Ніна Багінская

грамадзкая дзяячка Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Ніна Багінская
Remove ads

Ні́на Рыго́раўна Багі́нская (нар. 30 сьнежня 1946, Менск, БССР, СССР; цяпер Беларусь) — грамадзкая дзяячка Беларусі.

Хуткія факты Род дзейнасьці, Дата нараджэньня ...

Ляўрэатка знака Івашкевіча (2017), мэдалёў Хіжанкова і 100-годзьдзя БНР (2018), прэміі «Людзі Свабоды» (2020). Пасол на Сойм Партыі БНФ (зь 7 лістапада 2020 году).

Remove ads

Жыцьцяпіс

Гадавалася ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі[1]. У 1959 годзе скончыла Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «мантаж радыёапаратуры». Другую вышэйшую адукацыю атрымала ў Івана-Франкоўскім інстытуце нафты і газу па спэцыяльнасьці «геалёгія нафтавых і газавых радовішчаў». У 1988 годзе на Дзяды выйшла на марш у Курапаты[1]. 24—25 чэрвеня 1989 году была дэлегаткай Устаноўчага зьезду Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» ў Вільні (Летувіская ССР)[2]. Да 1994 году працавала ў Беларускім навукова-дасьледчым геалягічным выведвальным інстытуце, дзе стварыла суполку Беларускага народнага фронту[3]. У 1999 годзе ўступіла ў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ і стала штогадовай арганізатаркай вулічных пікетаў у Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам. Да 2012 году пашыла звыш 10 бел-чырвона-белых сьцягоў, зь якіх 2 для грамадзкага аб'яднаньня «Белы легіён»[4]. У 2006 годзе часопіс «Архэ-Пачатак» зьмясьціў на сваёй вокладцы яе здымак зь бел-чырвона-белым сьцягам падчас Дня Волі. Гэты здымак абнародавалі іншыя СМІ, што зрабіла яе пазнавальнай асобай[3].

1 жніўня 2014 году спаліла савецкі сьцяг перад будынкам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і патлумачыла свой учынак:

«спаліла чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам — бо гэта сьцяг, пад якім забівалі мільёны людзей, рабілі генацыд беларусаў. І што 1 жніўня правяла сваю акцыю, таксама патлумачыла — бо ў гэты дзень ў 1937 годзе тут, ў дворыку турмы „амэрыканкі“ палілі кнігі нашых беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, якія мы ужо ніколі не прачытаем».

— Алег Грузьдзіловіч: Пэнсіянэрку Ніну Багінскую, якая спаліла савецкі сьцяг каля КДБ, вызвалілі.[5]

На жнівень 2016 году сума налічанага спагнаньня за вулічныя пікеты склала 75 млн недэмінаваных рублёў (3750 $). У выніку яе лецішча ў Дамашанах Смалявіцкага раёну коштам 5000 $ выставілі на аўкцыён 17 жніўня ў Смалявічах[6].

24 сакавіка 2017 году выйшла на пікет да будынка КДБ Беларусі на праспэкце Незалежнасьці ў Менску з плякатам «Свабоду палітвязьням!», на якім пералічвалася 25 затрыманых. Багінская патлумачыла:

«пачула, што шмат моладзі затрымалі. На працы, як Дашкевіча, ці ў іншых умовах. Дашкевічу трэба працаваць, дзяцей карміць, а яго забралі. А чаму? Бо яны ня хочуць, каб нацыянальна-сьвядомая, лепшая моладь прыйшла на сьвята Дня волі і прывяла сваіх сяброў і знаёмых. Таму я напісала плякат, каб іх вызвалілі. Тут збоку яшчэ палітзьняволеныя Бандарэнка і Жамчужны, якія сядзяць, і іх баяцца выпусціць. А вось гэтыя 25 чалавек — гэта моладзь. Пазаўчора, учора іх затрымлівалі. Яны сядзяць тут, у "амэрыканцы", на "валадарцы". Таму я выйшла сюды, да КДБ».

— Павал Сьвярдлоў: Ніна Багінская выйшла да КДБ з плякатам «Свабоду палітвязьням!», яе затрымалі.[7]

На студзень 2019 году сума налічанага спагнаньня за пікеты склала 40 000 рублёў (каля 20 000 $). У выніку судовыя выканаўцы забіралі 50 % пэнсіі, ад якой заставалася 170 рублёў (85 $). Таксама пад арыштам знаходзіліся абодва лецішчы ў Дамашанах Смалявіцкага раёну і ў Пухавіцкім раёне[8]. Увесну 2020 году штоаўторак пікетавала рэстаран, пабудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў[9]. 7 лістапада 2020 году Зьезду Партыі БНФ абраў яе ў склад Сойму[10]. На сьнежань 2020 году пашыла звыш 200 бел-чырвона-белых сьцягоў[1].

Remove ads

Ушанаваньне

У 2017 годзе Партыя БНФ узнагародзіла яе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча[11]. Рух «Разам» узнагародзіў яе мэдалём імя Сяргея Ханжанкова за грамадзянскі ўчынак. Пасьля Дня Волі яна штодня цягам тыдня пікетавала будынак КДБ Беларусі з новым плякатам «Свабоду народу!», які прысьвячаўся арыштаваным сябра «Белага легіёну». 28 жніўня 2020 году наваполацкая мастачка Вольга Якубоўская прысьвяціла Багінскай палатно «Я гуляю!»[12]. У верасьні 2020 году расейская майстарка Заіра Нагуар стварыла брошку «Ніна Багінская», якая дзякуючы пісьменьніцы Надзеі Ясьмінска атрымала шырокую вядомасьць. У выніку брошка стала прадавацца партыямі[13]. 30 верасьня 2020 году заступні старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў уручыў ёй Мэдаль да стагодзьдзя БНР[14]. У кастрычніку 2020 году прадстаўніцы беларускай дыяспары Тамара Куеен і Аліна Ольсэн распачалі збор сродкаў на прэмію імя Ніны Багінскай «За мужнасьць»[15]. 10 сьнежня 2020 году Беларуская служба Радыё Свабода ўручыла Багінскай прэмію «Людзі Cвабоды» за пашырэньне межаў свабоды[1].

Remove ads

Ацэнкі

20 кастрычніка 2020 году А. Лукашэнка падчас прызначэньняў згадаў Ніну Багінскую ў сувязі з удзелам у пасьлявыбарчых дэманстрацыях:

«Вы глядзіце толькі: Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў! Калі Ніну Багінскую забраць, апазыцыі ня будзе! Я памятаю яшчэ Ніну Багінскую, жартам кажу, яна яшчэ ў службе бясьпекі Пазьняка працавала. Малайчына, яна чалавек зь перакананьнямі».

— Надзея Бужан: Да Ніны Багінскай прыйшлі зь ператрусам.[16]>

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads