Рэлігія ў Беларусі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Рэлігія ў Беларусі пашыраецца 27 веравызнаньнямі[2]. Найбольш буйная рэлігійная арганізацыя, прадстаўленая на тэрыторыі краіны — Расейская праваслаўная царква, другой па велічыні зьяўляецца Рымска-каталіцкая царква. Драбнейшыя канфэсіі: пратэстанцкія дэнамінацыі, юдаізм, іслам, індуізм, Будызм, багаізм і некаторыя іншыя[3]. У той самы час значная частка насельніцтва краіны — няверуючыя[4].
Remove ads
Колькасьць вернікаў
Падчас агульнакраёвага апытаньня Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў пачатку 2012 г. 92% апытаных назваліся хрысьціянамі, у тым ліку звыш 80% праваслаўнымі, звыш 10% каталікамі і каля 2% пратэстантамі[5].
У 2011 року паводле зьвестак Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (ІАЦ) апытаньне насельніцтва краіны паказала, што 93,5% рэспандэнтаў аднесьлі сябе да той або іншай рэлігіі, зь іх:
- 81% — праваслаўныя (каля 75% ад агульнай колькасьці насельніцтва);
- 10,5% — каталікі (каля 9% ад агульнай колькасьці);
- 2% — іншыя рэлігіі[4][6].
Зьвесткі справаздачы адзначылі двухразовае павелічэньне колькасьці рэлігійных людзей за рок адносна папярэдняй афіцыйнай спаваздачы і ўпершыню амаль супалі з вынікам альтэрнатыўнага апытаньня НІСЭПД у 2009 годзе.
Агульная колькасьць вернікаў у постсавецкі пэрыяд вырасла. У 1987 року яна складала ўсяго 15% насельніцтва[7]. Паводле дадзеных Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі ў 1990 г. дзель вернікаў у насельніцтве дасягнула 30%[2]. Па выніках праведзенага ў 1997 апытаньня 49,4% насельніцтва абралі варыянт «Так, я веру ў Бога»[8]. У 2007 року паводле зьвестак Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў РБ каля 50% грамадзянаў адносілі сябе да той або іншай рэлігіі, зь іх:
- 80% — праваслаўныя (каля 40% ад агульнай колькасьці насельніцтва)
- 14% — каталікі (каля 7% ад агульнай колькасьці)
- 6% — іншыя рэлігіі[9].
У 2010 року паводле зьвестак Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў РБ 58,9% грамадзянаў аднесьлі сябе да тае або іншае рэлігіі, зь іх:
- 82,5% — праваслаўныя (каля 48% ад агульнай колькасьці насельніцтва)
- 12% — каталікі (каля 7% ад агульнай колькасьці)
- 4% — іншыя рэлігіі[10].
Згодна з рэлігійным дасьледаваньнем цэнтра Pew Research Center апублікаваным 10 траўня 2017 року, 73% апытаных беларусаў лічаць сябе праваслаўнымі хрысьціянамі, 12% - каталікамі, 3% не адносілі сябе да якой-небудзь рэлігіі, 11% прыхільнікамі іншага вызнаньня[11].
У 2021 годзе паведамлялася, што, паводле сацыялягічных апытаньняў, вернікамі лічаць сябе 58,9% насельніцтва краіны: зь іх 82% — праваслаўныя, 12% — каталікі, 6% — пасьлядоўнікі іншых 23-х канфэсій і рэлігій, у тым ліку пратэстантаў, мусульман, юдэяў, грэкакаталікоў (уніятаў)[12].
Альтэрнатыўныя ацэнкі
Падчас апытаньня НІСЭПД у верасьні 2002 г. 88,5% апытаных спавядалі хрысьціянства (у тым ліку паводле кірунку 67,4% — праваслаўнае, 13,1% — каталіцкае, 0,6% — пратэстанцкае), 4,9% — атэізм, 1% — нявер’е (агнастыцызм), па 0,1% — іслам і юдаізм[13].
Падчас апытаньня Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня, Летува) у сьнежні 2009 г. 1514 жыхароў Беларусі 92,6% назваліся хрысьціянамі, у тым ліку 78,5% праваслаўнымі, 13,1% каталікамі і каля 1% пратэстантамі. Дадзеныя супадалі са станам на 1994 год[14].
Remove ads
Рэлігійнасьць
Паводле дасьледаваньня цэнтру Gallup, 27% грамадзянаў Рэспублікі Беларусь прызналі, што рэлігія адыгрывае істотную ролю ў іхнім паўсядзённым жыцьці. Па гэтым паказьніку Беларусь уваходзіць у лік 11 найменш рэлігійных дзяржаваў сьвету[15].
Наведваньне храмаў
Паводле дасьледаваньня Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2010 г. 6% жыхароў краіны наведвалі храмы штотыдзень, 8,2% — штомесяц, 28% — на сьвяты, 24,6% — штогод, 20% — не наведвалі[16].
Заканадаўства
Паводле артыкулу 16 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 року са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, прынятымі на рэспубликанскіх рэфэрэндумах 24 лістапада 1996 і 17 кастрычніка 2004, «рэлігіі і веравызнаньні роўныя перад законам»[17]. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2002 року № 137-З, «кожны мае права на свабоду выбару атэістычных або рэлігійных перакананьняў, а менавіта: самастойна вызначаць сваё стаўленьне да рэлігіі, адзінаасобна ці супольна зь іншымі вызнаваць любую рэлігію ці не спавядаць аніякай»[18]. Згодна з артыкулам 5 Закону Рэспублікі Беларусь «Пра свабоду сумленьня і рэлігійных арганізацыях» ніхто не абавязаны паведамляць пра сваё стаўленьне да рэлігіі і ня можа падвяргацца якому-кольвек прымусу пры вызначэньні свайго стаўленьня да рэлігіі, да вызнаньня той ці іншай рэлігіі, да ўдзелу або няўдзелу ў дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў. З гэтай прычыны пытаньне пра веравызнаньне ня ўключанае як абавязковае пры дзяржаўным перапісе насельніцтва[19].
Remove ads
Колькасьць рэлігійных суполак
Remove ads
Канфэсіі
Хрысьціянства
Праваслаўе

Беларускія землі былі ахрышчаныя ў праваслаўе ў пэрыяд Кіеўскай Русі.
У 1596 годзе была абвешчаная Берасьцейская унія, што запачаткавала грэка-каталіцкую царкву, якая захавала парадак вядзеньня набажэнстваў, прыняўшы каталіцкую дагматыку. У 1791 року праваслаўныя складалі прыблізна 6,5% насельніцтва (да 250 тысячаў чалавек) Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітае[21]. У 1839 годзе ўніяцкія парафіі былі перададзеныя ў падпарадкаваньне праваслаўнай царквы.
Цяпер праваслаўе зьяўляецца найбуйнейшай хрысьціянскай канфэсіяй у Беларусі, прадстаўленай Беларускім экзархатам Маскоўскага патрыярхату, заснаваным у 1989 годзе. Экзархат складаецца з 11 япархіяў:
- Бабруйская і Быхаўская япархія
- Берасьцейская і Кобрынская япархія
- Віцебская і Аршанская япархія
- Гомельская япархія
- Гарадзенская і Ваўкавыская япархія
- Магілёўская і Мсьціслаўская япархія
- Менская япархія
- Наваградзкая і Лідзкая япархія
- Пінская і Лунінецкая япархія
- Полацкая і Глыбоцкая япархія
- Тураўская і Мазырская япархія
Дзейны экзарх — мітрапаліт Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Дзейнічаюць Жыровіцкая духоўная сэмінарыя, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучэльня па падрыхтоўцы псальмапеўцаў.
Паводле некаторых зьвестак, у 2001 року дзеля вернікаў, якія адносяцца да Беларускае Праваслаўнае Царквы, складала 73% (або каля 37% ад агульнай колькасьці насельніцтва)[7].
Каталіцтва

Хоць існуюць пэўныя аргумэнты на карысьць магчымага распаўсюду хрысьціянства паводле лацінскага ўзору яшчэ ў X стагодзьдзі[22], пачатак актыўнага распаўсюджваньня каталіцтва ў Беларусі зьвязаны з канцом XIV стагодзьдзя. У гэты час вялікі князь літоўскі Ягайла ў абмен на атрыманьне польскай кароны пачаў перавод у каталіцтва найперш паганскай шляхты Жмудзі і Аўкштоты (цяперашняя Летува) з адначасным стварэньнем прывілеяў для каталікоў. Зь цягам часу большая частка шляхцічаў прыняла каталіцтва, а большасьць простага люду на тэрыторыі сучаснай Беларусі заставалася праваслаўнай.
Пасьля заключэньня Берасьцейскай уніі ў 1596 року, пашырэньня прывілеяў для каталікоў і зьяўленьня ў Рэчы Паспалітай езуітаў колькасьць навернутых у каталіцтва павялічылася. Значную ролю ў пераходзе вышэйшых саслоўяў (некаторыя зь іх да гэтай пары сталі вызнаваць кальвінізм і антытрынітарызм) у каталіцтва адыгралі арганізаваныя езуітамі школы, якія давалі якасную адукацыю. У пераводзе сялянства ў каталіцтва (пераважна ў Заходняй Беларусі) значную ролю адыграла закрыцьцё праваслаўных і адкрыцьцё каталіцкіх храмаў. У 1791 року каталікі складалі 38% насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага[21].
Цяпер каталіцкая царква — другая па велічыні рэлігійная грамада ў Беларусі. Каталікамі (паводле зьвестак самой каталіцкай царквы) зьяўляюцца каля 1,4 млн чал. (каля 15% насельніцтва)[23], каталіцтва больш распаўсюджанае на захадзе краіны (найперш у Гарадзенскай вобласьці). У цяперашні час Беларусь падзеленая на 4 япархіі:
Архіяпіскап-мітрапаліт Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі — Тадэвуш Кандрусевіч.
Грэка-каталікі
У 1791 року грэка-каталікі складалі 39% насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага[21]. Паводле іншых зьвестак, грэка-каталікі ў XVIII стагодзьдзі складалі абсалютную большасьць (да 70%) насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі[24].
У сярэдзіне XIX стагодзьдзя грэка-каталікі былі гвалтоўна далучаныя да праваслаўя (гл. Полацкі сабор 1839 року). Праваслаўнае насельніцтва пачала дамінаваць.
Сёньня парафіі БГКЦ аб’яднаныя ў 3 дэканаты (протапрасьвітараты): Цэнтральны (г. Менск і Менская вобл.), Заходні (Берасьцейская і Гарадзенская вобл.) і Ўсходні (Віцебская, Гомельская і Магілёўская вобл.). Царква падпарадкаваная наўпрост Рымскаму Апостальскаму пасаду. Апеку над вернікамі ў Беларусі ажыцьцяўляе Апостальскі візытатар «ad nutum Sanctae sedis» для грэка-каталікоў у Беларусі, якім цяпер зьяўляецца архімандрыт Сяргей Гаек[25]. Паводле ацэнак, колькасьць грэка-каталікоў (уніятаў) — да 10 тысячаў чалавек[26].
Пратэстанцтва
Пратэстанты (найперш кальвіністы) зьявіліся ў Беларусі ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя і на пэўны час атрымалі значны распаўсюд сярод прадстаўнікоў заможнай шляхты — магнатаў (напрыклад, Мікалай Радзівіл «Руды», Мікалай Радзівіл «Чорны» прынялі кальвінізм, пэўны час кальвіністам быў Леў Сапега). Заняпад пратэстанцкага руху ў ВКЛ зьвязаны найперш з актыўнай дзейнасьцю езуітаў.
Афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі пратэстанцкія арганізацыі[3]:
- Рэфармацкая царква
- Эвангельска-лютэранская царква
- Эвангельскія хрысьціяне-баптысты
- Новаапостальская царква
- Прэсьбітэрыянская царква
- Хрысьціяне веры эвангельскай
- Хрысьціяне поўнага Эвангельля
- Хрысьціяне веры апостальскай
- Царква Хрыстовая
- Мэсіянскія суполкі
- Адвэнтысты сёмага дня
- Сьведкі Яговы
- Мармоны
Паводле крыніцаў, агульная колькасьць вернікаў усіх пратэстанцкіх дэнамінацыяў складае 515 024, адвэнтыстаў сёмага дня — 4828 чалавек[27], а колькасьць Сьведак Яговы — 5014 чалавек.
Стараверы
Пасьля царкоўнага расколу ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя частка старавераў з Масковіі перасялілася ў Вялікае Княства Літоўскае. Адным з цэнтраў стараверства была Ветка. У 1791 року стараверы складалі 4% насельніцтва ўсяго Вялікага Княства[21] (то бок з улікам і тых тэрыторыяў, якія цяпер уваходзяць у склад Летувы, Латвіі і Расеі).
Армянская апостальская царква
Паводле зьвестак на 1 студзеня 2024 року ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана шэсьць суполак Армянскай апостальскай царквы[3]. У жніўні 2022 року пачаліся будаўнічыя работы першай у Беларусі Армянскай царквы-царква святога Рыгора Асветніка, г. Менск[28][29]. Адкрыцьцё першай у Беларусі Армянскай апостальскай царквы плянуецца восеньню 2024 року[30].
Юдаізм

Юдаізм зьявіўся на беларускіх землях разам зь першымі жыдамі (канец XIV — пачатак XV стагодзьдзяў). Працяглы час беларускія землі были буйным цэнтрам канцэнтрацыі жыдоўскага насельніцтва. Паводле перапісу 1897 году на тэрыторыі Беларусі іх налічвалася болей за 700 000.
На сёньняшні дзень у Беларусі дзейнічаюць 6 сынагогаў: 2 у Менску, па адной у Бабруйску, Горадні, Пінску і Гомлі. Колькасьць юдэяў, паводле розных зьвестак, вагаецца ад 13 000 да 28 000 жыдоў і 19 сьвятароў.
Паводле зьвестак з жыдоўскіх суполак, да юдэяў сябе адносяць ад 30 да 40 тысячаў грамадзянаў Беларусі, аднак пераважная колькасьць жыдоў не зьяўляецца актыўнымі вернікамі[6]. Колькасьць жыдоў паводле зьвестак перапісаў імкліва скарачаецца. Так, у 1979 року іх налічвалася 135 тысячаў, у 1989 року 112 тысячаў; асабліва хутка колькасьць жыдоў скарачаецца ў пэрыяд незалежнасьці дзяржавы: да 1999 іхні лік скараціўся ў 4 разы (да 28 тысячаў)[31], а ў пэрыяд да 2009 — яшчэ больш як удвая — да 13 тысячаў[32]. Тым ня меней, некаторыя крыніцы называюць значна большыя лічбы колькасьці асобаў юдэйскага веравызнаньня: 60 тысячаў[27].
Іслам
Іслам атрымаў пэўны распаўсюд зь мірным перасяленьнем татараў з Крыму пачынаючы з XIV стагодзьдзя. У XX — пачатку XXI стагодзьдзя на тэрыторыю Беларусі мігравалі прадстаўнікі шэрагу традыцыйна ісламскіх этнасаў Паволжа, Каўказу, Сярэдняй Азіі і некаторых іншых краінаў.
Паводле зьвестак на 1 студзеня 2024 у краіне зарэгістравана 24 мусульманскія суполкі[3] і дзейнічаюць 8 мячэтаў у рэгіёне традыцыйнага расьсяленьня літоўскіх татараў: Відзы, Іўе, Клецак, Лоўчыцы, Маладэчна, Наваградак, Слонім, Сьмілавічы, Менск (будуецца)[33][34].
Колькасьць этнасаў, якіх традыцыйна адносяць да мусульманаў, паводле зьвестак перапісу 2009 року складала каля 22 тысячаў чалавек[32]. На 2014 рок колькасьць ацэньваецца каля 19 тысячаў[35]
Індуізм
Колькасьць прыхільнікаў індуізму (у пераважнай большасьці неаіндуізму) нешматлікая. Найболей распаўсюджаная такая галіна індуізму, як вайшнавізм, у прыватнасьці адзін з кірункаў крышнаіцкага бхакці — гаўдзія-вайшнавізм[3]. Крышнаіты былі зарэгіставаныя ў студзені 1992 року[36]. На 1 студзеня 2024 року грамады Міжнароднага таварыства сьвядомасьці Крышны дзейнічаюць ва ўсіх абласных цэнтрах[3]. У Менску дадаткова дзейнічае адзін крышнаіцкі ашрам[37].
Будызм
У Беларусі дзейнічае адна зарэгістраваная суполка Шэн Чэн Лінг[38] традыцыі Бон, і некалькі незарэгістраваных будысцкіх суполак розных напрамкаў: Тхеравада[39], Гелуг, Кван Ум[40] школы Дзэн Будызму, Карма-каг’ю (Лама Оле Нідал)[41] і інш.
Бахаізм
Вера Бахаі зьяўляецца адной з наймаладзейшых рэлігіяў, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі: яе першая грамада была зарэгістраваная ў 1992 року[42]. Бахаісты маюць свае суполкі ў Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве і Менску[3]. На сёньняшні дзень менская суполка налічвае блізу 120 чалавек, у тым ліку дзяцей[43].
Незарэгістраваныя
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква
На 2004 год царква налічвала 12 прыходаў у Беларусі[44]. На 2009 г. меліся прыходы ў беларускіх гарадах Вялейка (Менская вобласьць), Віцебск, Гомель, Горадня, Магілёў, Менск і Слуцак (Менская вобл.)[45].
Раднавер’е
Пасьля прыняцьця хрысьціянства на тэрыторыі Беларусі паганства аказала пэўны ўплыў на хрысьціянскую абрадавасьць, што выявілася, у прыватнасьці, у захаваньні некаторых паганскіх сьвятаў (Дзяды, Радаўніца, Каляды, Купальле, провады Зімы й інш.). Ад канца 1980-х пачаў назірацца рост колькасьці людзей, што атаясамліваюць сябе з паганцамі[46]. Невялікае разьвіцьцё атрымала раднавер’е, аднак рух практычна ніяк не арганізаваны і зьяўляецца шмат у чым стыхійным. Таксама вялікае распаўсюджваньне атрымала рух «Зьвінячыя кедры Расеі». На цяперашні дзень у Беларусі грамады раднавераў афіцыйна не зарэгістраваныя.
Саенталёгія
Рэспубліканскі цэнтар «Дыянетыка»[47][48] быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 5 кастрычніка 1995 року як Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне грамадзянаў. 9 жніўня 1999 року Міністэрства юстыцыі адмовіла грамадзкай арганізацыі РЦД у перарэгістрацыі[49].
Remove ads
Глядзіце таксама
- Канфэсійная гісторыя Беларусі
- Свабода веравызнаньня ў Беларусі
- Атэізм у Беларусі
- Рэлігія у СССР
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads