Яўхім Карскі

беларускі філёляг-славіст From Wikipedia, the free encyclopedia

Яўхім Карскі
Remove ads

Яўхі́м Фё́даравіч Ка́рскі (1 студзеня 1861 [ст. ст. 20 сьнежня 1860] [3] — 29 красавіка 1931) — філёляг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фальклярыст, палеограф. Акадэмік Пецярбурскай Акадэміі навук, сябра Інстытуту беларускай культуры, Чэскай Акадэміі навук.

Хуткія факты Дата нараджэньня, Месца нараджэньня ...

Паходзіць зь вёскі Лаша Гарадзенскага павету Гарадзенскай губэрні. Вучыўся ў Менскай духоўнай вучэльні, Нежынскім гістарычна-філялягічным інстытуце (сучасная Ўкраіна). З 1893 году працаваў у Варшаве. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 годзе ўзнагароджаны вялікім залатым мэдалём Расейскага геаграфічнага таварыства. У 1896 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філялёгіі ў Маскоўскім унівэрсытэце. У 1901 годзе атрымаў Ламаносаўскую прэмію. У 1905 годзе ўзначаліў часопіс «Русский филологический вестник», у тым жа годзе стаў першым абраным рэктарам Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1915—1916 гадох працаваў у Растове-на-Доне, куды быў эвакуяваны Варшаўскі ўнівэрсытэт. Потым працаваў у Менску (1919—1920 гады), Петраградзе. Прафэсар філялягічнага факультэту.

У 1964 годзе ў будынку сярэдняй школы ў вёсцы Лашы быў адкрыты музэй Карскага.

Remove ads

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка Фёдара Навіцкага й дачкі праваслаўнага дыякана Магдалены Карскай. Нарадзіўся перад шлюбам бацькоў і прозьвішча меў па маці[4]. Разам з бацькамі правёў дзіцячыя гады на Наваградчыне (в. Ятра і в. Бярозавец) і на Меншчыне.

На пачатку 1870-х гадоў вучыўся ў народнай вучэльні в. Ятра Наваградзкага павету. З 1874 да пачатку 1880-х гадоў вучыўся ў Менскай духоўнай школе, а потым у Менскай сэмінарыі. У 1881 годзе зацікавіўся этнаграфіяй, кінуў сэмінарыю і паступіў у Нежынскі гістарычна-філялягічны інстытут.

У 1877 годзе ажаніўся з дачкою сьвятара Соф’яй Мікалаеўнай Сьцепуржынскай, а пазьней, у 1894 годзе, у іх нарадзілася дачка Натальля.

  • 1883: апублікаваў сваё першае філялягічнае дасьледваньне (артыкул) у «Русским филологичном веснике».
  • 1885: скончыў Нежынскі гістарычна-філялягічны інстытут з расейскай і славянскай філялёгіі, пад кіраўніцтвам праф. Р. Ф. Бранта. Падштурхнуты адсутнасьцю навуковага распрацаваньня беларускай мовы, апублікаваў сваю першую значную навуковую працу «Агляд гукаў і форм беларускай гаворкі» (публікацыя насіла дату 1886).
  • 1885—1893: выкладаў расейскую і царкоўнаславянскую мовы і расейскую літаратуру ў Другой віленскай гімназіі, таксама працаваў сакратаром гімназіі (1885—1889) і выбарным сябрам гаспадарчага камітэту гімназіі (1890—1892).
  • 1888: апублікаваў «Граматыку старой царкоўнаславянскай мовы ў параўнаньні з расейскай мовай». Граматыка перавыдавалася 19 разоў, да самага кастрычніка 1917.
  • 1891, 17 верасьня: пасьпяхова здаў магістарскі выпыт.
  • 1893, 2 студзеня: пачаў выкладаць расейскую мову ў Варшаўскім унівэрсытэце. Пазьней таксама выкладаў славянскую палеаграфію, расейскую дыялекталёгію, граматыку царкоўнаславянскай мовы.
  • 1893, 23 кастрычніка: пасьпяхова абараніў сваю магістарскую дысэртацыю «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі» у Кіеўскім унівэрсытэце. Гэта была першая ў гісторыі дысэртацыя, прысьвечаная беларускай мове.
  • 1894, 26 чэрвеня: абраны на пасаду экстраардынарнага прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту і загадчыка катэдры расейскай і царкоўнаславянскай мовы і гісторыі расейскай літаратуры.
  • 1897, 14 лютага: стаў ардынарным прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту.
  • 1898—1900, 1903 — вывучаў мясцовыя беларускія гаворкі, па помніках пісьменнасьці і па этнаграфічных службовых выправах, асабліва па Гарадзеншчыне, Віленшчыне, Меншчыне.
  • 1901: стаў сябрам-карэспандэнтам Пецярбурскай акадэміі навук, аддзелу расейскай мовы і пісьменнасьці.
  • 1902: апублікаваў першую мапу беларускіх этнічных межаў.
  • 1903: выпусьціў першы том сваёй фундамэнтальнай працы «Беларусы».
  • 1905, 1 студзеня: стаў рэдактарам часопіса «Расейскі філялягічны весьнік».
  • 1905—1910: працаваў рэктарам Варшаўскага ўнівэрсытэту, двойчы пераабраны на пасаду (1905, 1908). Паводле непацьверджаных зьвестак, падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі міністра Касо.
  • 1915—1916: выкладаў ў Растоўскім унівэрсытэце (былы Варшаўскі ўнівэрсытэт).
  • 1916, 8 кастрычніка: абраны ў запраўдныя сябры Пецярбурскай акадэміі навук, з спэцыялізацыяй у этнаграфіі і лінгвістыцы. Пераехаў у Петраград.
  • 1916 — каля 1918: выкладаў у Петраградзкім унівэрсытэце, потым Ленінградзкім унівэрсытэце.
  • 1917, сьнежань: удзельнічаў у працы Першага ўсебеларускага зьезду ў Менску, абраны ганаровым старшынём. Ледзьве не арыштавалі яго пры разгоне зьезду, вярнуўся ў Петраград.
  • 1918: з прычыны эканамічнай разрухі ў Петраградзе пераехаў у Менск. Прызначаны настаўнікам на беларускіх настаўніцкіх курсах Менскага раёну (тады ўзначальваліся Язэпам Лёсікам), якія потым былі ператвораныя ў Менскі пэдагагічны інстытут.
  • 1919, 14 сакавіка: зьняты з пасады прафэсара Менскага пэдагагічнага інстытуту.
  • 1919, каля 5 траўня: арыштаваны надзвычайнай камісіяй (ЧК), але ненадоўга.[5]
  • 1919, восень: пераехаў у Петраград.
  • каля 1919—1920 — часткова (каля 20%) надрукаваў «Беларусаў» па-беларуску ў газэтах «Звон» і «Беларусь».
  • 1920: прызначаны рэдактарам часопіса па-расейску: «Известия АН СССР. ОРЯС».
  • 1919 — ?: выкладаў у Петраградзкім унівэрсытэце, потым Ленінградзкім унівэрсытэце.
  • каля 1920—1921: удзельнічаў, разам з Пічэтам, Дылам, у адкрыцьці Інстытуту беларускай культуры ў Менску.
  • каля 1920—1930, верасень: прызначаны дырэктарам Музэю антрапалёгіі і этнаграфіі Расейскай Акадэміі навук.
  • 1921, лета: назаўсёды пераехаў у Петраград, «каб ніколі больш не ўбачыць Бацькаўшчыны».
  • 1922: стаў поўным чальцом Інстытуту беларускай культуры. Падараваў сваю бібліятэку навастворанаму Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту.
  • 1924: удзельнічаў у Першым міжнародным кангрэсе славянскіх географаў і этнографаў у Празе.
  • 1926: наведаў, з навуковай камандзіроўкай Польшчу, Чэхаславаччыну, Югаславію. Навуковая справаздача з камандзіроўкі была высока ацэненая АН СССР, але палітычны неканфармізм справаздачы стаў дадатковым повадам для далейшых палітычных наступстваў.
  • 1926, сьнежань: адмовіўся прэтэндаваць на прапанаваную яму пасаду віцэ-прэзыдэнта АН СССР.
  • 1927: стаў аб’ектам распачатай вострай палітычнай крытыкі, у газэтах «Зьвязда» (Менск) і «Праўда» (Масква). Ягонае чалецтва ў АН СССР пастаўленае пад пытаньне (13.4.1927). Спрабаваў абараніць сябе ў друку, але не атрымаў газэтнай плошчы, хоць і карыстаўся пэўнай палітычнай падтрымкай вярхоў.
  • 1929, студзень: абраны чальцом Чэскай акадэміі навук.
  • 1930, верасень: раптоўна зьняты з пасады дырэктара Музэю антрапалёгіі і этнаграфіі.

Аднавіцца на ранейшых пазыцыях Карскі так і ня здолеў, 29 красавіка 1931 году ён памёр. Пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Ленінградзе.

Remove ads

Працы

Карскі быў аўтарам больш за 100 значных навуковых працаў. Найбольш значныя зь іх пералічаны ніжэй. Варта заўважыць, што ў выпадку старых публікацыяў, сапраўдная дата можа адрозьнівацца ад той, што пазначаная на вокладцы.

  • Обзор звуков и форм белорусской речи. — Москва, 1886. — Известия Историко-филологического Института в Нежине, том X.
  • Грамматика древнего церковнославянского языка сравнительно с русским (курс средних учебных заведений). — Вильна, 1888—1900, Варшава, 1901—1916, Сергиев Посад, 1917.
  • К истории звуков и форм белорусской речи. — Варшава, 1893. — Магистерская диссертация.
  • К вопросу о разработке старого западнорусского наречия. — Вильна, 1893.
  • Что такое древнее западнорусское наречие? — Труды Девятого археологического съезда в Вильне, 1893.
  • О языке так называемых литовских летописей. — Варшава, 1894.
  • Особенности письма и языка Мстиславова Евангелия. — Русск. Филолог. Вестн., 1895.
  • Образцы славянского кирилловского письма с Х по XVIII век. — Варшава, 1901.
  • Очерк славянской кирилловской палеографии. — Варшава, 1901.
  • Славянская кирилловская палеография. [S.l.], 1928.
перавыдадзена ў: Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. Moscow, 1979.

Рэдагаваў «Поўны збор рускіх летапісаў». Падтрымліваў выдавецтва «Наша ніва». Быў старшынём камісіі па адкрыцьці ў Менску Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

«Беларусы»

Thumb
Этнаграфічная мапа беларусаў (прафэсар Я. Карскі, 1903)

Фундамэнтальная сямітомная праца Карскага «Беларусы» лічыцца «энцыкляпэдыяй беларускага мовазнаўства, унікальнай па ахопе і глыбіні матэрыялу» (М. С. Дзяржавін)[6]«непараўнальнай паводле вычарпальнасьці з кожным іншым дасьледваньнем славянскіх народаў» (А. Ляпуноў)[7]. Гэтая праца ўпершыню навукова зьняпраўдзіла канцэпцыю моўнае ідэнтычнасьці расейскай і старабеларускай моваў, упершыню навукова пацьвердзіла існаваньне і адметнасьць уласна беларускай нацыі, паказала сьвету багацьце беларускай традыцыйнай культуры. Гэтая праца «адкрыла вочы беларусам, дазволіла ім убачыць сябе сапраўднай нацыяй»[8], паставіла беларусаў у пач. 20 ст. «нечакана на чале ўсіх славянскіх народаў у навуковых ведах пра сваю мову» (гісторык В. Тумаш).[9]

Погляды Карскага на беларускія этнічныя гісторыю і тэрыторыю пераглядаліся В. Бандарчыкам (каля 1998—1999). Значныя дапаўненьні да выкладзенай Карскім гісторыі вуснага фальклёру былі зроблены А. Фядосікам (каля 1998) і іншымі.

  • Белоруссы. Т. I. Введение в изучение языка и народной словесности. — Варшава, 1903.
Перавыдадзена: Белоруссы. Т. I. Введение в изучение языка и народной словесности. — Вильна, 1904.
  • Белоруссы. Т. II. Язык белорусского племени. В. 1. — [S.l.], 1908.
  • Белоруссы. Т. II. Язык белорусского племени. 2. Исторический очерк словообразования и словоизменения в белорусском наречии. — [S.l.], 1911.
  • Белоруссы. Т. II. Язык белорусского племени. 3. Очерки синтаксиса белорусского наречия. Дополнения и поправки. — [S.l.], 1912.
  • Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 1. Народная поэзия. — Москва, 1916.
  • Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 2. Старая западнорусская литература. — Петроград, 1921.
  • Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. 3. Художественная литература на народном наречии. — [S.l.], 1922.
Перавыдадзена цалкам: Белорусы: Т. 1 — 3. — Москва, 1955—1956.
Remove ads

Узнагароды

За заслугі ў пэдагагічнай і навуковай дзейнасьці атрымаў ранг «запраўднага стацкага саветніка». Узнагароджаны ордэнамі Сьв. Станіслава 3-й ст. (1889) і 2-й ст. (1899), Сьв. Ганны 3-й ст. (1895) і 2-й ст. (1903), Сьв. Уладзімера 4-й ст. (1911), рознымі мэдалямі. Атрымаў вялікі залаты мэдаль Расейскага геаграфічнага таварыства (1894), 2 залатыя мэдалі імя Бацюшкава Расейскай Акадэміі навук (1898, 1902), малы прыз імя Ламаносава Расейскай Акадэміі навук (1901), акадэмічны прыз імя Бацюшкава (1910), акадэмічны прыз імя Ахматава (1913).

Памяць

На радзіме, у вёсцы Лаша, створаны мэмарыяльны музэй. Імем Я. Карскага названыя Гарадзенская абласная бібліятэка, вуліца ў Горадні.

У 1990 годзе ўрад Беларусі пастанавіў 8 стыпэндыяў імя Яўхіма Карскага.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads