Тува
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Рэспу́бліка Тыва́, Тува́ (па-расейску: Республика Тыва, Тува, па-тувінску: Тыва Республика) — суб’ект Расейскай Фэдэрацыі, разьмешчаны на поўдні Ўсходняй Сыбіры. Мяжуе з Манголіяй на ўсходзе і поўдні, з Краснаярскім краем на поўначы, Хакасіяй на паўночным захадзе, Буратыяй і Іркуцкай вобласьцю на паўночным усходзе, з Рэспублікай Алтай на захадзе.

Remove ads
Геаграфія
Знаходзіцца на поўдні расейскай Сыбіры. Рэльеф пераважна гарысты. На тэрыторыі рэспублікі месьціцца геаграфічны цэнтар Азіі. Адзначаецца сэйсмаактыўнасьць.
Гістарычны агляд
Гістарычны рэгіён Тану-Ўранхай (кіт. 唐努乌梁海), часткай якога была Тыва, кантраляваўся манголамі з 1207 да 1757 году, калі ім авалодала маньчжурская дынастыя Цын, пад уладай якой Тыва знаходзілася да 1914 году.
Пасьля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—1912 гадоў у Кітаі тувінскія наёны зьвярнуліся па расейскага цара з просьбай аб усталяваньні расейскага пратэктарату, што і было зроблена ў 1914 годзе. Тувінскія землі пад назвай Уранхайскі край былі ўключаныя ў склад Енісейскай губэрні. Па рэвалюцыйных падзеях у Расеі ў Туве адбыўся зьезд тувінцаў і расейцаў краю, на якім было прынятае рашэньне пра самавызначэньне Тувы.
У 1921 годзе абвешчаная незалежная Народная Рэспубліка Тану-Тува (з 1926 году — Тувінская Народная Рэспубліка). ТНР кіравалася як камуністычная дзяржава, якая мела камуністычныя грамадзка-палітычныя арганізацыі і адпаведную ўнутраную палітыку (напрыклад, калектывізацыя сялянаў, жорсткае ўрэгуляваньне рэлігійнага жыцьця). У зьнешняй палітыцы дэкляравалася палітычная накіраванасьць да РСФСР (потым, пасьля 1922 году, і на СССР), дачыненьні з суседняй Манголіяй адзначаліся нявызначанасьцю памежнага пытаньня. Захоўвалася нявызначаная палітычная сытуацыя з тагачаснай Кітайскай Рэспублікай, якая прэтэндавала на землі былой Цын і, адпаведна, лічыла Туву часткай уласнай дзяржавы. З пачаткам падзеяў Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі СССР Тува абвясьціла вайну Нямеччыне, ажыцьцяўляла матэрыяльную й грашовую падтрымку арміі СССР.
У 1944 годзе ТНР увайшла ў склад СССР і РСФСР як аўтаномная вобласьць, празь некаторы час гэты статус быў падвышаны да аўтаномнай ССР. У 1991 годзе была ператвораная ў Рэспубліку Тыва. З 1993 году афіцыйная назва — Рэспубліка Тыва.
У 1989 году ў сталіцы рэспублікі — Кызыле — адбыўся масавы фізычны гвалт над расейцамі з боку мясцовага насельніцтва, які быў спынены толькі адмыслова ўведзенымі войскамі.[2]
Remove ads
Адміністрацыйны падзел
Тыва падзяляецца на 2 гарадзкія акругі (гарады Кызыл і Ак-Давурак) і 17 кажуўнаў.
- Бай-Тайгінскі кажуўн
- Барун-Хемчыцкі кажуўн
- Дзун-Хемчыцкі кажуўн
- Каа-Хемскі кажуўн
- Кызылскі кажуўн
- Мангун-Тайгінскі кажуўн
- Авюрскі кажуун
- Пій-Хемскі кажуўн
- Сут-Хольскі кажуўн
- Тандзінскі кажуўн
- Церэ-Хольскі кажуўн
- Цес-Хемскі кажуўн
- Таджынскі кажуўн
- Улуг-Хемскі кажуўн
- Чаа-Хольскі кажуўн
- Чэдзі-Хольскі кажуўн
- Эрзінскі кажуўн
Іншыя гарады — Туран, Чадан, Шаганар — уваходзяць у склад кажуўнаў.
Насельніцтва
Колькасьць насельніцтва складае 310 460 чал. (2013)[1], шчыльнасьць — 1,84 чал. / км². Удзельная вага гарадзкога насельніцтва складае 53,92%[1]. Нацыянальны склад: тувінцы — 82,0%; расейцы — 16,3%; хакасы — 0,3%[3].
Культура
Традыцыйная культура тувінцаў — гэта культура качэўнікаў. Дзякуючы свайму адносна ізаляванаму становішчу — адсутнасьці чыгункі, гарам, якія атачаюць тэрыторыю з усіх бакоў, у Туве дагэтуль захаваліся самадастатковыя качэўніцкія гаспадаркі. Тувінцы разводзяць авечак, каней, у Тоджынскім кажуўне захоўваюцца аленегадоўля й паляваньне як асноўны занятак насельніцтва.
Традыцыйная рэлігія тувінцаў — шаманізм, у апошняе дзесяцігоддзе знайшла другое нараджэньне. Зьявіліся шаманскія суполкі, камланьні шаманаў праходзяць у местах як афіцыйныя мерапрыемствы. Адным з адметных фактаў ёсьць тое, што шаманства ў Туве спакойна ўжываецца з ламаізмам. У верасьні 1992 году Далай-лама XIV, які зьяўляецца духоўным лідэрам будыстаў, зрабіў у рэспубліку трохдзённы візыт. Пажыцьцёвы прэзыдэнт шаманаў Тывы — Мангуш Кенін-Лапсан.
Сусьветна вядомы тувінскі гарлавы сьпеў, што стаў неафіцыйным сымбалем рэспублікі. Сярод іншых сымбаляў — каменарэзнае мастацтва, традыцыйныя конныя скачкі, барацьба хурэш.
Тыва знаходзіцца ў самым цэнтры Азіі, у сувязі з чым у ейнай сталіцы ўсталяваны абеліск «Цэнтар Азіі».
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads