «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», «Гомельчыгунтранс», «Дарвадаканал»;
- саўгас «Рачковічы» (вёска Лядна, Слуцкі раён, Менская вобласьць);
- Аршанскі (Віцебская вобласьць), Берасьцейскі ды Гомельскі каледжы чыгуначнага транспарту;
- разьліковы інфармацыйны цэнтар, лекарска-санітарная служба, цэнтральная ды дарожная стаматалягічная паліклінікі, дарожная аптэка;
- 7 шляхавых машынных станцыяў — № 71 (мястэчка Пятрышкі, Менскі раён), № 78 (Ворша), досьледная № 115 (Баранавічы), № 116 (пасёлак Іпуць, Гомельскі раён), № 117 (горад Жлобін, Гомельская вобласьць), № 118 (Віцебск), №289 (Берасьце).
Remove ads
Задачы
Паводле Статуту задачамі Беларускай чыгункі ёсьць:
- забесьпячэньне бясьпекі руху цягнікоў;
- павышэньне якасьці абслугоўваньня пасажыраў;
- разьвіцьцё сродкаў чыгункі;
- утрыманьне ў спраўным стане збудаваньняў і прыладаў чыгункі;
- ахова навакольнага асяродзьдзя ад забруджваньня чыгункай;
- забесьпячэньне боегатоўнасьці чыгункі.
Паўнамоцтвы

Сярод паўнамоцтваў Беларускай чыгункі:
- вызначэньне чыгуначных перавозак;
- пералічэньне прыбытку ў дзяржаўны каштарыс;
- запазычваньне ў банкаў ды выпуск каштоўных папераў;
- складаньне прапановаў у Міністэрства транспарту і камунікацыяў;
- вызначэньне сваёй будовы, колькасьці ды ўмоваў аплаты працы супрацоўнікаў;
- вядзеньне адзінага разьліку з урадам ды выканаўцамі паслугаў;
- узгадненьне вонкавагаспадарчай дзейнасьці падпарадкаваных установаў[4].
Remove ads
Тэхнічныя характарыстыкі
Эксплюатацыйная даўжыня чыгункі складае 5491,1 км, зь іх электрафікаваных — 1012,3 км (па стане на 1 студзеня 2015 году). Шляхавая гаспадарка Беларускай чыгункі складае каля 12 тыс. км чыгуначных шляхоў, зь якіх 7,2 тыс. км — галоўныя шляхі, 12,5 тыс. — стрэлачныя пераводы, 1902 — масты й шляхаправоды, 1803 — чыгуначныя пераезды.
Сярэднегадавы аб’ём перавозкі пасажыраў складае 90 млн чалавек[5].
Remove ads
Мінуўшчына

13 траўня 1936 году ў Гомлі (Беларуская ССР) стварылі Ўправу «Беларускай чыгункі», якая падпарадкоўвалася Народнаму камісарыяту шляхоў зносін СССР і ахоплівала чыгуначныя лініі на паўднёвым усходзе Беларускай ССР[6]. У верасьні 1943 году на загад НКШЗ Савецкага Саюзу ў Бранску (Расейская СФСР) ўтварылі апэрацыйную групу на чале з начальнікам «Беларускай чыгункі» Нілам Краснабаевым (1910—2004). 15 лістапада 1943 году тая група пераехала ва Ўнечу (Бранская вобласьць). 26 лістапада ўправа «Беларускай чыгункі» прыбыла ў Гомель, дзе разьмясьцілася ў Навабеліцкім раёне[7].
У 1945 годзе ўправа будаўніча-аднаўленчых працаў «Беларускай чыгункі» ўлучала 8 дзялянак і галоўныя рамонтна-мэханічныя майстэрні на гомельскай станцыі Іпуць. Налічвалася 5744 працаўнікоў. Да пачатку 1945 году аднавілі сартавальную горку ў Гомелі і 10 чыгуначных вакзалаў на станцыях Добруш, Навабеліцкая, Закапыцьце (Добрускі раён), Рагачоў, Быхаў, Камунары, Бялынкавічы (Касьцюковіцкі раён), Крычаў, Чавусы і Лупалава (Магілёў). У Гомельскім чыгуначным вакзале надбудавалі 2-і паверх. У 1950 годзе грузаабарот «Беларускай чыгункі» перавысіў узровень 1940 году[8]. 14 траўня 1953 году «Беларуская чыгунка» аб'ядналася зь «Менскай чыгункай», якую стварылі ў ліпені 1951 году шляхам аб'яднаньня «Берасьце-Літоўскай магістралі» і Менскага аддзяленьня «Заходняй чыгункі» (Смаленск). Пры гэтым управу перанесьлі ў Менск[6]. У 1956 годзе зьвёны шляху з жалезабэтоннымі шпаламі выклалі на дзялянцы Менск — Маладэчна ўпершыню ў Савецкім Саюзе. У 1957 годзе выклалі першы бесстыкавы шлях[9]. На 1958 год «Беларуская чыгунка» налічвала каля 400 чыгуначных станцыяў, зь іх звыш 300 прымалі і адпраўлялі грузы. У 1963 годзе ў сувязі з уводам «Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу» Віцебскае аддзяленьне «Беларускай чыгункі» займела грузавую станцыю з сартавальнай горкай і сартавальным паркам, электрычнай цэнтралізацыяй стрэлак і сыгналаў. Пры гэтым узьвялі прамывачна-прапарачную станцыю з пунктам наліву. Цягам 1950—1970-х гадоў на 25—30 прамежкавых станцыях штогод падаўжалі шляхі да 850—1200 м карыснай даўжыні[10].
У 1960-х гадох «Беларуская чыгунка» пачала пры электрыфікацыю на аснове зьменнага току. 7 сьнежня 1963 году адкрылі рух электрацягніка на перагоне Менск — Аляхновічы (Маладэчанскі раён) працягласьцю 48 км. 5 сьнежня 1966 году — на перагоне Аляхновічы — Маладэчна працягласьцю 30 км. 28 сьнежня 1970 году — на перагоне Менскі — Пухавічы працягласьцю 64 км. 28 лістапада 1971 году — на перагоне Пухавічы — Талька (Пухавіцкі раён) працягласьцю 20 км. У 1971 годзе на Беларускай магістралі ўсталявалі 1-ю ЭВМ «Менск-32». Распараджэньне начальніка «Беларускай чыгункі» лябараторыю электронна-вылічальнай тэхнікі пераўтварылі ў Дарожны вылічальны цэнтар (ДВЦ), першым начальнікам якога стаў В.Е. Сівак. 3 лістапада 1972 году адкрылі рух электрацягніка на перагоне Талька — Асіпавічы (Магілёўская вобласьць) працягласьцю 24 км. 11 сакавіка 1974 году ўкаранілі тэлеграфную сетку сувязі з ЭВМ ДВЦ. 27 сьнежня 1974 году запусьцілі электрацягнік на пераходзе Менск — Барысаў працягласьцю 78 км. 29 сьнежня 1975 году — на пераходзе Менск — Стоўпцы працягласьцю 76 км. У 1975 годзе для толькі заснаванага «Мазырскага НПЗ» узьвялі чыгуначную станцыю Барбароў. У 1978 годзе ДВЦ «Беларускай чыгункі» перайшоў на «Адзіную сыстэму ЭВМ». 27 сьнежня 1979 году адкрылі рух электрацягніка на перагоне Ворша — Краснае (Смаленская вобласьць) працягласьцю 51. У 1979 годзе Віцебскае аддзяленьне «БЧ» пачало зьбіраць зьвесткі апэрацыйным чынам пра панумарную пагрузку і выгрузку вагонаў на станцыях, што начальнік А.Г. Андрэеў упершыню распаўсюдзіў шырэй[11].
18 сьнежня 1981 году запусьцілі электрацягнік на перагоне Ворша — Барысаў працягласьцю 132 км. У 1981 годзе адкрылі рэгулярныя зносіны ўсіх пасажырскіх электрацягнікоў ад Масквы да Менску. 21 сьнежня 1982 году — на перагоне Стоўпцы — Баранавічы (Берасьцейская вобласьць) працягласьцю 90 км. 6 лістапада 1983 году — на перагоне Баранавічы — Берасьце працягласьцю 204 км. У 1984 годзе галоўны ход Масква — Берасьце электрыфікавалі зь перабудовай дзялянак «БЧ» пад грузавы рух. Памежныя дзялянкі Берасьці — Дзяржмяжа і Горадня—Дзяржмяжа электрыфікавалі на пастаянным току ў сувязі са зносінамі на іх польскіх цягнікоў. Даўжыня электрыфікаваных дзялянак «БЧ» дасягнула 875 км, а разгорнутая даўжыня кантактнай сеткі — 2557 км. 21 сьнежня 1984 году Ўказаньнем міністра шляхоў зносін ў Берасьці стварылі ДВЦ экспартна-імпартных перавозак, дзейнасьць якога пашырылі на памежныя пераходы Баранавіцкага аддзяленьня «Беларускай чыгункі» і на весткавыя ўзаеміны з суседнімі краінамі. У 1985 годзе службу электрыфікацыі і энэргетычнай гаспадаркі пераўтварылі ў службу электразабесьпячэньня, а энэргадзялянкі — у дыстанцыі электразабесьпячэньня. За 1960—1980-я гады на ўсіх аддзяленьнях «БЧ» пабудавалі прадольнае электразабясьпячэньне лініямі электраперадачы (ЛЭП) напругай 10 кілявольтаў. Адначасна пабудавалі трансфарматарныя падстанцыі, уклалі сілкавальныя кабэлі і кабэлі тэлекіраваньня. Перабудавалі аўтаблякаваньне на дзялянцы Берасьце — Краснае. У выніку пачало дзейнічаць аддаленае кіраваньне камутавальнымі апаратамі ўсіх прадольных ЛЭП і ЛЭП аўтаблякаваньня. 31 сакавіка 1987 году запусьцілі вылічальны комплекс «Экспрэс-2» для абслугоўваньня пасажырскіх перавозак, які аснасьцілі 2-ма ЭВМ «АС-1045» і зьвязалі з касай папярэдняга продажу квіткоў да 45 дзён у Менску. «Экспрэс-2» месьціўся на станцыі Менск-Сартавальны. У 1989 годзе начальнік «БЧ» выдаў Загад аб праграме працаў «Энэргія», паводле якой усе слупы сеткі напругай 400 вольтаў за 4 гады замянілі з драўляных на бэтонныя[11].
1990-я гады
У 1990 годзе больш моцныя і ашчадныя цеплавозы «2ТЭ10» укаранілі ў грузаперавозках замест састарэлых «ТЭЗ» і «2М62». Ашчадныя цеплавозы «ТЭП70» прыйшлі на замену «ТЭП60» у перавозках паяжджанаў[9]. 14 кастрычніка 1991 году Савет міністраў Беларусі ухваліў Пастанову № 385 «Аб парадку прыняцьця ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь прадпрыемстваў, аб'яднаньняў, арганізацыяў і ўстановаў саюзнага падпарадкаваньня». Паводле 1-га пункту Пастановы, ведамствам Беларусі сумесна зь Камітэтам па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьці пры Савеце міністраў Беларусі даручалася да 1 студзеня 1992 году прыняць у рэспубліканскую ўласнасьць прадпрыемствы саюзнага падпарадкаваньня. Ведамствы сумесна зь Дзяржаўным камітэтам Беларусі па статыстыцы і аналізе мелі ў 10-дзённы тэрмін скласьці пералікі прадпрыемстваў, графікі разгляду дакумэнтацыі па іх прыняцьці ў рэспубліканскую ўласнасьць і ўзгадніць іх зь Дзяржэканомплянам Беларусі і Камітэтам па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю пры Савеце міністраў Беларусі. Згодна з 2-м пунктам прадпрыемствы мелі прымаць у рэспубліканскую ўласнасьць на падставе 2- або 3-баковага акту, які падпісвалі прадстаўнікі прадпрыемства і ўпаўнаважанага рэспубліканскага ведамства і пры патрэбе — прадстаўнік саюзнага органа. У тым акце мелі адлюстраваць паказьнікі вартасьці асноўных і абаротных сродкаў, грашова-гаспадарчай дзейнасьці, у тым ліку валютнай і матэрыяльна-тэхнічнай забясьпечанасьці, дамоваў арэнды, удзелу ў акцыйных таварыствах і іншых гаспадарчых утварэньнях. Дзяржэканомпляну, Камітэту па кіраваньня дзяржмаёмасьцю і Міністэрству фінансаў Беларусі даручалася ў 5-дзённы тэрмін зацьвердзіць форму вышэйзгаданага акта. У 3-м пункце прадугледжвалася, што кіраўнік прадпрыемства на падставе падпісанага акта да 15 сьнежня 1991 году меў унесьці зьмяненьне ва ўстаноўчы дакумэнт прадпрыемства і прадставіць яго на ўлік. Паводле Дадатку да Пастановы, Камітэт па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю пры Савеце міністраў Беларусі вызначаўся ў якасьці галаўнога ведамства па прыняцьці ў рэспубліканскую ўласнасьць прадпрыемстваў транспарту[12]. У выніку 14 кастрычніка 1991 году ўправу «Беларускай чыгункі» падпарадкавалі Камітэту па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю Беларусі[6].
У 1992 годзе «Беларуская чыгунка» стала паўнапраўным сябрам Арганізацыі супрацы чыгунак (АСЧ; Польшча)[9]. 16 жніўня 1993 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 553 «Пытаньні Беларускай чыгункі», паводле якой яе начальнік мусіў мець 5 намесьнікаў, у тым ліку аднаго першага, якіх прызначаў Савет міністраў Беларусі. У 1-м пункце Статуту Беларускай чыгунка 1993 году яна вызначалася як дзяржаўнае аб'яднаньне. Згодна зь 3-м пунктам управа «БЧ» месьцілася ў Ленінскім раёне Менску па вуліцы Леніна, дом 17. Паводле 12-га пункту, начальніка «БЧ» таксама прызначаў Савет міністраў Беларусі[13]. 31 жніўня 1993 году «БЧ» унесьлі ў Адзіны дзяржаўны рэгістар прадпрыемстваў і арганізацыяў (АДРПА) пад уліковым нумарам плацежніка 100088574[14]. У 1993 годзе ўпершыню дзялянку Закапыцьце — Добруш абсталявалі аўтаблякаваньнем сыстэмы ЦАБ. У 1994 годзе «БЧ» уступіла ў Міжнародны зьвяз чыгунак (МЗЧ; Францыя). Таксама ў 1994 годзе лякаматыўныя прадпрыемствы «БЧ» укаранілі вылічальную тэхніку[9]. 23 верасьня 1994 году «Беларуская чыгунка» перайшла ў падпарадкаваньне Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі[6]. Яшчэ ў 1994 годзе «Рыскі вагонабудаўнічы завод» пабудаваў для «БЧ» першы дызэль-цягнік «ДРБ1». У 1995 годзе кантэйнэрны цягнік «Усходні вецер» пачаў хадзіць па маршруце Бэрлін — Берасьце — Масква двойчы на тыдзень[9].
Да 1996 году на электрыфікаваных дзялянках пачалі замену двухмэталічных струнаў на больш даўгавечныя капронавыя. На цягавых падстанцыях аліўныя выключальнікі напругай 27,5 кілявольтаў замянілі на вакуўмныя[9]. 17 красавіка 1996 году «БЧ» падпарадкавалі Кабінэту міністраў Беларусі[6]. 27 лістапада 1996 году ўзнагароджана Ганаровай граматай Кабінэту міністраў Рэспублікі Беларусь[15]. За 1997—2000 гады празь Берасьце прайшло звыш 500 кантэйнэрных цягнікоў «Усходні вецер». У лютым 1998 году на станцыі Бараначы-Цэнтральныя стварылі першы Цэнтар кіраваньня і транспартнага абслугоўваньня (ЦКТА), куды перадалі афармленьне запісаў са станцыяў Баранавічы-Палескія, Грыцавец і Рэйтанаў. У 1998 годзе разам зь «Дзяміхаўскім машынабудаўнічым заводам» (Маскоўская вобласьць) пабудавалі 10-вагнны дызэль-цягнік «ДДБ1». Да 1999 году з дапамогай распрацоўкі Цэнтра апэратыўна-тэхнічнага ўліку ўсе 17 лякаматыўныя дэпо перайшлі на поўную машынную апрацоўку маршрута машыніста зь перадачай маршрутных лістоў з кампутара дэпо ў Галоўны вылічальны цэнтар. Таксама выпрабавалі дыспэтчарскую цэнтралізацыю «Нёман». У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту стварылі лябараторыю бясьпекі і электрамагнітнай сумяшчальнасьці для выпрабаваньня прыладаў аўтаматыкі. 1 верасьня 1999 году кантэйнэрныя цягнікі «Расея-экспрэс» пачалі хадзіць празь Беларусь да Нямеччыны штодня. Празь Берасьце ішлі вугаль, жалезная руда, сталь, збожжа, мінэральныя ўгнаеньні, аўтамабілі і пакетаваныя грузы ў паддонах і грузавых кантэйнэрах у 70 краінаў. На станцыі Берасьце-Паўночнае працаваў склад рэфрыжэратарных кантэйнэраў з 2-ма кранамі для перагрузкі з 2-х цягнікоў адначасна. У 1990-я гады адчынілі мытныя склады на станцыях Гомель і Баранавічы-Цэнтральныя. У 1999 годзе Галоўны вылічальны цэнтар «БЧ» і яго падразьдзяленьняў у Берасьці і Гомлі ўлучылі ў дарожную сетку перадачы зьвестак з Польшчай і Расеяй для безупыннага сачэньня за кожным вагонам[9].
6 студзеня 1999 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Закон № 237 «Аб чыгуначным транспарце», паводле 10-га артыкула якога «Беларуская чыгунка» кіравала чыгуначнымі перавозкамі агульнага карыстаньня. Згодна з 14-м артыкулам за кошт яе сродкаў мелі будаваць чыгуначную інфраструктуру, у тым ліку прыпынкі і пасажырскія плятформы, пешаходныя масты і тунэлі. У 15-м артыкуле згадвалася, што з «БЧ» мелі ўзгадняць будаўніцтва чыгуначных шляхоў прыватнага карыстаньня. Паводле 22-га артыкула, «БЧ» і яе ўстановы былі адзінымі мясцовымі чыгуначнымі перавозчыкамі паяжджанаў, грузаў і багажу ў Беларусі, а таксама былі адзінымі распараднікамі чыгуначнай інфраструктуры краіны. Згодна з 26-м артыкулам «БЧ» абсьледавала чыгуначны транспарт агульнага карыстаньня на адпаведнасьць патрабаваньням бясьпекі. У 30-м артыкуле згадвалася, што ваенізаваная ахова «БЧ» ахоўвала грузы ў дарозе і на чыгуначных станцыях, а таксама пабудовы чыгунанчых установаў агульнага карыстаньня[16].
ХХІ стагодзьдзе
На 2000 год на жалезабэтонныя шпалы прыпадала 56 % чыгункі (6400 км), а бесстыкавы шлях складаў 32 % агульнай працягласьці (3800 км). Па галоўных шляхах гэтыя паказьнікі складалі 73 і 52 %. У 2000 годзе здалі ў карыстаньне дзялянку Мікашэвічы — Жыткавічы з самастойнымі прыладамі сыгналізацыі і сувязі без прахадных сьветлафораў. На дзялянцы Берасьце — Краснае ўкаранілі 2-баковае аўтаблякаваньне для руху цягнікоў у сустрэчным кірунку. Таксама ў 2000 годзе настанцыі Магілёў-2 запусьцілі сродкі аўтаматызацыі горкі на аснове мікрапрацэсарнай сыстэмы «Тракт». У сьнежні 2000 году адчынілі першую чаргу Менскага чыгуначнага вакзала. На станцыі Горадня пабудавалі пункт экіпіроўкі пасажырскіх вагонаў Палескі парк[9]. 5 траўня 2006 году «Беларускую чыгунку» вярнулі ў падпарадкаваньне Міністэрству транспарту і камунікацыяў Беларусі[6]. 20 верасьня 2006 году Геральдычная рада пры прэзыдэнце Беларусі ўхваліла Пратакол № 5, якім зацьвердзіла сьцяг «Беларускай чыгункі». 11 кастрычніка 2008 году сьцяг унесьлі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістар Беларусі пад № В-577. Сьцяг меў выгляд прастакутнага блакітнага палотнішча 1:2, якое зьверху і зьнізу абрамлялі аранжавыя палосы. Пасярод сьцяга месьціўся таварны знак «Беларускай чыгункі» белага адценьня. Дзьве паралельныя белыя лініі аддзялялі аранжавыя палосы ад асноўнага блакітнага адценьня палотнішча. Сьцяг мацавалі на залацістае дрэўка, увенчанае паўкруглым залацістым наканечнікам[17]. 10 студзеня 2009 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 19 «Аб зацьверджаньні Статуту дзяржаўнага аб'яднаньня "Беларуская чыгунка"», паводле 19-га артыкула якога прэзыдэнт Беларусі прызначаў начальніка «БЧ» на прапанову Савету міністраў. Сам Савет міністраў прызначаў намесьнікаў начальніка і галоўнага інжынэра «БЧ» на прапанову Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі[18].
Графік руху цягнікоў Беларускай чыгункі на 2014—2015 гады прадугледжваў курсаваньне па Беларусі 523-х параў цягнікоў, у тым ліку 379 (72 %) параў цягнікоў рэгіянальных лініяў эканом-клясы і 22 — бізнэс-клясы, 34 — міжрэгіянальных лініяў эканом-клясы і 5 — бізнэс-клясы, а таксама 83 — міжнародных лініяў[19]. 25 лютага 2021 году 1-ы намесьнік начальніка «Беларускай чыгункі» Ігар Шылаў падпісаў Загад аб тыпавых тэкстах інфармаваньня пасажыраў на вакзалах, станцыях і прыпынках. Паводле Загаду, кіраўнікі аддзяленьняў чыгункі зь 1 красавіка зацьвердзілі тэксты абвестак, якія пачалі рабіць па-беларуску і ў цягніках міжрэгіянальных лініяў. Пагатоў, на прыпынках і станцыях сталі абвяшчаць інфармацыю толькі па-беларуску[20].

У сакавіку 2022 году ўрад Украіны арыштаваў 5000 вагонаў Беларускай чыгункі ва ўмовах ваеннага становішча ў выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Кожны вагон каштаваў каля 80 000 даляраў, таму агульны кошт арыштаваных вагонаў склаў каля 400 млн даляраў[21]. 20 кастрычніка 2022 году Беларуская чыгунка паведаміла пра ўкараненьне білетадрукавальных машынаў пры афармленьні праязных дакумэнтаў на цягнікі міжрэгіянальных лініяў і рэгіянальных лініяў бізнэс-клясы з нумараванымі месцамі. Білет сталі друкаваць на тэрмапаперы з 2-вымерным кодам і асабістым шыфрам сродкаў кантролю падатковых органаў (СКПО). Пры гэтым, на жаданьне паяжджаніна ўзьнікла магчымасьць аформіць білет на беларускай мове. Укараненьне новых білетаў пачалі з вакзалаў на станцыях Асіпавічы і Берасьце, Магілёў і Пінск, якія мелі ўстойлівы канал сувязі з цэнтралізаванай сыстэмай продажаў[22].
Беларуская чыгунка трапіла ў санкцыйныя сьпісы Канады (лістапад 2022 году) і Украіны (студзень 2023 году)[23]. Канада (лістапад 2022 году), Эўрапейскі Зьвяз ды Швайцарыя (чэрвень 2023 году), Украіна (лістапад 2023 году), Аўстралія (люты 2024 году) ды Новая Зэляндыя (верасень 2024 году[24]) абвясьцілі аб санкцыях супраць начальніка БЧ Уладзімера Марозава[25]. На 2025 год «Беларуская чыгунка» налічвала звыш 60 000 супрацоўнікаў. Штодня на станцыях грузілі звыш 200 000 т грузаў і перавізілі звыш 200 000 паяжджанаў[26].
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads