Уладзімер Алоўнікаў
беларускі кампазытар From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Уладзі́мер Уладзі́меравіч Ало́ўнікаў (1919, Бабруйск, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь — 1996, Менск, Беларусь) — беларускі кампазытар.
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1957), народны артыст Беларусі (1970), прафэсар (1980)[1]. Бацька піяніста і народнага артыста Ігара Алоўнікава[2]. Матыў ягонай музыкі да песьні «Радзіма мая дарагая» стаў пазыўнымі Беларускага радыё[3].
Remove ads
Жыцьцяпіс
У 1940 годзе падчас 1-ы дэкады беларускага мастацтва ў Малой зале Маскоўскай кансэрваторыі выканалі 2 п’есы Алоўнікава для фартэпіяна — «Недагаворанае» і «Прэлюд». У 1940 годзе стаў сябрам Саюзу кампазытараў Беларусі[3]. 22 чэрвеня 1941 году скончыў Беларускую кансэрваторыю па клясах кампазыцыі Васіля Залатарова і фартэпіяна Міхаіла Бергера[2]. Удзельнічаў у Другой сусьветнай вайне. У 1945 годзе ўступіў у Камуністычную партыю Беларусі, дзе з 1966 году абіраўся сябрам Цэнтральнага камітэту. У 1947—1994 гадах выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі[1]. У 1955 годзе атрымаў годнасьць заслужанага артыста Беларусі. У 1957 годзе стаў заслужаным дзеячом мастацтваў Беларусі. У 1960—1970-я гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР 6—9-га скліканьняў. У 1962—1982 годзе быў рэктарам Беларускай акадэміі музыкі. У 1970-м атрымаў годнасьць народнага артыста Беларусі, а ў 1980-м — годнасьць прафэсара катэдры кампазыцыі. У 1982 годзе быў узнагароджаны залатым мэдалём імя Аляксандрава за вайскова-патрыятрычныя песьні[3].
Remove ads
Творчасьць
У 1937 годзе напісаў п’есу для фартэпіяна «Недагаворанае», у 1938-м — «Маленькую баляду», а ў 1940-м — «Прэлюд» і «Санату». У 1948 годзе стварыў рамансы пра каханьне «І зноў былое ажыло» (на словы Анатоля Астрэйкі), «Ты прыйдзі» (на словы Янкі Купалы) і «Дазволь цябе любіць» (на словы Зьмітрака Бядулі), а ў 1949 годзе на словы Якуба Коласа — эпічныя рамансы «Дуб» і «Лес». У 1948-м таксама напісаў 5 прэлюдыяў для фартэпіяна. У 1948 годзе напісаў да агульнабеларускага конкурсу 1-ю песьню «Разгарэлася зорачка ясная». Пазьней стварыў звыш 40 лірыка-драматычных і эпічных песьняў, у тым ліку «Песьню пра Гараўца» і «Песьню пра Веру Харужую»[3].
Напісаў сымфанічныя творы: паэмы «Партызанская быль» (1952) і «Нарач» (1954), сюіта «Песьні міру» (1958) і араторыя «Партызанскія песьні» (1988). Быў аўтарам камэрна-інструмэнтальнай і вакальнай музыкі, хораў («На Палесьсі гоман, гоман») і рамансаў, а таксама славутых песьняў «Радзіма мая дарагая» (на словы Алеся Бачылы, стала пазыўнымі Беларускага радыё), «Лясная песьня» і «Недзе ў пасёлку». Пісаў музыку для дзяцей, да спэктакляў («Берасьцейская крэпасьць» Кастуся Губарэвіча) і кінафільмаў[1] («Міколка-паравоз», 1957). Таксама жыцьцёвасьцьвярджальнасьцю і лірычнай пранікнёнасьцю вызначаліся яго «Песьня пра Брэсцкую крэпасьць», «Песьня пра Заслонава» і «Песьня аб Менску». Сярод іншага, напісаў кантату для дзяцей «Усім піянэрам таварыш і брат» (1968, на словы Артура Вольскага) памяці Марата Казея, «Урачыстую прэлюдыю» і эскіз «Куранты Берасьцейскай крэпасьці» (1975) для сымфанічнага аркестру, сюіту «На Палесьсі» (1953) і музычную карцінку «Зорка Вэнэра» (1958) для аркестру беларускіх народных інструмэнтаў, а таксама п’есы для фартэпіяна і скрыпкі[2].
Remove ads
Памяць
У Бабруйску (Магілёўская вобласьць) імя Ўладзімера Алоўнікава носіць дзіцячая школа мастацтваў № 2[4].
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads