Мацей Сулькевіч
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Маце́й Сульке́віч (па-польску: Maciej Sulkiewicz, па-азэрбайджанску: Süleyman bəy Sulkeviç, таксама вядомы як Магамэт Сулейманавіч Сулькевіч, Сулейман Сулькевіч і Мамэд бэк Сулькевіч, 20 ліпеня 1865, маёнтак Кемейшы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер вёска Кемейшы, Вярэнаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 15 ліпеня 1920, Баку, Азэрбайджанская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) — расейскі і азэрбайджанскі вайсковец, крымскататарскі дзеяч, генэрал-лейтэнант[1].
Remove ads
Юнацтва

Мацей Сулькевіч нарадзіўся ў сям’і нашчадкавых шляхцічаў Віленскай губэрні, паводле нацыянальнасьці — беларускі татарын. Ягоны бацька, Аляксандар Сулькевіч, даслужыўся да чыну падпалкоўніка ў гусарскім палку[2][3].
Будучы нашчадкам татарскіх арыстакратычных сем’яў Вялікага Княства Літоўскага, Мацей Сулькевіч прысьвяціў сваё жыцьцё ваеннай кар’еры. Атрымаўшы агульную адукацыю ў Міхайлаўскім кадэцкім корпусе ў Варонежы, паступіў у Міхайлаўскую ваенную вучэльню у Пецярбургу.
Па заканчэньні вучэльні па першым разрадзе падпаручнік Сулькевіч быў накіраваны ў 6-ю артылерыйскую брыгаду. З 3 кастрычніка 1889 году паручнік Сулькевіч — слухач Мікалаеўскай акадэміі генэральнага штабу. У ліпені 1894 году за выдатныя посьпехі ў навуках у акадэміі яму быў нададзены чын штабс-капітана.
Remove ads
Служба ў расейскім войску
20 ліпеня 1894 году Мацей Сулькевіч атрымаў званьне капітана. Прадпісаньнем камандуючага войскамі Адэскай ваеннай акругі № 5084 быў накіраваны ў штаб 7-го армейскага корпусу. У 1899 годзе атрымаў Ордэн Сьвятога Станіслава. У тым жа годзе становіцца падпалкоўнікам. У 1902 годзе Мацей Сулькевіч выдаў у Адэсе на свае сродкі кнігу «Дасьледаваньне паходжаньня й цяперашняе становішча літоўскіх татараў» польскага ўсходазнаўца, прафэсара Пецярбурскага ўнівэрсытэту Антона Мухлінскага (1808—1877).
У 1903 годзе быў прызначаны начальнікам штабу 15-й пяхотнай дывізіі. 6 сьнежня 1903 году Сулькевіч атрымаў званьне палкоўніка. Падчас расейска-японскай вайны служыў у 8-м армейскім корпусе. Быў удзельнікам Мукдэнскай бітвы. У чэрвені 1905 прызначаны камандзірам 57-го пяхотнага Модлінскага палку. Быў узнагароджаны ордэнам Сьвятой Ганны 2-й ступені зь мячамі, ордэнам Сьвятога Ўладзімера 4-й ступені зь мячамі й бантам. 20 траўня 1907 году ўзнагароджаны залатой зброяй з надпісам «За адвагу»[4].
Увосень 1910 году Мацей Сулькевіч становіцца генэрал-маёрам. Празь некаторы час прызначаны генэрал-кватэрмайстарам штабу Іркуцкай ваеннай акругі. Быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Ўладзімера 2-й і 3-яй ступеняў. У 1915 годзе быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Станіслава 1-й ступені. 26 красавіка 1916 году Мацею Сулькевічу было нададзенае званьне генэрал-лейтэнанта. У кастрычніку 1917 году афіцэр Генэральнага Штабу генэрал-лейтэнант Сулькевіч быў вылучаны на пост камандзіра 1-га Мусульманскага корпусу, які плянаваў сфармаваць Часовы ўрад.
Remove ads
Крымскі краявы ўрад

У 1918 годзе Мацей Сулькевіч прыехаў у Крым, дзе 25 чэрвеня 1918 году стаў прэм’ер-міністрам, міністрам унутраных і вайсковых справаў першага Крымскага краявога ўраду[5].
Мацей Сулькевіч прызначыў Асана Сабры Айвазава (1878—1938) амбасадарам Крыму ў Асманскай імпэрыі й наладзіў сувязі з мусульманскімі краінамі, утворанымі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-паша. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай (устаноўчы збор), які б абвясьціў стварэньне крымскататарскай дзяржавы[1].
Пасьля сыходу з Крыму нямецкіх акупацыйных войскаў урад Сулькевіча 15 лістапада 1918 году перадаў уладу другому Крымскаму краявому ўраду на чале з Саламонам Крымам[6].
Служба ў Азэрбайджане
У сьнежні 1918 году Мацей Сулькевіч прыбыў у Азэрбайджан, дзе быў вядомы як Мамэд-бэк. Камандаваў 1-м Мусульманскім корпусам[7]. 26 сакавіка 1919 году загадам № 147 па вайсковым ведамстве генэрал-лейтэнант Сулькевіч быў прызначаны начальнікам Генэральнага штабу ўзброеных сіл Азэрбайджану[8]. Мар’ям, жонка Мацея Сулькевіча, працавала ў школе для дзяўчын Гаджы Тагіева й была актыўным чальцом Дабрачыннай арганізацыі бакінскіх мусульманак. Мацей Сулькевіч згуляў вялікую ролю ў стварэньні ваеннага зьвязу паміж Грузіяй і АДР.
Remove ads
Расстрэл
У траўні 1920 году Мацей Сулькевіч быў арыштаваны ВЧК. Апошнія дні перад расстрэлам ён правёў у Баілаўскай турме. 15 ліпеня Сулькевіч быў расстраляны за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Мамэд Эмін Расулзадзэ успамінае ў сваёй кнізе:
![]() |
…Чалавек, які сядзеў разам зь ім, Мэхмэдам Алі бэкам, казаў: «Генэралу загадалі ісьці за чэкістамі. Мы зразумелі, што надышоў яго час сьмерці. Мы не адважваліся паглядзець яму ў вочы, не маглі знайсьці патрэбных словаў. Генэрал Сулькевіч апярэдзіў нас, сказаўшы, ціхім, але ўпэўненым голасам, словы, якія я ніколі не забуду: „Шчасьлівы, што паміраю салдатам мусульманскага войска. Бывайце!“» | ![]() |
Remove ads
Глядзіце таксама
- Крымская Народная Рэспубліка
- Крымскі краёвы ўрад
- Наман Чэлебіджыхан
- Джафэр Сэйдамэт Кірымэр
- Асан Сабры Айвазаў
- Пётар Балбачан
- Нацыянальная партыя Крыму (1917)
- Крымская апэрацыя (1918)
- Саламон Крым
- Азэрбайджанская Дэмакратычная Рэспубліка
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads