Магілёўскі інстытут МУС Беларусі
вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Магілёўскі інстытут МУС Беларусі — вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў красавіку 1948 году ў якасьці Магілёўскай школы перападрыхтоўкі сяржанцкага складу.
На 2023 год месьціўся ў Ленінскім раёне Магілёва па вуліцы Крупскай, д. 67[4]. Факультэт павышэньня кваліфікацыі на 5-м паверсе ладзіў завочнае навучаньне цягам 2-х гадоў па 5 спэцыяльнасьцях праўніка, дарожнага інспэктара, апэратыўніка вышуку і ахоўніка парадку[5]. Факультэт міліцыі на 2-м паверсе рыхтаваў па 2-х спэцыяльнасьцях прававога забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі і апэратыўнага вышуку[6], у тым ліку на аддзяленьні завочнага навучаньня, дзе налічвалася да 500 завочнікаў[7].
Remove ads
Навучаньне і дасьледаваньні
На 2023 год Магілёўскі інстытут МУС Беларусі ладзіў навучальна-азнаямляльную практыку на першым курсе і вытворчую — пры канцы навучаньня. Курсантаў прыцягвал да аховы грамадзкага парадку на культурных і спартовых мерапрыемствах у Магілёве. Адмыслоўцаў рыхтавалі для органаў унутраных справаў:
- на першай ступені вышэйшай адукацыі па трох спэцыяльнасьцях — правазнаўства (завочна), прававое забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі і апэратыўнага вышуку (вочна і завочна);
- праз павышэньне кваліфікацыі па двух напрамках — права для гаспадаркі і грамадзкая бясьпека для службы бясьпекі;
- праз перападрыхтоўку па 5 спэцыяльнасьцях — 1) правазнаўства, 2) ахова грамадзкага парадку і забесьпячэньне бяспекі, 3) арганізацыйна-прававое забесьпячэньне бясьпекі дарожнага руху, 4) апэратыўны вышук, 5) ахова грамадзкага парадку і прафіляктыка правапарушэньняў[8].
Інстытут меў навучальныя палігоны «Кватэра», «Крама», «Сьледавая паласа», «Кантэйнэрная пляцоўка», «Грамадзкі пункт аховы парадку» і «Апэратыўна-дзяжурная служба». Стварылі паласу перашкодаў з душэўным узьдзеяньнем для ацэнкі агульнай і цялеснай падрыхтаванасьці ва ўмовах зьбянтэжваньня. Для стралковай падрыхтўкі выкарыстоўвалі оптыка-электронныя трэнажоры. На адукацыйны партале Інстытуту разьмяшчалі электронныя падручнікі[8].
У Магілёўскім інстытуце выконвалі навуковыя дасьледаваньні паводле ўласнай ініцыятывы і заданьня Дзяржаўнай праграмы навуковых дасьледаваньняў. Ладзілі міжнародныя канфэрэнцыі, навуковыя сэмінары і рыхтавалі манаграфіі. Вылучалася 6 напрамкаў дасьледаваньняў:
- нарматыўнае прававое рэгуляваньне аховы грамадзкага парадку і апэратыўнага вышуку;
- распрацоўка практыкі прымяненьня заканадаўства ў дзейнасьці органаў унутраных справаў;
- крымінальна-працэсуальныя і крыміналістычныя праблемы дасудовай вытворчасьці па крымінальных справах;
- праблемы навучаньня, выхаваньня і прафэсійнага скіроўваньня супрацоўнікаў органаў унутраных справаў;
- вывучэньне грамадзка-гуманітарнай падрыхтоўкі праваахоўнікаў;
- удасканаленьне сродкаў і спосабаў агнявой, тактычнай і цялеснай падрыхтоўкі курсантаў[9].
Зь 2020 году двойчы на год выдавалі навукова-практычны часопіс «Весьнік Магілёўскага інстытута МУС» (ISSN 2709-054X), які выходзіў у чэрвені і сьнежні. Электронныя архівы часопіса зьмяшчалі ў Рэпазытары Магілёўскага інстытуту і Міжнародным індэксе Капэрніка ў сьвеце часопісаў[10].
Remove ads
Міжнародная супраца
На 2023 год Магілёўскі інстытут меў пратаколы аб супрацы з 24-ма вучэльнямі 7 краінаў:
- 4-ма ў 3-х краінах Азіі — Адукацыйны комплекс паліцыі Армэніі, Акадэмія паліцыі Азэрбайджану, Карагандзінская акадэмія імя Бэрымбека Бяйсенава (МУС Казахстану), Алмацінская акадэмія імя Макана Есбулатава (Казахстан);
- 20 у 4-х краінах Эўропы — Каледж дзяржаўнай паліцыі Латвіі, Нацыянальная акадэмія ўнутраных справаў Украіны, Адэскі дзяржаўны ўнівэрсытэт унутраных справаў, Акадэмія імя Стэфана Вялікага (Малдова) і 16 ВНУ Расеі (Самарскі юрыдычны інстытут, Акадэмія права і кіраваньня, Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт і Кузбаскі інстытут Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі; Варонескі інстытут, Ніжагародзкая, Валгаградзкая і Омская акадэміі, Краснадарскі і Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэты, Барнавульскі, Белгарадзкі, Сібірскі, Далёкаўсходні, Уральскі і Казанскі юрыдычныя інстытуты, Цюменскі інстытут павышэньня кваліфікацыі ўнівэрсытэт Міністэрства ўнутраных справаў Расеі)[11].
Remove ads
Спадарожныя паслугі
На 2023 год Магілёўскі інстытут меў:
- аўташколу для 4-месячнай падрыхтоўкі 30 кіроўцаў легкавікоў[12];
- тэрапэўтычную стаматалёгію[13];
- краму харчаваньня і абмундзіраваньня[14].
Будова
На 202 год Магілёўскі інстытут улучаў:
- 6 катэдраў — 1) адміністрацыйнай дзейнасьці, 2) апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, 3) крымінальнага працэсу і крыміналістыкі, 4) сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў, 5) дастасоўнай фізычнай і тактыка-спэцыяльнай падрыхтоўкі, 6) прававых дысцыплінаў;
- 8 аддзелаў — 1) навучальна-мэтадычны, 2) кадраў, 3) арганізацыі навуковай, міжнароднай і выдавецкай дзейнасьці, 4) адукацыйных інфармацыйных тэхналёгіяў, сувязі і інфармацыйнай бясьпекі, 5) ідэалягічнай працы, 6) арганізацыйнай працы і прававога забесьпячэньня, 7) платных адукацыйных паслугаў, 8) камунальна-эксплюатацыйнага забесьпячэньня, 9) матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, 10) фінансава-эканамічны, 11) прафарыентацыйнай працы, інфармацыі і грамадзкіх сувязяў;
- бібліятэка, мэдычная служба, клюб і гараж.
Remove ads
Мінуўшчына
2 красавіка 1948 году міністар дзяржаўнай бясьпекі СССР Віктар Абакумаў падпісаў Загад аб заснаваньні Магілёўскай школы перападрыхтоўкі сяржанцкага складу корпуса Галоўнай ўправы аховы на чыгуначным і водным транспарце. Тэрмін навучаньня складаў 7 месяцаў. Першым начальнікам школы стаў Васіль Ляхаў. 31 студзеня 1949 году адбыўся першы выпуск 280 супрацоўнікаў, усе зь якіх былі вэтэранамі Нямецка-савецкай вайны, у тым ліку двое — героямі Савецкага Саюзу. У 1950 годзе курсантаў пачалі задзейнічаць у ліквідацыі лясных бандаў у Бялыніцкім, Магілёўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах. 20 студзеня 1951 году школе пачалі рыхтаваць афіцэраў корпусу і дывізіі Галоўнай управы аховы на транспарце Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі[15].
2 жніўня 1952 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову аб пераўтварэньні ў Магілёўскую школу апэратыўнага складу транспартнай міліцыі. Тэрмін навучаньня павялічылі да 2-х гадоў. Паводле профілю школа была адзінай у Савецкім Саюзе і прыцягвала ў наступныя гады курсантаў каля 30 народнасьцяў з усіх 15 рэспублік Савецкага Саюзу. У 1954 годзе з удзелам курсантаў на ўскраіне Магілёва стварылі помнік ваярам батальёна капітана Ўладзімерава, якія загінулі ў баях зь немцамі ў ходзе Нямецка-савецкай вайны[15].
23 красавіка 1955 году адбылося пераўтварэньне ў Магілёўскую спэцыяльную сярэднюю школу транспартнай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў СССР. Пачалі рыхтаваць апэратыўных супрацоўнікаў і сьледчых зь сярэдняй прававой адукацыяй. У 1969 годзе ўвялі месячныя зборы павышэньня кваліфікацыі. У 1973 годзе курсантаў прыцягвалі да спэцыяльных заданьняў у Казаскай, Узбэцкай і Туркмэнскай ССР. Пасьля 1975 году ўзьвялі новы навучальны корпус. У 1988—1989 гадох афіцэраў і курсантаў школы прыцягвалі да ўзброенай аховы ў гарадах Гарыс і Сісіян у Армянскай ССР падчас Карабаскай вайны. За 9 месяцаў службы ў тых гарадах 3 афіцэры атрымалі мэдалі, а звыш 20 курсантаў узнагародзілі нагруднымі знакамі «Выдатнік міліцыі» і «За выдатную службу». У 1989 годзе курсант Аляксандар Банін стаў чэмпіёнам па боксе на Гульнях добрай волі у Сіэтле (ЗША). У 1991 годзе супрацоўнікі школы выконвалі адмысловае ўрадавае заданьне ў Воршы (Віцебская вобласьць)[15].
28 траўня 1992 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ўхваліла Загад № 20 аб пераўтварэньні школы ў Магілёўскі факультэт Акадэміі МУС Беларусі. 2 сьнежня 1994 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 223 аб пераўтварэньні факультэту ў Магілёўскую школу міліцыі. 9 верасьня 2002 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 1232 аб пераўтварэньні школы ў Магілёўскі каледж МУС Беларусі. 9 сакавіка 2010 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 145 аб пераўтварэньні каледжа ў Магілёўскі вышэйшы каледж. Першы набор на аддзяленьне вышэйшай асьветы паводле спэцыяльнасьці правазнаўства ў спэцыялізацыях вышуку і кіраваньня склаў 200 чалавек. Зь іх па палове навучалася з адрывам і без адрыву ад працы. Стварылі 3 факультэты: дзённага і завочнага навучаньня, а таксама павышэньня кваліфікацыі. 19 красавіка 2010 году ўхвалілі Загад Магілёўскага вышэйшага каледжу, якім цыклі пераўтварылі ў катэдры. У 2012 годзе правялі 1-ю міжнародную навукова-мэтадычную канфэрэнцыю пра агнявую, тактыка-спэцыяльную і фізычную падрыхтоўку. 8 ліпеня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 307 аб пераўтварэньня Магілёўскага вышэйшага каледжу ў Магілёўскі інстытут МУС Беларусі[15]. 1 верасьня 2014 годзе Магілёўскі вышэйшы каледж пачаў працаваць у якасьці вышэйшай навучальнай установы і ўпершыню набраў на навучаньне таксама дзяўчынаў[16].
Улетку 2022 году ў Магілёўскі інстытут паступіла 150 чалавек на дзённае навучаньне і звыш 270 — на завочнае[17].
Начальнікі
- Васіль Ляхаў (1948 — чэрвень 1953)
- Аляксандар Карташоў (1953—1955)
- Іван Бурчанкоў (1955—1960)
- Іван Аксёнаў (1961—1973)
- Васіль Спадабаеў (верасень 1973 — студзень 1989)
- Мікалай Красько (студзень 1989 — верасень 1994)
- Валеры Канчатаў (сьнежань 1994 — 2001)
- Юры Мелехавец (чэрвень 2001 — 2005)
- Сяргей Аўсянкін (2005 — люты 2010)
- Генадзь Калесьнік (сакавік 2010 — жнівень 2014)
- Валеры Палішчук (зь верасьня 2014 году)[18]
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads