Вацлаў Іваноўскі

Стваральнік першага беларускага выдавецтва, сузаснавальнік першай беларускай палітычнай партыі From Wikipedia, the free encyclopedia

Вацлаў Іваноўскі
Remove ads

Ва́цлаў Леана́рдавіч Івано́ўскі (25 траўня 1880, в. Лябёдка, цяпер Шчучынскі раён — 7 сьнежня 1943, Менск) — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, доктар тэхнічных навук.

Remove ads
Remove ads

Дзяцінства, адукацыя

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў фальварку Лябёдка Лідзкага павету Віленскай губэрні (цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобл.).

Сярэднюю адукацыю атрымаў у 5-й Варшаўскай гімназіі, якую скончыў у 1898 годзе з залатым мэдалём.

У 1898 годзе паступіў у Пецярбурскі тэхналягічны інстытут на аддзяленьне хіміі, які скончыў у 1904 годзе з дыплёмам 1-й ступені. Згодна пастановы Рады Тэхналягічнага інстытуту, быў пакінуты пры інстытуце стыпэндыстам, гатовіцца да прафэсарскай работы.

У 1906 годзе быў пасланы ад Тэхналягічнага інстытуту на два гады на студыі за мяжу. Студыяваў у спэцыяльных лябараторыях і фабрыках у Капэнгагене, Гётынгене, Мюнхэне, Бэрліне. У 1909 годзе абараніў у Мюнхэне дысэртацыю «Ueber Bestimmungen des Wertes und des Preises der Brennereikartoffelschlempe».[1] Атрымаў ад Мюнхэнскай вышэйшай тэхнічнай школы дыплём доктара тэхнічных навук з прыпісам: «з адзнакаю».

Вярнуўшыся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбург, Радаю Жаночага політэхнічнага інстытуту быў абраны спачатку на лябаранта пры катэдры тэхнічнай мікрабіялёгіі, пасьля быў абраны ў Тэхналягічны інстытут лябарантам тэхналёгіі харчовых прадуктаў, а з 1911 году працаваў лектарам курсу тэхнічнай мікрабіялёгіі. У гэтым жа часе ў Жаноцкім політэхнічным інстытуце быў абраны на катэдру тэхналёгіі брадзільных працэсаў.

У 1912 годзе быў прызначаны ў Міністэрства сельскай гаспадаркі старшым спэцыялістам па тэхнічнай перапрацоўцы садавіны і гародніны. Апроч гэтага, знаходзячыся ў Пецярбургу, чытаў лекціі па таваразнаўству ў Гандлёвай школе Таварыства настаўнікаў на Разьежджай вуліцы. У 1913 годзе, хочучы вярнуцца на Бацькаўшчыну, прыняў месца загадчыка Гандлёва-фабрычнага аддзелу Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі. На гэтай пасадзе знаходзіўся ў Вільні да эвакуацыі.

Remove ads

Дзейнасьць у беларускім руху

Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасьля яе расколу ў 1903 годзе ўзначаліў Круг беларускай народнай прасьветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасьцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. У 1904—1905 гадах чалец ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандысцкай работы БСГ, заснаваньні партыйнай друкарні ў Менску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 году ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газэтамі «Наша доля» і «Наша Ніва» (псэўданім Вацюк Тройца).

У 1913—1915 гадах В. Іваноўскі жыў у Вільні, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, садзейнічаў заснаваньню беларускай кнігарні В. Ластоўскага. У сакавіку — верасьні 1915 году старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасьці і жыў у эвакуацыі ў Расеі. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта абраны завочна. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году ўключыўся ў палітычную дзейнасьць, удзельнічаў ва Ўсебеларускім зьезьдзе 1917 году ў Менску. Вырашэньне пытаньня беларускай дзяржаўнасьці зьвязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў.

У 1918 годзе В. Іваноўскі стаў міністрам асьветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўзначальваў А. Луцкевіч. 6 лістапада 1918 напісаў заяву ў Раду ў Менскага настаўніцкага інстытуту з прапановай чытаць там лекцыі па хіміі. У сьнежні 1918, пасьля адступленьня нямецкіх войск, застаўся ў Менску разам зь Язэпам Лёсікам, А. Уласавым і некаторымі іншымі чальцамі Рады БНР, спадзяючыся на стварэньне кааліцыйнага ўраду БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 году арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрнаваны ў горад Смаленск.

Пасьля вызваленьня В. Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзелу Менскага губэрнскага камісарыяту асьветы Літоўска-Беларускай ССР.

Восеньню 1919 году, пераканаўшыся ў памылковасьці арыентацыі на Савецкую Расею, В. Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй. У лютым — сакавіку 1920 году як упаўнаважаны Найвышэйшай Рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэньне фэдэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэньнем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім пэдагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамэнту гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы, дзе дырэктарам дэпартамэнту замежных справаў быў ягоны брат Юры Іваноўскі.

Падзел Беларусі ў выніку Рыскай мірнай дамовы пазбавіў В. Іваноўскага надзеі на ажыцьцяўленьне ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці і вярнуўся да навуковай працы. У 1922—1939 займаў пасаду прафэсара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту. Пасьля заваяваньня Польшчы нацысцкай Нямеччынай, восеньню 1939 году Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні, выкладаў тут ва ўнівэрсытэце.

Remove ads

Дзейнасьць у часы нямецкай акупацыі Беларусі

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі В. Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У 1942 годзе быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менску. У 1943 годзе зьяўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генэральным камісары Беларусі В. Кубэ, адначасова быў намесьнікам старшыні Беларускага навуковага таварыства. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

Гібель

Thumb
Магіла Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках

6 сьнежня 1943 году Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты бязь лекарскай дапамогі і назаўтра памёр.

Раней замах на яго прыпісвалі шэфу менскага СД Штраўху, або савецкім ці польскім партызанам, а выканаўцаў лічылі невядомымі. У наш час мяркуецца, што забойства было арганізавана — зь ведама і згоды в. а. генэральнага камісара Беларусі Курта фон ГотбэргаРадаславам Астроўскім, які спаборнічаў з Вацлавам Іваноўскім за ўладу ў Генэральнай акрузе «Беларусь» Райхскамісарыяту «Остлянд».

Распаўсюджаная вэрсія пра зьдзяйсьненьне замаху савецкімі партызанамі была прынятая, з розных прычын, як у пасьляваеннай савецкай гістарыяграфіі, так і ў беларускім эмігранцкім асяродку, але, відаць, была створаная і пушчаная ў абарот Готбэргам.

25 ліпеня 1979 г. наведалі Юрыя Туронка ў Менску ў прэс-бюро выстаўкі «Зроблена ў Польшчы» дасьледчыкі падзей нямецкае акупацыі Беларусі (1941—1944 гг.) Васіль Раманоўскі і Іван Новікаў, зь якімі гаварылі пра забойства Вацлава Іваноўскага]]. Тады Іван Новікаў паведаміў, што Ала Навумава, якая разам з забойцам Вацлава Іваноўскага Аляксандрам Камінскім перайшла ў партызанскі атрад, была агентам СД, за што яе пакаралі пасьля вайны[2]. Гэтыя словы дапоўнілі ранейшае сьведчаньне Гражыны Ліпінскай, якая з 1949 году нейкі час была з Алаю Навумаваю ў лягеры. Тады Ала Навумава не паведамляла прычыну свайго пакараньня, але перадала Гражыне Ліпінскае падрабязны пераказ словаў Аляксандра Камінскага пра забойства Вацлава Іваноўскага, які толькі ў 1964 годзе выкарыстаў Іван Новікаў у кнізе «Дарогі скрыжаваліся ў Менску» як подзьвіг савецкіх партызан[2].

Вацлаў Іваноўскі пахаваны ў Менску на Кальварыйскім цьвінтары.

Remove ads

Сям’я

Бацька Вацлава Іваноўскага Леанард — інжынэр і старшыня тэхнічнага камітэту пры Міністэрстве фінансаў у Пецярбургу.

Маці — Ядвіга з роду баронаў фон Райхель.

Іваноўскі меў трох родных братоў, якія, у адрозьненьне ад яго беларускай нацыянальнай арыентацыі, абралі для сябе іншую нацыянальную ідэнтычнасьць і сталі дзеячамі польскага і літоўскага руху: Юры Іваноўскі стаў інжынэрам і польскім палітыкам, Станіслаў Іваноўскі — віленскім адвакатам, а Тадэвуш Іваноўскі увайшоў у гісторыю як літоўскі грамадзкі дзеяч і вядомы навуковец-біёляг.

У 2001 годзе жонка Іваноўскага Сабіна і дачка Ганна былі ўшанаваныя тытулам «Праведнікі народаў сьвету» за выратаваньне ў 1941 годзе, падчас нацысцкай акупацыі, дзьвюх жанчын-габрэек, сябровак Іваноўскіх.[3][4]

Remove ads

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

Loading content...

Вонкавыя спасылкі

Loading content...
Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads