Усохі (Барысаўскі раён)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Усо́хі[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 3 км на паўночны ўсход ад Іканаў і шашы Р3. Усохі ўваходзяць у склад Іканскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Былыя часы
Вядома, што ў 20-х — 30-х гадах ХІХ стагодзьдзя Ўсохі ўжо існавалі. Па стане на 1870 год у іх жыло 22 чалавекі. Адносіліся яны да Будзеніцкага сельскага таварыства. У 1890 годзе тут было шэсьць сялянскіх гаспадарак. Вёска адносілася да Зэмбінскай воласьці.
ХХ стагодзьдзе
Галоўная і адзіная вуліца Ўсохаў была вельмі гразкая. Таму на пачатку ХХ стагодзьдзя было вырашана яе палепшыць. Для гэтага мясцовыя жыхары з навакольляў на конях звозілі камяні і імі выбрукавалі вуліцу.
У сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя ва Ўсохах жыло 27 чалавек. Перад самай вайной вёска пашырылася за кошт перасяленьня ў яе сялянаў з навакольных хутароў у сувязі зь іх зьліквідаваньнем. Так утварыўся ля ўсходу вёскі невялічкі пасёлак, які мясцовыя жыхары назвалі прыточкай. Перад вайной у вёсцы было 40 хат. У яго апошнюю хату сьвятло правялі толькі гадоў дваццаць таму.
На пачатку вайны празь вёску адступала шмат вайскоўцаў Савецкай Арміі. Але ля Бярэзіны яны былі ўсе зьнішчаны. Загінула ў вайну шмат і мясцовых жыхароў.
Пасьляваеннае жыцьцё ў вёсцы Ўсохі мала чым адрозьнівалася ад жыцьця іншых тутэйшых вёсак.
Школа
У савецкія часы ва Ўсохах была ўтворана школа. Дзетак спачатку вучылі па хатах. Потым для гэтых мэтаў быў пабудаваны адмысловы будынак. У вайну ён згарэў. Пасьля яе заканчэньня для школы была ўзьведзена новая школа. Аднак, паколькі вёска была невялікай, у далейшым яе перавезьлі ў Іканы. Вучняў пачалі вазіць туды на аўтобусе. Потым у былым будынку ўсоскай школы пры іканскай школе быў зроблены музэй.
Традыцыі
Усохі, у адрозьненьне ад большасьці іншых тутэйшых вёсак, традыцыі правядзеньня кірмашоў ня мелі. Больш за тое, у савецкія часы тут вельмі строга сачылі, каб мясцовыя жыхары не адзначалі Купальле і іншыя народныя сьвяты.
Але ніякія забароны не прымусяць забыць даўнія традыцыі. Так, калі мясцовыя жыхары, якія хацелі пахрысьціць сваіх дзяцей, везьлі іх для гэтага ў Барысаў. Прычым, каб ніхто пра гэта не даведаўся, рабілі гэта ноччу.
У дасавецкія часы ні цэркваў ні капліц ва Ўсохах не было. Найбліжэйшыя цэрквы знаходзіліся ў Іканах і Будзенічах. Дарога, якая вяла зь вёскі на гасьцінец зь Іканаў на Будзенічы, раней называлася Крыжовай дарогай. Сваю назву яна атрымала ад таго, што ля яе выезду на шлях з даўніх часоў ставілі крыжы, прывязвалі да яго фартушкі. Традыцыя гэта ўжо даўно страчана, але назва дарогі захавалася ў памяці людзей. Захаваўся і шэраг іншых мясцовых назваў. Лагчынку за гасьцінцам раней называлі Начовачкамі. Ёсьць у навакольлях вёскі і Кучынскі лес, Маргі, Куць і іншыя ўрочышчы.
Рака
Важнае значэньне для вёскі адыгрывае невялічкая рака, якая працякае ля яе (Пуста-Мсьціская). Возера на рэчцы ля вёскі штучнае. У пасьляваенныя гады на ёй ля гасьцінца быў зроблены млын. Малолі на ім як калгас, так і мясцовыя жыхары. Аднак прастаяў млын нядоўга. Яго разабралі, а абсталяваньне млына перавезьлі на склад у Іканы.
Пазьней возера паглыбілі экскаватарамі (дарэчы, у яго навакольлях вельмі шмат крыніц). Пры калгасе ў возера запусьцілі карпа. Потым яго вылоўлівалі і прадавалі на сьвяты. Аднак праз пэўны час плаціну прарвала, і ўвесь карп «сышоў» уніз.
Вёска зараз
Ва Ўсохах цяпер усяго сем пастаянных жыхароў. Астатнія — дачнікі.
Remove ads
Насельніцтва
- 1870 год — 22 жыхары
- 1890 год — 6 двароў
- 1935 год — 27 жыхароў
- 1999 год — 23 жыхары
- 2008 год — 7 жыхароў
- 2010 год — 9 жыхароў
Інфармацыя для турыстаў
Страчаная спадчына
- Млын
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads