Сьвіцязянскі заказьнік
краявідны заказьнік Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Сьвіцязянскі заказьнік[1] — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў чэрвені 1970 году на ўсходзе Гарадзенскай вобласьці[2].
Першапачаткова быў створаны ў Наваградзкім раёне дзеля захаваньня возера Сьвіцязь і ваколічных лясоў. На 1984 год меў плошчу 1034 гектары. Месьціўся пасярод Наваградзкага ўзвышша. Меў узгорысты рэльеф. Расьліннасьць належала да Ваўкавыска-Наваградзкага раёну Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабова-дубова-цёмнахвойных лясоў. У межах заказьніка вылучылі 27 відаў лесу. Каля 36,1% земляў займалі яловыя лясы, 23% — хваёвыя, 22,4% — дубовыя, бярозавыя — 10,7%. Меншае пашырэньне мелі асінавыя, альховыя і грабовыя лясы. Расьлі таксама клён, ліпа і ясень. Расьлінны сьвет налічваў каля 300 відаў найвышэйшых расьлінаў, сярод якіх было 5 рэдкіх відаў: горны купальнік, кучаравая лілея, лябэлія Дортмана, азёрны палушнік і звычайная тлушчанка. У возеры трапляліся 2 рэдкія расьліны — кальчаковая гідрыла і гнуткая наяда, а таксама водарасьць яванскі тэтрадыніюм. Таксама ў возеры знайшлі малюск плянорбіс стэльмахтыкус і старажытныя віды зоаплянктону. На паўночным беразе возера знаходзіліся 2 векавыя дубы, якія былі помнікамі прыроды. На паўднёва-заходнім беразе месьціліся старажытныя курганы, якія былі археалягічнымі помнікамі. Мясцовыя краявіды апяваліся ў беларускіх народных паданьнях і творах Адама Міцкевіча[3]. На 2002 год экзатычнымі пародамі дрэваў былі чырвоны дуб, сібірская лістоўніца і лаўралістая таполя[4].
У 2013 годзе заказьнік атрымаў 37 млн рублёў (4100 даляраў ЗША) прыбытку за кошт разьмешчанай у ім платнай аўтастаянкі[5]. У красавіку 2016 году заказьнік аснасьцілі электробусам на 23 месцы за сродкі Эўразьвязу для дастаўкі падарожнікаў да возера Сьвіцязь. Пры гэтым стварылі інфармацыйна-экалягічны цэнтар «Прыгоды каля возера» з 6-ю пляцоўкамі: «Чароўны лес» і «Сьвіцязянка», «Пляцоўка павука» і «Прыпынак каля дрэва жаданьняў», «Горад майстроў» і «Паляна абрадаў»[6]. У 2018 годзе ў сярэдняй школе Валеўкі, дзе месьціцца кіраўніцтва Сьвіцязянскага заказьніка, стварылі Клюб захавальнікаў прыродных краявідаў з удзелам вучняў 7—10 клясаў. У красавіку 2019 году да Дня птушак удзельнікі Клюбу стварылі мноства сінічнікаў і шпакоўняў для заказьніка[7].

На верасень 2020 году Сьвіцязянскі заказьнік меў плошчу 1193,8 га і налічваў 515 відаў расьлінаў, сярод якіх было 22 рэдкія віды дзікарослых расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Таксама вадзілася 5 рэдкіх відаў дзікіх жывёлаў. Інфацэнтар «Прыгоды ля возера» месьціўся на ягоным беразе каля аддзяленьня «Магістральнай» здраўніцы. Плошча возера Сьвіцязь складала 2,2 кв.км, а яго глыбіня дасягала 15 мэтраў. Пры гэтым, на дне быў ясна бачны белы пясок. Возера месьцілася на 242-х мэтрах над узроўнем мора. Каля здраўніцы ў вадзе каля берага возера ўсталявалі скульптуру легендарнай Сьвіцязянкі, пра якую напісаў паэму Адам Міцкевіч[8]. На 2021 год пасаду кіраўніцы заказьніка займала Кацярына Літвін[9]. 19 лістапада 2021 году Ўправа Нацыянальнага банку Беларусі ўхваліла Пастанову № 346 аб зацьверджаньні Пераліку памятных манэтаў, якія заплянавалі выпусьціць у 2022 годзе. Згодна з Пастановай у рамках сэрыі «Заказьнікі Беларусі» вызначылі выпусьціць манэту пра Сьвіцязянскі заказьнік[10].
На 2022 году жывёльны сьвет налічваў 144 віды. У межах заказьніка адным з помнікаў прыроды быў Сьвіцязянскі дуб-трайнік векам звыш 300 гадоў[11]. Заказьнік месьціўся на поўдні Карэліцкага і Наваградзкага раёнаў Гарадзенскай вобласьці Беларусі. На поўнач ад возера знаходзілася здраўніца «Сьвіцязь». З поўначы на поўдзень заказьнік перасякала аўдатарога Р5, якая злучала Наваградак і Баранавічы. На захадзе возера быў пляж, праз дарогу ад якога знаходзілася кавярня з аўтастаянкай. На поўдзень ад заказьніка месьцілася Парэчча, а на ўсход — дзіцячы летнік «Вясёлка» і вёска Яцьвезь (Карэліцкі раён), у бок якой з возера выцякала рака Сваротва. На поўнач ад заказьніка знаходзіліся Мірацічы (Карэліцкі раён), летнік «Сьвіцязь», Навасады і Валеўка.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads