Уласы (Гомельская вобласьць)
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Уласы́[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Межавала з урочышчам Тужыр. У сувязі з радыяцыйным забруджваньнем пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі (69 сем’яў) пераселены ў экалягічна бясьпечныя мясьціны.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

Найранейшая зь вядомых на сёньня згадак пра паселішча датаваная 26 днём чэрвеня 1600 году, калі падкаморы кіеўскі Шчасны Харлінскі адпісаў свайму сыну Мікалаю Астраглядавіцкі двор з прыселкамі, 13 сёлаў, сярод якіх Уласы (Ułasy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве. 14 траўня 1618 году пан Мікалай Харлінскі запатрабаваў у судзе ад паноў Самуэля Гарнастая, як дзедзіча, і Стэфана Нямірыча, як дзяржаўцы, вярнуць падданых, зьбеглых з Уласоў, Астраглядавічаў, Хвойнікаў, Стралічава, Багушоў[a] да добраў Гарнастайпаль і Самуэльпаль. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Краснасельле, Уласы (яшчэ названыя 19 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[2].

8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[b] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Уласамі) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[3]. Увогуле, вёска альбо хутар Уласы да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — панам Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].
Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, з 4 дымоў вёскі Уласы кашталяна амсьціслаўскага Мікалая Абрамовіча выбіралася 4 злотых[5].
Паводле тарыфу падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году 6 дымоў у вёсцы Ўласы трымалі[c] астраглядаўскія айцы дамініканы[6]. Інвэнтар 1698 году засьведчыў, што жыхары Ўласоў — Васіль Калечук, Міхед Іванчанка, Яцка Астапенка, Цімох Мелючэнка, Грышка, Хведараў сын, — з 5 сваіх гаспадарак не паасобку, але як і краснасельцы, грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтку князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты 30 злотых чыншу, даніны мядовай 5 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хвойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасьці на карысьць двара Астраглядаўскага. Такія самыя памеры чыншу і даніны мядовай запісаныя ў рэвізіі 1716 году. У 1721 годзе ўласоўцы выплачвалі 15 злотых чыншу і аддавалі 5 бельцаў мёду[7].
Згодна з тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 году, Уласы разам з 16 іншымі паселішчамі (акрамя Багушоў, прыналежных астраглядаўскай плябаніі) Хвойніцкай воласьці былі ўласнасьцю князя Ігнацыя Шуйскага[8].У 1754 годзе з 7 двароў (×6 — каля 42 жыхароў) вёскі Ўласы князёў Шуйскіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 6 гр.[9] Габрэйскія перапісы 1778 і 1784 гадоў засьведчылі, што ў вёсцы Ўласы пражывалі адпаведна 3 і 2 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[10].
Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Уласы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. Паводле рэвізіі 1795 году, ва Ўласах налічвалася 13 двароў з 30 прыгоннымі мужчынскага і 30 жаночага полу. Разам з Краснасельлем вёска за 32 000 злотых была аддадзена панамі Прозарамі ў заставу ўдаве па падстолію Яну Караліне, дачцэ Габрыеля, Крушэўскай.[12].
14 лютага 1811 году Людвіка Прозар пісьмова засьведчыла шляхцічу Паўлу Жукоўскаму права на 6-гадовую арэнду фальварка Аркадыя з усімі прылегласьцямі[13]. З інвэнтара 1844 году маёнтку Юзафаў, прыналежнага Юзафу, сыну Караля, Прозару, вядома, што да фальварка Аркадыя належала вёска Ўласы з 17 дварамі[14]. На 1850 год — 20 двароў, 130 жыхароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 113 жыхароў вёскі Ўласы зьяўляліся прыхаджанамі Параскевіцкай царквы ў Масанах[15].

У парэформавы пэрыяд адміністрацыйна Ўласы належалі да Дзёрнавіцкай воласьці. Згодна з вайскова-тапаграфічнай мапай Расейскай імпэрыі, створанай у 1846 – 1863 гг., паселішча складалі ўжо 22 двары. На пачатак 1870 году ў вёсцы — 60 мужчынскіх душ зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Ўласоўскага сельскага таварыства[16].
Паводле перапісу 1897 году, у вёсцы Ўласы — 43 двары, 158 жыхароў, хлебазапасны магазын. На 1909 год паселішча налічвала 55 двароў, 396 жыхароў[17].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Уласы ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[18].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасьля ўзьяднаньня з БССР, ад 8 сьнежня 1926 вёска — цэнтар Уласоўскага сельсавету Камарынскага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Баршчоўскага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавала ваўначоска. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Уласах было 120 двароў з 432 жыхарамі. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску і зьнішчылі 154 жыхары[19]. 70 вяскоўцаў загінулі на франтах.
З 8 студзеня 1954 году Ўласы — у Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у вёсцы налічвалася 267 жыхароў, ўваходзіла ў склад калгасу «Новае жыцьцё» (цэнтар — вёска Радзін). 25 сьнежня 1962 году Ўласы ўвайшлі ў склад Хвойніцкага раёну.
20 лютага 1964 году Баршчоўскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавету[20]. У яго складзе вёска Ўласы заставалася да 8 студзеня 1987 году[21].
Remove ads
Заўвагі
- Да названых украінскіх маёнткаў пана С. Гарнастая мог зьбегчы хіба нехта з уласоўцаў (для іх паўднёвыя мясьціны бліжэй), таму невялічкая вёска і названая першай у сьпісе. Астатніх уцекачоў падаўца скаргі «скіраваў» туды меркавана.
- 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
- Магчыма, у заставе ад князя Канстанціна Яна Шуйскага, альбо яшчэ на якіх умовах.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads