Маладэчна
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Маладэ́чна — места ў Беларусі, на рацэ Вушы. Адміністрацыйны цэнтар Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2025 год — 88 290 чалавек[1]. Знаходзіцца за 73 км на паўночны захад ад Менску; вузел чыгунак на Менск, Полацак, Вільню, Ліду і аўтамабільных дарог на Менск, Вільню, Нарач.
Remove ads
Маладэчна — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Remove ads
Назва
Тапонім Маладэчна, відаць, паходзіць ад назвы рэчкі Маладачанкі, якая зьнікла ў выніку мэліярацыйных працаў. Таксама існуе меркаваньне, што назва места ўтварылася ад словаў маладзец (у значэньні — 'дзяцюк, ваяр у княскай дружыне'[3]), малады, малодшы або ад спалучэньня двух даўніх словаў мала і надэчыць, што азначае 'малазьмяшчальнае месца'[4].
Ад пачатку XX ст. у беларускай літаратурнай мове ўсталявалася форма Маладэчна ў адпаведнасьці з гаворкай мясцовых жыхароў[5]. У той жа час назва Маладзечна ёсьць прыкладам уплыву польскае мовы, адкуль перайшла спачатку ў расейскую, а потым і ў афіцыйны правапіс беларускае мовы[6].
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Маладэчна зьмяшчаецца ў прысяжным лісьце князя ноўгарад-северскага Дзьмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу і датуецца 16 сьнежня 1388 году[7]. У 1413 годзе паселішча ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва.
У XV стагодзьдзі ля сутокаў Маладачанкі і Вушы збудавалі драўляны замак, які неднаразова цярпеў ад пажараў (1519 год — двойчы, а таксама ў 1533 годзе) і быў зруйнаваны ў XVIII ст.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Маладэчна ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1567 годзе тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоваў Люблінскай уніі[7]. У канцы ХVI стагодзьдзя Маладэчна ўваходзіла ў шэрагі 20 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі[7]. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Заслаўскіх, Мсьціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і іншых.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Маладэчна пэўны час займалі швэдзкія войскі. У 1757 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на таргі. У 1758 годзе ўладальнік паселішча Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якім з 1762 году дзеяў кляштар трынітарыяў (ліквідаваны расейскімі ўладамі ў 1831 годзе)[8].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітае (1793 год) Маладэчна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1847 году Віленскай губэрні. У вайну 1812 году 4 сьнежня каля мястэчка расейскія войскі разьбілі ар’ергард францускай арміі маршала Віктора.
14 красавіка 1831 году за часамі вызвольнага паўстаньня аддзел Міхала Ходзькі пры падтрымцы местачкоўцаў вызваліў Маладэчна з-пад расейскага панаваньня. Аднак ужо 22 красавіка 1831 году царскія карнікі занялі паселішча, пачалі дзеяць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі краю ўлады адкрылі настаўніцкую сэмінарыю, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. У 1873 годзе будаваньне Лібаўска-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэньню невялікага мястэчка ў чыгуначны вузел.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Маладэчна занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
- Старая графіка Маладэчна
- Старая царква. Д. Струкаў, 1864 г.
- Вуліца Замкавая. Касьцёл (направа), 1887 г.
- Сынагога, 1887 г.
Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Маладэчна абвяшчалася часткай Беларускае Народнае Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў, жыхары Маладэчанскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, а ў самім мястэчку дзеяў рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Маладэчна ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала самастойнай гмінай у Вялейскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1925 годзе Маладэчна атрымала статус асобнага павету, а ў 1929 годзе — зноў статус места. У 1922—1939 гадах на тэрыторыі фальварку Гелянова (з 1929 году ў складзе места) разьмяшчаўся[10] гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.
У 1939 годзе Маладэчна ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1944—1960 гадах цэнтар асобнай вобласьці). На 1940 год тут адкрылася пэдагагічная вучэльня, працавалі 2 клюбы, бібліятэка, лякарня, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1946—1947 гадох у Маладэчне дзеяла суполка Саюзу беларускіх патрыётаў, сярод мэтаў якога была абарона нацыянальных і грамадзянскіх правоў, захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і мовы, і ўрэшце — пабудова сувэрэннай, незалежнай Беларусі[11]. У 1949—1951 гадох тут дзеяла грамада Саюз супольнай справы, мэтай якой было змаганьне з бальшавікамі.
25 красавіка 1993 году за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам на галоўным пляцы Маладэчна ў прысутнасьці некалькіх тысячаў месьцічаў адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі (у наш час пры падрыхтоўцы да «Дажынак» помнік перанесьлі ў мескі парк). 18 сакавіка 1997 году ў месьце адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касьцёла Сьвятога Язэпа[12].
- Места на старых здымках
- Вуліца Замкавая, 1925 г.
- Касьцёл і кляштар трынітарыяў, 1930 г.
- Трыюмфальная брама, 1930 г.
- Места на старых здымках
- Колішняя каталіцкая капліца, 1930 г.
- Чыгуначная станцыя, 1917 г.
- Чыгуначная станцыя, 1930 г.
- Будынак староства, 1930 г.
Remove ads
Геаграфія
Геаграфічнае становішча
Разьмяшчаецца на паўночным захадзе Менскай вобласьці, уваходзіць у склад Маладэчанскага раёну і знаходзіцца паблізу межаў Валожынскага, Вялейскага, Менскага і Смаргонскага раёнаў. 75% тэрыторыі знаходзіцца на Менскім ўзвышшы, рэльеф пагорысты.
Займае выгаднае геаграфічнае становішча паміж дзьвюма сталіцамі — Менскам і Вільняй. Праз Маладэчна працякае рака Вуша, басэйн ракі Вяльлі.
Клімат
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- ХVI стагодзьдзе: каля 1600 году — 3 тыс. чал.[7]
- ХIХ стагодзьдзе: 1850 год — 1330 чал.; 1885 год — 1332 чал. (629 муж. і 703 жан.)[14]; 1897 год — 2393 чал.[15].
- ХХ стагодзьдзе: 1921 год — 1997 чал.; 1939 год — 6,6 тыс. чал.[16]; 1959 год — 26,3 тыс.чал.[16]; 1970 год — 50 тыс. чал.[16]; 1972 год — 56,1 тыс. чал.[17]; 1973 год — 58 тыс. чал.[16]; 1991 год — 93,5 тыс. чал.; 1997 год — 98,2 тыс. чал.[18]; 1998 год — 98 тыс. чал.[19]
- ХХI стагодзьдзе: 2004 год — 98 384 чал.; 2006 год — 98 514 чал.; 1 студзеня 2007 году — 104 021 чал.; 1 кастрычніка 2007 году — 101,3 тыс. чал.; 2008 год — 98 415 чал.; 1 студзеня 2009 году — 97,6 тыс. чал.; 2009 год — 94 282 чал.[20] (перапіс); 2015 год — 94 686 чал.[21]; 2016 год — 94 922 чал.[22]; 2017 год — 95 233 чал.[23]; 2018 год — 95 011 чал.[1]; 2020 год — 91 719 чал.; 2023 год — 89 268 чал.[24]
Рэлігія
У Маладэчне дзеюць цэрквы Покрыва Багародзіцы, Прачыстай Багародзіцы або Сьвята-Ўсьпенская, Раства Хрыстова, Усіх Сьвятых (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату) і Хрыста Чалавекалюбцы (Беларуская грэцка-каталіцкая царква), касьцёлы Сьвятога Язэпа парфіі Сьвятога Язэпа й Касьцёл Сьвятога Айца Піо парафіі Сьвятога Казімера[25].
Адукацыя

У Маладэчне працуюць 15 школаў, зь іх адна беларускамоўная (Маладэчанская беларуская гімназія на базе сярэдняй школы № 10, але яе беларускамоўныя клясы згортваюцца з кожным годам), мастацкая школа; 6 навучальных установаў тыпу вучэльні, у іх ліку мэдычная і музычная; політэхнічны каледж, гандлёва-эканамічны каледж, 4 публічныя бібліятэкі.
Культура

Маладэчна лічыцца рэп ці гіп-гоп местам, тут таксама існуюць і альтэрнатыўныя гурты (Usplёsk, Буркіна Фасо, ХЗКН, Stickoxydal, Botanic Project ды іншыя). Раз на два гады, з 1993 году, у Маладэчне праходзіць фэстываль беларускай песьні і паэзіі «Маладзечна». Значнае месца ў культурным жыцьці места займае абласны драматычны тэатар, а таксама абласны тэатар лялек «Батлейка».
Выпускаецца гістарычна-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі альманах «Куфэрак Віленшчыны».
Мас-мэдыя
Друк:
- «Маладэчанская газэта»
- «Рэгіянальная газета»
Мясцовыя тэлебачаньне і радыё:
- Маладэчанскае кабэльнае тэлебачаньне
- Мясцовае радыё
Грамадзкія аб’яднаньні, палітычныя партыі
Прадстаўніцтва партыі БНФ, аддзяленьне праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт, скаўцкая дружына «Маладэчына» (кіраўнік Валеры Трацяк).
Remove ads
Забудова
Плян
Сетка вуліцаў прастакутная. Чыгункі падзяляюць места на чатыры плянавальныя раёны: заходні (раён канцэнтрацыі большасьці прамысловых прадпрыемстваў); паўночны (зона індывідуальнай жылой забудовы); усходні (прамысловы раён; старая частка места з пляцам Старое Места, дзе захаваліся Пакроўская царква, сынагога і частка гістарычнай забудовы); паўднёвы (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадзкі цэнтар). На вуліцы Замкавай часткова захаваўся помнік архітэктуры XVIII ст. — кляштар трынітарыяў. Забудова цэнтральнай часткі места 2—9-павярховая.
Вуліцы і пляцы
Маладэчна — адзінае места ў Беларусі, дзе ў наш час большасьць афіцыйных урбанонімаў зьяўляюцца альбо гістарычнымі, альбо маюць беспасярэдні зьвязак з тутэйшай гісторыяй і культурай. Выпраўленьне перайменаваных і нададзеных савецкімі ўладамі назваў, зьвязаных з палітыкай маскалізацыі Беларусі, адбылося за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам.
Вернутыя гістарычныя назвы — нематэрыяльныя культурныя каштоўнасьці: вуліцы Віленская, Гарадоцкая, Замкавая, Лебедзеўская[26], Новы Сьвет.
Аб’екты, пераназваныя на падставе мясцовай тапанімікі: Вялікі Гасьцінец, пляц Старое Места, вуліцы Бухаўшчына, Вялікасельская, Заслаўская, Лібава-Роменская, Маладэчанская, Местачковая, Нагорная, Полацкая, Рымарская, Сьвятаянская, Сэмінарская, Ушацкая, Цівідаўская.
Аб’екты, пераназваныя ў гонар выдатных дзеячоў лякальнай і агульнабеларускай гісторыі: вуліцы Канстантына Астроскага, Канстанцыі Буйло, Ігната Буйніцкага, Уладзіслава Галубка, Язэпа Драздовіча, Міхася Забэйды-Суніцкага, Язэпа Лёсіка, Францішка Скарыны, Якуба Ясінскага.
Remove ads
Эканоміка
Прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Remove ads
Транспарт

Маладэчна — чыгуначны вузел на Менск, Вільню, Ліду і Полацак. Места мае зручную транспартную сетку. Яна ўлучае:
- аўтобусны парк (рух аўтобусаў ажыцьцяўляецца на 23 маршрутах);
- службы таксі;
- маршрутныя таксі (рух ажыцьцяўляецца на найбольш загружаных аўтобусных маршрутах).
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура

Маладэчна ўваходзіць у турыстычны маршрут «У краі Нарачанскім»[27].
Гатэль «Маладэчна» знаходзіцца побач з цэнтральнай плошчай, за 10 хвілінаў хады ад чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. У месьце працуе краязнаўчы музэй.
Славутасьці
- Гарадзішча (XV—XVII стагодзьдзі)
- Забудова гістарычная (ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар трынітарыяў (1762, ад касьцёла часткова захаваліся сьцены бакавых фасадаў[28])
- Мэмарыяльны комплекс «Шталаг 342»
- Сынагога (XIX—XX стагодзьдзі)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1867—1871; мураўёўка)
- Чыгуначная станцыя (1907)
Страчаная спадчына
- Арка Трыюмфальная (1929)
- Капліца рымска-каталіцкая, пазьней Аляксандра Неўскага (1776)
- Касьцёл Сьвятога Язэпа (1930-я)
- Палац Агінскіх (XVІІI ст.)
- Царква (XVI ст.)
- Царква Сьвятых Космы і Даміяна (XVІІI ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Маладэчна
- Пляц Старое Места
- Камяніцы на Віленскай вуліцы
- Касьцёл Сьвятога Язэпа
- Чыгуначная станцыя
- Міжваенная забудова ў Гелянова
- Драматычны тэатар
- Помнік-паравоз
Месты-сябры
Асобы
- Зэлік Аксэльрод (1904—1941) — пісьменьнік
- Меер Аксэльрод (1902—1970) — мастак
- Тацьцяна Беланогая (нар. 1984) — беларуская паэтка і бард
- Леся Беларуска (пам. 1948?) — беларуская пісьменьніца
- Сяржук Вітушка (1965—2012) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч. Кіраўнік менскага таварыства «Талака»
- Ірына Ганецкая (нар. 1961) — археоляг, гісторык
- Аляксандар Грышкевіч (нар. 1961) — мастак
- Уладзімер Карыцька (нар. 1979) — футбаліст
- Аляксандар Каханоўскі (нар. 1963) — гісторык
- Генадзь Каханоўскі (1936—1994) — гісторык
- Аляксандар Куган (нар. 1991) — футбаліст
- Ян Станіслаў Сапега (1589—1635) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
- Людміла Сільнова (нар. 1957) — беларуская паэтка
Глядзіце таксама
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads