Цюцькі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Цюцькі (Цюткі) — даўні хутар, пазьней вёска, перайменаваная ў 1914 годзе ў Аляксееўку. Месьціцца ў Малажынскім сельсавеце Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Ці не найраней хутар Ciucki згаданы ў 1734 годзе[a], калі знаходзіўся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[2], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[3].
31-м ліпеня 1749 году датаваны запіс у мэтрычнай кнізе царквы Сялецкага базыльянскага манастыра аб хросьце немаўпяці Ільлі, сына Восіпа і Марыны Рудабельчанкаў зь вёскі Ciudkow, а Яўстах і Сьцепаніда Cucki былі за кумоў[4].

У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) брагінскай вёскі Цюткі, што была ў заставе ў ксяндзоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 24 гр.[5]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).

У 1762 годзе жыхары Цюцькоў працягвалі заставацца прыхаджанамі царквы манастыра сялецкіх базыльянаў[6].

Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у паселішчы Цюцькі, называным і хутарам, і вёскай, налічвалася адпаведна 5, 3 і 3 гаспадары — плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[7].
Хутар Цюцькі прысутны ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цюцькі апынуляся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[8]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, даведваемся, што вёскі Цюткі, Крыўча, Зарэчча, Сьцяжарнае, Дублін, Юркавічы, Сьпярыжжа, якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, былі ў арэндзе ў пана Дыяніза Козела[9]. З паваротам у 1795 годзе большасьці цэркваў у рэгіёне да маскоўскага праваслаўя, пры захаваньні Сялецкага манастыра за базыльянамі, жыхары Цюцькоў сталі прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Брагіне, што і паказваюць мэтрычныя кнігі[10] ажно да 1845 году. Ад таго часу цюцькоўцы ізноў далучаныя да прыходу ў Сяльцы.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 119 жыхароў вёскі Цюцькі абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сялецкай Праабражэнскай царквы[11].

У парэформавы пэрыяд Цюцькі належалі да Брагінскай воласьці. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 гады жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Праабражэнскай царквы ў Сяльцы[12].
На 1909 год у вёсцы Цюцькі налічвалася 56 двароў з 396 жыхарамі[13].
22 сьнежня 1913 году, у сувязі з узьвядзеньнем будынку і асьвячэньнем царквы ў Цюцьках, было арганізавана «всеподданнейшее ходатайство» тутэйшых жыхароў, што да зьмены статусу і назвы паселішча. Гэтак 20 жніўня 1914 году спыніла сваё існаваньне вёска з «позорным именем» Цюцькі, але паўстала сяло, названае Аляксееўкай[b] у гонар 10-годзьдзя сына расейскага імпэратара Мікалая ІІ цэсарэвіча Аляксея[15].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аляксееўка ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[16].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Брагінская воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква далучыла яе разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі да РСФСР.
Ад 8 сьнежня 1926 году вёска — у складзе Крыўчанскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У 1930 годзе тут арганізаваны калгас «Аляксееўка», працавалі вятрак і кузьня. З 20 лютага 1938 году Аляксееўка — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. З 10 ліпеня 1939 году Аляксееўка стала цэнтрам Крыўчанскага сельсавету[c].
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Аляксееўцы было 128 двароў з 513 жыхарамі. У чэрвені 1943 году акупанты разбурылі 26 дамоў, загубіўшы 9 чалавек[18].
З 8 студзеня 1954 году Аляксееўка — у межах Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году тут налічвалася 548 жыхароў. У складзе калгасу «XVII партзьезд» з цэнтрам у вёсцы Крыўча.
Remove ads
Насельніцтва
Заўвагі
- Г. зн. заснаваны не ў пачатку XX ст. перасяленцамі з суседніх вёсак, як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
- Яшчэ былі варыянты Аляксеева, Аляксееўскае. На раньніх савецкіх мапах пазначана Нова-Аляксееўка, у Я. Н. Рапановіча — Новая Аляксееўка і нібыта з 1913 г.[14].
- 10 ліпеня 1996 г. цэнтр сельсавету вернуты ў вёску Крыўча. 20 верасьня 2002 г. скасаваны, а тэрыторыя далучана да Малажынскага сельсавету[17].
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads