Відзы

мястэчка ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Відзы
Remove ads

Ві́дзы[3] — мястэчка ў Беларусі, паміж азёрамі Відзаўскім, Маругай і Ніпалатамі. Цэнтар сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1669 чалавек[2]. Знаходзяцца за 41 км на поўдзень ад Браслава, за 260 км ад Віцебску, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Гадуцішкі (лінія Лынтупы — Варапаева); на аўтамабільнай дарозе Паставы — Дзьвінск.

Хуткія факты

Відзы — даўняе места гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), якое пэўны час было сталіцай рэгіёну.

Remove ads

Назва

Віда або Від (Wido, Wid) — імя германскага паходжаньня[4].

Паводле адной з вэрсіяў, тапонім Відзы ўтварылася ад балтыйскага этноніму «відзы» — назвы жыхароў гістарычнага рэгіёну Латвіі Відзэмэ, якія маглі перасяліцца ў гэтыя мясьціны[5].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Виды (1553 год)[6].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Традыцыйна лічыцца, што Відзы ўпершыню ўпамінаюцца ў першай палове XV стагодзьдзя (1432? год), калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч перадаў землі паміж рэкамі Дзіснай і Дрысьвятай, якія зваліся Ловішчам, братам Даўгерду, Доўкшу і Нарушу (дакумэнтальна гэтыя зьвесткі не пацьвярджаюцца[7]).

Побач зь Відзамі існавала некалькі прадмесьцяў, гістарычна зьвязаных зь мястэчкам: Відзы Лаўчынскія, Відзы Альбрэхтоўскія (пазьней вёска Рэгуляры) — дзяржаўны двор, пазьней уладаньне канонікаў рэгулярных. Відзаўскі Двор (сучасная вёска Падварынка) — уладаньне біскупаў, пазьней належалі выхадцам з Грэцыі Пізані.

У 1433 годзе Ганна Даўгідавіч перадала двор на карысьць касьцёла ў Відзах[7]. У 1481 годзе Ганна і Хведзька Доўгірды фундавалі драўляны касьцёл, пры якім існаваў шпіталь. У 1492 годзе тагачасны ўладальнік паселішча Якуб Ганусавіч, маршалак земскі перадаў двор Відзы біскупу віленскаму Войцеху Табару. Гэтае наданьне пацьвердзіў у 1494 годзе вялікі князь Аляксандар. У ваколіцах Відзаў пачала фармавацца лятыфундыя — буйная зямельная гаспадарка Віленскага біскупства.

Пад 1507 годам упамінаецца «волость Виды» ў складзе Браслаўскага павету. У 1524 годзе частку паселішча за 400 коп грошай набыў ваявода віленскі Альбэрт Гаштольд. У пачатку XVI стагодзьдзя Відзы атрымалі статус мястэчка. На 1539 год тут працавалі 15 корчмаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформай 1565—1566 гадоў Відзы ўвайшлі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. У другой палове XVI стагодзьдзя кашталян смаленскі Станіслаў Нарушэвіч заснаваў у Відзах кальвінскі збор, які дзеяў і ў першай палове XVII стагодзьдзя. У канцы XVI стагодзьдзя ў біскупскай частцы мястэчка налічвалася 5 дамоў рынкавых і 20 дамоў вулічных.

У 1629 годзе частка Відзаў перайшла ў валоданьне Пацаў. Гетман польны, ваявода віленскі Міхал Казімер Пац адпісаў свае відзаўскія ўладаньні канонікам-рэгулярным з мэтай завяршэньня будаваньня касьцёла Сьвятых Пятра і Паўла ў Вільні, вядомага багатым скульптурным аздабленьнем інтэр’еру. На 1690 год, паводле рэестру падымнага падатку, біскупскія ўладаньні ў Відзах налічвалі 129 дымоў, уладаньні канонікаў-рэгулярных — 53 дымы, плябаніі — 8 дымаў, Ваўжэцкіх (разам зь некалькімі вёскамі) — 15 дымоў.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1709 годзе Відзы пацярпелі ад ваенных дзеяньняў. У 1711 годзе ў мястэчку існавала невялікая супольнасьць манахаў-дамініканаў. На 1731 год, паводле інвэнтару, у біскупскай частцы Відзаў (уладальнік Міхал Ян Зянковіч) існавалі вуліцы Рынкавая, Дворная, Казіная, Віленская, працавалі рамесьнікі краўцы, цесьляры, шаўцы, каваль, кушнер, шынкары. Відзаўская лятыфундыя займала плошчу каля 120 км², налічвала 140 сялянскіх, 28 шляхецкіх, 54 мяшчанскіх дымоў. Да лятыфундыі належала 21 вёска: Балікі, Біцюны, Бубі, Бучаны, Пакульня, Пушкі, Эйцьмяны, Мешкелі і іншыя. Самім мястэчкам валодала некалькі гаспадароў, якія неаднойчы зьмяняліся.

У 1754 годзе лоўчы браслаўскі Антоні Ваўжэцкі заснаваў у Відзах езуіцкую місію пры парафіяльным касьцёле, у 1754—1767 гадох дзеяла пачатковая школа. У 1762 годзе езуіты распачалі тут будаваньне мураванага касьцёла, якое аднак не пасьпелі завяршыць[7]. У 1764 годзе стараверы збудавалі ў мястэчку малельню. У 1769 годзе ў Відзах дзеяў аддзел прыхільнікаў Барскай канфэдэрацыі пад камандаю Міхала Гараіна. На 1794 год, паводле люстрацыі, у мястэчку было 182 будынкі, зь іх 50 належала Ваўжэцкім. У 1793 годзе Відзы атрымалі статус места[7]. Вальны сойм ухваліў перанос сюды з Браслава павятовых соймікаў, судовых установаў і архіву. У 1794 годзе, па пажары ў Браславе, Відзы сталі сталіцай Браслаўскага ваяводзтва. У часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі Тамаш Ваўжэцкі на ўласныя сродкі ўзброіў тут аддзел з 300 ваяроў, які, аднак, неўзабаве пацярпеў паразу ад расейскіх войскаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Відзы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пачатку XІХ стагодзьдзя тут разьмяшчаліся часткі расейскага 30-тысячнага гвардзейскага корпусу пад камандаю князя Канстанціна Паўлавіча. У вайну 1812 году 4—5 ліпеня ў Відзах знаходзілася галоўная кватэра Аляксандра I і стаўка камандуючага 1-й арміі Барклая дэ Толі; 7—11 ліпеня тут была галоўная кватэра Ёахіма Мюрата; 28 лістапада ў Відзах адбыўся бой паміж францускім войскам і аддзелам расейскай кавалерыі. У выніку ваенных дзеяньняў места значна пацярпела. У 1816 годзе ў Відзах утварыўся мусульманскі прыход. На 1825 год у месьце было 498 будынкаў; працавалі павятовая школа, 2 шынкі, лазьня. Будучы студэнтам Віленскага ўнівэрсытэту, у Відзы да свайго дзядзькі Маеўскага прыяжджаў А. Міцкевіч. У пачатку 1820 году ў месьце жыў дзекабрыст А. Поджыя. 24 жніўня 1835 году, па пажары, цэнтар павету зь Відзаў перанесьлі ў мястэчка Езяросы (пазьней Новааляксандраўск). З 1843 году Відзы як заштатнае места і цэнтар воласьці ўвайшлі ў склад Ковенскай губэрні. Разьмяшчэньне на паштовым тракце Дзьвінск — Вільня спрыяла хуткай адбудове паселішча.

На 1860 год у Відзах было 248 двароў; дзеялі касьцёл, капліца, сынагога, 5 юдэйскіх малітоўных дамоў і мячэт; працавалі меская дума, расейскія мужчынская і жаночая народныя вучэльні, паштовая станцыя, аптэка; тры разы на год праводзіліся кірмашы, найбольш вядомыя продажам коней і гусей (штогод прадавалася да 100 тыс. гусей). У месьце існавалі Рынкавая вуліца, пляцы, Салявы і Конскі рынкі. У 1858—1861 гадох зьявіўся праект гербу Відзаў: «у чырвоным полі залатая пчала з чырвонымі вачыма»[8].

У Першую сусьветную вайну ўвосень 1915 году Відзы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У выніку ваенных дзеяньняў места значна пацярпела.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Відзы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У сьнежні 1918 году ў места ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Відзы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[9]. У жніўні 1919 году места занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Відзы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Браслаўскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. За польскім часам у Відзах дзеяла найбольш актыўная ў павеце арганізацыя КПЗБ. На 1931 год у мястэчку быў 431 двор.

У 1939 годзе Відзы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. Як сьведчыць гісторык Юры Туронак, у верасьні 1942 году ўправа Генэральнае акругі Летувы не змагла адкрыць летувіскую гімназію ў Відзах, бо не набралі дастатковае колькасьці вучняў[10].

У 1944 годзе Відзы ўвайшлі ў склад Полацкай, а з 1954 году — Маладэчанскай вобласьці. У 1960 годзе Відзаўскі раён расфармавалі, само мястэчка ўвайшло ў склад Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. На 1995 год у Відзах было 840 двароў. 8 красавіка 2004 году Відзаўскага пассавет ліквідавалі, замест яго ўтварыўся Відзаўскага сельсавету (само мястэчка не ўваходзяць у яго склад, але зьяўляецца яго цэнтрам). 9 лютага 2004 году афіцыйна зацьвердзілі местачковыя герб і сьцяг[11].

Remove ads

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVIII стагодзьдзе: 1794 год — 1270 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1825 год — 822 чал.; 1860 год — 3498 чал., зь іх 1928 старавераў, 407 каталікоў, 35 праваслаўных, 949 юдэяў, 179 магамэтанаў[12]; 1889 год — 5641 чал., зь іх паводле стану: духоўнага 16, шляхты 384, купцоў 12, мяшчанаў 4841, сялянаў 163, вайскоўцаў 224 і 1 замежнік; паводле веры: каталікоў 677, старавераў 369, праваслаўных 74, лютэранаў 10, юдэяў 4164, магамэтанаў 347[13]; 1890 год — 6417 чал.[13]; 1892 год — 5,6 тыс. чал., зь іх юдэяў 4263, каталікоў 678, старавераў 394, магамэтанаў 148, праваслаўных 59, пратэстантаў 11; 1893 год — 5,8 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 5,9 тыс. чал.; 1931 год — 2326 чал.; 1969 год — 2,6 тыс. чал.; 1990 год — 2184 чал.[14]; 1995 год — 2,3 тыс. чал.[15]; 1999 год — 2200 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 2,0 тыс. чал.; 2008 год — 2,0 тыс. чал.; 2009 год — 1763 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 1670 чал.[17]; 2017 год — 1697 чал.[18]; 2018 год — 1669 чал.[2]

Інфраструктура

У Відзах працуюць вучэльня мэханізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, мытны пераход на граніцы зь Летувой.

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назваГістарычная назва
Кірава вуліцаВіленская вуліца
Куйбышава вуліцаСтарая вуліца
Леніна вуліцаКазянская вуліца (частка)
Дынабурская вуліца (частка)
Спартыўная вуліцаТатарская вуліца
Бяз назвыРынак пляц

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Крамная і Угарская вуліцы[19].

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці (цагельны завод, лясьніцтва).

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

У Відзах дзее аздараўленчы лягер[20].

Славутасьці

Страчаная спадчына

Remove ads

Галерэя

Асобы

Thumb
Т. Ваўжэцкі. Марка Беларускай пошты

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads