Віленскія мучанікі
беларускія хрысьціянскія сьвятыя From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Віленскія мучанікі — беларускія сьвятыя Антон, Ян і Яўстах, якіх закатавалі ў 1347 годзе ў Вільні за прапаведаваньне хрысьціянства[1].
Браты Круглец і Няжыла таемна прынялі хрышчэньне пад імёнамі Антон і Ян ад сьвятара Нестара. Пасьля іх Кумец хрысьціўся пад імем Яўстах[2]. Сталі ў Вільні прыдворнымі прапаведнікамі вялікай княгіняй літоўскай Марыі Яраслаўны[3], якая памерла ў 1346 годзе. Увесну 1347 году падчас Вялікага посту прылюдна адмовіліся есьці мяса і галіць бараду, што стала зачэпкай для зьняволеньня і катаваньня ў турме. 14 і 24 красавіка ды 13 сьнежня 1347 году Антона, Яна і Яўстаха паводле чаргі павесілі[2].
Іх памяць ушаноўваюць 27 красавіка [ст. ст. 14 красавіка] ў дзень памяці Антона і 26 ліпеня [ст. ст. 13 ліпеня] ў дзень вяртаньня мошчаў у Вільню ў 1946 годзе[2], а таксама ў 3-ю нядзелю перад Раством Хрыстовым у сьнежні[1]. Ад 1991 году ў Менску дзейнічае праваслаўнае брацтва Віленскіх мучанікаў[3].
Remove ads
Паходжаньне
Жывоты кажуць, што віленскія мучанікі былі «родам Літвы…», а «…літоўскія ж ім імёны Круглец, Кумец, Няжыла»[4][5].
У сваім пахвальным слове віленскім мучанікам, створаным паміж 1390 і 1394 гадамі, прасьвітар Канстантынопальскага патрыярхату Міхаіл Вальсамон пісаў, што яны былі русінамі, але ня з тых русінаў, што жывуць бліжэй да Бізантыі, а з тых, што жывуць далей на поўнач і завуцца ліцьвінамі[6][7].
Remove ads
Памяць
Першапачаткова Антона, Яна і Яўстаха пахавалі ў віленскай царкве сьвятога Міколы. Хрысьціяне пачалі ўшаноўваць іх памяць у якасьці сьвятых[2]. Пасьля 1350 году паводле жаданьня наступнай вялікай княгіні літоўскай Юльяны Аляксандраўны на месцы згубы віленскіх мучанікаў узьвялі капліцу[8]. Да 1370-х гадоў тамсама на жаданьне Юльяны Аляксандраўны пабудавалі царкву Сьвятой Тройцы[9].
У 1374 годзе канстанцінопальскі патрыярх Філафей кананізаваў Яна, Антона і Яўстаха ў якасьці сьвятых мучанікаў на просьбу свайго апаклісарыя Кіпрыяна, які ў 1375 годзе стаў кіеўскім мітрапалітам. Пры гэтым у Сафійскі сабор Канстантынопалю перанесьлі частку іх мошчаў. Адначасна склалі «Сказаньне пра віленскіх мучанікаў Яна, Антона і Яўстаха» і царкоўную службу пра іх. У 1390-я гады Міхаіл Вальсамон склаў пра іх пахвальнае слова на грэцкай мове. Наступны кіеўскі мітрапаліт Фоцій насіў вялікі сакас (адзеньне) з выявай віленскіх мучанікаў, які захаваўся да нашых дзён. Ушанаваньне іх памяці ў Літоўскай мітраполіі ахапіла ўсе землі Вялікага Княства Літоўскага[2].
У XVI стагодзьдзі іх мошчы разьмясьцілі ў віленскім манастыры Сьвятога Духа[9]. У 1880-я гады мастак Іван Трутнеў намаляваў карціну «Віленскія мучанікі Антон і Ян». У 1915 годзе мошчы мучанікаў вывезьлі ў Маскву на загад віленскага архіяпіскапа Ціхана[2], які ў 1917 годзе стаў маскоўскім патрыярхам. У 1946 годзе мошчы вярнулі ў віленскі сабор манастыра Сьвятога Духа[10].
У 1969 годзе папа рымскі Павал VI дадаў ушанаваньне Антона, Яўстаха і Яна ў каталіцкі каляндар на 14 красавіка[11].
У 1991 годзе ў Менску заснавалі праваслаўнае брацтва Віленскіх мучанікаў. У ліпені 1993 году частку іх мошчаў заклалі ў абраз Віленскіх мучанікаў і перавезьлі ў менскі Петрапаўлаўскі сабор[3].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads