Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне 2014 году
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Прэзыдэ́нцкія вы́бары ва Ўкраі́не 2014 году — хада выбарчых падзеяў ва Ўкраіне, у выніку якіх 25 траўня 2014 году ў краіне былі праведзеныя выбары прэзыдэнта Ўкраіны. Першапачатковая дата выбараў была прызначаная на 26 лютага 2015 году, але дата апынулася перанесенай у лютым 2014 году праз вынікі палітычных падзеяў у краіне канца 2013—пачатку 2014 гадоў[1][2].
Цяперашнія выбары прэзыдэнта Ўкраіны праходзіцьмуць на фоне існаваньня пра-расейскіх узброеных выступаў на ўсходзе краіны й правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі ў рэгіёне, накіраваных на спыненьне сэпаратысцкіх выступаў, падчас якіх у Данецкай і Луганскай вобласьцях фармаваньні сэпаратыстаў узялі пад кантроль некалькі раённых цэнтраў рэгіёну[3]. 17 траўня 2014 году Цэнтарвыбаркам Украіны заявіў, што ўзброеныя пра-расейскія выступы могуць спрычыніцца да немагчымасьці правядзеньня выбараў у Данецкай і Луганскай вобласьцях, што, такім чынам, пазбавіць мажлівасьці волевыяўленьня прыкладна 2 мільёнаў чалавек[4]. Апрача таго, у лютым—сакавіку гэтага ж году адбылася анэксія тэрыторыі Крымскага паўвостраву Расеяй, у выніку чаго правядзеньне цяперашніх выбараў прэзыдэнта Ўкраіны стала немажлівым у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і Севастопалі[3].
Выбарчым правам валодаюць блізу 36 млн грамадзянаў Украіны[4].
Remove ads
Падрыхтоўка
У траўні 2013 году партыі «Бацькаўшчына», УДАР і УА Свабода дамовіліся пра каардынацыю сваіх дзеяньняў падчас выбарчай кампаніі ва Ўкраіне 2015 году, паабяцаўшы падтрымку кандыдата адной з гэтых партыяў, які атрымае найбольшую колькасьць галасоў у адпаведным туры выбараў. У выпадку правядзеньня выбараў толькі ў адным туры тры партыі паабяцалі дамовіцца наконт адзінага кандыдата[5]. Да імпічмэнту Януковіча ён лічыўся найбольш верагодным кандыдатам ад Партыі Рэгіёнаў, але ён жа выказаў меркаваньне, што ня будзе прапаноўваць уласную кандыдатуру ў выпадку, калі ягоны рэйтынг апынецца занадта нізкім. У выпадку ўдзелу Януковіча ў выбарах 2015 году ён бы атрымаў другі, апошні прэзыдэнцкі тэрмін (гл. ніжэй).
Эўрамайдан
22 лютага 2014 году на фоне працягу пратэстаў ва Ўкраіне і невядомасьці знаходжаньня папярэдняга прэзыдэнта краіны Віктара Януковіча Вярхоўная Рада Ўкраіны 328 галасамі «за» зацьвердзіла імпічмэнт абранага ў 2010 годзе прэзыдэнта[6]. У гэты ж дзень Аляксандар Турчынаў, намесьнік старшыні партыі «Бацькаўшчына», быў прызначаны сьпікерам Вярхоўнай Рады[7], а таксама выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта краіны да прызнаньня вынікаў выбараў новага кіраўніка дзяржавы[8].
У лютым гэтага ж году ўрад папярэдняга прэм’ер-міністра, Сяргея Арбузава, быў адпраўлены ў адстаўку, былы прэзыдэнт краіны Януковіч зьбег у Расею[9]. Нягледзячы на выкананую працэдуру адстаўкі прэзыдэнта Вярхоўнай Радай, дазволенай паводле вернутае Канстытуцыі Ўкраіны 2004 году, Януковіч, а таксама ўрадавыя асобы Расеі заяўляюць пра Віктара Януковіча як пра легітымнага прэзыдэнта Ўкраіны. 28 лютага, падчас сваёй прэс-канфэрэнцыі ў Растове-на-Доне, былы прэзыдэнт выказаўся пра будучыя выбары як «незаконныя» й выразіў сваю адмову ад удзелу ў іх[10].
Зь лютага гэтага ж году ва ўсходніх вобласьцях Украіны распачаўся шэраг пра-расейскіх акцыяў пратэстаў, у той час як на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і Севастопалю пачалася ўзброеная інтэрвэнцыя Расейскае Фэдэрацыі. У выніку разьвіцьця інтэрвэнцыі Расеі (гл. крымскі крызіс (2014)) адбылася фактычная страта кантролю Ўкраіны над АРК і Севастопалем і фактычнае ўваходжаньне гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у склад Расеі. У красавіку гэтага ж году пра-расейскія выступы на ўсходзе Ўкраіны, дакладней, іх падзеі, што адбываліся ў Данецкай і Луганскай вобласьцях, перарасьлі ва ўзброены сэпаратысцкі рух, у рамках якога ўзброеныя пра-расейскія сілы ўзялі пад кантроль пэўныя рэгіёны гэтых вобласьцяў[4].
Цяперашні губэрнатар Данецкае вобласьці Сяргей Тарута прапанаваў на 15 чэрвеня гэтага ж году правядзеньне агульнанацыянальнага рэфэрэндуму, на якім былі б вынесеныя пытаньні дэцэнтралізацыі ўлады (у прыватнасьці, меншым пералічваньні прыбытку рэгіёнаў цэнтральным уладам) і наданьня расейскай мове (гл. таксама расейская мова ва Ўкраіне) статусу другой дзяржаўнай[11]. На наступны дзень Канстытуцыйны Суд Украіны прыняў рашэньне пра выкананьне будучым абраным кандыдатам пяцігадовага прэзыдэнцкага тэрміну[12].
17 траўня Цэнтральная выбарчая Камісія Ўкраіны паведаміла, што ў выніку незаконнае дзейнасьці невядомых асобаў падрыхтоўка да правядзеньня выбараў была сарваная на тэрыторыі шасьці выбарчых акругаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў. Паводле паведамленьняў ЦВК працаўнікі выбарчых камісіяў ды іхнія сем’і атрымлівалі пагрозы ў свой адрас, а ў выніку неажыцьцяўленьня падрыхтоўкі да выбараў каля 5,6% ад насельніцтва Ўкраіны з правам голасу не атрымае доступу да ўласнага волевыяўленьня[4].
Remove ads
Выбарчая сыстэма
Тэрмін паўнамоцтваў абранага прэзыдэнта Ўкраіны складае 5 год[13][14][15]. У выпадку адсутнасьці большасьці галасоў у ніводнага з кандыдатаў у выбарах ладзіцца другі тур галасаваньня, у які праходзяць два кандыдаты з найбольшаю колькасьцю атрыманых галасоў у першым туры[16].
Вылучэньне
Верагодныя кандыдаты мелі магчымасьць вылучыць сваю кандыдатуру на выбары прэзыдэнта Ўкраіны ў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Ўкраіны пачынаючы з 25 лютага[17] да 30 сакавіка 2014 году, апошняя дата рэгістрацыі кандыдатаў — 4 красавіка гэтага ж году[18][19][20]. Кандыдат у прэзыдэнты краіны мусіць прадаставіць пакет адпаведных дакумэнтаў і надаць заклад памерам 2,5 млн. грыўняў[18].
У цяперашніх выбарах прэзыдэнта Ўкраіны возьме ўдзел 21 кандыдат, зь іх 15 зьяўляюцца самавылучэнцамі[21][22].
Партыя Рэгіёнаў
Былы прэзыдэнт краіны, Віктар Януковіч, да свайго імпічмэнту лічыўся адным зь верагодных кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны на выбарах 2015 году, у выніку перамогі на гэтых выбарах Януковіч атрымаў бы другі і апошні прэзыдэнцкі тэрмін[23]. Тым ня менш, 19 сьнежня 2013 году Януковіч не зрабіў канчатковага рашэньня наконт мажлівага ўдзелу і адзначыў пра сваю адмову ад удзелу ў выпадку, калі ягоны рэйтынг апынецца нізкім і беспэрспэктыўным[24]. У прыватнасьці, выказваліся здагадкі пра верагоднае балятаваньне ад Партыі Рэгіёнаў у кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргея Цігіпкі[25].
Пазьней пра свой патэнцыйны ўдзел у выбарах заявілі чатыры сябры партыі — Сяргей Цігіпка, Алег Цароў, Юры Бойка і Міхаіл Добкін, але 29 красавіка ў якасьці кандыдата ад Партыі Рэгіёнаў быў вылучаны Міхаіл Добкін, тады як Цігіпка балятаваўся на выбары ў якасьці самавылучэнца[21][26]. 15 красавіка Алегу Царову былі высунутыя афіцыйныя абвінавачваньні ў сувязі з падтрымкай сэпаратысцкае дзейнасьці ва ўсходняй Украіне, 29 красавіка Цароў зьняў уласную кандыдатуру[27][28].
Па ўцёках Януковіча ў Расею былы прэзыдэнт выказаўся пра выбары 2014 году як нелегітымныя й адмовіўся ад удзелу ў іх[10].
Бацькаўшчына
7 сьнежня 2012 году «Бацькаўшчына» аб’явіла пра свой намер высунуць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны на выбарах 2015 году Юліі Цімашэнка, 14 сьнежня 2013 году зьезд партыі ўхваліў адпаведнае рашэньне. Незважаючы на гэта, 11 кастрычніка 2011 году Цімашэнка была абвінавачаная ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і асуджаная на 7 год пазбаўленьня волі, падчас якога ёй было забаронена займаць выбарныя пасады[29][30][31]. З прычыны знаходжаньня Цімашэнка ў зьняволеньні цягам парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне 2012 году перадвыбарны сьпіс Бацькаўшчыны ўзначаліў Арсень Яцанюк[32][33].
Да 22 лютага 2014 Юлія Цімашэнка заставалася ў зьняволеньні, пасьля чаго Вярхоўная Рада прагаласавала за яе вызваленьне і скасаваньне ейнае судзімасьці, што дазволіла ёй узяць удзел у выбарах.
УДАР
27 кастрычніка 2013 году пра свой намер узяць удзел у выбарах прэзыдэнта заявіў лідэр партыі УДАР Віталь Клічко[34][35][36]. Нягледзячы на гэта, шэраг экспэртаў мела сумневы наконт будучыні палітычнай кампаніі Клічко як кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны з тае прычыны, што ўкраінскае заканадаўства патрабуе ад верагоднага кандыдата цэнз аселасьці ў 10 гадоў да дня выбараў, аднак Клічко цягам пэўнага часу жыў ва Ўкраіне й Нямеччыне, дзе, паводле паведамленьняў некаторых СМІ, меў від на жыхарства[35][36]. 29 сакавіка Клічко заявіў пра адмаўленьне ад балятаваньня ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны, выказаўшы падтрымку Пятру Парашэнку[37].
Адмоўлена ў рэгістрацыі
Напачатку выбарчае кампаніі шэраг патэнцыйных кандыдатаў не атрымалі дазвол ад ЦВК на балятаваньне на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. Адмову ў рэгістрацыі атрымалі А. Бурнашова, У. Марыніч, А. Махлай, А. Кучаравенка, У. Чапей, Л. Ражнова, Л. Максіменка, Д. Мірашнічэнка, П. Рэкаль, Т. Анапрыюк і З. Абасаў[38][39][40][41]. 3 красавіка было адмоўлена ў рэгістрацыі таксама Яўгену Церахаву, Юрыю Іваніцкаму й асобе, якая мела дакумэнты на імя Дарта Вэйдэра[42].
Remove ads
Сьпіс кандыдатаў
На цяперашні час вядома пра будучы ўдзел у выбарах 18 кандыдатаў, апрача гэтага, 5 кандыдатаў адмовіліся ад удзелу ў выбарах.
- Вольга Багамолец — незалежная кандыдатка, падтрыманая Сацыялістычнай Партыяй Украіны[21][43];
- Юры Бойка — незалежны кандыдат[21];
- Міхаіл Добкін — незалежны кандыдат[21];
- Андрэй Грыненка — незалежны кандыдат[21];
- Анатоль Грыцэнка — «Грамадзянская Пазыцыя»[44];
- Валер Канавалюк — незалежны кандыдат[21];
- Васіль Куйбіда — Народны Рух Украіны[21];
- Рэнат Кузьмін — незалежны кандыдат[21];
- Алег Ляшко — Радыкальная Партыя Алега Ляшко[21];
- Мікола Маламуж — незалежны кандыдат[21];
- Пятро Парашэнка — незалежны кандыдат[21], падтрыманы «УДАРам»;
- Вадзім Рабіновіч — незалежны кандыдат[21];
- Уладзімер Саранаў — незалежны кандыдат[21];
- Сяргей Цігіпка — самавылучэньне[21];
- Васіль Цушко — незалежны кандыдат[21];
- Алег Цягнібок — УА Свабода[21];
- Юлія Цімашэнка — «Бацькаўшчына»[21];
- Дзьмітры Яраш — «Правы Сэктар», самавылучэньне[21];
Адмовіліся
- Аляксандар Кліменка — Украінская Народная Партыя, адмовіўся 17 траўня, падтрымаў П. Парашэнку[45];
- Натальля Каралеўская — незалежная кандыдатка, адмовілася 1 траўня[46];
- Пятро Сіманенка — Камуністычная партыя Ўкраіны, адмовіўся 16 траўня[47];
- Алег Цароў — самавылучэньне, адмовіўся 29 красавіка[28];
- Зоран Шкірак — незалежны кандыдат, адмовіўся 10 траўня[48].
Тым ня менш, ЦВК не зацьвярджае адмаўленьне ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пасьля 1 траўня[49].
Remove ads
Папярэднія зьвесткі
Ніжэй прыведзеныя зьвесткі некаторых экзыт-полаў датычна ўпадабаньняў выбарцаў ды іх параўнаньне з вынікамі выбараў 2010 году. Мінусам пазначаныя кандыдаты, якія ня ўдзельнічацьмуць у выбарах. Блакітным паказаны лідэр паводле таго ці іншага апытаньня, ружовым — другі кандыдат, найбольшыя вынікі паводле апытаньняў пазначаныя тлустым. У выпадку адсутнасьці лідэра ў першым туры выбараў ладзіцца другі, у якім удзельнічаюць два кандыдаты з найбольшаю колькасьцю галасоў. Апошняя калёнка справа паказвае розьніцу між «блакітным» і «ружовым» кандыдатам паводле таго ці іншага апытаньня. У выпадку, калі невядомая дата апытаньня, даецца дата публікацыі таго ці іншага апытаньня.
Remove ads
Міжнародная рэакцыя
Першапачаткова афіцыйныя асобы Расейскае Фэдэрацыі выступалі супраць пераносу даты выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, лічачы імпічмэнт Януковіча й новы ўрад краіны нелегітымным[52]. Аднак ужо 7 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін выступіў з ухваленьнем выбараў, аднак адзначыўшы, што выбары ня будуць мець посьпеху ў выпадку адсутнасьці абароны правоў усіх грамадзянаў Украіны[53].
У пачатку траўня ЗША і Эўразьвяз выступілі з абяцаньнем прыняцьця санкцыяў пры ўмяшальніцтве Расеі ў хаду выбараў ва Ўкраіне, што стала б дадатковымі санкцыямі адносна Расеі, паколькі ў сувязі з інтэрвэнцыяй апошняй на тэрыторыі Крыму з боку краінаў Захаду ўжо быў прыняты пакет пэўных санкцыяў супраць Расеі[54]. Верагодныя дадатковыя санкцыі падразумяваюць абмежавальныя захады супраць галінаў расейскай эканомікі ў адрозьненьне ад папярэдніх, прынятых з нагоды інтэрвэнцыі ў Крым, якія закраналі толькі прыватных асобаў і некаторыя кампаніі[55]. Раней ЗША ды краіны Эўразьвязу выступілі з абвінавачваньнем Расеі ў правакаваньні ўзброеных пратэстаў на ўсходзе Ўкраіны[56].
Назіраньне
Паводле стану на 2 траўня ЦВК Украіны зарэгістравала 543 афіцыйных міжнародных назіральнікаў. Сярод іншага, уласных назіральнікаў накіравалі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, Сусьветны кангрэс украінцаў, а таксама ЗША[57]. 9 траўня памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаньнях Эўропы й Эўразіі Вікторыя Нуланд заявіла, што ЗША падтрымае 255 доўгатэрміновых і звыш 3300 кароткатэрміновых назіральнікаў[58].
Remove ads
Вынікі
26 траўня на адпаведным брыфінгу з нагоды падліку галасоў старшыня ЦВК Украіны Міхаіл Ахендоўскі заявіў, што паводле папярэдніх падлікаў галасоў абраным прэзыдэнтам Украіны можа лічыцца Пятро Парашэнка. Згодна з інфармацыяй апрацаваных 90,01% пратаколаў Парашэнка атрымаў 54,22% галасоў выбарцаў, другое месца з вынікам 13% атрымала старшыня партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка[59]. Згодна з абноўленымі зьвесткамі (98,52% апрацаваных пратаколаў) адсоткавая дзеля галасоў выбарцаў, аддадзеных на карысьць П. Парашэнкі, склала 54,69%, Ю. Цімашэнка — 12,82%[60].
Адпаведнае паведамленьне адносна прызнаньня вынікаў выбараў у гэты ж дзень накіравала МЗС Рэспублікі Беларусь[61].
29 траўня ЦВК Украіны апублікаваў адпаведныя зьвесткі, згодна зь якімі апрацавана 100% пратаколаў і перамогу ў пазачарговых выбарах з вынікам 54,7% атрымаў П. Парашэнка[62]. Інаўгурацыя новаабранага кіраўніка дзяржавы была заплянаваная 7 чэрвеня гэтага ж году[63], якая ўрэшце й адбылася згодна з гэтай датай[64].
Remove ads
Заўвагі
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads